- А можа, вы, мiстэр Калебджан? - прамовiлi яны амаль адначасова. Iх вялiкiя, поўныя цiкаўнасцi вочы сачылi за iм, пакуль ён браў тэлефонную трубку.

- Алё, алё. Мiжнародны тэлефон? Слухаю. Не, мiстэр Карлтан Майет яшчэ не прыехаў. Мы чакаем яго з хвiлiны на хвiлiну. Што-небудзь перадаць? Вы зноў патэлефануеце ў шэсць? Дзякуй. Ах, калi б я толькi мог, - сказаў ён амерыканкам, - я з вялiкiм задавальненнем. Аднак у мяне шмат працы тут. Праўда, у мяне ёсць стрыечны брат, я яму скажу, ён сустрэнецца з вамi заўтра ранiцай i павязе вас на базары. А сёння паполуднi раю вам узяць таксi да Блакiтнай мячэцi, i потым паехаць праз Iпадром, i таксама наведаць Рымскiя калодзежы. Потым, калi вы вып'еце гарбаты ў расейскiм рэстаране ў Пера i вернецеся сюды да вячэры, я параiў бы вам увечары наведаць тэатр. А зараз, калi вы не запярэчыце, я закажу вам таксi на другую палову дня.

Абедзве адначасова адкрылi рот i сказалi:

- Гэта будзе проста выдатна, мiстэр Калебджан. - I, пакуль ён тэлефанаваў у гараж свайму стрыечнаму брату ў Пера, яны прайшлi праз хол i накiравалiся да бруднага ларка i пачалi разважаць, цi не купiць яму пачак цукерак.

Вялiзарны, раскошны гатэль з кафлянай падлогай, з iнтэрнацыянальнай абслугай i з рэстаранам, аздобленым у стылi Блакiтнай мячэцi, цяпер, калi ўрад пераехаў у Анкару i Канстанцiнопаль ператварыўся па сутнасцi ў турэцкi Пiрэй, рэпутацыя гатэля ва ўсiм свеце пагоршылася. Персанал паменшылi, i можна было прайсцi праз вялiкi i пусты хол, не напаткаўшы нiводнага рассыльнага. Аднак каля бюро абслугоўвання, як заўсёды, элегантны Калебджан падтрымлiваў колiшнюю высокую рэпутацыю гатэля.

- Мiстэр Карлтан Майет прыехаў, Калебджан?

- Яшчэ не, цягнiк спазняецца. Будзеце чакаць?

- А ў яго нумар з гасцёўняй?

- О, вядома, з гасцёўняй! Рассыльны, праводзь госця ў нумар мiстэра Майета.

- Перадайце яму маю вiзiтоўку, калi ён прыедзе.

Амерыканкi вырашылi не купляць Калебджану пачка з турэцкiмi цукеркамi, але ж ён быў такi ветлiвы i далiкатны, што iм карцела неяк аддзячыць яму. Яны стаялi ў роздуме, пакуль ён iзноў не ўзнiк перад iмi.

- Ваша таксi, лэдзi. Я дам шафёру ўсе адпаведныя ўказаннi, вы ўбачыце, ён у вышэйшай ступенi чалавек надзейны.

Калебджан правёў iх на вулiцу i прасачыў, каб яны без затрымкi адбылi. Нетаропкi вулiчны рух i мiтусня, падобная да пылу, што асядаў паўсюль, не сцiхалi. Калебджан вярнуўся ў маўклiвую цiшыню хола. На iмгненне гатэль здаўся яму амаль такiм самым, якiм ён быў у мiнулыя гады ў разгар сезона.

Чвэрць гадзiны нiхто не з'яўляўся. Нейкая муха, захопленая холадам, з шумам бiлася аб шыбу. Калебджан пазванiў наверх, у пакой эканомкi, каб праверыць, цi ўключылi ацяпленне, потым сеў, сцiснуўшы рукi памiж каленямi, нi пра што не думаючы i нiчога не робячы.

Дзверы-вяртушкi закруцiлiся - увайшла цэлая група людзей. Майет iшоў паперадзе. За iм - Джанет Пардаў i мiстэр Сейвары.

Тры насiльшчыкi неслi багаж. Майет упiваўся шчасцем. Ён пачуваў сябе ў сваёй стыхii. Мiжнародны гатэль, хоць крыху i заняпалы, быў звыклым для яго аазiсам. Кашмар у Субоцiцы пачаў ужо забывацца i зрабiўся зараз нейкiм нерэальным, калi ён убачыў, што Калебджан спяшаецца яму насустрач. Яму было прыемна, што Джанет Пардаў бачыць, як яго прымаюць у лепшых заморскiх гатэлях.

- Як пажываеце, мiстэр Карлтан Майет? Мы бясконца шчаслiвыя...

Калебджан пацiснуў Майету руку, нiзка пакланiўся, яго асляпляльныя белыя зубы блiснулi шчырым задавальненнем.

- Рады бачыць вас, Калебджан. Дырэктара, як заўсёды, няма? Гэта мае сябры, мiс Пардаў i мiстэр Сейвары. Увесь гатэль трымаецца на Калебджане, растлумачыў ён iм. - Вы нас добра ўладкуеце? Прасачыце, каб у пакоi ў мiс Пардаў быў пачак цукерак.

- Мяне сустракае дзядзька... - няпэўна пачала была Джанет Пардаў, аднак Майет адразу ж ёй запярэчыў:

- Можа пачакаць яшчэ адзiн дзень. Сёння ўвечары вы будзеце тут, у мяне ў гасцях.

Ён iзноў пачаў распускаць свой паўлiнавы хвост: упэўненасцi яму надавалi пальмы, калоны i пачцiвасць Калебджана.

- Вам двойчы тэлефанавалi, мiстэр Карлтан Майет, i нейкi джэнтэльмен чакае вас у вашым нумары.

- Добра. Дайце мне яго вiзiтоўку. Паклапацiцеся пра маiх сяброў. У мяне мой звычайны нумар?

Ён хутка пайшоў да лiфта, расцягнуўшы вусны ў вясёлай усмешцы. За апошнiя днi адбылося надта многа такога, што выклiкала сумненнi i што цяжка было асэнсаваць, а цяпер ён iзноў заняўся сваёй звычайнай справай. "Напэўна, гэта Экман", - падумаў ён, не патурбаваўшыся нават зазiрнуць у картку, i раптам цвёрда вырашыў, што яму скажа. Лiфт цяжка падняўся на другi паверх, пасыльны павёў Майета па пыльным калiдоры i адчынiў дзверы нумара. Сонца залiвала святлом увесь пакой, праз адчыненае акно даносiлiся гудкi аўтамабiляў. З канапы падняўся каржакаваты бландзiн у цвiдавым гарнiтуры.

- Мiстэр Карлтан Майет? - спытаў ён.

Майет здзiвiўся. Ён нiколi не бачыў гэтага чалавека. Глянуўшы на вiзiтоўку, ён прачытаў: "Мiстэр Лео Стэйн".

- А, мiстэр Стэйн.

- Здзiвiлiся, калi ўбачылi мяне? Спадзяюся, вы не лiчыце мяне занадта нетактоўным?

Ён выглядаў вельмi зычлiвым i сардэчным. "Зусiм як сапраўдны ангелец", - падумаў Майет, аднак незнаёмага выдаваў нос - нос са шнарам, якi зрабiўся прамы пасля аперацыi. Варожасць памiж жыдом, якi не хаваў сваёй нацыянальнасцi, i жыдом, якi маскiраваў яе, адразу ж была выказаная ў чароўных усмешках, сардэчных шчырых поцiсках рук i ў адведзеных адзiн ад аднаго вачах.

- Я чакаў убачыць свайго агента.

- Ах, бедалага Экман, бедалага Экман, - уздыхнуў Стэйн, пахiтаўшы бялявай галавой.

- Што вы маеце на ўвазе?

- Тое, дзеля чаго я прыйшоў. Папрасiць вас зайсцi да мiсiс Экман. Я вельмi за яе хвалююся.

- Вы хочаце сказаць, што мiстэр Экман памёр?

- Знiк. Не вярнуўся дамоў учора ўвечары. Вельмi ўсё гэта дзiўна.

Было холадна. Майет зачынiў акно i, сунуўшы рукi ў кiшэнi футры, пачаў хадзiць па пакоi туды-сюды: тры крокi ў адзiн бок, тры ў другi.

- Нiчога дзiўнага. Думаю, ён не змог бы даць мне справаздачу, павольна прамовiў ён.

- Некалькi дзён таму ён прызнаўся мне, што адчувае ваш недавер да яго. Ён быў пакрыўджаны, вельмi пакрыўджаны.

- Я нiколi не давяраю жыду, якi перайшоў у хрысцiянства, - павольна, дакладна падбiраючы кожнае слова, сказаў Майет.