- Спадзяюся, у Белград мы прыедзем без затрымак?

- Цяжка сказаць. Я са свайго вопыту ведаю: перад Белградам заўсёды ўдвая болей снегу, чым па той бок Дуная. У Мюнхене можа быць снег, а ў Будзе цёпла, як летам. Добрай вам ночы, гер доктар. Такi холад, што сёння ў вас напэўна знойдуцца пацыенты.

Кандуктар пайшоў далей па калiдоры, паляпваючы ў далонi, каб сагрэцца.

Доктару Цынеру не сядзелася ў сваiм купэ, яго сусед выйшаў у Вене. Немагчыма было ўжо разглядаць у акне нават агеньчыкi, што праносiлiся мiма: снег пазабiваў усе шчылiны ў шыбе, i шкло зусiм заледзянела. Калi праязджалi мiма якой-небудзь сiгнальнай будкi цi лiхтара на станцыi, святло на iмгненне малявала ў акне нейкi дзiвосны калейдаскоп, у якiм рухалiся асобныя iльдзiнкi. Каб сагрэцца, доктар Цынер расшпiлiў, плашч, засунуў рукi пад крысы i зноў пачаў хадзiць па калiдоры. Ён мiнуў купэ кандуктара i выйшаў у вагоны трэцяга класа - iх прычапiлi да цягнiка ў Вене. Амаль усе купэ былi ўжо цёмныя, толькi пад столлю гарэлi цьмяныя лямпачкi. На драўляных лавах пасажыры рыхтавалiся да сну, клалi пад галовы скручаныя палiто. Некаторыя купэ былi настолькi забiтыя, што мужчыны i жанчыны спалi седзячы з абодвух бакоў на лавах, прыцiснуўшыся шчыльна адно да аднаго, у цьмяным святле iх твары здавалiся хваравiтымi i невыразнымi. Ад парожнiх бутэлек, якiя стаялi на падлозе, пад лавамi, несла танным чырвоным вiном, па падлозе былi параскiданы аб'едкi чэрствага хлеба. Дайшоўшы да туалета, ён павярнуў назад, не вытрымаўшы моцнага смуроду: дзверы туалета былi незачыненыя.

"Маё месца тут, - пераконваў ён сябе. - Мне трэба было ехаць у трэцiм класе. Я не хачу быць падобным на якога-небудзь дэпутата ад лейбарысцкай партыi, якi купляе бiлет першага класа i едзе засядаць разам з сваiмi аднадумцамi ў парламент". Аднак ён цешыў сябе думкай, колькi часу спатрэбiлася б на шматлiкiя перасадкi i што яго маглi б затрымаць на гранiцы. I ўсё-такi ён усведамляў, што прычыны яго паводзiн даволi складаныя. Ён пачаў задумвацца над гэтым толькi пасля разгрому паўстання: думкi пра асабiстую прагу да славы i пра непрыстойнасць дробных грашкоў былi б выцiснутыя радасцю i бескарыслiвасцю перамогi.

Але цяпер яму хацелася сказаць прамову з лавы падсудных з абсалютна чыстым сумленнем. Розныя дробязi з мiнулага, пра якiя яго ворагi нiколi не даведаюцца, могуць прыйсцi ў галаву i не дазволяць яму быць да канца шчырым. "Я не здолеў нiчога даказаць гэтым двум гандлярам, цi ўдасца мне быць больш пераканаўчым у Белградзе?"

Паколькi ён ужо не меў анiякай будучынi, ён пачаў думаць пра мiнулае, а дагэтуль у яго не было такой звычкi. Быў час, калi чыстае сумленне магло быць куплена цаною хвiлiннага сораму. "З таго часу, як я апошнi раз спавядаўся, я нарабiў шмат добрага i благога. Калi б мне ўдалося так лёгка ачысцiцца ад сваiх грахоў, - падумаў ён з палкiм жаданнем i з лёгкай горыччу, - я быў бы вар'ят, калi б не выкарыстаў такую магчымасць. Цяпер я шкадую, што нарабiў, не меней, чым шкадаваў тады, але я не ведаю, цi даруюць мне i цi iснуе наогул нехта, хто можа дараваць". Ён ледзь не пачаў здзекавацца з таго апошняга, ува што верыў: "Можа, мне пайсцi паспавядацца да таго скарбнiка сацыял-дэмакратычнай партыi цi да пасажыраў трэцяга класа?" Адвернуты твар святара, узнятыя пальцы, словы даравання, сказаныя шэптам на мёртвай мове, раптам здалiся яму такiмi цудоўнымi, такiмi бясконца жаданымi i безнадзейна страчанымi, як юнацтва i першае любоўнае спатканне на рагу вулiцы каля сцяны вiядука.

Тут доктар Цынер ўбачыў мiстэра Оўпi - той сядзеў адзiн у купэ другога класа i пiсаў нешта ў запiсной кнiжцы. Доктар сачыў за iм з нейкай шчымлiвай зайздрасцю, - ён жа быў блiзкi да таго, каб аддацца веры, пераадоленнем якой сам нядаўна так ганарыўся. "Ну, а калi вера дасць мне спакой?" - запярэчыў ён сабе, i, пакуль у яго свядомасцi канчаткова не памерла ўсё, што звязана з гэтым словам, ён пацягнуў на сябе дзверы i ўвайшоў у купэ. Доўгi бледны твар i выцвiлыя вочы, адбiтак прыроджанай культуры, збянтэжылi доктара. Калi б гэты святар прапанаваў яму спакой, ён ахвотна прызнаў бы яго перавагу над сабой. На хвiлiну ён iзноў адчуў сябе хлопчыкам з нямытымi рукамi, якi ў цемрадзi спавядальнi чырванеў за свае няхiтрыя грахi.

- Прашу прабачэння. Я вас не патурбаваў? Вы не хочаце спаць? - сказаў ён на сваёй жорсткай, здраднiцкай ангельскай мове.

- Зусiм не хачу. Думаю, што не буду спаць зусiм, пакуль не дабяруся дадому, - усмiхнуўшыся, запярэчыў святар.

- Маё прозвiшча - Цынер.

Мiстэру Оўпi гэтае прозвiшча было невядомае, пэўна, яго запомнiлi толькi журналiсты.

- А маё - Оўпi.

Доктар Цынер зачынiў дзверы i сеў насупраць.

- Вы - святар?

Ён хацеў дадаць "айцец мой", але на гэтым слове запнуўся: яно азначала надта многае - яно азначала бледны, змарнелы твар, любоў, якая, зрабiўшыся жорсткаю, знiкла, пакiнуўшы толькi павагу, потым i яна была прынесена ў ахвяру, калi ўзнiкла падазрэнне, што пасталелы сын зрабiўся адступнiкам.

- Але не рымска-каталiцкага веравызнання.

Доктар Цынер некалькi хвiлiн маўчаў, не ведаючы, як выказаць у словах сваю просьбу. Яго губы лiтаральна перасохлi ад прагi справядлiвасцi: яна была нiбыта шклянка вады на стале ў другога чалавека. Мiстэр Оўпi, здавалася, заўважыў яго збянтэжанасць i дабрадушна паведамiў:

- А я складаю маленькую анталогiю.

- Анталогiю? - мiжволi паўтарыў доктар Цынер.

- Так, духоўную анталогiю для цывiльных, нешта накшталт рымска-каталiцкай Кнiгi Разважанняў. - Яго тонкая белая рука пагладжвала чорную замшавую вокладку запiсной кнiжкi. - Але ў мяне ёсць намер капнуць глыбей. Рымска-каталiцкiя кнiгi - як бы гэта сказаць? - тычацца толькi рэлiгii. Я хачу, каб у маёй кнiзе былi закрануты ўсе бакi штодзённага жыцця. Вы гуляеце ў крыкет?

Пытанне захапiла доктара Цынера знянацку: ён iзноў паглыбiўся ва ўспамiны, як стаяў на каленях у цемрадзi, у спавядальнi.

- Не, не.

- Ну, гэта не мае значэння. Вы зразумееце, што я маю на ўвазе. Дапусцiм, вы апошнi ўваходзiце ў гульню, надзяваеце накаленнiкi, восем варотцаў ужо скiнуты, трэба зрабiць пяцьдзесят прабежак, i вы думаеце: няўжо на вас будзе ўскладзена ўся адказнасць за паражэнне ў гэтай партыi? Вашы сумненнi не ўхiлiць нiводная з iснуючых Кнiг Разважанняў, i вы, пэўна, сапраўды пачняце сумнявацца ў рэлiгii. Мая мэта - задаволiць патрабаваннi такога чалавека.