- Табе яшчэ няма шаснаццацi, хлопчык, - цiха, стараючыся захаваць спакой, хоць голас уздрыгваў ад хвалявання, прамовiў Метэор. - Закон ВЭП забараняе такiм, як ты, пераўтварацца. Гэта небяспечна, вельмi небяспечна. Ты проста не выйдзеш на плюсавое пераўтварэнне. Зразумеў?

- Ператварыце мяне ў пчалу, - стаяў на сваiм Клён, ужо нават з нейкiм выклiкам i пагрозаю. - Я знайду Зялёную Постаць, я адкрыю яе тайну. Вы ж самi толькi што казалi, што планеце i ўсiм людзям не хапае жывой памяцi. Паверце, я не баюся, бо ўжо даўно рыхтаваў сябе да нечага падобнага.

Увесь гэты час доктар Метэор з разгубленасцю, здзiўленнем i радасцю глядзеў на яго i, сашчапiўшы рукi, пахрустваў доўгiмi пальцамi.

- Вы казалi аб чалавечым прызначэннi, - працягваў Клён. - Калi я нават не вярнуся, я буду такi шчаслiвы... Я хачу, каб жыла наша планета, жыла Беларусь. Ператварыце мяне ў пчалу, i мiма робатаў i воўкасабак я пралячу ў РРР, усё зраблю... - Ён ледзь не плакаў.

- Хлопчык, мiлы, я не магу, - пачаў быў доктар Метэор, але раптам апусцiўся на каленi, узяў Клёнавы рукi ў свае, глухiм пераселым голасам сказаў: - Кляруся табе, што ты станеш пчалой i зноў выйдзеш на плюсавое пераўтварэнне. Клянуся, што я разаб'юся ў пыл, буду начаваць у лабараторыi, але прыдумаю, знайду шлях i спосаб твайго вяртання. Толькi трэба будзе чакаць, чакаць i спадзявацца. Вытрымаеш? Я ж, клянуся, датуль не памру, пакуль не адшукаю спосаб твайго вяртання.

...Ён зрабiўся пчалой, ён ляцеў у Тоўстым Лесе. Для таго каб сабраць адзiн кiлаграм мёду, яму патрэбна было праляцець трыста тысяч кiламетраў, сесцi на дваццаць мiльёнаў кветак. Гэта было вышэй ягоных сiл, ды ён, вядома, i не iмкнуўся да такiх лiчбаў i рэкордаў. Галоўнай мэтаю заставалася Зялёная Постаць. Ён бачыў зграi воўкасабакаў - ашчэраныя пашчы, з якiх цячэ шэра-жоўтая слiна, вострыя зубы, шалёныя вочы... Там, дзе праходзiла, прабягала такая зграя, знiкала на нейкi час усялякае жыццё. Недзе праз суткi ён убачыў, як да самага памежку балота пад'ехаў блакiтны тупарылы грузавiк, як з кабiны выйшаў стомлены доктар Метэор разам са сваiм напарнiкам (плазмоiд лётаў над iмi), адчынiў фургон, выпусцiў Аюса. Адразу ж адусюль павытыркалiся насцярожаныя робаты - з кустоў, з-пад карчоў, адзiн вылез нават з капы сена, i зеленаватыя вiхурыстыя касмылi тырчалi на ягонай галаве i спiне. Аюс нетаропка пайшоў у балота. Доктар Метэор памахаў яму рукой, пастаяў i паехаў у бок Менска.

Аюс усвiдроўваўся ў хмызнякi, у рудую вострую асаку, у прахалоду чорнай тванi. Пчала настойлiва ляцела за iм, дзумкала амаль каля самага вуха, Некалькi разоў ён трасянуў галавою, але яна не адставала. Тады ён лёг у ваду, схаваўся ад пчалы...

Клён паляцеў у глыб дрыгвянiстага кустоўя, ды раптам пачуў стрэл, другi. Чалавек высачэннага росту (гэта быў Гром Стралковiч), сцiскаючы ў руках карабiн, стаяў па каленi ў вадзе, нешта крычаў i пляваўся з найвялiкшай злосцю. Аюс, агаломшаны, разгублены, уцякаў у балота. Кроў чырванела на спiне.

Зялёную Постаць Клён адшукаў на схiле дня, калi сонца, як залацiстая рыба-плотка, клалася ў лясное чорнае возера. Мяккiя прамянi асвятлялi зацiшны куток, дзе яна стаяла. Паўсюдна валялiся кавалкi i кавалачкi патрушчанай чырвонай цэглы. Налятаў вецер, i пацямнелы ад часу медны звон, якi быў прымацаваны да такога ж пацямнелага дубовага крыжа, ажываў.

- Бу-ум... Бу-у-ум... - расцякалася ў глухiя балотныя абшары.

Здавалася, крычыць, галосiць, плача невядомая людзям птушка з далёкiх даледавiковых эпох.

Гэта быў помнiк. Ён шчыльна, нiбы кажухом, аброс мохам, лiшайнiкам, нейкай бурай травой, нават шумналiстая бярозка прыляпiлася да яго. Колькi гадоў стаяў гэты помнiк? Сто? Трыста? Чыю памяць павiнен быў ён зберагаць?

Клён, адчуваючы, як горача тахкае ў грудзях сэрца, пачаў павольна-павольна лётаць вакол забытага помнiка, вывучаць тое, што хавалася ад вачэй. Гэта, мяркуючы па ўсiм, была жанчына, беларуская сялянка, у даўгаватай спаднiцы, з вянком на галаве. На руках яна трымала дзiця, пяшчотна гарнула яго да сябе моцнымi, аголенымi па локаць рукамi.

Клён апусцiўся нiжэй, i на вышчарбленым ядавiта-зялёным пастаменце, абмацваючы амаль кожную лiтару, прачытаў пад тоўстым покрывам моху: "Тут пахаваны жыхары вёскi Дубовы Лог Iван i Антон Рындзiчы, Мар'я Крот, Ганна Цецяронак, Васiль Клепча, Р.Храпка i Лявон Мацюшонак, якому было пяць гадоў. Iх спалiлi ў школе. 1941-1945 гг.".

Зашумеў вецер. Зацерусiў дождж. На лес i балота насоўвалася цемра. Глуха ўдарыў звон. Гук быў марозлiвы, трывожны, Клён бачыў, як хвошча дождж па каменнай жаночай галаве. Вось вадзяныя крошii прабiлi дзiрачку праз зляжалы мох i, падалося, што адтуль, з глыбiнi, блiснула жывое цёплае вока.

Схаваўшыся ад дажджу, Клён глядзеў на Зялёную Постаць i думаў. Калiсьцi, шмат стагоддзяў назад, на гэтай зямлi грымела вайна, Тут спалiлi нявiнных людзей, спалiлi пяцiгадовага Лявона Мацюшонка. Пэўна, тут былi вясковыя могiлкi, а вёска стаяла зусiм побач. Звон, што вiсеў на крыжы, чулi ў хатах. Нараджалiся дзецi. Забылася вайна. А потым узняў свой ядзерны меч Чарнобыль. I людзi пакiнулi лясную вёсачку. Назаўсёды. Струхлелi хаты, прыйшоў на вясковую мурожную вулiцу лес, у адзiным калодзежы пасялiлiся балотныя жабы. Жыццё спынiлася. Жыццё пералiлося ў iншыя формы...

"Чаму мне так сумна i так добра?" - думаў Клён, летучы ранiцой над лесам, над балотам, над зялёным лугам, Сонца распырсквала ва ўсе бакi гарачае золата сваiх прамянёў. Падсыхала, цямнела зямля.

Ён дакрануўся да памяцi, зазiрнуў у крынiцу, знайшоў выток... Ён перайначыўся, адчуў сiлу сваёй зямлi i аб гэтай вечнай сiле раскажа ўсiм.

Недзе чакалi яго шумныя гарады, людныя плошчы, матчыны слёзы. Ён паляцiць, панясе вестку аб тым, што ўбачыў i што зразумеў. Яго будуць слухаць i будуць верыць яму. А пакуль - шумiць зялёны лясны вецер, блiшчыць, люструецца рака, пахне сунiцамi i цёплым сенам.

Ляцi, пчала.