Што ж, пазалота сатрэцца,

Свiная ж скура застанецца!

гаварылi сцены.

У тым жа пакоi стаялi ўпрыгожаныя разьбою крэслы з высокiмi спiнкамi.

- Сядай! Сядай! - запрашалi яны, а пасля жаласна рыпелi. - Ох, як ломiць косцi! I ў нас ламавiца, як i ў старой шафы! Касталомiца ў спiне! Ох!

Затым хлапчук зайшоў у той самы пакой, што навiсаў, быццам балкон, над нiжнiм паверхам. Тут сядзеў сам старэнькi гаспадар.

- Дзякуй за алавянага салдацiка, дружа! - сказаў ён хлапчуку. - I дзякуй, што сам завiтаў да мяне!

"Так, так" цi, лепш сказаць, "кхак, кхак!" - закрактала i зарыпела мэбля. Крэслаў, сталоў i стулаў было столькi шмат, што яны замiналi адно аднаму пазiраць на хлапчука.

На сцяне вiсеў партрэт прыгожай маладой жанчыны з жывым вясёлым тварам, але зачасанай i ўбранай па даўнiм ладзе: валасы яе былi напудраныя, а сукенка стаяла стырчком. Жанчына не сказала нi "так", нi "кхак", але ласкава пазiрала на хлапчука, i ён тут жа запытаў у старога:

- Дзе вы яе дасталi?

- У крамцы старызнiка, - адказаў той. - Там шмат такiх партрэтаў, але нiхто на iх не зважае: нiхто не ведае, з каго iх малявалi, - усе тыя асобы даўным-даўно памерлi i пахаваныя. Вось i гэтай панi няма на свеце гадоў пяцьдзесят, але я ведаў яе некалi, у даўнiну.

Пад карцiнай вiсеў за шклом букецiк засушаных кветак; iм, мусiць, таксама было гадоў пад пяцьдзесят, - такiя яны былi старыя! Маятнiк вялiкага i старасвецкага гадзiннiка гайдаўся туды-сюды, стрэлка рухалася, i ўсё ў пакоi старэла з кожнай хвiлiнаю, само таго не заўважаючы.

- У нас дома кажуць, што ты вельмi адзiнокi! - прамовiў хлапчук.

- О! Мяне пастаянна наведваюць успамiны... Яны прыводзяць з сабой столькi знаёмых асоб i вобразаў!.. А цяпер вось i ты зайшоў да мяне! Не, мне добра!

I стары ўзяў з палiцы кнiжку з малюнкамi. Там былi адлюстраваныя цэлыя працэсii, незвычайна дзiўныя карэты, якiх цяпер ужо не ўбачыш, салдаты, падобныя на трэфовых валетаў, гарадскiя рамеснiкi са сцягамi, што луналi. У краўцоў на сцягах красавалiся нажнiцы, якiя падтрымлiвалi два львы, у шаўцоў жа не боты, а арол з дзвюма галовамi - шаўцы робяць толькi парныя рэчы. Вось гэта была кнiжка дык кнiжка!

Стары гаспадар падаўся ў суседнi пакой па сочыва, яблыкi i арэхi. Не, у старасвецкiм доме, далiбог, было, вельмi цудоўна i добра.

- А я проста не магу заставацца тут! - прамовiў алавяны салдацiк, якi стаяў на куфры. - Тут так цiха i сумна. Не, хто прывыкнуў да сямейнага жыцця, таму тут не жыць. Сiлы маёй больш няма! Дзень цягнецца тут бясконца, а вечар яшчэ даўжэй! Тут не пачуеш нi прыемных гутарак, якiя вялi, бывала, твае бацькi, нi вясёлай дзiцячай гульнi, як у вас! Стары гаспадар такi адзiнокi! Ты думаеш, яго хто-небудзь цалуе? Пазiрае на яго хто-небудзь з ласкай? Бывае ў яго елка? Атрымлiвае ён падарункi? Не, нiколi! Вось ён хiба труну атрымае!.. Не, далiбог, я не вытрымаю такога жыцця!

- Ну, ну, хопiць! - сказаў хлапчук. - Па-мойму, тут цудоўна; сюды завiтваюць успамiны i прыводзяць з сабою столькi знаёмых асобаў!

- Штосьцi не бачыў я iх, ды i мне яны незнаёмыя ж! - адказаў алавяны салдацiк. - Не, мне проста няма сiлы заставацца тут!

- А трэба! - сказаў хлапчук.

У гэтую хвiлiну ў пакой зайшоў з вясёлай усмешкаю стары i чаго ён толькi не прынёс! I сочыва, i яблыкаў, i арэхаў! Хлапчук адразу ж забыўся пра алавянага салдацiка.

Вясёлы i задаволены вярнуўся ён дадому. Днi iшлi за днямi; хлапчук па-ранейшаму дасылаў у стары дом прывiтаннi, а адтуль меў таксама прывiтаннi ў адказ, i вось хлопчык зноў накiраваўся туды ў госцi.

Разныя трубачы зноў падалi свой голас: "Тра-та-та-та! Хлопчык прыйшоў! Тра-та-та-та!" Рыцары i паненкi на партрэтах пазвоньвалi даспехамi i шалясцелi шаўковымi сукенкамi, свiная скура размаўляла, а старыя крэслы рыпелi i крахталi ад раматусу ў спiне: "Ох!" Адным словам, усё было як i першы раз, - у старым доме час i днi iшлi адно ўслед аднаму, без нiякай змены.

- Не, я не вытрываю! - усклiкнуў алавяны салдацiк. - Я плакаў ужо волавам! Тут вельмi жалобна! Няхай лепш пашлюць мяне на вайну, няхай адарве там мне руку цi нагу! Усё ж змена будзе! Сiлы больш у мяне няма!.. Цяпер i я ведаю, што гэта за ўспамiны, якiя прыводзяць з сабою знаёмыя асобы! Мяне яны таксама наведалi, i, павер, iм не ўзрадуешся! Асаблiва калi яны пачнуць наведвацца да цябе часта. Урэшце я готовы быў саскочыць з куфра!.. Я бачыў цябе i ўсiх тваiх!.. Вы ўсе стаялi перада мною, як жывыя! Гэта было ранiцай у нядзелю... Усе вы, дзецi, стаялi ў сталовай, такiя сур'ёзныя, набожна склаўшы рукi, i пелi ранiшнi псалом... Тата i мама стаялi тут жа. Нечакана дзверы адчынiлiся, i ўвайшла, хоць яе не клiкалi, двухгадовая ваша сястрычка Мары. А ёй варта толькi пачуць музыку альбо спевы - усё роўна якiя, тут жа кружыцца ў танцы. Вось яна i пачала прытанцоўваць, але нiяк не магла трапiць у такт - вы спявалi гэтак працяжна... Яна падымала то левую ножку, то правую i выцягвала шыйку, але ладу не было нiякага. Нiхто з вас нават не ўсмiхнуўся, хоць i нялёгка было стрымацца. Я не стрымаўся, цiхенька ўсмiхнуўся сам сабе, дык i паляцеў долу! На лобе маiм ускочыў вялiкi гузак - ён i цяпер яшчэ не сыйшоў i так трэба мне... Усё, што бачыў, чуў i перажыў я ў вашай сям'i, так i ўсплывае ў мяне перад вачыма! Вось якiя яны, гэтыя ўспамiны, i вось што яны прыводзяць з сабою!.. Скажы, вы i цяпер яшчэ спяваеце ранiцай? Раскажы мне што-небудзь пра маленькую Мары! А калега мой, алавяны салдацiк, як жыве? Вось шчаслiвец!.. Не, не, я проста не вытрываю!..

- Цябе падарылi! - сказаў хлапчук. - I ты павiнен застацца тут! Хiба ты не разумееш гэтага?

Стары гаспадар заявiўся са скрынкай, у якой было шмат самага рознага i незвычайнага: нейкiя шкатулачкi, флакончыкi i калоды старасвецкiх картаў такiх вялiкiх, аздобленых золатам, цяпер ужо не ўбачыш! Дзядок адчынiў для госця i вялiкiя скрынкi даўняга камоднага бюро i нават клавiкорды, на вечку якiх быў намалёваны пейзаж. Iнструмент пад рукой гаспадара выдаваў цiхiя дрыготкiя гукi, а сам стары напяваў пры гэтым нейкую тужлiвую мелодыю.

- Гэтую песню спявала калiсьцi яна! - сказаў ён, кiўнуўшы на партрэт, куплены ў старызнiка, i вочы яго заблiшчэлi.

- Я хачу на вайну! Хачу на вайну! - залемантаваў нечакана алавяны салдацiк i кiнуўся прэч з куфра.

Дзе ж ён дзеўся! Шукаў яго i сам стары гаспадар, шукаў i хлапчук - няма нiдзе, ды i толькi.