- Аб чым ты думаеш? - запытаў ён раз яе.

- Я думаю - якi лёс будзе ў жыццi табе i Веры, - адказала яна, i ён уведаў праз гэтыя яе словы сiлу матчынай душы i вялiкасць яе сэрца. Зiму польскай акупацыi дзевятнаццатага года ён пражыў дома. Той год Нясвiжская семiнарыя была закрыта акупацыйнаю ўладаю за тое, што семiнарысты памагалi гарадскому рэўкому i гарнiзону ранняй вясной васемнаццатага года задушыць шляхечае паўстанне ў Нясвiжы.

Тую зiму Мiкалай Сямага наглядаў са смуткам у душы, як мацi асунулася постаццю сваей. Вясёласць яе i рухавасць знiклi, i валасы сталi зусiм сiвыя. У жнiвенi дваццатага года ён паехаў у Нясвiж канчаць семiнарыю. Сэрца яго было на ўздыме: хутка здзейснiцца яго мара: праз год ён будзе паўнапраўны настаўнiк. У тую ж восень яго думкi заняла новая асоба, i раней яму вядомая. Яна была несвiжанка з Новага Места, Надзея Богуш. Абое яны былi яшчэ занадта маладыя, каб як мае быць разабрацца - цi гэта прыйшло iхняе шчасце цi няшчасце. Ён хадзiў сам не свой. I абое яны як ап'янелi адно ад другога. Да таго ж, узвышанасць думак у аднаго аб другiм. Гэта былi месяцы вялiкай iх радасцi, якая бывае раз на жыццi, i знявага да яе роўна калецтву навек, бо маладосць жа больш не вернецца. I гэтую вялiкую радасць iх маладосцi нечакана задушыла вялiкае няшчасце, якому не было нiякай меры. Адразу, як громам, яно зламала iх жыццё. I не толькi iх. Але пра што iншае ў гэтай хронiцы няма гаворкi. Ужо яны як мае быць абмеркавалi, дзе i як яны пачнуць сваё новае i сталае жыццё. А тым часам прайшла навiна, што за трынаццаць кiламетраў ад Нясвiжа на ўсход прайшла дзяржаўная гранiца. Душачыся смуткам аб няскончанай навуцы, ён сабраўся ў дарогу з чужой дзяржавы i роднай зямлi. Што ж да яе, то яна ўгаварыла i ўпрасiла яго згадзiцца на тое, што яна зусiм на кароткi час астанецца яшчэ ў бацькоў i можа праз месяц якi рушыць у дарогу. Калi льга будзе, то ён сам явiцца па яе, а калi не можна будзе гэтага, то яна глухiм месцам пяройдзе тую гранiцу, дзе-небудзь каля Лазавiч, цi Кудзiнавiч, або Раткаўскiм лесам абыдзе Кукавiцкую карчму i праз Вялiкую Раёўку на Цiмкавiчы i прыедзе да яго мацi, дзе ён будзе чакаць яе. Так яна, з просьбай у вачах, тлумачыла яму, прыцiснуўшы яго руку да свае галавы. Хiба так не можа быць? Хiба праз месяц якi так павялiчыцца строгасць на свежай гранiцы? I хiба праз месяц вялiкiя змены адбудуцца ў двух дзяржавах, што нельга будзе ўсё так зрабiць? Ён скалынуўся ад прыкрасцi i жаху i астаўся пры ёй. Гэта быў месяц яго смутку i яе слёз. Яна не магла адразу пакiнуць Нясвiж: ужо чацвёрты месяц бацька яе, стары Богуш, ляжаў вельмi хворы, i яна бачыла, што ён дажывае апошнi свой час. Дзень пры днi яна праседжвала каля яго, i вялiкая ёй была ўцеха, што ён, Мiкалай Сямага, не пакiнуў яе на гэты месяц. Але за гэтым месяцам пачаўся другi, i так прайшла зiма. Яны пахавалi старога Богуша на другi дзень Вялiкадня дваццатага года. Праз тыдзень яна адзела на сябе ўсе свае лепшыя сукенкi, i абое яны, выбраўшы цёмную ноч, выйшлi з Нясвiжа, абышлi стараной Качановiчы i скрозь цалiной дабрылi да Габруноў, дзе iх i запынiў вусаты палiцыянт. Ледзьве яны ад яго адпрасiлiся i адмалiлiся. Чацвёра сутак яны былi на нагах: на дваццацi кiламетрах яны спрабавалi то там, то там перайсцi гранiцу, i ў адным месцы пагранiчныя палiцыянты пачалi па iх страляць. Яны вярнулiся ў Нясвiж, i прыкрасць стала iхняй звыклай штодзённасцю. Ён не захацеў прымаць чужога падданства i жыў у вечнай трывозе. На пачатку чацвёртага года свайго марнавання ён надумаўся ўзяцца за дзейнасць. Ён прадаў што-нiшто з маёмасцi i ўтрактаваў грашыма дактароў, i яны пасведчылi, што датуль ён не ўзяў падданства з прычыны цяжкай хваробы. Утрактаваўшы яшчэ i палiцыю, ён дастаў-такi ненавiднае яму падданства i адчынiў у сябе пачатковую школку, дзе вучыў дзяцей простых людзей з нясвiжскага Новага Места на беларускай мове. З гэтай мовы i пачалiся неўзабаве яго далейшыя пакуты. Уночы па яго прыйшлi. Пакуль стукалi ў дзверы, ён паспеў яшчэ пацалаваць цяжарную Надзею i знiкнуць праз кухню. Яна дала падпiску, што не ведае, дзе ён, i асталася адна. Ён туляўся i хаваўся ўсюды, дзе толькi мог. Праз паўгода яму ўдалося цiхом прыйсцi дадому i дабыць у iм да часу, калi Надзея нарадзiла блiзнят, дзвюх дачок, iмёны якiм ён сам выбраў: Гануся i Марына. Ён iх гадаваў да двухгодняга iх узросту, а тады ўжо не вытрымаў. Ён як быццам бы стаў забаронены чалавек: нiякай работы нiдзе, i нiякага занятку. I яшчэ палiцэйскi нагляд. Сцiснуўшы зубы, ён раз пачаў тлумачыць сваёй Надзеi, што пачынае гiнуць душой. Яна кiўнула яму галавой i сказала, што выгадуе дзяцей. А як яна iх выгадуе сама не ведала. З настроем як пад зямлёй, ён пакiнуў Нясвiж уночы i больш за тыдзень туляўся ў прыгранiчным лесе. Яму пашанцавала: рукамi ён задушыў таго, хто нарыхтаваўся страляць у яго, калi ён не паслухаў яго крыку падняць рукi ўгару i iсцi за iм, i пайшоў на ўсход, цяпер ужо рукi трымаючы паднятымi. З таго часу яго смутак аб дзецях увайшоў у новую квадру. Ён явiўся дадому, у гэтую самую хату, у якой цяпер сядзеў пры маладым чалавеку Ўладзiмеру Ярмалiцкiм, гiсторыю якога ён толькi што пачуў. Тут ён застаў незнаёмага яму чалавека. У высокiх паляўнiцкiх ботах, у кароткай вопратцы з гаспадарскага рудога сукна, ён сядзеў на лаве i напаўняў хату дымам з папярос, якiя даставаў проста з кiшэнi. Пачуўшы, хто парушыў яго спакой на лаве, ён шпарка ўстаў, пацалаваўся з Мiкалаем Сямагам i горача сказаў:

- Я муж вашай Веры. Я ведаў ад Веры, што вы ёсць на свеце. Я сяджу i думаю, што рабiць з гэтаю хатаю. Бо, бачыце, сам я з Верай жыву далёка, пад Менскам, ля Асiпавiч. А хата пустуе. У мяне там дом новы. А тут такое глухое месца, што нiкому гэтае хаты нi выпусцiш, нi прадасi. А тым часам Вера бядуе па гэтай хаце. Дзеля Веры я час ад часу прыязджаю сюды глядзець гэтай хаты, цi не гнiе яна i цi не сарваў хто замка з дзвярэй. Але i то сказаць, хто паквапiць сюды лезцi ў пустую хату. Апроч гэтай лавы, тут нiчога i няма. Вера плача i кажа:

- Гэтая хата для мяне, як царква таму, хто Богу молiцца. Мы там, кажа, з нашым Мiкалаем (гэта з вамi) радзiлiся, там бацька i мацi памерлi...

- Мацi памерла?! - выгукнуў Мiкалай Сямага.

- Ужо другi год пайшоў, як памерла.

Ён пераначаваў з шваграм у хаце, а назаўтра ўдвух выехалi пад Менск. Колькi часу ён жыў у Веры, а пасля стаў вучыцца ў Менскiм унiверсiтэце. Пасля ён праходзiў аспiрантуру, i адзiным апiрышчам яго душы была Вера. Яна плакала аб Ганусi i Марыне i аб невядомай ёй Надзеi Богуш - што яны так далёка i голасу iх ён не пачуе. Ён ужо чытаў лекцыi ў iнстытутах, як новыя прыступы смутку аб дзецях пачалi мучыць яго. Безнадзейнасць апанавала яго. Страшная здогадка, што яны страчаны для яго навек, заўладала iм. Ён пачаў слаць у Нясвiж пiсьмы. I так на многа год. Божа лiтасцiвы! Што гэта такое здарылася! Мусiць жа, хоць адно пiсьмо дайшло туды! Бо адтуль пiсьмо! Ад Надзеi. I ад iх, ад Ганусi i Марыны. Яны ўжо сталi такiя, што напiсалi пад пiсьмом свае iмёны. Ён убачыў iх польскiя подпiсы. Жах агарнуў яго. Прышэлец на родную зямлю, чужынец, вырывае iх душу i на яе месца пакiнуць хоча сваю, iм чужую! Гэта было яму, як злая атрута. Ён пачаў кiдацца i шукаць спосабу, каб што парадзiць. Ён ехаў у навуковую камандзiроўку за гранiцу. На станцыi Гарадзея, у страшным бяздум'i, ён пачаў спускацца з вагона на перон. А як жа! Ён выйдзе на Нясвiжскую дарогу i дабрыдзе да iх. Ён убачыць iх, хоць на момант. Вельмi далiкатна жандар папрасiў яго падняцца назад у вагон. Ён падпёр твар рукамi, i скруха здушыла яго. Пасля гэтага было ад iх яшчэ адно пiсьмо. Надзея пiсала, што дастала службу ў маёнтку. Яна парабчанка i мае нейкi хлеб. Ён пачаў змагацца сам з сабою. Ён стараўся прыглушыць у сабе памяць аб iх. Як тупое ўспамiнанне далёкiх сноў, вобраз Надзеi ўставаў перад iм i мучыў яго. Ён гнаў ад сябе гэты вобраз, як прыгавораны да смяртэльнай пакуты вясёлы жыццялюбец гонiць думку аб нябыццi. Так прайшла яго маладосць, i так плыла яго сталасць. Увосень тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятага года ён дапаў да старога Багушэўскага дома на Новым Месце ў Нясвiжы. Яму здавалася, што сэрца разарве яму грудзi, калi ён увайшоў у знаёмыя яму прасторныя сенцы. Як жывыя сведкi аб змарнованых дваццацi гадах жыцця стаялi перад iм Ганна i Марына. Яму трэба было перарадзiць душу, каб прывыкнуць да страшнай думкi, што ў маленстве сваiм яны абедзьве для яго страчаны. Маленства iх адышло ў вечнасць. Перад iм стаялi яны, так падобныя адна на адну, i ў iх былi ўжо тыя рысы, што астануцца навек i не адыдуць на пераломы веку ў блiзкае ўжо юнацтва. Ён доўга ў Нясвiжы не быў. Разам з Надзеяй i iмi дзвюма ён адразу выехаў у Менск. Ён i Надзея ашуквалi самi сябе, стараючыся думаць, што нiчога страшнага не адбылося i што да iх вярнулася шчасце, якога яны праглi гэтулькi год! Але была бязлiтасная праўда: у iх ужо не было iх юнацтва. У кожнага з iх яно прайшло ў сумнай адзiноце.