Я ехаў назад i чакаў, што ён таксама будзе рабiць свае фокусы, але ён нiбы не заўважыў вады - настрой у яго быў ужо другi, не жартоўны, не гуллiвы.

Неяк мы з бацькам везлi дровы са Старыны - так звалi лес, што быў ад нас кiламетраў за сем цi восем. Гэта было зiмою, ужо ў час акупацыi. Мы наладавалi-такi добрыя санi, бо дроў дома не было нi палена. Перад вёскай Яжавiчы дарога падымаецца на горку, а пасля крута спускаецца ўнiз, перад самымi хатамi робiць залом i iдзе па загуменнi, па няроўным старым рэчышчы. На гару мы з бацькам iшлi за санкамi, бо конь i так напiнаўся з апошнiх жыл. Дарогу заносiла, палазы ўвесь час уразалiся ў космы жаўтаватага, сагнанага з поля снегу.

Але вось конь узвалок санi на горку i пайшоў лягчэй, мы нават пачалi адставаць. Конь азiрнуўся - i не паспелi мы што падумаць, як ён адразу рвануў з месца i памчаўся галопам. Санкi толькi скрыпелi ды пагрозлiва перавальвалiся з боку на бок на выбоiнах, але абярнуцца, мусiць, не паспявалi. Мы кiнулiся ўдагонку, але дзе там! Па сыпкiм снезе, ды яшчэ апрануты ў зiмовае, не вельмi пабяжыш. А конь ужо мчаўся з горкi, цяпер санi самi перлi яго, падганялi, хамут ужо сядзеў у яго на вушах. I наперадзе быў паварот! Мы з жахам чакалi самага страшнага, але, як на дзiва, конь выкiраваў i не перавярнуўся, толькi слуп снегу закрыў на момант i яго i санi. Тады ён ужо трохi памалей, бо бачыў, што мы далёка, трухаў сабе па калдобiстым рэчышчы, пасля выбраўся на гасцiнец, пераехаў лядакi, паламаны мост i, перасекшы яжаўскую вулiцу, стаў падымацца на горку, пад Гусакi. Бацька i я, задыхаўшыся, беглi за iм вярсты тры, пакуль нарэшце дагналi.

А то яшчэ было... Паехаў мой бацька вазiць сена з балота. Сена ў нас заўсёды вывозiлi сярод зiмы, калi маразы добра ўкуюць зямлю, калi нават ухутаныя цёплай коўдрай моху балоты прамярзаюць так, што могуць несцi нават каня. Той год зiма была голая, снег лажыўся некалькi разоў, ды ненадоўга раставаў, балота ўсё залiло вадою. Потым ударылi маразы, балота пакрылася тоўстай скарынкай каструбаватага, бугрыстага, з жоўтымi падцёкамi лёду. Пасля ўжо выпаў добры снег, але з лёду яго здзiмала, як мякiну з току, асаджвала ў лагчынах, у нiзкiм бярэзнiку i лазняку.

Бацька адзiн наклаў на санкi добры "паляшуцкi" воз - ажно саней не вiдаць з-пад яго, дастае да зямлi - i пусцiўся назад. Конь быў падкуты толькi на пярэднiя ногi, заднiя ў вёсках рэдка хто каваў, а вясною конi i зусiм хадзiлi "босыя". У цяжкiх санях конь стаў коўзацца, як карова, заднiя капыты яго нiяк не маглi зачапiцца за слiзкi i цвёрды лёд. Конь браў-браў, лапатаў нагамi, як танцор, а пасля, разагнаўшы санi, пусцiўся галопам. Бацька ўжо не мог яго стрымаць, бо i сам у ботах ледзь стаяў на лёдзе. Ён паспеў толькi ўчапiцца за аглоблю побач з канём i ўжо не бег, а ехаў, як на каньках. Конь iмчаў, як шалёны; цяжкiя санi аж гулi кутымi палазамi па лёдзе; з-пад конскiх капытоў ляцелi белыя iскры-льдзiнкi. Конь, утулiўшы вушы, ляцеў па неабсяжным балотным моры, сярод рэдкiх астравоў-стагоў, у той бок, дзе канчаўся лёд i пачыналася звычайная санная дарога. Яны праскочылi так вярсты дзве, калi не болей; лёд скончыўся, i конь пайшоў ступою. Бацька адчуў, што нешта вельмi мякка ступаюць яго боты - нага ажно чуе кожную няроўнасць, кожную грудку. Ён падняў бот i ахнуў - уся амаль што новая падэшва была злiзана аж да ўсцiлкi.

III

Аднак выйшла гэтак, што кляты, лiхi Сiвы выратаваў бацьку ад смерцi. Было гэта ў час акупацыi, недзе зiмою сорак другога - сорак трэцяга года. Зiма была снежная, марозная.

Пачалi ў нас ганяць людзей, у каго быў свой конь, на дарогу Слуцак-Баранавiчы, вазiць жвiр. З нашай вёскi выгналi чалавек дзесяць, i заўсёды солтыс назначаў таго, каго недалюблiваў. Паехаў i мой бацька.

У той марозны, халодны вечар мы дома доўга сядзелi пры цьмяным агнi лямпы i ўсё ўслухоўвалiся, цi не заскрыпяць на двары палазы, не затухкае конь капытамi па снезе. Штосьцi доўга не варочаўся бацька - праспяваў нават першы певень.

Раптам чуем - загуло на двары, зарыпела. Я накiнуў бравэрку, выскачыў з хаты. Процi сяней стаяў конь, толькi я яго нiяк не пазнаў - увесь белы, нават галава. Пасля здагадаўся - заiнеў. А глянуў на санi - устае не бацька, а чалавек з нашае вёскi, дзядзька Грышка Савош.

- А дзе ж бацька? - пытаюся, i трывога агортвае мяне, робiцца раптам холадна, нiбы мне за карак сыпанулi прыгаршчы снегу.

- Ах, сынку, - крэкча дзядзька Грышка, - распрагай каня... Захварэў бацька, вось як бывае. - А сам узяў з саней нейкi клунак, ступiў у сенi, але вярнуўся i сказаў: - Накрый каня коўдрай. I вады адразу не давай. Хай астыне. Яму сёння дасталося...

Я раблю ўсё гэта як у сне i думаю, што азначае "захварэў". Нiколi яшчэ не было, каб ён захварэў дзе-небудзь ды застаўся, а каня за яго прыгнаў нехта другi. Тут нешта нядобрае...

Я ўбягаю ў хату. Нечым пахне, я толькi нiяк не зразумею чым. Нешта такое прэсна-салодкае. Цяжка сказаць нават... Мацi, заламаўшы рукi, усхлiпвае. Сёстры, знямелыя, спалохана пазiраюць на клунак. Гэта бацькава вопратка. Кажух, рубашка, шапка, штаны... Штаны i валёнкi разрэзаны: валёнкi зверху да ступнi, штаны знiзу да каленяў. I на белых палатняных портках вiдна кроў. Вось чым пахне ў хаце!..

Як не сваiмi рукамi перагортваю ўсю вопратку i ўздрыгваю. Крывi многа, нават у валёнках...

А дзядзька ходзiць па хаце i расказвае. Гаворыць цяжка, з доўгiмi паўзамi, з перапынкамi, нiбы ў яго нешта засела ў горле i не дае выказаць усё зараз.

- ...Там, ля Навiнак, вялiкi кар'ер... Мы бралi жвiр i вазiлi на шашу... Яму выбралi вялiзную, а бераг зверху намёрз, як страха, на яго нiхто i не глядзеў... Ну i вось... Чуем раптам - гу-у-у! Загуло... Абвал... Людзi кiнулiся хто куды, конi ад жаху заржалi... Ваш бацька быў далекавата ад берагу, унiзе, на яго кацiлiся вялiзныя мёрзлыя брылы зямлi... Стукнула па нагах... Адна нага была наверсе... Бачу, закручана ў другi бок... Перабiла. А другую прыдушыла брылаю. Думаў, што хоць гэта будзе цэлая... Пакуль мы кiркамi ды ламамi разбiлi тую глыбу... Глядзiм, ажно i другая. Ён як глянуў, адразу аж застагнаў, а спачатку нiчога, нават не крыкнуў... Ну, аднаго чалавека засыпала зусiм, але нiчога, адкапалi, мяккi пясок. Другому паламала рэбры, раздушыла грудзi. Можа не выжыць... Трэцяга трохi пабiла, але не моцна. А вашаму бацьку па нагах. Што зробiш... Ну, мы яго адразу на санкi. Падышлi немцы з аховы, паглядзелi, толькi пакiвалi галовамi... Даў адзiн нейкiя дзве чырвоныя таблеткi, ад заражэння крывi, цi што... Вязi, кажуць, у Клецк. I каня не шкадуй, а то капут... Паклалi яго на салому, укрылi... Я ўкленчыў у перадку i гнаў усю дарогу колькi было сiлы. Вынослiвы конь. Каб не ён - не давёз бы. Доктар сказаў: каб яшчэ трошкi спазнiўся... Але вы не гаруйце. Я пытаў доктара. Надзея ёсць. Мо будзе кульгаць, але ж гэта паўбяды.