Мiс Уорэн зласлiва стукнула сябе па калене.

- Мне трэба дакладныя адказы. - I зноў пачула:

- Я вам нiчога не скажу.

"Ён выглядае на ўсе семдзесят гадоў, а не на пяцьдзесят шэсць, падумала яна, - ён пачынае глухнуць, не разумее, што я кажу". Яна была вельмi паблажлiвая, яна была ўпэўненая, што перад ёй - не ўвасабленне поспеху, а хутчэй няўдачы, а няўдачнiку яна магла дараваць многае, з iм яна магла быць спагадлiвай i лагоднай, магла падбадзёрыць яго адрывiстымi словамi, падобнымi да цiхага ржання, як толькi няўдачнiк пачынаў гаварыць. Слабы чалавек часам iшоў ад яе перакананы, што яна яго найлепшы сябра. Яна нахiлiлася i паляпала доктара Цынера па калене, надаўшы сваёй усмешцы ўсю прыязнасць, на якую яна толькi была здатная.

- Тут мы з вамi заадно, доктар. Хiба вы не разумееце? Паслухайце, мы можам вам дапамагчы. "Грамадская думка" - вось як называюць яшчэ "Кларыён". Я ведаю, вы баiцеся, што мы не вытрымаем, што мы надрукуем карэспандэнцыю пра вас заўтра i ўрад будзе папярэджаны. Аднак абяцаю вам, мы не апублiкуем нiводнага слова, нават не заiкнёмся, пакуль вы не пачняце ваш спектакль. Толькi тады я буду мець права надрукаваць на самым лепшым месцы ў газеце: "Гiсторыя доктара Цынера, расказаная iм самiм. Выключна для "Кларыёна". Ну, хiба гэта не пераканаўча?

- Мне няма чаго сказаць.

Мiс Уорэн зняла руку з калена. "Няўжо гэты няшчасны ёлупень думае, што ён зможа паўстаць памiж мной i прыбаўкай чатырох фунтаў у тыдзень, памiж мной i Джанет Пардаў", - разважала яна. Гэты стары ўпарты дурань, што сядзеў насупраць, зрабiўся для яе ўвасабленнем усiх мужчын, якiя квапяцца на яе шчасце: сваiмi грашыма i дробязнымi падачкамi яны ўлагоджваюць Джанет, здзекуюцца з таго, што жанчыны здатныя па-сапраўднаму кахаць адна адну. Але гэтае ўвасабленне мужчыны было пад маёй уладай, яна здольная знiшчыць ушчэнт гэтае ўвасабленне. Кромвель разбiваў на друзачкi статуi, - гэта не было бяссэнсавым актам вандалiзму. Нейкая сiла Багародзiцы перадавалася i яе статуi, а калi галава ў яе была адбiтая, не ставала ўжо рукi i нагi, абламаныя былi сем мячоў, якiя ўтыкалiся ў яе цела, то пачалi ставiць меней свечак i чытаць меней малiтваў каля яе алтара. Калi хоць адзiны мужчына доктар Цынер, напрыклад, - будзе дашчэнту знiшчаны жанчынай, дык меней маладзенькiх дурнiц, накшталт Корал Маскер, будуць верыць у сiлу i спрыт мужчын. Аднак зважаючы на яго ўзрост i на тое, што ў нос ёй тхнуў смурод, якi зыходзiць ад няўдачнiка, яна дала яму яшчэ адзiн шанец.

- Няма чаго?

- Няма чаго.

Мiс Уорэн злосна засмяялася яму ў твар.

- Вы ўжо расказалi мне шмат чаго iстотнага. - Гэтыя словы не зрабiлi на яго нiякага ўражання, i яна пачала тлумачыць яму павольна i падрабязна, нiбыта мела справу з разумова адсталым чалавекам: - Мы прыязджаем у Вену ў восем сорак вечара. Да дзевяцi гадзiн я ўжо патэлефаную ў сваю кантору ў Кёльне. Яны перададуць маю карэспандэнцыю ў Лондан да дзесяцi. Матэрыял у першы лонданскi выпуск не паступае ў тыпаграфiю да адзiнаццацi. Нават калi паведамленне затрымаецца да трох гадзiн ранiцы, можна яшчэ перарабiць першую паласу. Маю карэспандэнцыю будуць чытаць у Лондане ў час снедання. Да дзевяцi ранiцы рэпарцёр кожнай лонданскай газеты будзе каля будынка ўрада Югаславii. Заўтра ў першай палове дня гэты матэрыял прачытаюць у Белградзе, а цягнiк прыйдзе туды не раней шостай увечары. Астатняе ўявiць няцяжка. Падумайце пра тое, што я змагу расказаць. Доктар Цынер, вядомы бунтар-сацыялiст, якi пяць гадоў таму ўцёк з Белграда пад час суду над Камнецам, вяртаецца на радзiму. У панядзелак ён сеў на Ўсходнi экспрэс у Остэндэ, цягнiк прыбывае ў Белград сёння ўвечары. Лiчаць, што яго прыезд звязаны з узброеным паўстаннем на чале з сацыялiстамi, якое пачнецца ў раёне трушчоб, дзе нiколi не згасала памяць пра доктара Цынера. Магчыма, будзе зроблена спроба захапiць вакзал, паштамт i турму. - Мiс Уорэн зрабiла кароткую паўзу. - Вось такую гiсторыю я адпраўлю тэлеграфам. Але калi вы дадзiце якiя-небудзь дадатковыя звесткi, я папрашу iх прытрымаць маю карэспандэнцыю, пакуль вы не дазволiце надрукаваць яе. Я прапаную вам сумленную здзелку.

- Кажу вам, што я выходжу ў Вене.

- Я вам не веру.

Доктар Цынер глыбока ўздыхнуў, разглядваючы праз акно шэраг заводскiх труб i вялiзны чорны металiчны цылiндр на фоне шэрага, з водблiскамi, неба. Купэ напоўнiлася пахам газы. На невялiкiх агародных дзялянках, нягледзячы на атручанае паветра, расла капуста, вялiзныя качаны блiшчалi ад iнею.

- У мяне няма падстаў баяцца вас, - сказаў ён вельмi цiха, i ёй давялося нахiлiцца наперад, каб разабраць яго словы.

Голас яго гучаў прыглушана, але ён быў упэўнены ў сабе, i яго спакой дзейнiчаў ёй на нервы. Яна абуралася ўсхвалявана i злосна, нiбыта перад ёю быў злачынец на лаве падсудных - чалавек, якi толькi што плакаў уголас, схаваўшыся за пальмай у вазоне, i раптам выявiлася, што ў яго яшчэ ёсць патаемная крынiца сiлы.

- Я магу зрабiць з вамi ўсё, што захачу.

- Здаецца, пойдзе снег, - павольна вымавiў доктар Цынер. Цягнiк упаўзаў у Нюрнберг, i ў агромiстых паравозах, што стаялi абапал, адлюстроўвалася поўнае вiльгацi сталёвае неба. - Не, вы нiчым не зможаце пашкодзiць мне. Яна пастукала пальцам па "Бедэкеры", i ён сказаў з лёгкiм гумарам: Пакiньце яго сабе на памяць пра нашу сустрэчу.

Тут яна канчаткова ўсвядомiла, што тое, чаго яна баялася, спраўдзiлася: ён выслiзнуў ад яе. Разлютаваная, яна ўтаропiлася ў яго. "Калi б толькi я магла зрабiць яму хоць якую-небудзь шкоду", - злосна падумала яна, нiбыта ўбачыўшы ў люстры за яго спiнай сваю ўдачу ў вобразе Джанет Пардаў, якая адыходзiла прэч, прыгожая i вольная, па доўгiх вулiцах i холах шыкоўных гатэляў. "Калi б я толькi магла зрабiць яму хоць якую-небудзь шкоду".

Яе яшчэ болей узлавала тое, што ў яе адняло мову, а доктар Цынер па-ранейшаму валодаў сабой. Ён падаў ёй газету i спытаў:

- Вы чытаеце па-нямецку? Тады прачытайце вось гэта.

Увесь час, пакуль цягнiк стаяў на вакзале ў Нюрнбергу, доўгiя дваццаць хвiлiн, яна прасядзела, утаропiўшыся ў газету. Паведамленне, апублiкаванае ў ёй, ушчэнт раззлавала яе. Яна думала знайсцi там навiны пра якое-небудзь незвычайнае дасягненне, пра адрачэнне якогась караля, пра дзяржаўны пераварот, пра патрабаванне народа вярнуць доктара Цынера - гэта дазволiла б яму даць ёй iнтэрв'ю ў паблажлiвым тоне. Тое, што яна прачытала, уразiла яе болей за ўсё - паражэнне паўстання ў Белградзе: ён зусiм вызваляўся з-пад яе ўлады. Шмат разоў яе абводзiлi вакол пальца тыя, хто дасягнуў поспеху, але нiколi - той, хто пацярпеў паражэнне.