- Навошта? - толькi й сказаў Гай i страцiў прытомнасць.
АБ ЧЫМ ГАВАРЫЛI ШАРАВЫЯ МАЛАНКI
IV
На цэнтральным пульце кiравання Галоўнага Iндаэўрапейскага Стрэсографа, якi знаходзiўся ў Татрах на гары Герлахаўскi-Шцiт, дзяжурыла чарговая змена стрэсаператараў. На гэты раз за паказаннямi прыбораў сачылi Карл Гакенхольц i Радаслаў Буслейка. Яны сядзелi на крэслах-вяртушках у прасторнай ярка асветленай кабiне без вокнаў. Канструктары i будаўнiкi Стрэсографа наўмысна не прарэзалi ў кабiне нiводнай шчылiнкi, каб таго, хто заступаў на дзяжурства, не магла адарваць ад выканання службовага абавязку цудоўная навакольная прырода. А краявiды былi тут, у паднябессi, невераемна прыгожыя. Горы, лясы, воблакi, рухомыя ценi ад воблакаў на iскрыстым срэбным снезе. Калi ж начное неба густа засявалi кропкi зорак i белыя вяршынi гор рабiлiся рафiнадна-сiнiмi, чалавечае сэрца поўнiлася шчымлiвай радасцю, бо толькi праз немiтуслiвую прыгажосць прыроды можна гутарыць з вечнасцю i хоць трошкi зразумець яе. Але ў стрэсаператары iшлi людзi несентыментальныя, цвёрдыя, з ясньга адчуваннем сваёй задачы. Задача ж была якi ўжо год адна - папярэдзiць насельнiцтва аб магчымых глабальных атаках Старой Цывiлiзацыi. Стрэсограф, калi апусцiць усе не самыя iстотныя дэталi, быў заснаваны на тым жа прынцыпе, што i сейсмограф, прынцыпе фiксавання ўдарных хваль. Ламаў гранiтнае нутро планеты землятрус, i на тысячы кiламетраў ад эпiцэнтра бегла ўдарная хваля, прадчуваючы якую, выпаўзалi з глыбокiх нораў змеi, бязладна мiтусiлiся каля мурашнiкаў, як не вар'яцелi, мурашкi. Рознiца была ў тым, што стрэсограф фiксаваў ударныя паветраныя хвалi. Адмоўна зараджаная эмацыянальная энергiя, непамерна накоплiваючыся ў адным месцы, не магла не зрушыць сваiм цяжарам крохкiя паветраныя слаi. Нездарма белетрысты мiнулых часоў, асаблiва майстры дэтэктыўнага жанру, любiлi пiсаць: "Ва ўсiм наваколлi была разлiта трывога". Вось гэту трывогу, гэты крык аб пагрозе i аб дапамозе чуйна лавiлi антэны, экраны i камп'ютэры Галоўнага Iндаэўрапейскага Стрэсографа. Дарэчы, на ўсiм зямным шары i ў Блiжнiм Космасе такiх стрэсографаў было недзе каля дваццацi.
Неабходна зазначыць, што Старая Цывiлiзацыя, загнаная ў кут, даўно рыхтавалася да свайго контрнаступлення. Летапiсы расказваюць пра масавыя самазабойствы хрысцiян напярэдаднi 1000 году. Людзi баялiся Страшнага суда, канца свету, прышэсця Антыхрыста i знiшчалi сябе i сваiх дзяцей. Але што гэта, як не магiльнае дыханне Старой Цывiлiзацыi? Вельмi часта, асаблiва ў XX стагоддзi, выкiдвалiся на акiянскiя водмелi i памiралi сотнi кiтоў, самых буйных млекакормячых планеты. Чаго толькi не навыдумлялi на гэты конт вучоныя. I што ў кiтоў парушаўся бiялагiчны компас, i што яны труцiлiся адыходамi прамысловай дзейнасцi чалавека, i што iхняе надта вузкае горла замуроўвалi рачкi, малюскi i водарасцi-паразiты. А гэта праводзiла эксперымент Старая Цывiлiзацыя, каб, набраўшыся вопыту, атакаваць, у рэшце рэшт, Чалавека.
Карл Гакенхольц i Радаслаў Буслейка, немец i беларус, былi вельмi не падобныя адзiн на аднаго. Карл маленькi, чарнавалосы, з велымi смуглай скурай, Радаслаў буйнацелы, высокi, шавялюра саламяна-жоўтая. Здавалася б, i тэмпераменты ў iх павiнны былi быць розныя, але абодва яны былi прыроднымi сангвiнiкамi, што падразумявае жвавасць, хуткую ўзбуджальнасць i лёгкую зменлiвасць эмоцый. Сёння ў стрэсаператараў пераважаў разважлiва-фiласафiчны настрой.
- Карл, ты чытаў "Кодэкс тыранаў" Арыстоцеля? - спытаў Буслейка.
- Чытаў, - кiўнуў галавой Карл.
- А можаш успомнiць, што там насачыняў вялiкi фiлосаф?
- Паспрабую, - нiколькi не здзiвiўшыся нечаканай просьбе (што толькi не прыйдзе ў галаву пад час доўгага дзяжурства?), згадзiўся Карл.
- Давай.
- Першая запаведзь: "Не дазваляць вылучацца дастойным. Нават караць смерцю". Другая: "Забаранiць сумесныя абеды". Гэта азначае, як я разумею, адмену свабоды сходаў. Трэцяя запаведзь: "Трымаць шпiёнаў". Чацвёртая: "Пастаянна абяцаць лепшае жыццё ў будучынi". Пятая: "Узводзiць грамадскiя збудаваннi, каб людзi былi заўсёды занятыя". I шостая, калi ў мяне яшчэ няма старэчага склерозу...
- "Весцi войны або рыхтавацца да iх, бо народ гэткiм чынам будзе мець патрэбу ў адзiнаўладным кiраўнiку", - хуценька кончыў за яго Радаслаў i засмяяўся. - Твой мозг, Карл, працуе яшчэ, як камп'ютэр.
- Дзякуй за камплiмент, - усмiхнуўся ў адказ Карл. - Але i ў цябе пакуль што мазгi - як гэта кажуць у вас, славян? Ага, успомнiў - не заржавелi.
Стрэсаператары сябравалi, бо немагчыма цэлыя месяцы сядзець побач у кабiне i не паспрабаваць зазiрнуць адзiн аднаму ў душу, тым болей што псiхолагi падбiралi на такую работу людзей кампанейскiх, сумясцiмых. Якiм шматслойным нi было б чалавечае жыццё, ёсць амаль у кожнага пункты, кропкi судакранання са сваiм суседам i з усiм чалавецтвам.
Радаслава Буслейку i Карла Гакенхольца яднала неадольная цiкавасць да гiсторыi рэлiгii. I сапраўды - што прымусiла першабытнага чалавека, а магчыма i першачалавека глянуць з цёмнай пячоры ў начное неба i ўбачыць там не толькi срэбную хмарку, не толькi яркую зорку - убачыць Бога? Страх перад незразумеласцю жыцця, перад маланкай i громам, перад дзiкiм зверам i смерцю? А цi не закладзена ў самой прыродзе чалавецтва рэлiгiйнасць, так, як у кожную зямную рэч закладзены вага, шчыльнасць, колер? Цi не з'яўляецца рэлiгiйнасць вiдавай прыкметай, асаблiвасцю чалавека, бо ў звяроў жа няма рэлiгii.
Радаслаў i Карл адчулi роднаснасць душ з той ранiцы, калi немец, пiльна сочачы за экранам стрэсографа, раптам прадэкламаваў:
- Цi ёсць у кветак бог? Цi моляцца яны?
- Як-як? - перапытаў Буслейка. Карл прадэкламаваў зноў.
- А ты ведаеш, i я ж пра гэта шмат разоў думаў, - горача загаварыў Радаслаў. - Ну не так, як ты, прыгожа, не вершамi, але думаў. I так заўсёды атрымлiваецца, так здаецца, што стаiм на самым парозе разгадкi, што лёгенька-лёгенька таўханi маленькiя дзверцы, яны расчыняцца, i ўбачыш...
- Што ўбачыш? - нецярплiва спытаў Карл.
- Разгадку. Або самога Бога.
Узнесеныя над вяршынямi гор, аддзеленыя ад сяброў, ад каханых доўгiмi тыднямi адзiноцтва, яны жылi, як бы злiўшыся з экранамi, антэнамi i камп'ютэрамi, рабiлi сваю вельмi патрэбную ўсiм справу, а неба глядзела на iх удзень i ўначы, таямнiча шумеў вецер, грымелi, расколваючыся аб скалы, вадаспады, зiхацеў снег, чорнай сцяной стаялi далёка ўнiзе лясы, каменьчык, сарваўшыся з-пад капыта горнага казла, iмклiва ляцеў у цяснiну, у пранiзлiвую пустэчу. Хiба можна было ў такiх умовах, у такiм жыццi не думаць аб вечнасцi, аб рэлiгii? Яны абодва, па традыцыi сваiх продкаў, былi хрысцiянамi i, вядома, часта гаварылi пра гэту вялiкую i супярэчлiвую рэлiгiю, якая, нiбы смала з жыдоўскiх смакоўнiц, налiпла калiсьцi на рымскi меч у Юдэi, каб рассялiцца ў многiх землях i народах. На скрыжалях мiльёнаў чалавечых сэрцаў назаўсёды выбiты словы: "Узлюбi блiжняга свайго, як самога сябе", "Не ўбiй", "Не ўкрадзi". I ўсё-ткi пасля нялёгкага роздуму немец з беларусам прыйшлi да высновы, што ў свой час iндаэўрапейскiм народам, шукаючы сваю стрыжневую, каранёвую рэлiгiю, трэба было глядзець не ў бок Палесцiны, а на Iндыю, i, вядома ж, невыпадковая ў апошнi час вялiкая цiкавасць эўрапейскай моладзi да будызму i крышнаiцтва. Радаслаў Буслейка не быў бы беларусам, каб не расказаў сябру-немцу пра беларускiя, як заўсёды, не вырашаныя да канца праблемы. Беларускiя вернiкi доўгi час варагавалi мiж сабой, бо варункамi лёсу i амбiцыямi ўладаў былi падзелены на праваслаўных, унiятаў i католiкаў. Адзiн народ з трыма целамi i душамi. Хiба натуральная гэта з'ява? I вось апошнiм часам пачаўся шырокi рух за вяртанне да народнай дахрысцiянскай рэлiгii, дзе пакланялiся Агню, Сонцу, Зямлi i Грому. Гэта спроба вярнуцца не ў змрочнае язычнiцтва, не ў паганства, а ў купальства (так называецца новая вера), да купальскiх вянкоў i песень, да чыстай зямлi i светлай ранiшняй расы, да праматчынай душы.