- Не!

- Дык i не лезь са сваёй думкай, калi гавораць разумныя людзi!

I качаня сядзела ў куце, надзьмуўшыся.

Неяк аднойчы дзверы шырока расчынiлiся, i ў пакой уварвалiся струмень свежага паветра i яркi сонечны прамень. Качаня так моцна пацягнула на волю, так захацелася яму паплаваць, што яно не магло стрымацца i сказала пра гэта курыцы.

- Ну, што яшчэ выдумала? - накiнулася на яго курыца. - Гультуеш, вось табе ў галаву i лезе рознае глупства! Нясi лепш яйкi альбо мурлыкай, вось дурасць i пройдзе!

- Ах, плаваць так прыемна! - сказала качаня. - Такое задавальненне нырнуць унiз галавой у самую глыбiню!

- Вось дык задавальненне! - сказала курыца. - Ты зусiм з глузду з'ехала! Спытай у ката - ён разважлiвейшы за ўсiх, каго я ведаю, - цi падабаецца яму плаваць i ныраць? Пра сябе самую я ўжо не кажу. Спытай, нарэшце, у нашай старой панi, разумнейшага за яе, напэўна, нiкога няма на свеце! Яна табе скажа, цi любiць яна ныраць унiз галавой у самую глыбiню!

- Вы мяне не разумееце! - сказала качаня.

- Калi ўжо мы не разумеем, дык хто цябе i зразумее! Ты, вiдаць, хочаш быць разумнейшай за ката i нашу панi, не кажучы ўжо пра мяне! Не наравiся i будзь удзячнае за ўсё, што для цябе зрабiлi! Цябе прытулiлi, прыгрэлi, ты трапiла ў такое грамадства, у якiм можаш нечаму навучыцца. Але ты пустая галава, i размаўляць з табою не варта. Павер ужо мне! Я жадаю табе дабра, таму i сваруся на цябе. Так заўсёды робяць сапраўдныя сябры. Старайся ж несцi яйкi альбо навучыся мурлыкаць ды сыпаць iскрамi!

- Я думаю, мне лепей пайсцi адсюль куды вочы глядзяць! - сказала качаня.

- Ну i йдзi сабе! - адказала курыца.

I качаня пайшло. Яно жыло на возеры, плавала i нырала ўнiз галавой, але ўсе наўкол па-ранейшаму смяялiся з яго i называлi брыдкiм i агiдным.

А мiж тым настала восень. Лiсты на дрэвах пажоўклi i пабурэлi. Яны так i сыпалiся з галiн, а вецер падхоплiваў iх i кружыў у паветры. Стала вельмi холадна. Цяжкiя хмары сеялi на зямлю то град, то снег. Нават варона, седзячы на агароджы, каркала ад холаду на ўсё горла. Брр! Замерзнеш ад адной думкi пра такую сцюжу!

Дрэнна даводзiлася беднаму качаняцi.

Раз адвячоркам, калi сонейка яшчэ ззяла на небе, з-за лесу ўзнялася цэлая чарада цудоўных, вялiкiх птушак. Такiх прыгожых птушак качаня нiколi яшчэ не бачыла - усе белыя як снег, з даўгiмi гнуткiмi шыямi.

Гэта былi лебедзi.

Iхнi крык быў падобны на гукi трубы. Яны распрасцерлi свае шырокiя магутныя крылы i паляцелi з халодных лугоў у цёплыя краi, за сiнiя моры... Вось ужо яны ўзнялiся высока-высока, а беднае качаня ўсё глядзела iм услед, i нейкая незразумелая трывога ахапiла яго. Яно закруцiлася ў вадзе, як ваўчок, выцягнула шыю i таксама закрычала, ды так моцна i дзiўна, што само спалохалася. Яно не магло адвесцi вачэй ад гэтых цудоўных птушак, а калi яны зусiм знiклi, яно нырнула на самае дно, потым выплыла зноў i ўсё-ткi доўга яшчэ не магло апамятацца. Качаня не ведала, як завуць гэтых птушак, не ведала, куды яны ляцяць, але палюбiла iх, як не любiла да гэтай пары нiкога на свеце. Прыгажосцi iхняй яно не зайздросцiла. Яму i ў галаву не прыходзiла, што яно можа быць такiм жа прыгожым, як яны.

Яно было б вельмi рада, калi б хоць качкi не адштурхоўвалi яго ад сябе. Беднае брыдкае качаня!

Зiма настала вельмi халодная. Качаня павiнна было плаваць па возеры без адпачынку, каб не даць вадзе замерзнуць зусiм, але з кожнай ноччу палонка, у якой яно плавала, рабiлася ўсё меншай i меншай. Мароз быў такi, што нават лёд патрэскваў. Качаня нястомна працавала лапкамi. Нарэшце яно зусiм знясiлела i прымерзла да лёду.

Ранкам побач праходзiў селянiн. Ён убачыў прымерзлае да лёду качаня, разбiў лёд сваiм драўляным чаравiкам i аднёс паўмёртвую птушку дамоў да жонкi.

Качаня адагрэлi.

Дзецi задумалi пагуляць з iм, але качаняцi падалося, што яны хочуць пакрыўдзiць яго. Яно кiнулася са страху ў кут i трапiла проста ў даёнку з малаком. Малако пацякло па падлозе.

Гаспадыня ўскрыкнула i пляснула рукамi, а качаня забегала па пакоi, уляцела ў кадушку з маслам, а адтуль у бочку з мукой. Лёгка ўявiць, на што яно стала падобнае!

Гаспадыня лаяла качаня i ганялася за iм з вугальнымi шчыпцамi, дзецi бегалi, збiваючы адзiн аднаго з ног, рагаталi i пiшчалi. Добра, што дзверы былi адчынены, - качаня выбегла, растапырыўшы крылы, кiнулася ў кусты, проста на толькi што выпаўшы снег, i доўга-доўга ляжала там непрытомнае.

Было б вельмi журботна расказваць пра ўсе беды i няшчасцi брыдкага качаняцi ў гэтую суровую зiму.

Нарэшце сонейка зноў прыгрэла зямлю сваiмi цёплымi промнямi. Зазвiнелi жаўрукi ў полi. Вярнулася вясна!

Качаня вылезла з чароту, дзе яно хавалася ўсю зiму, узмахнула крыламi i паляцела. Крылы яго цяпер былi куды мацнейшыя, чым раней, яны зашумелi i ўзнялi яго над зямлёй. Не паспела яно апамятацца, як даляцела ўжо да вялiкага саду. Яблынi стаялi ўсе ў квеценi, духмяны бэз схiляў свае доўгiя зялёныя галiны над звiлiстым каналам. Ах, як тут было добра, як пахла вясной!

I раптам з гушчару чароту выплылi тры цудоўныя белыя лебедзi. Яны плылi так лёгка i плаўна, быццам слiзгацелi па вадзе. Качаня пазнала гэтых цудоўных птушак, i яго ахапiла нейкая незразумелая журба.

"Палячу да iх, да гэтых велiчных птушак. Яны, напэўна, задзяўбуць мяне да смерцi за тое, што я, такое брыдкае, асмельваюся наблiзiцца да iх. Але ўсё роўна! Лепш загiнуць ад iхнiх удараў, чым трываць шчыпанне качак i курэй, штуршкi птушнiцы ды трываць холад i голад зiмою!"

I яно апусцiлася на ваду i паплыло насустрач цудоўным лебедзям, а лебедзi, згледзеўшы яго, замахалi крыламi i паплылi проста да яго.

- Забiце мяне! - сказала брыдкае качаня i нiзка схiлiла галаву.

I раптам у чыстай, як люстэрка, вадзе яно ўбачыла сваё ўласнае адлюстраванне. Яно было ўжо не брыдкiм цёмна-шэрым качанём, а прыгожым белым лебедзем!

Зараз качаня было нават рада, што перанесла столькi гора i бед. Яно шмат выцерпела i таму магло лепш ацанiць сваё шчасце. А вялiкiя лебедзi плавалi наўкол i гладзiлi яго сваiмi дзюбамi.

У гэты час у сад прыбеглi дзецi. Яны сталi кiдаць лебедзям кавалкi хлеба i зерне, а самы малодшы з iх закрычаў:

- Новы прыляцеў! Новы прыляцеў!

I ўсе астатнiя падхапiлi:

- Так, новы, новы!

Дзецi пляскалi ў ладкi i скакалi ад радасцi. Потым яны пабеглi за бацькам з мацi i зноў сталi кiдаць у ваду кавалкi хлеба i пiрожнага.