Узяў гаспадар вяроўку, закруцiў вузельчык на Шарыкавай шыi, ускiнуў на плячо ружжо - i пайшлi яны ў лес... Шарык адчуваў штосьцi нядобрае, але за сваё доўгае сабачае жыццё прывык давяраць i слухацца гаспадара, таму цяпер паслухмяна i сумна клыпаў за iм. Прамiнуўшы густы ельнiк, прыпынiлiся на палянцы, дзе чалавек прывязаў сабаку да сасны, адышоўся, рэзка зняў з пляча ружжо i, баючыся глядзець у вочы сабаку, выстралiў. Спалоханы лес адгукнуўся трывожным рэхам. Чалавек бачыў, як нейкая сiла падкiнула Шарыка ад зямлi i зноў кiнула на яе, бездапаможнага i нерухомага.

Не адвязваючы вяроўкi, чалавек рашуча пакрочыў ад гэтага жудаснага месца, выцiраючы на хаду памакрэлыя вочы...

Я наўмысна не называю вёску i прозвiшча чалавека, узяўшага на сваю душу цяжкi грэх. Я вельмi рады, што ў гэтай трагедыi ёсць працяг, якi закрануў сэрца кожнага, хто хоць краем вуха пачуў пра гэтае здарэнне.

...Мiнула два тыднi. У чалавека быў ужо другi сабака - малады i дзёрзкi, услужлiвы i пiльны. Чалавек стараўся не думаць, не ўспамiнаць пра забiтага былога сябра, i жыццё зноў набыло клапатлiвы, працоўны рух вясковага жыхара.

Але аднойчы вечарам, калi чалавек стомлена сеў на ганак i з асалодай запалiў, гледзячы сабе пад ногi, ён усёй iстотай адчуў на сабе нейчы погляд. Чалавек здрыгануўся i ўзняў галаву. Перад iм стаяў Шарык - схуднелы i змучаны, з выбiтым вокам i перабiтай пярэдняй лапай, якая крыва зраслася. З шыi звiсала ўся ў запечанай крывi вяроўка. Шарык хiстаўся i даверлiва глядзеў адным вокам у вочы гаспадару. Цяжка паранены, ён выжыў, залiзаў раны, перагрыз вяроўку i аддаў апошнiя сiлы, каб прыйсцi да таго, каго лiчыў сваiм адзiным сябрам.

". . . . . ."

У свае чатырнаццаць гадоў я даволi моцна "захварэў" паляваннем. А перадалася мне гэтая хвароба ад старэйшага брата Косцiка, якi начытаўся паляўнiчай лiтаратуры, наслухаўся розных манюкаў i за апошнiя капейкi купiў ружжо. На выхадныя днi ён наязджаў да нас у Карпiлаўку з Менска. З адным ружжом мы з Косцiкам цягалiся па лясах з ранку да вечара, бабахалi налева i направа. У буднiя днi я заставаўся гаспадаром ружжа...

Аднаго дня, калi ад марозу i мяцелiцы нельга было нос выткнуць за дзверы, я ўскiнуў на плячо ружжо, падперазаўся патранташам i падаўся ў лес паляўнiчага ж ногi кормяць.

Мяне ўвесь час цягнула да Вапеннай гары - там непралазная глуш, мноства розных слядоў, асаблiва рысiных, а мне вельмi хацелася запаляваць рысь, хоць тады я не ведаў, з якога боку да яе падступiцца...

Гудуць дрэвы, стогнуць ад ветру, але ў лесе мяцелiца з ног не валiць значна зацiшней у iм. Ружжо - напагатове, вочы пiльна абмацваюць кожны куток.

Раптам з сасны на сасну пералятае рабчык, чапляецца за нiжнi сук, i не паспеў я ўскiнуць ружжо, як ён спiкiраваў на снег у густы ельнiчак. Я застыў i не зводзiў вачэй з невялiчкага прасвету сярод елачак - павiнен жа недзе мiльгануць рабец. Стаю ў "сабачай стойцы", дрыжу ад азарту, не мiргаю. Не, думаю, я цябе перахiтру, цярпення ў мяне хопiць!

Прайшло з паўгадзiны - толькi я хацеў плюнуць i пайсцi далей, як у невялiчкiм "акенцы" памiж елачак нешта варухнулася (а мо падалося).

На ўсякi выпадак складваюся i бабахаю ў тое акенца. Нiчога не ўзляцела... Няўжо забiў рабчыка?! А можа, там нiкога i не было?!.

Хвалююся, не перазараджаю ружжо i бягу да таго месца. Падбег i... ледзь сам не грымнуўся з усiх чатырох - нiчога не разумею.

Перада мной на бялюткiм снезе ляжыць мацёры вогненны лiс! Вось гэта дык да!

Аказваецца, пакуль я, раскрыўшы рот, стаяў i чакаў рабчыка, лiс, якi прабягаў непадалёку, пачуў свежыя сляды птушкi i хацеў паласавацца "маiм" рабчыкам, але, бедалага, папаўся сам...

Падвязаў я цераз плячо багаты трафей i з важнецкiм выглядам пакрочыў прамiком у Лысую Гару, дзе жыў самы сталы наш брат Коля. А дарога ў Лысую Гару пралягае праз Буды, вось я i "купаўся" ў паляўнiчай славе, нядбайна адказваючы на шматлiкiя пытаннi жыхароў тых вёсак:

- Лiс пёр, як маланка, нават вочы не паспявалi за iм, але мой стрэл iмгненна спынiў яго... Ды гэткiх лiсаў я магу страляць хоць кожны дзень...

Назад у Карпiлаўку я iшоў праз Жукаўку - трэба ж было i там заявiць аб сабе...

"Пакарыўшы" Жукаўку, я прамiком, цераз лес i лугi падаўся дамоў. Раптам чую, як недзе ў лесе сабака "з голасам" гонiць зайца. Па брэху пазнаю Абiсiнцавага ганчака, якi самастойна, без "непрасыхаючага" гаспадара, штодзённа бегаў у лес i "зганяў ахвоту", ганяючы зайцоў.

Прыслухаўся - брэх наблiжаецца да мяне. Скокнуў я пад лазовы куст, i зноў спёрла дыханне, дрыжу ад азарту.

Бачу, як па лузе прама на мяне паволi клыпае заяц. Наогул, заяц ад сабакi ўцякае не з усiх ног, а з прыпынкамi, прысядаючы на заднiя лапы i "стрыгучы" вушамi паветра.

Гэты таксама - скок, скок - сядзе, скок, скок i паслухае...

Не "дакульгаўшы" метраў дваццаць да мяне, заяц сеў i натапырыў вушы. Сядзiць слупком, як на талерцы, - толькi страляй! Я старанна прыцэльваюся i думаю: "З аднаго боку - вiсiць лiс, з другога - заяц! Такога яшчэ свет не бачыў! Прыйдзецца зноў iсцi ў Лысую Гару праз Буды..."

Пакуль мае мазгi малявалi такiя карцiны, заяц зрабiў рэзкую скiдку ўбок, каб збiць са следу сабаку, - я толькi паспеў цiскануць на курок, але заяц паспяхова паказаў мне адно месца i знiк, растаў у снежнай завiрусе.

Я, ад злосцi на сябе, схапiў з галавы шапку, кiнуў пад ногi i давай таптаць яе нагамi, абзываючы сябе самымi апошнiмi словамi: ". . . . . .", ". . . . . ." i гэтак далей.

СУПЕРПАДАРУНАК

Самае цяжкае - выбраць i купiць падарунак, калi iдзеш да некага на дзень нараджэння. Бывае, падабаецца падарунак - ды не дазваляюць грошы, цана "кусаецца", а калi грошы ўсё ж дазваляюць - дык падарунак, як кажуць, нi сабе, нi людзям. Вось i збiваеш апошнiя падэшвы, туляючыся па крамах.

Што нi кажыце, а складаная гэта справа - хадзiць на днi нараджэння! Уручаеш iмянiннiку тое, што купiў, i бадзёра "падсалоджваеш":

- Вось! Самае лепшае i дарагое купiў! Спажывай!

А ў беднага iмянiннiка ад разгубленасцi скiвiца адвiсла, вусны дрыжаць ад крыўды, а вочы дык зусiм крычаць:

- Што ты мне купiў?! Я ж разлiчваў на большае!..

Гэтак можна i свята сапсаваць, i наогул з гаспадаром пасварыцца.

Але пажартавалi, i хопiць!

Прыехала ў маю Карпiлаўку да сваiх бацькоў на адпачынак маладая жанчына з мужам i сынам аж з далёкай Керчы. У той Керчы ўсёй радасцi - адно толькi мора, ды i тая адзiная радасць - для iншагародных адпачываючых i турыстаў. Мясцовым жыхарам - не да мора.