* У Капенгагене кватэры здымалiся звычайна на паўгода, з 1 сакавiка да 1 верасня i з 1 верасня да 1 сакавiка; гэтыя два днi i былi днямi агульнага пераезду з кватэры на кватэру.

I анёл паказаў на разбiты кветачны гаршчок, якi валяўся сярод гэтага хламу i з якога вывалiўся камяк зямлi, увесь аплецены каранямi вялiкай польнай кветкi; кветка звяла i нiкуды больш не была вартая, яе i выкiнулi.

- Возьмем яе з сабою! - сказаў анёл. - Я раскажу табе пра гэтую кветку, пакуль мы ляцiм!

I анёл пачаў расказваць.

- На гэтай вузкай вулiцы, у нiзкiм падвале, жыў бедны хворы хлопчык. З самых раннiх гадоў ён ляжаў у пасцелi; калi ж адчуваў сябе асаблiва добра, то праходзiў на мылiцах па сваёй каморцы разы два назад i ўперад, вось i ўсё. Бывала, летам сонейка заглядвала на паўгадзiны i ў падвал; тады хлопчык садзiўся на сонейку i, трымаючы рукi супраць святла, любаваўся, як прасвечваецца ў яго тонкiх пальцах кроў; такое сядзенне на сонейку замяняла яму прагулку. Пра багатае асенняе ўбранне лясоў ён ведаў толькi таму, што сын суседаў прыносiў яму вясною першую ў кветках букавую галiнку; хлопчык трымаў яе над галавой i пераносiўся думкай пад зялёныя букi, дзе блiшчала сонейка i спявалi птушкi.

Аднойчы суседаў сын прынёс хлопчыку польных кветак, памiж iмi была адна з карэньчыкамi; хлопчык пасадзiў яе ў кветкавы гаршчок i паставiў на акне каля свайго ложка. Мусiць, лёгкая рука пасадзiла кветку: яна прынялася, стала расцi, пускаць парасткi, кожны год цвiла i была для хлопчыка цэлым садам, яго маленькiм зямным скарбам. Хлопчык палiваў яе, даглядаў i клапацiўся пра тое, каб яго не абмiнуў нiводзiн прамень, якi прабiваўся ў каморку. Дзiця жыло i дыхала сваёй любiмiцай: яна ж цвiла, пахла i прыгажэла для яго аднаго. Да кветкi павярнуўся хлопчык нават у тую апошнюю хвiлiну, калi яго клiкаў да сябе гасподзь Бог... Вось ужо цэлы год, як хлопчык у Бога; цэлы год стаяла кветка, усiмi забытая, на акне, завяла, засохла i была выкiнута на вулiцу разам з iншым хламам. Вось гэтую бедную, завялую кветку мы i ўзялi з сабой: яна дала нам куды больш радасцi, чым самая яркая кветка ў садзе каралевы.

- Адкуль ты ведаеш усё гэта? - спытала дзiця.

- Ведаю! - адказаў анёл. - Я ж сам быў тым бедным калекам хлопчыкам, якi хадзiў на мылiцах! Я пазнаў сваю кветку!

I дзiця шырока-шырока адкрыла вочкi, углядаючыся ў прывабны, радасны твар анёла. У тую ж самую хвiлiну яны апынулiся на небе ў Бога, дзе пануюць вечныя радасць i шчасце. Бог прыгарнуў да свайго сэрца мёртвае дзiця - i ў таго выраслi крылы, як у iншых анёлаў, ён паляцеў разам з iмi. Бог прытулiў да сэрца i ўсе кветкi, пацалаваў жа толькi бедную, звялую польную кветку, i тая далучыла свой голас да хору анёлаў, якiя акружалi Бога; адны ляталi каля яго, другiя - трошкi далей, трэцiя - яшчэ далей, i так да бясконцасцi, але ўсе былi аднолькава шчаслiвыя. Усе яны спявалi - i малыя, i вялiкiя, i добрае, толькi што памершае дзiця, i бедная польная кветачка, выкiнутая на маставую разам са смеццем i хламам.

БУСЛЫ

На даху самага крайняга дамка ў адным маленькiм мястэчку знайшла прытулак буслянка. У ёй сядзела матуля з чатырма птушанятамi, якiя высоўвалi з гнязда свае маленькiя чорныя дзюбы, - яны ў iх яшчэ не паспелi пачырванець. Непадалёку ад буслянкi, на самым каньку даху, стаяў, выцягнуўшыся ў струнку i падцiснуўшы пад сябе адну нагу, сам татухна; нагу ён падцiскаў, каб не стаяць на варце без справы. Можна было падумаць, што ён выразаны з дрэва, такi ён быў нерухомы.

"Вось важна дык важна! - думаў ён. - Ля буслянкi маёй жонкi стаiць вартавы! Хто ж ведае, што я ейны муж? Могуць падумаць, што я выпраўлены сюды ў каравул. Вось жа важна!" I ён па-ранейшаму стаяў на адной назе.

На вулiцы гуляла дзятва; убачыўшы бусла, самы гарэзлiвы з хлапчукоў зацягнуў, як умеў ды памятаў, старадаўнюю песеньку пра буслоў; за iм падхапiлi ўсе астатнiя:

Бусел, бусел белы,

Што стаiш дзень цэлы

На назе адной?

Дом пiльнуеш свой?

Можа, хочаш гэтак

Зберагчы ты дзетак?

Смешна з клопатаў тваiх,

Мы ўсё роўна зловiм iх!

Аднаго мы - на шнурок,

А другога - у ставок,

Трэцяга - заколем,

Меншага - зняволiм

Ды ў вогнiшча кiнем,

Там ён i загiне!

- Паслухай, што пяюць хлапчукi! - сказалi птушаняты. - Яны кажуць, што нас павесяць ды ўтопяць!

- Не трэба звяртаць на iх увагi! - сказала iм мацi. - Толькi не слухайце, нiчога i не здарыцца!

Але хлапчукi не сунiмалiся, спявалi ды пацвельвалiся з буслоў; толькi адзiн з хлопчыкаў, якога звалi Петар, не схацеў далучыцца да таварышаў, гаворачы, што грэшна цвелiцца з жывёлы. А мацi суцяшала птушанят.

- Не звяртайце ўвагi! - казала яна. - Глядзiце, як спакойна стаiць ваш бацька, i гэта на адной толькi назе!

- А нам страшна! - сказалi птушаняты i глыбока-глыбока схавалi галоўкi ў буслянку.

На другi дзень хлапчукi зноў высыпалi на вулiцу, убачылi буслоў ды зноў заспявалi:

Аднаго мы - на шнурок,

А другога - у ставок...

- Дык нас павесяць ды ўтопяць? - зноў спыталiся птушаняты.

- Ды не ўжо, не! - адказала мацi. - А вось неўзабаве мы распачнем навучанне! Вам трэба навучыцца лятаць! Калi ж навучыцеся, мы выправiмся з вамi на лугавiну ў госцi да жабак. Яны будуць прысядаць перад намi ў вадзе ды пяяць: "ква-ква-ква!" А мы з'ямо iх - вось будзе весела!

- А потым? - спыталiся птушаняты.

- А потым усе мы, буслы, збярэмся на асеннiя манеўры. Вось тады ўжо трэба ўмець лятаць як мае быць! Гэта вельмi важна! Таго, хто будзе лятаць дрэнна, генерал праткне сваёй вострай дзюбай! Дык вось, старайцеся з усяе сiлы, калi навучанне пачнецца!

- Дык нас усё-ткi заколюць, як сказалi хлапчукi! Паслухай, яны зноў спяваюць!

- Слухайце мяне, а не iх! - сказала мацi. - Пасля манеўраў мы паляцiм адсюль далёка-далёка, за высокiя горы, за цёмныя лясы, у цёплыя краi, у Егiпет! Там ёсць трохкутныя каменныя дамы; верхавiнамi яны ўпiраюцца ў самыя аблокi, а завуць iх пiрамiдамi. Яны пабудаваныя даўным-даўно, так даўно, што нiводзiн бусел нават i ўявiць сабе не можа! Там ёсць таксама рака, якая разлiваецца, i тады ўвесь бераг пакрываецца глеем! Ходзiш сабе па глеi ды частуешся жабкамi!

- О! - сказалi птушаняты.

- Так! Вось асалода! Там цалюсенькi дзень толькi i робiш што ясi. А вось у той час, як нам там будзе гэтак хораша, тут на дрэвах не застанецца анiводнага лiсточка, надыдзе такая халадэча, што воблакi застынуць кавалкамi ды будуць ападаць на зямлю белымi крошкамi!