Ён змоўк i перавёў вочы з Ганусi кудысьцi ў прастору. Ноч маўчала. Гэта не была споведзь у хвiлiны пошукаў ратунку. Гэта было выяўленне пералому ў яго псiхiцы. Бесперапынная прыгнечанасць душы скалынулася i паплыла на спад. Надзея прынесла веру, а вера - радасць i ўздым. Настала маўчанне. Ганусiн бацька нейк раптам апынуўся каля студэнта i сеў блiзка пры iм. Той, што рабiў труну, таксама падышоў i сеў поблiзу. Самы старэйшы так угнуўся наперад, што здавалася, ён зараз грымнецца вобземлю. Можа ён i сапраўды быў вельмi слабы. Але ён слухаў вельмi ўважлiва. Распухлы твар яго быў нерухомы, i вочы прыжмураны. Абвязаны па галаве, ён прытулiўся левым вухам да сцяны i, здавалася, баяўся адарвацца ад яе. Таўсматы ляжаў i час ад часу пакашлiваў. Яго пачынаў апаноўваць кашаль. Галава яго, пакладзеная на кулак, вiдна была з-за комiна. Можа ён слухаў, а можа i драмаў. Той жа, у летнiм пiнжаку, як злез быў з печы на пачатку студэнтавага расказа, так i праседзеў на зямлi, прытулiўшыся плячыма да печы. Час ад часу ён выцiраў рукавом лоб. Ён пацеў. I зусiм нейк яшчэ больш абвяў. I гэты або слухаў, або так увайшоў у сябе, што можа i не чуў нiчога. Студэнт, гаворачы, паглядаў на iх на ўсiх, але без якой бы там нi было асцярогi i боязнi. Яны ж разам клалi таго быка i разам злеглi хворыя! Прытым жа ён уведаў, што жыве Бацькаўшчына! Ён дома, ён на сваёй зямлi! Ён нiкога не баiцца! Няхай яго баяцца каму трэба! Ёсць дзеля чаго яму быць у прыўзнятым настроi. Ганусiн бацька нагнуўся над iм. Твар яго быццам палаў. Нейкi рух быў у душы гэтага чалавека. Ён пачаў шаптаць яму:

- Ты не гавары так многа. Я хачу, каб ты праспаў ноч. Сон найлепшае табе будзе лякарства.

Зноў студэнт ажывiўся. Штосьцi вялiкае i слаўнае ён хацеў сказаць гэтаму чалавеку, якi так адразу разгадаў яго i раскрыў перад iм яго надзею. Ён знайшоў яму спосаб да ўцехi i сяброўскае слова, тады калi i сам ён быў у нейкiм маўклiвым утрапеннi. Нейкiя страшныя надзеi ўсклалi на яго плечы вялiкi цяжар i пячаць задумы пакiнулi на твары. Студэнт яснымi вачыма глядзеў на яго. I ў гэты момант з шчырай душой ён сказаў, горача i заўзята:

- Я завуся Ўладзiмiр Ярмалiцкi. А мацi мая завецца Галена Ярмалiцкая.

Так ён выказаў частачку таго вялiкага i добрага пачуцця, што было ў яго да гэтага чалавека. Цяглося маўчанне. Самы старэйшы ўсё сядзеў на печы, прыткнуўшыся вухам да сцяны, i не зводзiў вачэй з Ганусi. Часамi твар яго на колькi момантаў ажыўляўся, вочы загаралiся i галава ўскiдалася ўгару. А пасля зноў настрой ападаў, галава спускалася i ўвесь ён як бы паглыбляўся ў нейкае бяздум'е. Вiдаць, што нейкi страшны рух адбываўся ў душы гэтага чалавека. Але яго не заўважалi. Увага ўсiх, так як i яго самога, кiравалася на Ганусю. Усе на яе глядзелi ўважлiва, як бы гэта яна нейкiм чынам зачапiла боль цi радасць у душы кожнага з гэтых людзей. I таўсматы прыглядаўся на яе, i той, што рабiў труну. Студэнт глядзеў на яе з бурным захапленнем, а бацька са смуткам. Толькi той, што ў лёгкiм пiнжаку, глядзеў сабе ў каленi i перажываў штосьцi маўклiвае, як бы сваё прыгнечанне. Аднак жа, чым далей, тым болей, губы яго пачыналi перасмыквацца, i безуважнасць яго зменшылася. I ў яго душа пачынала кiпець. Можа ён памацнеў, выграўся i адлежаўся. Можа выбiлася наверх прасвятленне думкi, i пачуццё рвалася ў буру. Колькi разоў ён глянуў на Ганусю, але цяжка было заўважыць, што ляжала тады на яго твары. Бадай-што найбольш было змрочнага нездаволення i можа злобнасцi. Таўсматы ж час ад часу абводзiў вачыма ўсiх i кожнага добра разглядаў. Ён як бы баяўся кожнага або верыў толькi ў злыя пачаткi яго. Гануся можа нават i зусiм не заўважала, што многiя з iх усiх глядзяць пiльна на яе i, напэўна, штосьцi ў душы сваёй да яе маюць. Яна сядзела сабе цiха, увайшоўшы сама ў сябе. Так як i бацька яе, яна была нечым уражана. Гэта льга было заўважыць па ёй i раней. Цяпер жа рысы гэтага востра павыразнелi. Трэба думаць, што студэнтава гаворка ўжо новымi гранямi дайшла да ўражлiвасцi яе душы. Той жа, што рабiў труну, так як i Ганусiн бацька, выбраў за пункт свае вялiкай увагi студэнта. Толькi Ганусiн бацька цiха перажываў штосьцi i быў у задуме. Гэты ж, здавалася, даходзiў да нейкiх новых бурных думак. Ён глядзеў на студэнта i раптам адводзiў вочы ўбок, i зноў кiраваўся позiркам да маладога чалавека. Пэўна тое, што i ён прагнуў штосьцi сваё расказаць студэнту. I было падобна, што ён такi зараз i пачне гаварыць, бурна i заўзята.

- Хто вы такiя тут у гэтай адзiнокай хаце? - сказаў пошапкам студэнт, узнiмаючы галаву блiжэй да Ганусiнага бацькi.

- I мяне вярнула да надзеi i радасцi тая газета, - адказаў ён. - I я душой узвысiўся над тым ботам, якi так моцна стаiць жалезным абцасам у мяне на горле. У той час, калi ты быў у сваiм цяжкiм падарожжы, я хаваў сваiх нябожчыкаў. Я быў, так як i цяпер, таксама ў сумным падарожжы. Разам з сваей Ганусяй я iду ў наш заўтрашнi дзень. Я апошнiя свае сiлы аддаю на тое, каб давесцi сваю Ганусю да той вялiкай мэты, якая i ёсць наш заўтрашнi дзень. Як магу, я пiльную яе душу, каб яна не абязвечылася i захавалася такая, якая i была змалку. Я сам i Гануся з Менска. Я навуковы работнiк Беларускай акадэмii навук. Завуся я Мiкалай Сямага. А маладосць мае мацi скончылася яшчэ на пачатку iмперыялiстычнай вайны, а мусiць i раней. Мне тады было шаснаццаць цi семнаццаць год. I радзiўся я ў гэтай самай хаце.

Ён шаптаў паволi i цiха, слова за словам. Гэта было апавяданне чалавека, якi хацеў бы ператварыць сваё апавяданне ў споведзь перад кiм шчырым, магутным, вялiкiм i разумным. I ў гэтага ў сэрцы вялiкае месца займала мацi. Вельмi можа быць, што сталасць год i вялiкая скруха павярнулi на момант яго душу позiркам у юнацтва i маленства, i там паўстаў яе вобраз, яго радасць i яго смутак. Маладосць яе скончылася перад той яшчэ вайной. Юнацтва яе прыпала на часы перад першай рэвалюцыяй. Яна была родам з мястэчка Смальян, дачка беззямельнага рамеснiка. Тым часам беззямельны шукальнiк спосабу жыць, нейкi Кастусь Сямага з мястэчка Абчугi, цяслярыў месяцаў са два ў Смальянах - нехта з смальянскiх балаголаў ставiў сабе хату. На трэцiм месяцы свайго цяслярства ў Смальянах Кастусь Сямага ўзяў замуж вясёлую смальянку, дачку беззямельнага рамеснiка. На другiм жа месяцы пасля вяселля ён з маладой жонкай падаўся ў свет: маладажонская ўцеха ўцехаю, а клопат аб блiзкай будучынi - таксама меў тут месца. Гэтая маладая пара занадта ўжо сталым парадкам, i адразу, задумалася аб тым, што пойдуць дзецi i як жа будзе iм жыць тады? Адзiн год Кастусь Сямага быў леснiком недзе каля Талачына. На другi год ён астаўся за панскага парабка недзе каля Дуброўны, i нешта там не ўбыў доўга i адразу апынуўся каля Крычава. Здарылася так, што ў адным вялiкiм сяле, зусiм ужо не блiзка ад Крычава, але недзе ў тым баку, памёр сярэдняй заможнасцi чалавек i пакiнуў гараваць на гэтым свеце жонку з дачкою. Зямля была, i хата была, але што ж! Бабскiя i сiрочыя рукi! Дачка была яшчэ недарослая. Хата тая стаяла акрай сяла i на адлегласцi ад яго. Кастусь Сямага ўгаварыўся з удавою, што ён будзе рабiць ёй зямлю i весцi гаспадарку, а сам брацьме за гэта палавiну ўраджаю i зойме кут у хаце. Такiм парадкам ён стаў i палавiчнiкам, i кутнiкам. Гэта i была тая самая хата, у якой цяпер i сабралiся ўсе гэтыя людзi, хворыя, аслабелыя, уражаныя бядою i пошукамi, можа нават не так радасцi, як ратунку. Каля гэтай хаты быў вельмi блiзка малады лес, без падлеска. А стары i вялiкi лес быў далей, але таксама блiзка. Акрай маладога лесу i з'явiлася цяпер магiла маладой нябожчыцы. Вось як усё адбывалася i дайшло да гэтых цяжкiх дзён. Кастусь Сямага год дзесяць быў палавiчнiкам у тае ўдавы. А тады ўдава памерла, а дачка вырасла i пайшла замуж у тым жа сяле. Палавiчнiка ўжо не трэба было. Малады яе муж сам узяўся за зямлю. Але хата магла б запуставаць. Кастусь Сямага i адкупiў хату ў маладой кабецiны, былой свае гаспадынi. Узяў хату на выплату, штогод выплачваў наступную рату, i так выплата расцягнулася на многа год. Ён зноў узяўся за цяслярства, за сталярства, за грабарства. Яшчэ на першым годзе яго жыцця тут радзiўся ў яго сын Мiкалай, а праз два гады дачка Вера. Больш дзяцей не было. Можа гэта i стала прычынай таго, што ён свайго Мiкалая, адзiнага сына, анiяк не прыцiскаў да работы, а стараўся даць яму асвету. На другiм годзе iмперыялiстычнай вайны ён павёз сына ў Рагачоўскую настаўнiцкую семiнарыю, але нешта там не ўдалося яму астацца вучыцца. У тыя ж самыя днi ён апытаў i выслухаў, што за Менскам у Нясвiжы ёсць настаўнiцкая семiнарыя. Адразу ж ён i паехаў туды з сынам. У Менску яны перабралiся з аднаго вакзала на другi i выехалi далей на захад. З мяшкамi за плячыма, яны iшлi пехатой трыцаццаць вёрст ад станцыi Гарадзеi да Нясвiжа, i праз колькi дзён Кастусь Сямага ўзрадаваўся душой: сын яго Мiкалай астаўся вучыцца. З таго часу i на доўгiя годы Мiкалая Сямагу агарнула думка, што ён праз усё жыццё будзе настаўнiкам i дзе-небудзь у глухiм месцы, каб не адрывацца ад прыроды. Гэта выпрацоўвалася натура простая i непасрэдная. Праз год памёр яго бацька, а яшчэ праз год адбылася Вялiкая рэвалюцыя. У васемнаццатым годзе ў Нясвiжскай семiнарыi склаўся "Гурток патрыётаў беларускай культуры", старшынёй якога быў семiнарыст... з Мiкалаеўшчыны. Мiкалай Сямага паехаў у тым годзе на лета дадому пераконаным у тым, што "годзе ў полi, ў лясах ты, старонка мая, сiратой начавала забытаю". Ён год не быў дома i знайшоў там вялiкiя змены. Вера! Як яна вырасла! А мацi вельмi пастарэла. За тое лета ён душой зблiзiўся з Верай i заўважыў на матчыным твары пячаць нейкага натхнёнага ўздыму. Бывала, сонца яшчэ толькi ўзыдзе, а яна ўжо iдзе з сярпом або з граблямi роснай сцежкай i як бы штосьцi гаворыць сама сабе.