- Хопiць пароцца ў градах, паедзем на Жыдоўскую гару!

Праз сорак хвiлiн падымалiся мы на яе па пахiленых, зарослых травой бетонных усходцах. "Сустракаў" нас за жалезнай агароджай больш чым сцiплы помнiчак, на якiм - туманны тэкст пра тое, што на гэтым месцы ў час мiнулай вайны былi расстраляны "советские граждане"... Нi слова пра жыдоўскую трагедыю, нi паўслова пра колькасць знiшчаных... Жонку душылi слёзы, ды i мне было цяжка слова вымавiць - настолькi гэтая братняя магiла рабiла моцнае ўражанне сваёй сiроцкасцю, запушчанасцю, безабароннасцю перад часам i людской абыякавасцю...

У рэдакцыi лагойскай раённай газеты "Родны край", куды заехалi з жонкай Таццянай, даведваюся, што на гэтай "Жыдоўскай" гары загублены каля дзевяцi тысяч жыдоў... Жах!

Iмчаць па Лагойскай шашы турысцкiя аўтобусы, едуць людзi ў Хатынь схiлiць свае галовы перад попелам ста сарака дзевяцi жыхароў "вогненнай" вёскi, а побач з гэтай шашой, у якiх-небудзь ста метрах ад яе, - спачываюць у малавядомай "Жыдоўскай" гары астанкi дзевяцi тысяч грамадзян нашай Радзiмы жыдоў...

"ПРАДПРЫМАЛЬНIКI"

Чаго толькi не робiць непрадказальны час з людзьмi! Быў слесарам - стаў прэзiдэнтам нейкай там асацыяцыi. Быў касiрам у захудалай краме - стаў банкiрам. Быў... ды хiба ўсiх пералiчыш? Праўда, ад гэтых пераўтварэнняў дзяржаве карысцi - як з казла малака. Але за час перабудовы зрабiлася тое, аб чым пяецца ў адной даволi несур'ёзнай песнi: "Хто быў нiкiм - той стаў усiм!.."

Вось i ў нашым раёне, а дакладней, у сельсавеце, а яшчэ дакладней, у нашай вёсцы, сталi мужыкi чухаць патылiцы - у якi бок падацца, каб не "стаць усiм", а хаця б "збiць" на бутэльку, бо заробак у калгасе меншы, чым у немаўляткi фiчка, а пахмялiцца хочацца кожны дзень. Тут справа вядомая, як пачнуць пахмяляцца, дык так напахмяляюцца, што заўтра зранку зноў "гараць буксы", а каб iх патушыць, трэба вышукоўваць, як кажуць, "нявыкарыстаныя рэзервы". Атрымлiваецца - хочаш не хочаш, а будзеш iсцi ў нагу з часам, узлезеш на "рыначныя рэйкi".

Вось мужыкi з нашай вёскi, праўда, не ўсе, а тыя, у каго ссiнелi насы i няўпэўненая хада, перамаглi сваю сялянскую някемлiвасць i, згодна з "рыначным сацыялiзмам", пачалi жыць па бартэру: ты - мне, я - табе.

Спачатку выкарыстоўвалi "ўнутраныя рэзервы" - неслi з уласнай хаты сёе-тое, зразумела ж, хаваючыся ад жонак, прадавалi сваё "сёе-тое" каму папала за любую цану, але не нiжэй кошту пляшкi гарэлкi.

Потым сцямiлi, што на "ўнутраных рэзервах" доўга не пратрымаешся, бо вясковую хату, як вядома, "аздоблiваюць" ложак, стол, лава ды, магчыма, сцiпленькi дыванок з набiтымi фарбай лебедзямi. Прыйшлося мужыкам "кiнуць" мазгi ва ўсе бакi. Але ў якi бок нi кiдалi мазгi - яны траплялi на калгаснае поле цi на iншую калгасную ўласнасць. Тут нашы "прадпрымальнiкi" ўспомнiлi другую вядомую песню часоў застою: "Усё вакол калгаснае - усё вакол маё!.."

"Ура! Жывём!" - затрапяталi iх чулыя сэрцы.

Рынак збыту быў пад носам - амаль кожная вёска сёння шчыльна абнесена "парканам" многапавярховых катэджаў ды iншых дыхтоўных будынiн.

Неслi i везлi на гэты рынак усё, што шчасцiла ўварваць ад кволага калгаснага "стала" - гной, маладую бульбу, цэмент, дошкi, зерне для дачнiкавых курэй, хоць свае куры пачалi ад голаду пер'е губляць.

Бывала, прыйдзе гэткi "рыначнiк" у краму, каб рэалiзаваць здабыты "капiтал", працягне дрыготкаю рукой прадаўшчыцы грошы, а тая, перад тым як выдаць бутэльку гарэлкi, прапясочыць на ўсю краму:

- Зноў прыцягнуўся, трасун! Лепей абутак купiў бы - пальцы вунь з ботаў павыскоквалi, а з другога боку пяты нямытыя вывальваюцца!

А "трасун" важна папраўляе залатаную ватоўку i заключае:

- Трэба здароўе падправiць спачатку! Здароўе - даражэй за абутак!

Ды тое, пра што я пiшу, усiм вядома. Магчыма, я i не паквапiўся б на ваш вольны час, каб не быў сведкам новай формы "прадпрымальнiцтва".

Уявiце: выходзяць з кустоў два замызганыя мужыкi, але з "новым" мысленнем i - да калгаснага статка. У кожнага ў руках - па два пустыя трохлiтровыя слоiкi. Аглядваюцца, туляюцца i, прыгiнаючыся, "падшпацыроўваюць" да блiжэйшай каровы, дзе...

- Як ты цягнеш за цыцку?! Нiчога ж не цячэ! Захоплiвай вымя!

- Можа, гэта нядойная карова?

- Сам ты бычок нядойны! Пусцi мяне!

Мяняюцца месцамi, i даенне працягваецца.

- Бачыў, як трэба? Вучыся!

- Бачыць-то бачыў, але ж малако табе ў рукаво цячэ, а праз штаны выцякае...

- Ты раўней банку трымай i не трасiся з ёй!

- Гэта я ад хвалявання калачуся - як-нiяк, а новую справу асвойваем...

Нарэшце "новая справа" асвоена - вымучаны некалькi кароў, i руплiўцы з поўнымi слоiкамi накiроўваюцца да блiжэйшых дачаў.

- Каму малачко, гаспадынi?!

- Свежанькае, цёпленькае, сырадойчык! Жонкi прыслалi прадаць - дзеткам хлеба няма за што купiць... Каму малачко?!

...Сапраўды, а каму малачко, у якiм абмылiся даўно не бачыўшыя мыла рукi "прадпрымальнiкаў"? Ёсць жадаючыя? Адрас дам дакладны!

СОНЦА

Што самае смачнае?..

Паспрабуйце задаць гэтае пытанне знаёмым i незнаёмым - пасыплюцца адказы, як гарох з торбы.

Скажуць - гэта ж так проста адказаць: "снiкерсы", бананы, iкра, кiвi, тарты, крэветкi i... "гарох" будзе сыпацца на вашу галаву так доўга i шчодра, што забудзецеся, пра што i пыталiся. А калi апамятаецеся - выявiце, што галоўная "гарошынка" не вывалiлася...

I хоць, як кажуць, пра густы не спрачаюцца, ёсць адзiна правiльны адказ, пачуць якi, нават сёння, сярод сацыяльнай змардаванасцi i духоўнага заняпаду, складана. Матэрыяльныя i духоўныя каштоўнасцi пераблыталiся, страцiлi ў нашых вачах сваю першародную непаўторнасць i вагу.

Нават тыя, сталейшыя, хто зведаў некалi бязлiтасны голад, наўрад цi скажуць сёння, што самае смачнае - хлеб.

Прыпомнiце сваё нават не галоднае дзяцiнства... Мацi просiць схадзiць у краму купiць хлеба, а табе не хочацца, "няма часу", бо яшчэ не нагойсаўся чакаюць сябры. А калi нарэшце ўсё ж мацi выпхне ў краму - па дарозе дамоў абгрызеш гэты хлеб з усiх бакоў так, што i несцi няма чаго. I такi ён смачны, i такi ён духмяны - не адарвацца.

Сёння рука ледзь паспявае запхнуць хлеб у рот, як яму ўздагонку другая жвавая рука адпраўляе ўсё, што Бог паслаў, - кiлбасу, рыбу, сала... Дзе тут адчуеш смак хлеба - усё перамяшаецца ў нашай "сячкарнi" - глык - i сам не ведаеш, што глынуў.