Але ўжо на другi дзень на вярхушцы шафы з'явiлася новая свiння-скарбонка. У жываце ў яе яшчэ не было нiводнай манеткi, i таму, колькi б яе нi трэслi, яна не магла дзынкнуць, - зусiм як тая старая свiння, у якой жывот быў бiтком набiты срэбнымi i меднымi грашыма. А па першым часе i гэтага зусiм дастаткова.

Дастаткова i з вас, даражэнькiя чытачы. Казцы канец.

СУП З КIЛБАСНАЙ ПАЛАЧКI

I. Суп з кiлбаснай палачкi

- Ах, якую вячэру наладзiлi нам учора ў палацы, - хвалiлася сталая мыш малодшай сяброўцы. Тая не трапiла на прыдворнае баляванне. - Я сядзела дваццаць першай ад нашага мышынага цара, а гэта, згадзiся, даволi някепска! I якiх толькi страў не падавалi да стала! Чэрствы хлеб, скурачкi ад кумпяка, сала, кiлбасу, - а пасля зноў усё гэта падносiлi. Ежы было столькi, што кожны з нас, мабыць, па два абеды з'еў! А якi настрой быў у кожнага, як нязмушана гаманiлi, каб ты ведала! Было спакойна i ўтульна. Мы пагрызлi ўсё дарэшты, акрамя кiлбасных палачак, - тых, на якiх кiлбасу смажаць; акурат на гэтых палачках пад канец засяродзiлi ўвагу, i нехта раптам згадаў пра "суп з кiлбаснай палачкi". Выявiлася, што чуць пра гэты суп усе чулi, але пакаштаваць яго, а тым больш прыгатаваць самой - нiкому не даводзiлася. I тады прапанавалi выдатны тост за тую мыш, якая здолее зварыць суп з кiлбаснай палачкi, а значыць, зможа стаць старэйшай у прытулку для бедных! Скажы, сястрыца, цi ж не разумна прыдумалi? А стары машыны цар узняўся са свайго трону i голасна, каб усе чулi, заявiў, што зробiць царыцай тую маладзенькую мыш, якая прыгатуе найсмачнейшы суп з кiлбаснай палачкi. Даў тэрмiну - год i адзiн дзень.

- Часу даволi! - сказала маладзейшая мыш. - Але як зварыць гэты самы суп?

Як яго варыць? Пра гэта пыталiся ўсе мышы, i маладыя i старыя. I кожнай хацелася зрабiцца царыцай, але нi ў кога не было ахвоты блукаць па белым свеце, каб даведацца, як гатаваць гэта загадкавае варыва. А седзячы дома, рэцэпту не раздабудзеш. Ды не кожная мыш можа пакiнуць сям'ю, родны куток; ды i жыццё на чужыне не дужа салодкае: там не пакаштуеш цвiлой скарынкi, не панюхаеш кумпяковай скуркi; iншым разам давядзецца пагаладаць, i чаго добрага ёсць рызыка трапiць у кацiныя кiпцi.

Шмат хто з кандыдатак у царовы сяброўкi былi дужа занепакоеныя ўсiмi гэтымi разважаннямi, i яны выбралi за лепшае застацца дома, i толькi чатыры мышы, маладыя i вёрткiя, а да таго i самыя бедныя, пачалi рыхтавацца ў дарогу. Кожная выбрала сабе адну з чатырох краiн свету - а раптам некаму з iх усмiхнецца шчасце, - i кожная ўзяла з сабою па кiлбаснай палачцы, каб не забыць у дарозе, куды i чаго выбралася з дому; да ўсяго гэтага палачка магла выдатна паслужыць вандроўнiцам у якасцi дарожнага кiёчка.

На самым пачатку мая яны выправiлiся ў шлях i ў маi наступнага года вярнулiся назад, але не ўсе, а толькi трое; пра чацвертую нiхто нiчога не чуў, нiхто нiдзе яе не бачыў, а тэрмiн, якi быў адпушчаны, канчаўся.

- У кожнай бочцы мёду заўсёды знойдзецца лыжка дзёгцю, - незадаволена бурчэў мышыны цар, але ўсё ж загадаў склiкаць мышэй з тутэйшых ваколiцаў.

А сабрацца ўсiм было загадана на царскай кухнi; тут жа асобна ад усiх астатнiх, стаялi побач тры мышы-вандроўнiцы, а на месцы той, якая не вярнулася, прыдворныя паставiлi кiлбасную палачку i абвiлi яе чорным жалобным крэпам.

Усiм прысутным загадалi весцi сябе цiха, пакуль не выкажуцца вандроўнiцы i пакуль мышыны цар не аб'явiць свайго канчатковага рашэння.

Ну, а цяпер паслухаем.

II. Што чула i чаму навучылася першая мыш у час сваёй вандроўкi

- Калi я адправiлася падарожнiчаць па белым свеце, - пачала расказваць мышка, - я, як i шмат хто з маiх аднагодкаў, думала, што даўно ўжо разгрызла i праглынула ўсю зямную мудрасць. Аднак памылялася. Жыццё паказала зусiм iншае, i спатрэбiўся цалюткi год i адзiн дзень, каб нарэшце спасцiгнуць iсцiну. Я пакiравала на поўнач i спачатку плыла морам на вялiкiм караблi. Мне казалi, што кок (карабельны повар) павiнен быць вынаходлiвым, аднак нашаму коку, напэўна, не было ў тым нiякай патрэбы: карабельныя трумы былi цалкам загружаныя карэйкай, салам, цудоўнай заплеснявелай мукой. Жылося мне, як вы здагадваецеся, цудоўна, нiчога не скажаш! Але памяркуйце самi, цi ж магла я там навучыцца варыць суп з кiлбаснай палачкi? Шмат дзён i начэй мы плылi i плылi, нас гушкалi i залiвалi хвалi; але ў рэшце рэшт карабель даплыў да далёкага паўночнага порту, i я выбралася на бераг.

А як гэта нязвыкла: выехаць з роднага дому, сесцi на карабель, якi таксама неўзабаве зробiцца родным кутком, i раптам апынуцца за сотнi мiль ад роднай старонкi, у зусiм незнаёмай краiне! Мяне ахiнулi глухiя лясы, хваёвыя i бярозавыя. А якi прыкры пах ад iх iшоў. Невыносны! Дзiкiя травы таксама разлiвалi непрыемны водар, ды такi, што я ўвесь час кашляла ды чыхала, а яшчэ думала пра кiлбасу. А вялiзныя лясныя азёры! Падбяжыш блiжэй да вады - яна здаецца празрыстай, як крышталь; адбяжыш далей - i вось яно ўжо цёмнае, як чарнiла. А на азёрах - белыя лебедзi; яны быццам нерухомыя, то я спачатку падумала, што гэта плавае пена на вадзе, але пасля, калi пабачыла, што яны лётаюць у небе i ходзяць па зямлi, то зразумела - гэта птушкi: самi яны з гусiнага племя - па тым як ходзяць бачна; ад раднi не адмаўляюцца! То i я таксама паспяшалася адшукаць сваю радню - лясных i палявых мышэй, хоць яны, па праўдзе кажучы, мала кумекаюць у такiх далiкатных справах, як пачастунак, а я ж толькi дзеля гэтага кiнулася ў дарогу. Калi там пачулi, што з кiлбаснай палачкi можна зварыць суп, - а чутка пра тое пайшла па ўсiм лесе, - то мала хто паверыў у гэта, i мне адкуль было ведаць, што я ў тую ж ноч даведаюся пра таямнiцу прыгатавання супу з кiлбаснай палачкi.

Лета было ў самым разгары, i мне растлумачылi, што якраз таму вакольныя лясы настоены такiм густым водарам-пахам i гэтак пахнуць дзiкiя травы, а азёры, дзе плаваюць лебедзi, такiя празрыстыя i ў той жа час такiя цёмныя. На ўскрайку лесу, памiж трыма-чатырма домiкамi, была пастаўлена жэрдка вышынёй з карабельную мачту. Гэта была святочная майская жардзiна - яе вяршыню ўпрыгожвалi вянкi i стужкi. Хлопцы i дзяўчаты нястомна скакалi вакол яе ды спявалi пад скрыпку вандроўнага музыкi. Калi сонца зайшло, гулi працягвалiся пры месячным святле, ды я ў тых скоках не прымала ўдзелу - якая мая мышыная справа да таго ляснога балю! - я сядзела ў мяккiм моху i моцна трымала сваю кiлбасную палачку. Месяц добра асвятляў лугавiну, дзе расло дрэва, а ўся лугавiна была ўсланая мяккiм i пяшчотным мохам - такiм пяшчотным, як, асмелюся заўважыць, шкурка мышынага цара, толькi зялёнага колеру, дужа прыемнага воку. Раптам аднекуль з'явiлiся маленькiя пацешныя iстоты, ростам мне да калена будуць. Яны вельмi ўжо нагадвалi людзей, толькi былi нашмат прыгажэйшымi. Гэтыя чалавечкi называлi сябе эльфамi i былi апранутыя ў святочныя плаццi з кветкавых пялёсткаў, у абрамленнi з мушыных i камаровых крыльцаў. Такое бачыць было дужа прыемна. Я адразу заўважыла, што тыя чалавечкi нешта шукаюць, а што менавiта, не магла адразу зразумець.