Цяпер у мяне быў скразны ход, i я зрабiў тут патайныя дзверы, праз якiя мог заходзiць i выходзiць, не карыстаючыся прыстаўнымi лескамi. Гэта, вядома, было зручна, але затое не так спакойна, як раней: раней маё жытло было агароджана з усiх бакоў, i я мог спаць, не баючыся ворагаў; цяпер жа прабрацца ў пячору было проста: доступ да мяне быў адкрыты! Не разумею толькi, як я тады не даўмеўся, што баяцца мне няма каго, таму што за ўвесь час я не сустрэў на выспе нiводнае жывёлiны, большай за казу.

30 верасня. Сёння сумная гадавiна майго жыцця на выспе. Я падлiчыў зарубкi на слупе, i выявiлася, што жыву я тут роўна трыста шэсцьдзесят пяць дзён!

Пашанцуе мне цi не калi-небудзь вырвацца з гэтай турмы на волю?

Нядаўна я выявiў, што ў мяне засталося вельмi мала чарнiла. Трэба будзе абыходзiцца з iм больш ашчадна. Да гэтага часу я вёў свае запiсы штодня i запiсваў розныя дробязi, цяпер буду запiсваць толькi выдатныя падзеi майго жыцця.

Да гэтага часу я паспеў заўважыць, што перыяды дажджоў чаргуюцца тут вельмi дакладна з сухiм сезонам, i, такiм чынам, я меў магчымасць загадзя падрыхтавацца i да засухi i да дажджоў.

Аднак вопыт гэты каштаваў мне вельмi дорага. Пра гэта сведчыць хоць бы такая падзея, якая здарылася са мною ў той час. Адразу ж пасля дажджоў, калi сонца прайшло ў Паўднёвае паўшар'е, я вырашыў, што настаў зручны час, каб пасеяць тыя мiзэрныя запасы рысу i ячменю, пра якiя гаварылася вышэй. Я пасеяў iх i з нецярпеннем пачаў чакаць ураджаю. Але надышлi сухiя месяцы, у зямлi не засталося нi кроплi вiльгацi, i нi адно зерне не ўзышло. Добра, што я адклаў у запас па жменьцы рысу i ячменю. Я так i сказаў сабе: "Лепш не высяваць усяго насення; я ж не ведаю добра яшчэ тутэйшы клiмат, i я не ведаю напэўна, калi сеяць i калi збiраць ураджай". Я вельмi хвалiў сябе за гэту перасцярогу, бо быў упэўнены, што ўвесь той пасеў загiнуў ад засухi. Але ж як я быў здзiўлены, калi праз некалькi месяцаў, як толькi пачалiся дажджы, амаль усё маё зерне ўзышло, як быццам я толькi што яго пасеяў!

Пакуль рос i паспяваў мой хлеб, я зрабiў адно адкрыцце, якое потым прынесла мне немалую карысць.

Як толькi спынiлiся дажджы i надвор'е ўсталявалася, недзе прыблiзна ў лiстападзе, я сабраўся на сваё лясное лецiшча. Я не быў там некалькi месяцаў i з радасцю ўпэўнiўся, што ўсё там засталося без змены, у тым самым выглядзе, як было i пры мне. Змянiлася толькi агароджа вакол майго будана. Яна была, як вядома, з двайнога частаколу. Агароджа была цэлая, толькi частаколiны, на якiя я высек маладыя дрэўцы не вядомай мне пароды, што раслi паблiзу, частаколiны мае пайшлi ў рост, гэтак як расце ў нас лаза, калi зрэзаць верхавiнку. Я вельмi здзiвiўся, убачыўшы гэтыя свежыя галiны, i мне было вельмi прыемна, што агароджа мая ўся ў зелянiне. Я падстрыг кожнае дрэўца, каб па магчымасцi надаць iм усiм аднолькавы выгляд, i яны дзiвосна разраслiся.

Хоць круглая плошча майго лецiшча мела каля дваццацi пяцi ярдаў у дыяметры, дрэвы (так я мог цяпер называць свае частаколiны) хутка засланiлi яе сваiмi галiнамi i давалi такi густы цень, што ў iм можна было хавацца ад сонца ў любую пару дня. Таму я вырашыў ссекчы яшчэ некалькi дзесяткаў гэтакiх жа калоў i ўбiць iх паўкругам вакол агароджы майго старога дома. Так я i зрабiў. Я ўбiў iх у зямлю ў два рады, адступiўшы ад сцяны ярдаў на восем. Яны прынялiся, i неўзабаве ў мяне вырасла жывая агароджа, якая спачатку баранiла мяне ад спякоты, а пазней саслужыла мне i зусiм iншую, больш важную службу.

Да гэтага часу я канчаткова ўпэўнiўся ў тым, што на маёй выспе поры года трэба падзяляць не на летнi i зiмовы перыяды, а на сухi i дажджлiвы, прычым гэтыя перыяды размяркоўваюцца прыблiзна так:

-----

Палова лютага.

Сакавiк.

Палова красавiка.

Дажджы.

Сонца стаiць у зенiце.

-----

Палова красавiка.

Май.

Чэрвень.

Лiпень.

Палова жнiўня.

Суха.

Сонца рухаецца да поўначы.

-----

Палова жнiўня.

Верасень.

Палова кастрычнiка.

Дажджы.

Сонца ў зенiце.

-----

Палова кастрычнiка.

Лiстапад.

Снежань.

Студзень.

Палова лютага.

Суха.

Сонца рухаецца на поўдзенi.

-----

Дажджавы сезон можа быць даўжэйшы i карацейшы - гэта залежыць ад ветру, а ўвогуле я вызначыў iх правiльна. Паступова, з практыкi, я ўпэўнiўся, што мне вельмi небяспечна ў перыяд дажджоў знаходзiцца пад адкрытым небам: гэта шкодзiць здароўю. Таму перад пачаткам дажджоў я кожны раз рабiў запас правiзii, каб як мага радзей выходзiць за парог, i ўсе дажджлiвыя месяцы стараўся сядзець дома.

РАЗДЗЕЛ АДЗIНАЦЦАТЫ

Рабiнзон працягвае даследаваць выспу

Не раз спрабаваў я сплесцi сабе кош, але дубцы, якiя мне траплялiся, былi такiя крохкiя, што ў мяне нiчога не атрымлiвалася.

Дзiцем яшчэ любiў я хадзiць да карзiншчыка, якi жыў у нашым горадзе. Я ўважлiва назiраў, як ён робiць кашы. I цяпер гэта мне вельмi прыдалося. Усе дзецi назiральныя i любяць дапамагаць дарослым. Прыгледзеўшыся да работы карзiншчыка, я неўзабаве скемiў, як ён пляце свае кашы i карзiны, i, як умеў, хутка пачаў i сам памагаць яму. Паступова я навучыўся плесцi не горш за свайго прыяцеля... I вось цяпер у мяне не было толькi адпаведнага матэрыялу. Нарэшце мне прыйшла ў галаву думка: а цi не паспрабаваць мне дубцы тых дрэў, з якiх я гарадзiў свой частакол? У iх жа галiны павiнны быць гэтакiя ж гнуткiя, як у нашае лазы цi вярбы. I я вырашыў паспрабаваць.

На другi ж дзень я пайшоў на лецiшча, выбраў i зрэзаў некалькi самых тонкiх дубцоў i ўпэўнiўся, што яны як лепш не трэба прыгодныя для пляцення кашоў. У наступны раз я прыйшоў з сякераю, каб адразу насекчы дубцоў як найбольш. Мне не прыйшлося доўга шукаць iх, таму што дрэвы гэтай пароды раслi тут скрозь. Насечаныя дубцы я перанёс за агароджу майго будана i схаваў там.

Як толькi пачалiся дажджы, я сеў за працу i пачаў плесцi кашы. Яны служылi мне на розныя патрэбы: я насiў iмi зямлю, складаў у iх розныя рэчы i г. д. Праўда, кашы ў мяне атрымлiвалiся не вельмi каб зграбныя, але яны былi трывалыя i добра апраўдвалi сваё прызначэнне. А мне гэта толькi i трэба было.

З таго часу мне нярэдка даводзiлася плесцi кашы: старыя ламалiся i зношвалiся i патрэбны былi новыя. Я плёў розныя кашы - i вялiкiя i маленькiя, але галоўным чынам назапашваў глыбокiя i шчыльныя кашы, каб хаваць збожжа: я хацеў, каб яны служылi мне замест мяхоў. Праўда, цяпер у мяне збожжа было яшчэ мала, але ж я меў намер назапашваць яго на працягу некалькiх год.