Мiстэр Оўпi гаварыў хутка, з натхненнем, i доктар Цынер вырашыў, што ён недастаткова валоде ангельскай мовай. Ён не разумеў значэння слоў "накаленнiкi", "варотцы", "прабежкi", хоць i ведаў, што яны звязаны з ангельскай гульнёй у крыкет. Апошнiя пяць гадоў ён чуў гэтыя словы, i яны асацыiравалiся ў яго свядомасцi з напоўненай салёным ветрам пляцоўкай, якая пакрыта дзiрваном, з тым, што ён павiнен сачыць за непаслухмянымi дзецьмi, занятымi гэтай гульнёй, правiлаў якой ён не ведаў, - але рэлiгiйнага значэння гэтых слоў ён не разумеў. Ён падумаў, святар выкарыстоўвае iх метафарычна: адказнасць, перараджэнне, запатрабаваннi чалавека - гэтыя словы ён разумеў, i яны давалi яму магчымасць выказаць святару сваю просьбу.

- Я хацеў бы пагаварыць з вамi наконт споведзi.

- Гэта нялёгкая тэма, - адказаў мiстэр Оўпi. Ён з хвiлiну разглядваў свае рукi i потым хутка загаварыў: - Я не гляджу на споведзь дагматычна. Думаю, што тут шмат чаго можна сказаць на карысць рымска-каталiцкай царквы. Сучасная псiхалогiя развiваецца ў гэтым кiрунку. Ёсць нешта агульнае памiж спавядальнiкам i спаведнiкам i памiж псiхааналiтыкам i яго пацыентам. Вядома, iснуе i рознiца - спаведнiк хоча, каб яму адпусцiлi грахi. Але гэтая рознiца, - паспешна дадаў мiстэр Оўпi, калi доктар Цынер зрабiў памкненне нешта запярэчыць, - урэшце, неiстотная. У першым выпадку пра грахi вядуць гаворку, каб яны былi адпушчаныя i чалавек выйшаў са спавядальнi з прасветленай душой i з намерамi пачаць жыццё нанава; у другiм выпадку толькi адно абмеркаванне грахоў пацыента i выяўленне неўсвядомленых прычын яго паводзiн робiцца, каб выключыць само жаданне рабiць грахi. Пацыент iдзе ад псiхааналiтыка поўны энергii i з такiм самым намерам жыць па-новаму.

Дзверы адчынiлiся, i ў купэ ўвайшоў мужчына.

- З гэтага пункту гледжання споведзь у псiхааналiтыка здаецца больш плённай, чым споведзь у святара, - сказаў мiстэр Оўпi.

- Вы гаворыце пра споведзь? - спытаў мужчына, якi толькi што прыйшоў. Дазвольце адцягнуць вашу ўвагу. Трэба ўзяць пад улiк i ролю лiтаратуры ў гэтай справе.

- Дазвольце мне пазнаёмiць вас, - сказаў мiстэр Оўпi. - Доктар Цынер мiстэр К.С.Сейвары. I сапраўды зараз сабралiся разам удзельнiкi ў вышэйшай ступенi цiкавай спрэчкi - доктар, святар i пiсьменнiк.

- А вы не забылiся пра спаведнiка? - павольна сказаў доктар Цынер.

- Якраз я i хацеў прадставiць вам яго, - сказаў мiстэр Сейвары. - У пэўным сэнсе я i з'яўляюся спаведнiкам. Паколькi раманы заснаваны на жыццёвым вопыце аўтара, раманiст спавядаецца перад чытачом. Гэта i робiць чытача святаром цi псiхааналiтыкам.

Мiстэр Оўпi запярэчыў яму з усмешкай:

- Але ваш раман можна назваць споведдзю толькi ў тым сэнсе, у якiм ёю з'яўляецца сон. Тут павiнен сказаць сваё слова прыхiльнiк фрэйдызму. Фрэйдысцкi цэнзар, - паўтарыў ён гучней: цягнiк якраз праходзiў мост. - Што на гэта скажа наш доктар?

Iх ласкавыя, жывыя, уважлiвыя вочы збянтэжылi доктара Цынера. Ён сядзеў, злёгку схiлiўшы галаву, няздатны перадаць словамi горкiя фразы, якiя ўзнiкалi ў яго ў мазгу. Ужо другi раз у гэты вечар красамоўства яму здрадзiла, не хапала слоў: як жа ён зможа разлiчваць на сваё красамоўства ў Белградзе?

- Дарэчы, ёсць жа яшчэ i Шэкспiр, - сказаў мiстэр Сейвары.

- А дзе яго няма? - падхапiў мiстэр Оўпi. - Ён крочыць як калос па ўсiм цесным свеце. Вы маеце на ўвазе...

- Як ён ставiўся да споведзi? Вядома, ён нарадзiўся католiкам.

- Як там у "Гамлеце"... - пачаў быў мiстэр Оўпi, але доктар Цынер не дачакаўся, пакуль той закончыць фразу. Ён падняўся i злёгку пакланiўся абодвум.

- Добрай ночы, - сказаў ён. Яму хацелася выказаць сваё абурэнне i расчараванне, але ён толькi вымавiў: - Усё было дужа цiкава.

Калiдор, ледзь асветлены шэрагам цьмяных блакiтных лямпачак, змрочны, цягнуўся паўз цёмныя вагоны, якiя гайдалiся ў такт руху. Нехта ў вагоне трэцяга класа варочаўся ў сне i мармытаў: "Немагчыма. Немагчыма".

Кiнуўшы доктара, Корал заспяшалася з сакваяжам па цягнiку, якi кiдаўся з боку на бок. Яна цяжка дыхала i здалася Майету амаль прыгожай, калi ён убачыў, як яна торгае ручку дзвярэй у купэ. Ён адклаў убок карэспандэнцыю Экмана i спiс рыначных цэн ужо хвiлiн дзесяць назад, пераканаўшыся, што побач з фразамi i лiчбамi дзелавых папер у яго ў галаве ўвесь час настойлiва гучыць голас дзяўчыны: "Я вас кахаю" - "Ну i жартачкi, - падумаў Майет. - Ну i жартачкi".

Ён зiрнуў на гадзiннiк. Наступны прыпынак будзе толькi праз сем гадзiн. Да таго ж ён даў гасцiнца кандуктару. Цi прывыклi яны да такiх любоўных спраў у цягнiках? Юнаком ён чытаў кнiгi пра каралеўскiх паслоў, якiх спакушала чароўная графiня, што падарожнiчала адна, без нiкога, i падумаў: цi выпадзе яму калi-небудзь такая прыгода? Ён агледзеў сябе ў люстры i прыгладзiў напамаджаныя валасы. "Нiшто сабе з твару, вось толькi скура магла б быць лепшая". Аднак, скiнуўшы футра, ён мiжволi нагадаў, што таўсцее, падарожнiчае толькi па справах гандлю разынкамi i ў яго няма партфеля з запячатанымi сургучом дакументамi. "А Корал непрыгожая расейская графiня, але я ёй падабаюся, i яна зграбная".

Майет прысеў, потым iзноў паглядзеў на гадзiннiк, iзноў падняўся. Ён хваляваўся. "Ах ты, дурань, - падумаў ён, - у ёй няма нiчога надзвычайнага: мiленькая, добрая, але праставатая - такую можна сустрэць у любы вечар на Спанiердз-роўд". Аднак, нягледзячы на такiя думкi, ён усё адно адчуваў, што ў гэтай прыгодзе было нешта незвычайнае. Магчыма, справа тут толькi ў абставiнах: падарожжа з хуткасцю сорак мiль у гадзiну на палiцы шырынёй крыху болей двух футаў. Магчыма, прычынай было яе прызнанне за вячэраю знаёмыя яму дзяўчаты не адважылiся б вымавiць такiх слоў, яны б сказалi: "Я кахаю цябе", толькi калi б iх запыталi перад гэтым, але па сваёй волi яны хутчэй бы сказалi: "Ты неблагi хлопец". Ён пачаў думаць пра яе, як нiколi не думаў нi пра якую вядомую яму жанчыну: "Яна мiлая i прыгожая, мне хацелася зрабiць ёй што-небудзь прыемнае". Яму i ў голаў не прыходзiла, што ў яе ўжо ёсць падставы быць яму ўдзячнай.

- Заходзьце, - запрасiў Майет, - заходзьце.

Ён узяў у яе сакваяж, засунуў яго пад палiцу i потым схапiў яе за рукi.

- Ну, вось я i прыйшла да вас, - з усмешкай сказала яна.

Нягледзячы на гэту ўсмешку, яму здалося, што яна напалохана, i ён не мог зразумець чаму. Ён адпусцiў яе рукi, каб завесiць фiранкi на шкляных дзвярах у калiдор, i яны засталiся адны ў цеснай каробачцы купэ. Ён пацалаваў яе i адчуў, што яе вусны, халаднаватыя i мяккiя, няўпэўнена падатныя. Яна апусцiлася на сядзенне, ператворанае на ноч у ложак, i спытала: