Я з радасцю заўважыў, што два дзiкуны, якiя гналiся за ўцекачом, плылi разы ў два павольней за яго.

I вось тут я зразумеў, што надышоў час дзейнiчаць. Сэрца маё загарэлася.

"Цяпер або нiколi! - сказаў я сам сабе i памчаўся наперад. - Выратаваць, выратаваць гэтага няшчаснага, чаго б гэта нi каштавала!"

Не трацячы часу, я збег па лесках да падножжа гары, схапiў пакiнутыя там стрэльбы, затым з такой жа хуткасцю зноў узабраўся на гару, спусцiўся з другога боку i пабег наўскасяк проста да мора, каб спынiць дзiкуноў.

I таму, што я бег унiз па схiле пагорка самай кароткай дарогай, то хутка апынуўся памiж уцекачом i яго праследавацелямi. Ён уцякаў, не азiраючыся, i не заўважыў мяне.

Я крыкнуў яму:

- Стой!

Ён азiрнуўся i ў першы момант, здаецца, спалохаўся мяне яшчэ больш, чым сваiх праследавацеляў.

Я зрабiў яму знак, каб ён наблiзiўся да мяне, а сам пайшоў павольным крокам насустрач тым двум дзiкунам, якiя гналiся за iм. Калi пярэднi параўняўся са мною, я нечакана кiнуўся на яго i прыкладам стрэльбы збiў яго з ног. Страляць я баяўся, каб не спудзiць астатнiх дзiкуноў, хоць яны былi далёка i наўрад цi маглi пачуць мой стрэл, а калi б i пачулi, то ўсё роўна не здагадалiся б, што гэта такое.

Калi адзiн з пагонi ўпаў, другi, вiдаць, спалохаўшыся, спынiўся. Я мiж тым спакойна наблiжаўся да яго. Але калi, падышоўшы блiжэй, я ўбачыў, што ў руках у яго лук i страла i што ён цэлiцца ў мяне, мне мiжволi давялося стрэлiць. Я прыцэлiўся, спусцiў курок i паклаў яго на месцы.

Няшчасны ўцякач, нягледзячы на тое, што я забiў яго абодвух ворагаў (ва ўсякiм разе так яму павiнна было здавацца), быў да таго напалоханы агнём i гукам стрэлу, што страцiў здольнасць рухацца; ён стаяў, як прыкаваны да месца, не ведаючы, на што адважыцца: бегчы цi застацца пры мне, хаця, напэўна, хацеў бы ўцячы, калi б мог.

Я зноў пачаў крычаць яму i паказваць на мiгах, каб ён падышоў блiжэй. Ён зразумеў: зрабiў два крокi i спынiўся, потым зрабiў яшчэ некалькi крокаў i зноў стаў як укопаны.

Тут я заўважыў, што ён увесь дрыжыць; няшчасны, вiдаць, баяўся, што, калi ён трапiць да мяне ў рукi, я зараз жа заб'ю яго, як i тых дзiкуноў.

Я зноў зрабiў яму знак, каб ён наблiзiўся да мяне, i наогул iмкнуўся як-небудзь яго падбадзёрыць.

Ён падыходзiў да мяне ўсё блiжэй i блiжэй. Праз кожныя дзесяць-дванаццаць крокаў ён падаў на каленi. Вiдаць, ён хацеў выказаць мне падзяку за тое, што я выратаваў яму жыццё.

Я ласкава ўсмiхаўся яму i з самым прыветным выглядам вабiў яго да сябе рукой.

Нарэшце дзiкун падышоў зусiм блiзка. Ён зноў упаў на каленi, пацалаваў зямлю, прыцiснуўся да яе лбом i, прыўзняўшы маю нагу, паставiў яе сабе на галаву. Гэта, напэўна, павiнна было азначаць, што ён клянецца быць маiм рабом да апошняга дня свайго жыцця.

Я падняў яго i з той жа ласкавай прыязнай усмешкай стараўся паказаць яму, што яму не трэба мяне баяцца.

Але трэба было дзейнiчаць далей. Раптам я заўважыў, што той дзiкун, якога я стукнуў прыкладам, не забiты, а толькi аглушаны. Ён заварушыўся i апрытомнеў.

Я паказаў на яго ўцекачу:

- Вораг твой яшчэ жывы, бачыш!

У адказ ён прамовiў некалькi слоў, i хоць я нiчога не зразумеў, але нават гукi яго голасу здалiся мне прыемнымi i мiлагучнымi: бо за ўсе дваццаць пяць гадоў свайго жыцця на выспе я ўпершыню пачуў чалавечы голас!

Аднак у мяне не было часу доўга думаць пра гэта: людаед, якога я аглушыў, настолькi апрытомнеў, што падняўся i ўжо сядзеў на зямлi, i я заўважыў, што мой дзiкун зноў пачынае баяцца яго. Трэба было супакоiць няшчаснага. Я ўжо быў прыцэлiўся ў яго ворага, але тут мой дзiкун пачаў паказваць мне знакамi, каб я даў яму шаблю, якая вiсела ў мяне за плячыма. Я падаў яму шаблю. Ён iмгненна схапiў яе, кiнуўся на свайго ворага i адным узмахам адсек яму галаву.

Такое майстэрства вельмi здзiвiла мяне: нiколi ж у жыццi гэты дзiкун не бачыў iншае зброi, апрача драўлянага мяча. Пазней я даведаўся, што тутэйшыя дзiкуны выбiраюць для сваiх мячоў настолькi моцнае дрэва i востраць яго так выдатна, што такiм мячом можна адсекчы галаву не горш, чым стальным.

Пасля гэтай крывавай расправы са сваiм праследавацелем мой дзiкун (з гэтага часу буду называць яго толькi сваiм дзiкуном) з вясёлым смехам вярнуўся да мяне, трымаючы ў адной руцэ маю шаблю, а ў другой - галаву забiтага. Зрабiўшы перада мною шэраг нейкiх незразумелых для мяне рухаў, ён урачыста паклаў галаву i зброю на зямлю каля маiх ног.

Ён бачыў, як я застрэлiў аднаго з яго ворагаў, i гэта ўразiла яго: ён не мог зразумець, як гэта можна забiць чалавека на такой вялiкай адлегласцi.

Ён паказаў на забiтага мною i на мiгах папрасiў у мяне дазволу збегаць зiрнуць на яго. Я таксама, гэтак жа на мiгах, пастараўся даць яму зразумець, што не забараняю яму выканаць гэта жаданне, i ён адразу ж пабег туды.

Наблiзiўшыся да трупа, ён знямеў i доўга ў здзiўленнi глядзеў на яго. Потым нахiлiўся над iм i пачаў паварочваць яго то на адзiн, то на другi бок. Убачыўшы ранку, ён пачаў уважлiва разглядаць яе. Куля трапiла дзiкуну якраз у сэрца, i крывi выйшла мала. Адбылося ўнутранае кровазлiццё, смерць надышла iмгненна.

Зняўшы з мерцвяка яго лук i калчан са стрэламi, мой дзiкун зноў падбег да мяне.

Я адразу ж павярнуўся i пайшоў адсюль, запрашаючы яго iсцi за мною. Я паспрабаваў растлумачыць яму на мiгах, што заставацца тут немагчыма, таму што дзiкуны, якiя знаходзяцца на тым беразе, могуць кожную хвiлiну кiнуцца за iм у пагоню.

Ён адказаў мне таксама знакамi, што варта было б спачатку закапаць мерцвякоў у пясок, каб ворагi не ўбачылi iх, калi прыбягуць на гэта месца. Я даў сваю згоду (таксама з дапамогай знакаў), i ён адразу ж узяўся за работу. Са здзiўляючай хуткасцю ён выкапаў рукамi ў пяску такую глыбокую яму, што ў ёй лёгка мог змясцiцца чалавек. Затым ён зацягнуў у гэту яму аднаго забiтага i засыпаў яго пяском; з другiм ён зрабiў тое ж самае, - карацей кажучы, за якую-небудзь чвэрць гадзiны ён пахаваў iх абодвух.

Пасля гэтага я загадаў яму iсцi за мною, i мы рушылi ў дарогу. Iшлi мы доўга, таму што я павёў яго не ў крэпасць, а зусiм у другi бок - у самую далёкую частку выспы, дзе быў мой новы грот.

У гроце я даў яму хлеба, галiнку разынак i крыху вады. Вадзе ён асаблiва ўзрадаваўся, таму што пасля хуткага бегу адчуваў моцную смагу.