Што ж рабiць? Сястра, спалохаўшыся, заплакала, я таксама, гледзячы на яе, гатоў быў крычаць на ўсё горла. Мы пайшлi, узяўшыся за рукi, у той бок, дзе прапаў конь. Якраз быў кiрмашовы дзень, на плошчы пасярод горада стаяла многа фурманак. Мы сталi хадзiць ад воза да воза i прыглядацца, цi не ўбачым дзе свайго Сiвага, распытвалi ў людзей. Нiхто нiчога не ведаў. Мы так абышлi ўвесь кiрмаш разоў тры, калi раптам убачылi, што наш Сiвы стаiць побач з нейкiм чужым канём i спакойна есць сена. Цяпер толькi я здагадаўся, чаму не прыкмецiў яго раней: ён жа накрыты гунькай! Ад радасцi мы не ведалi, што рабiць, нават забылi пра матку.

Нейкi вусаты дзядзька спытаў у нас з недаверам:

- Хiба гэта ваш конь? А дзе гаспадар?

- Наш, ён быў уцек, - адказваю я. - Мы едзем адны, з мамаю. Яна пайшла ў краму. А там вязлi нейкiя пляшкi, конь спужаўся...

- А дзе вы стаялi дагэтуль?

- Вунь там, - паказаў я пальцам. - Насупроць царквы.

Дзядзька пасадзiў нас на воз, а сам недзе пайшоў. Мы сядзiм, чакаем. Чакаем матку, нiбы яна ведае, што мы ўжо тут, на новым месцы.

Сястра пачала плакаць:

- Дзе мама?.. Дзе мама?..

- Зараз прыйдзе, не плач, - супакойваю я малую. Мне i не ў галаве, што яна можа нас не знайсцi, я ўпэўнены, што яна ведае, дзе мы. На тое ж яна i мама.

Вось яна i праўда iдзе - з тым вусатым дзядзькам. Мы з крыкам кiдаемся да яе. Яна са слязьмi на вачах цалуе нас па чарзе, пасля робiцца строгая i крычыць на мяне:

- Як ты глядзеў каня, га?

I б'е мяне далонню па шчацэ.

Я плачу. Плача i мацi.

- Завошта ты яго, кабета? - памяркоўна кажа вусаты дзядзька, што прывёў яе да воза. - Хiба ён вiнаваты? Дзiця ж малое, што ты ад яго хочаш. Яшчэ i так добра, што каня знайшоў. Чаго ж ты на яго?

Я з удзячнасцю гляджу на дзядзьку, але маўчу, толькi размазваю слёзы.

Мацi трохi супакойваецца, кажа ўжо з вiнаватай усмешкай:

- Я i сама цяпер бачу, што дарэмна накiнулася на хлопца, але ж гэтулькi страху перажыла, што аж сэрца балiць. Прыходжу на тое месца - а iх i след прастыў. Дзе iх будзеш шукаць? Хто гэта мог падумаць, што конь паверне назад? Ой, дзякуй вам, дзядзечка, што памаглi знайсцi...

Мацi зацугляла каня, i мы паехалi дадому.

II

Мы жылi ўжо на новым месцы, у бабы, але яшчэ часта даводзiлася ездзiць на старое котлiшча.

Памятаю, у той дзень бацьку нездаровiлася - схапiў жывот. Ён у бацькi балеў часта, бо быў "сарваны ўраз", як казалi мясцовыя "дактары" - шаптухi. Але нiчога не зробiш, трэба было ехаць у тую Вадзяцiну. Мы выехалi недзе пад поўдзень, бо ўсё роўна туды i назад за адзiн дзень цяжка справiцца: пяцьдзесят вёрст - для каня добрая дарога, ды яшчэ не з пустым возам. Часцей за ўсё мы вазiлi адтуль дровы, бо на новым месцы лесу блiзка не было i дровы тут даставалiся людзям дорага.

Недзе за Патапавiчамi, ужо недалёка ад Ляхавiч, нам сустрэлася машына. Бацька напяў лейцы, конь стаў прысядаць на заднiя ногi, кiдацца ў бакi. За рулём, вiдаць, сядзеў добры жартаўнiк, бо, пад'ехаўшы зусiм блiзка, машына затрубiла. Конь як ашалеў - зноў стаў на дыбкi, пасля стукнуў у хамут - мы ледзь не павыляталi з воза. Ад страху ён ужо не адчуваў цугляў, якiя разрывалi яму рот. Затым конь, стоячы на заднiх нагах, падлез задам пад аглоблю, воз нахiлiўся, i не памятаю, як здарылася, што я апынуўся на зямлi. Побач са мной ляжаў бацька. Конь стаяў ужо галавою да нас, дуга падпiрала яму пад горла, i ён толькi хроп, аж пена ляцела з ашчэранай зяпы.

Бацькаў боль як рукой зняло. Ён усхапiўся на ногi, стаў ботамi бiць каня ў жывот, пасля распрог, бо ў таго аж вылазiлi вочы на лоб, так душыла яго дуга, i тою ж дугою стаў мясiць каня па рэбрах, па спiне, дзе папала. Я са слязьмi на вачах пазiраў, як бедны конь гатоў быў вылузацца са шкуры, мне шкада было яго, але я ведаў, што нiякiя просьбы не памогуць: пакуль бацька не згонiць злосцi - не адстане. У гневе ён быў страшны, i тады лепш яго не чапай.

Так бацька кожны раз адвучваў каня ад страху, але нiчога не памагала: конь быў верны свайму нораву, i рэдка калi сустрэча з машынай канчалася добра.

I каб сказаць, што конь быў дурны, непанятлiвы - не, гэты конь, здавалася, усё разумеў, як чалавек, толькi што не мог гаварыць. У лесе з возам ён проста залаты: нi разу не здаралася, каб ён учапiў дзе ў дрэва цi ў пень, так умеў выкiраваць сам; у гразкiм месцы, дзе можна засесцi, яго падганяць не трэба сам браў, ды так стараўся, што выносiў воз на сухое месца ў адзiн момант. I чым цяжэйшы быў воз, тым мацней ён лажыўся ў хамут, тым шпарчэйшы быў яго крок. Бывала, зморыцца, стане, хвiлiну пастаiць - i сам зноў бярэ з месца, нiбы ведае, што гэтай работы за яго нiхто iншы не зробiць. А зiмою ў санках яго нiколi не трэба было падганяць - сам трухае ўсю дарогу, спацее, стане белы ўвесь, заiнее.

А хiтры быў якi! Як лiса! Калi едзеш з дому, будзе зварочваць на ўсе бакавыя дарожкi, толькi зазявайся - нiбы ведае, што чым меншая дарожка, тым яна раней скончыцца. А ўжо калi едзеш з самай далёкай дарогi, нават незнаёмай - кладзiся на возе i спi - давязе, нiдзе не саб'ецца, нiдзе не ўчэпiць, абмiне любую перашкоду. I так iрвецца, так паддае сабе ахвоты, што адна любата.

Не любiў ён яшчэ, каб на iм ездзiлi верхам, асаблiва малыя, усё наравiў зубамi схапiць седака за нагу i сцягнуць на зямлю. Так i трымай павады туга. А садзiшся на яго - нiколi не пастаiць спакойна, iрвецца iсцi, чакае, што ты звалiшся або не сядзеш.

Аднойчы неяк напрадвеснi, яшчэ не сышла з поплаву вада, мяне выправiлi ўзяць бёрда цi нiты ў нашых сваякоў, цераз поплаў. Пешшу туды трэба было б абыходзiць тры вярсты, а напрасткi верхам - дзесяць хвiлiн, i там.

Бацька вывеў мне каня, падсадзiў нават, бо сам я яшчэ не мог ускочыць яму на спiну. Цераз поплаў бегла веснавая вада, навокал чуваць быў шум - вясёлы, радасны шум вясны. Конь увайшоў у ваду, панюхаў, стаў пiць, але цягнуў доўга, нiбы смакуючы, пасля "памыў зубы" - серабрыстыя кроплi паляцелi ўнiз, а ён званiў зубамi, нiбы нешта хацеў выкiнуць з рота. Пасля нi з таго нi з сяго ён раптам пачаў перыць пярэднiм капытом па вадзе, ажно пырскi ляцелi яму на жывот, даставалi да маiх ног. Я не ведаў, што рабiць, але падганяць каня не рашыўся - хай пазабаўляецца; толькi баяўся, каб ён часам, чаго добрага, не ўздумаў тут класцiся. Ад яго можна было чакаць усяго. Ажно не, каню надакучыла боўтацца, а можа забалела нага, i ён, уздыхнуўшы цяжка, пайшоў.