Корал адчынiла дзверы i ўвайшла ў купэ. Ён узняў вочы i ўсмiхнуўся ёй, не спыняючы працы. Ёй карцела адабраць у яго працу, падказаць яму правiльнае рашэнне i папярэдзiць. "А хто яму дапамог? Мацi? Сястра? Вядома ж, не такая далёкая сваячка, як стрыечная сястра", - разважала яна, прысаджваючыся на лаўку. Натуральнасць яе маўчання сведчыла пра тое, якiя яны блiзкiя адно да аднаго.

Калi ёй надакучыла сачыць праз акно за снегападам, яна загаварыла з iм:

- Вы сказалi, што я магу сюды прыходзiць, калi захачу.

- Вядома.

- Я пачувала сябе проста свiннёй, - раптам пайшла, нават не падзякаваўшы вам. Вы праявiлi да мяне такую дабрыню ўчора ўвечары.

- Я не мог уявiць сабе, што вы застанецеся сам-насам з тым мужчынам, калi вам зрабiлася дрэнна, - сказаў ён, нецярплiва пастукваючы алоўкам. Вам патрэбны быў добры сон.

- Аднак усё-такi чаму вы праяўляеце да мяне такую цiкавасць?

I пачула фатальны няўхiльны адказ:

- Мне здаецца, што я вас вельмi добра ведаю.

Ён адразу ж вярнуўся да працы, калi б не яе маркотнае маўчанне. Яна разумела, што ён заклапочаны, здзiўлены i крышку збянтэжаны. "Ён падумаў, што я хачу прымусiць яго пераспаць са мной, - падумала яна i адразу ж спыталася ў сябе: - А цi хачу я? Цi хачу сапраўды?" Калi б ён крыху ўзлахмацiў ёй валасы, хутка расшпiлiў сукенку, прыпаў губамi да яе грудзей, дык зрабiўся б ва ўсiм падобны да тых iншых маладых людзей, якiх яна ведала. "Я ў даўгу перад iм, i мне трэба гэта яму дазволiць", - думала яна, але вопыт iншых жанчын iзноў нагадаў ёй пра тое, што гэтага не хопiць, каб аплацiць доўг цалкам. "Аднак як жа мне аплацiць гэты доўг, - разважала яна, - калi ён не патрабуе нiякай платы?" Але сама па сабе толькi думка пра тое, каб заняцца гэтай невядомай ёй справай, калi яна не п'яная, як, на яе думку, бываюць п'яныя iншыя жанчыны, не адчуваючы палымянай страсцi, а проста з пачуцця ўдзячнасцi, - кiдала яе ў холад, мацнейшы, чым ад выгляду снегу, што валiў за акном. Яна нават не ведала, як сябе паводзiць, цi застацца з iм на ўсю ноч, цi трэба здымаць з сябе ўсё ў гэтым халодным купэ. Але тут жа пачала суцяшаць сябе, што ён, як усе iншыя яе знаёмыя, задаволiцца малым, ён проста вельмi шчодры.

- Ноччу я вас бачыў у сне, - сказаў Майет.

Сказаўшы гэтыя словы, ён пiльна глянуў на яе. Па яго напружанай позе i па тым, як ён па-свойму вытлумачыў яе маўчанне, яна зразумела: наогул, яны вельмi мала ведаюць адно аднаго. Ён нервова ўсмiхнуўся.

- Мне прыснiлася, нiбыта я заехаў за вамi i запрасiў вас пакатацца на машыне, i тут вы сабралiся... - Потым iзноў пагрузiўся ў роздум, не закончыўшы фразы. - Вы мяне ўсхвалявалi.

Яе агарнуў страх. Здавалася, нiбыта лiхвяр перагнуўся цераз сваю канторку i далiкатна, але няўмольна павёў размову наконт аплаты доўгу.

- Гэта ж вам толькi прыснiлася, - сказала яна. Аднак ён не зважаў на яе словы.

- А потым мiма прайшоў кандуктар i разбудзiў мяне. У сне ўсё было нiбыта наяве. Я быў у такiм захапленнi ад вас, што заплацiў за ваш бiлет.

- Вы маеце на ўвазе, што вы падумалi... нiбыта вы захацелi...

Лiхвяр пацiснуў плячыма, лiхвяр iзноў сеў за сваю канторку, лiхвяр паклiкаў прыслугу i загадаў вывесцi яе на вулiцу, да людзей, на волю, туды, дзе яе нiхто не ведаў.

- Я проста расказаў вам гэта, каб вы не турбавалiся - вы нiчога мне не вiнны. Гэта сон на мяне так падзейнiчаў. А калi купiў бiлет, падумаў, а чаму б вам яго не выкарыстаць. - Потым ён узяў аловак i вярнуўся да сваiх папер, дадаўшы машынальна, не надаючы словам нiякага значэння: - Цешыў сваё самалюбства, падумаўшы, хай сабе за дзесяць фунтаў...

Спачатку яна не зразумела сэнсу гэтых слоў. Яна была надта збянтэжана, што яе вызвалiлi, ёй нават зрабiлася крышачку крыўдна, што да яе заляцаюцца толькi ў сне, а галоўнае, яна была вельмi яму ўдзячная. I раптам прагучалi апошнiя словы, у якiх адчувалася нейкая пакорлiвасць - з такiм яна сутыкнулася ўпершыню. Яна ўсведамляла, што баiцца гэтай здзелкi, i, выцягнуўшы руку, дакранулася да твару Майета - гэты жэст, якi азначаў удзячнасць, быў запазычаны ёю з вядомых толькi па кнiгах апавяданняў пра каханне.

- Калi вы жадаеце, каб я... - сказала яна. - Мне здалося, што вам са мною нецiкава. Прыйсцi да вас уначы?

Яна паклала рукi на паперы ў яго на каленях, прапануючы сябе з такой чароўнай i кранальнай няпэўнасцю, пальцы яе маленькiх, шырокiх рук густым слоем пакрывала пудра, пазногцi былi пафарбаваныя чырвоным, яны прыкрылi слупкi лiчбаў, разлiкi Экмана, яго хiтрыкi i выкрутасы.

Думкi яго нiяк не маглi вырвацца ад таго, як Экман заблытаўся ў сваiх тайных захадах.

- Мне здавалася, што я вам непрыемны, - павольна вымавiў ён, падымаючы рукi ад папер. I дадаў няўпэўнена: - Мабыць, таму што я - жыд?

- Вы проста стамiлiся.

- Тут нешта ёсць такое, чаго я не магу нiяк зразумець.

- Адкладзiце справы на заўтра.

- У мяне няма часу. Мне трэба пакончыць з гэтым. Мы не стаiм на месцы, мы рухаемся.

Аднак на самой справе ўсякае ўяўленне пра рух знiкла ад таго, што за вокнамi падаў густы снег. Не было вiдно нават тэлеграфных слупоў. Яна прыняла рукi i спытала ў яго з крыўдай у голасе:

- Пэўна, вам не дужа хочацца, каб я прыйшла?

Спакойная прыязнасць, з якой ён сустрэў пытанне, паменшыла яе ўдзячнасць. Але прапанова дзяўчыны ажывiла ў iм тое, характэрнае, што яна i раней адзначала, нiводзiн жыд не дасць адабраць у яго тое, за што ён неразважлiва заплацiў.

- Хачу. Прыходзьце. Прыходзьце ўначы, - сказаў Майет. Ён пацiснуў ёй рукi, спачатку злёгку, а потым мацней. - Не думайце, што я такi абыякавы, нячулы. Проста ў мяне адчуванне - мы вельмi добра ведаем адно аднаго. Будзьце хоць крышачку таемная, - з мальбою ў голасе папрасiў ён.

Аднак яна не магла адразу ўцямiць, як ёй прыкiнуцца таемнай i недасягальнай, а проста пагадзiлася з iм:

- Так, i ў мяне такое самае адчуванне.

Болей сказаць не было чаго, i яны, нiбыта старыя сябры, сядзелi моўчкi, без асаблiвага хвалявання думаючы пра будучую сустрэчу, пра ноч, якую яны правядуць разам. Яе гарачы запал, выклiканы пачуццём удзячнасцi да яго, мiнуў. Цяпер гэтая ўдзячнасць здавалася непатрэбная, недарэчная, дый непажаданая. Якое можа быць пачуццё ўдзячнасцi да старога знаёмага - проста прымаеш паслугу, як нешта зусiм зразумелае, i сама ў сваю чаргу робiш яму паслугу, крыху пагаворыш з iм пра надвор'е, асаблiва яму не пярэчыш, калi цябе прылашчыць, аднак i абыякавасць яго цябе не засмучае, а калi ў танцы ўбачыш яго ў партэры, усмiхнешся яму раз цi два - трэба ж нешта рабiць з тварам, ён жа такi ў цябе непрыгожы, а мужчынам падабаецца, калi iх пазнаюць са сцэны.