Яна хацела распавесцi iм пра снег, ды не ўмела растлумачыць як след.

- А гэтыя нядобрыя хлапчукi таксама застынуць кавалкамi? - спыталiся птушаняты.

- Не, кавалкамi яны не застынуць, але памерзнуць iм давядзецца. Будуць сядзець ды сумаваць у цёмным пакоi i носу не адважацца высунуць на вулiцу! А вы ж будзеце лятаць у чужых краях, дзе квiтнеюць краскi ды ярка свецiць цёплае сонейка.

Прамiнула няшмат часу, птушаняты падраслi, маглi ўжо ўставаць у буслянцы i аглядацца навокал. Татуля-бусел штодня прыносiў iм ладных жабак, маленькiх вужакаў ды ўсялякiя iншыя ласункi, якiя толькi мог здабыць. А як пацяшаў ён птушанят рознымi забаўнымi штукамi! Даставаў галавою свой хвост, ляскаў дзюбай, быццам у яго ў горле сядзела трашчотка, ды распавядаў iм розныя балотныя гiсторыi.

- Ну, час цяперака ўжо i за навучанне брацца! - сказала iм аднаго цудоўнага дня матуля, i ўсiм чатыром птушанятам давялося вылезцi з буслянкi на дах. Бацюхны мае, як яны хiсталiся, балансавалi крыламi i ўсё-ткi ледзьве-ледзь не звалiлiся! - Глядзiце на мяне! - сказала мацi. - Голаў вось так, ногi так! Раз-два! Раз-два! Вось што дапаможа вам прабiць сабе дарогу ў жыццi! - I яна зрабiла некалькi ўзмахаў крыламi. Птушаняты няўклюдна падскочылi i - бэнц! - усе так i распласталiся! Яны былi яшчэ цяжкiя на пад'ём.

- Я не хачу вучыцца! - сказала адно птушаня ды ўскараскалася назад у буслянку. - Я зусiм не хачу ляцець у вырай!

- Дык ты хочаш замерзнуць тут узiмку? Хочаш, каб хлапчукi прыйшлi ды павесiлi, утапiлi альбо спалiлi цябе? Пачакай, я зараз паклiчу iх!

- Ах, не, не! - сказала птушаня i зноў выскачыла на дах.

На трэцi дзень яны ўжо неяк ляталi i ўявiлi сабе, што могуць таксама трымацца ў паветры на распасцёртых крылах. "Няма чаго ўвесь час махаць iмi, казалi яны. - Можна i адпачыць". Так i зрабiлi, але... адразу ж пляснулiся на дах. Давялося зноў працаваць крыламi.

У гэты час на вулiцы сабралiся хлапчукi ды заспявалi:

Бусел, бусел белы!

- А што, паляцiм ды выдзяўбем iм вочы? - спыталiся птушаняты.

- Не, не трэба! - сказала мацi. - Слухайце лепш мяне, гэта шмат важней! Раз-два-тры! Цяперака паляцiм направа; раз-два-тры! Цяперака налева, вакол комiна! Выдатна! Апошнi ўзмах крыламi атрымаўся такi цудоўны, што я дазволю вам заўтра падацца са мной на балота. Там пакажаце сябе! Я хачу, каб вы былi самыя мiленькiя з усiх. Трымайце галовы вышэй, так шмат прыгажэй ды больш унушальна!

- Але няўжо мы так i не адпомсцiм гэтым нядобрым хлапчукам? - спыталiся птушаняты.

- Няхай яны крычаць сабе што хочуць! Вы ж палецiцё да аблокаў, убачыце краiну пiрамiдаў, а яны будуць мерзнуць тут узiмку, не ўбачаць анiводнага зялёнага лiсточка, анiводнага салодкага яблычка!

- А мы ўсё-ткi адпомсцiм! - шапнулi птушаняты адно аднаму i працягвалi вучыцца.

Найбольш задзiрысты з усiх хлапчукоў быў самы маленькi, той, што першы завёў песеньку пра буслоў. Яму было не болей шасцi гадкоў, хаця птушаняты i думалi, што яму гадоў са сто, - ён жа быў вышэйшы за iх бацьку з мацi, а што ведалi птушаняты пра гады дзяцей i дарослых людзей! I вось уся помста птушанят павiнна была абрушыцца на гэтага хлапчука, якi быў завадатарам ды самым неўгамонным з насмешнiкаў. Птушаняты былi на яго страшэнна ўзлаваныя i чым больш яны выросталi, тым менш хацелi цярпець ад яго крыўды. Нарэшце матцы давялося паабяцаць iм як-небудзь адпомсцiць хлапчуку, але не раней, як перад самым адлётам iх у вырай.

- Паглядзiм спачатку, як вы будзеце паводзiць сябе на вялiкiх манеўрах! Калi справа пойдзе дрэнна i генерал праколе вам грудзi сваёю дзюбай, праўда ж будзе на баку хлапчукоў. Вось пабачым!

- Пабачыш! - сказалi птушаняты i старанна ўзялiся за практыкаваннi. З кожным днём справа iшла ўсё лепей, i нарэшце яны пачалi лятаць так лёгка ды прыгожа, што проста любата!

Надышла восень; буслы пачалi рыхтавацца да адлёту на зiму ў вырай. Вось дык манеўры пайшлi! Буслы ляталi ўзад i ўперад над лясамi ды азёрамi: iм трэба было выпрабаваць сябе - iх жа чакала велiзарнае падарожжа! Нашы птушаняты вызначылiся i атрымалi на iспытах не па нулю з хвастом, а па дванаццацi з жабкай ды з вужакай! Лепш за гэткую адзнаку для iх i быць не магло: жабак ды вужакаў можна ж было з'есцi, што яны i зрабiлi.

- Цяперака будзем помсцiць! - сказалi яны.

- Добра! - сказала мацi. - Вось што я надумала - гэта будзе лепш за ўсё. Я ведаю, дзе той ставок, у якiм сядзяць маленькiя дзецi да таго часу, пакуль бусел не возьме ды не аднясе iх да таты з мамай. Цудоўныя малюпасенькiя дзеткi спяць i бачаць дзiвосныя сны, якiх нiколi ўжо не будуць бачыць потым. Усiм бацькам хочацца мець такое немаўлятка, а ўсiм дзецям - малюпасенькага брацiка цi сястрычку. Паляцiм да стаўка, возьмем адтуль немаўлятак ды аднясем да тых дзяцей, якiя не цвялiлiся з буслоў; нядобрыя ж насмешнiкi не атрымаюць анiчога!

- А тому злоснаму, што першы пачаў цвялiцца з нас, яму што будзе? спыталiся маладыя буслы.

- У стаўку ляжыць адно мёртвае дзiцятка, яно заспалася да смерцi; вось яго мы аднясем злоснаму хлапчуку. Няхай паплача, убачыўшы, што мы прынеслi яму мёртвага брацiка. А вось тому добраму хлопчыку, - спадзяюся, вы не забылiся пра яго, - якi сказаў, што грэх цвялiцца з жывёлы, мы прынясем зараз i брацiка i сястрычку. Яго завуць Петар, будзем жа i мы ў ягоны гонар звацца Петарамi!

Як сказана, так i было зроблена, i вось усiх буслоў завуць з таго часу Петарамi.

ШЧЫРАЯ ПРАЎДА

- Жахлiвае здарэнне! - сказала курыца, якая жыла зусiм у iншым краi горада, а не там, дзе здарыўся выпадак. - Жахлiвае здарэнне ў куратнiку! Я проста баюся цяпер начаваць адна! Добра, што нас шмат на седале!

I яна ўзялася расказваць, ды так, што ва ўсiх курэй пер'е паднялося дыбам, а ў пеўня скурчыўся грэбень.

Сонца садзiлася, i ўсе куры былi ўжо на седале. Адна з iх, белая каратканожка, курыца ва ўсiх адносiнах прыстойная i паважаная, якая спраўна несла яек столькi, колькi трэба, сеўшы зручней, пачала перад сном чысцiцца i распрамляць дзюбаю пер'е. I вось адна маленькая пярынка вылецела i ўпала на дол.

- Бач, як паляцела! - сказала курыца. - Але нiчога, чым лепш я прыбiраюся, тым болей прыгажэю!

Гэта яна сказала проста так, жартам, - курыца ўвогуле была вясёлая па характары, але гэта нiяк не замiнала ёй быць, як мы ўжо казалi, вельмi i вельмi паважанай курыцаю. Неўзабаве яна заснула.