- Стой, хто? - рашуча сказаў Сымон Ракуцька i толькi цяпер заўважыў, што адзежа на маладым незнаёмцу ўся матляецца шматкамi, зiхацiць дзiрамi i што голае цела паблiсквае праз дзiры. I нiводная дзiра нiдзе не латалася, i ўсе гэтыя транты вывалены ў зямлi i выфарбаваны ў колеры зяленiва i лясной цвiлi.

Невядомы ўздрыгануўся, але адразу ж iзноў унурыўся i спынiўся перад Ракуцькам.

- Куды ты iдзеш, i хто ты такi? - даволi-такi мякка сказаў Ракуцька.

Невядомы маўчаў, як бы мову яму зацяло. Ракуцька бачыў: некалькi разоў ён праглынуў слiну i язык яго не варочаецца, каб сказаць што-небудзь. Ён быў падобен на вельмi хворага чалавека. Сэрца ў Ракуцькi зашчымела. Ён дакрануўся да рукава незнаёмага абарванца i бадай што шэптам прагаварыў:

- Дык што ты? Захварэў iдучы?

Незнаёмец шпарка перавёў вочы з зямлi на Ракуцькаў твар. Здавалася, што ён як бы ўстрапянуўся. I гэта, напэўна, так i было. Не дзiва: калi ў пустэльнi загучыць чалавечы голас ад сэрца, то, здаецца, ён можа падняць на ногi мёртвага.

- Цi няма тут дзе поблiзу, каб мясцiны прымятае: паляжаць.

- Унь! - ткнуў Ракуцька пальцам у гушчар. Невядомы з такiм выглядам, як бы ён быў тут адзiн, адразу сунуўся туды i адразу лёг пры паваленым дрэве на ўмятую ў зямлю траву. Гэта было тое месца, дзе ўночы спаў Ракуцька. Малады абарванец заснуў адразу, як толькi заплюшчыў вочы. Ракуцька паглядзеў на яго, уздыхнуў i зноў выткнуўся на дарогу, каб наглядаць яе. Учарашняга жоўтага лiстка ўжо не было, а на яго месцы ляжалi два свежыя, i трэцi круцiўся ў паветры.

- I восень падкралася, Божа мой найвышшы, - уздыхнуў Ракуцька i пiльным вокам акiнуў дарогу ў два бакi. На дарозе было пуста, але ўзнiмаўся вецер, i ў дрэвах загуло i зашапталася. Ракуцька пачаў часцей вытыкацца на дарогу. Надвечар надвор'е схмурнела i вецер ацiх. Малады абарванец ужо сядзеў i вяла вадзiў навокал сябе вачыма. Ракуцька, здавалася, забыўся пра яго: стаў неспакойны i не сыходзiў з дарогi. Нават раз ён шаптаў сам сабе: "Дзесяты дзень, жартачкi! I няма". I вось зноў настаў момант: нехта шпарка i шумна iшоў дарогаю. Ракуцька застыў на месцы. Расчырвонены i спацелы падарожнiк неўзабаве быў тут. Ракуцька шпарка рушыў яму насустрач, i яны iмклiва абнялiся. Гэта быў Тамаш. Ён быў у ботах i пiнжаку паверх рубашкi, i торба з хлебам вiсела на яго левай руцэ.

- Я дзесяць дзён усё стаю на гэтым месцы, - сказаў Ракуцька. - А цябе доўга не было.

- Бо мне было нялёгка дабiцца пад Перабродскую Злыбяду. Там густа нямецкiя гарнiзоны стаяць i на дарогах варты многа, дык я такога даваў кругу, што ўтройчы дарога мая пабольшылася.

- Ну што, як там?

- Гэта праўда, што там лагер для забраных немцы зрабiлi. Кажуць, што ў лагеры пяць тысяч людзей, але цяпер менш, бо нядаўна, можа, больш як палавiну пагналi недзе на работу. А хiба льга дазнацца - асталася яна ў лагеры цi на рабоце? Я падбiраўся пад самы лагер. Уночы я ляжаў у траве i глядзеў на калючую загарадзь. Калi iсцi з поўдня, то льга праз купiсты торф падысцi цiхом, i нiхто не заўважыць. Там бадзяюцца людзi: у таго жонка, а ў тае муж у лагеры. Ну добра. Я туды зноў вярнуся, мяне чакаюць. Я iм расхвалiў удачу, калi толькi гэта праўда, што з гэтага боку варушацца людзi. Ты, мусiць, тут дзесяць дзён сядзеў i нiчога не дазнаўся?

- Як гэта не! Я, праўда, сам не быў там, пад Сумлiчамi, але гэта праўда, што там людзi варушыцца пачалi. Праўда i тое, што на шашы, цi недзе там ля Вялiкага скрыжавання, яны дзве машыны з арыштаванымi ад немцаў адбiлi. Я нават больш дазнаўся. Гэта там сабраў iх усiх сумлiчанiн Кастусь Лукашэвiч, а ў гэтага Лукашэвiча дачка, малая яшчэ, у лагеры сядзiць. Цяпер там, пад Сумлiчамi, немцы салдат больш наслалi i вынюхваюць усе норы, каб напасцi на след. Дык яны, тыя сумлiчане, сюды падбiраюцца, тут быццам вальней. Вось i раскiдай розумам як хочаш. Яны далi мне так ведаць. Калi я захачу яшчэ з iмi пагаварыць, то на Вялiкiм скрыжаваннi трэба толькi знак iм падаць, а знак такi: трэба там пад вялiкiм дрэвам тры разы засаб зрабiць што-небудзь такое, чаго сталы чалавек нiколi не робiць, i чакаць, пакуль хто-небудзь ад iх абзавецца. Але мне сказалi: пасябруюцца яны з намi толькi тады, калi ў нас кулакi здаровыя знойдуцца. А так, калi толькi каб пабедаваць - дык яны i гаварыць не будуць.

- Дык гэта i добра. Iдзi туды, зрабi там пад дрэвам, чаго добрыя людзi не робяць, i скажы, што я ведаю, з якога боку i калi падысцi да лагера. Я павяду ўсiх. Няхай iдуць сюды, адгэтуль блiжэй i зручней. Я пайду i прывяду сюды людзей. I мы тут спаткаемся, каб разам iсцi на Перабродскую Злыбяду.

- Добра.

- Я толькi падрамлю тут, i заўтра зранку разыдземся кожны ў свой бок.

- Ну, а Лiзаветы нiдзе так i не чуваць?

- Няма.

- Божа мой найвышшы, як жа так брыдка павярнулася ўсё.

- Чакай, давай лепш паямо з мае торбы i падрэмлем. Дзе тут каб зацiшней.

Тамаш страсянуў сваю торбу на руцэ i ступiў крокаў тры ў гушчар. I адразу спынiўся як аслупянелы. Там сядзеў малады абарванец з вялым позiркам. Каб не празмерная хударлявасць яго твару i каб не смуглявая загарэласць Тамашовага твару, можна было б адразу сказаць, што яны аднагодкi.

- Што ты тут робiш, хто ты?! - абрывiста i моцна сказаў Тамаш.

Абарванец паволi крутнуў направа i налева галавой, i за яго адказаў Сымон Ракуцька:

- Божа мой, я забыўся, што ён тут сядзiць, а мы ўсё гаварылi!

- Хто ён такi?

- Каб жа я ведаў. Дарогаю iшоў. Паспаць папрасiўся.

- Гэта ж не хата, што каб начаваць прасiлiся! Хто гэта ў каго просiцца спаць пад куст!? Э ты, ну абзывайся, не маўчы, кажы, хто ты такi?!

- Есцi дайце, - сказаў невядомы.

- На табе хлеба i сала, - Тамаш падсунуў яму яду, - але кажы, хто, адкуль? Куды цягнешся, да каго? Каму служыш? Каму служыш, немцам цi людзям? Ну, чаго ж ты жуеш моўчкi?! (Тамаш падняў кулак.) Расказвай усё чыста! А то зараз больш не дажджэш на зямлi сядзець! Калi што ўтоiш - на месцы палажу! (Тамаш выцягнуў з кiшэнi пiсталет.) Спавядайся!

Малады абарванец зварухнуўся. Па яго твары пайшла хваравiтая грымаса. Ён наморшчыў лоб i пачаў:

- Я ўсё чуў, што вы памiж сябе гаварылi. Я ведаю, хто вы, i кажу вам: i я ненавiджу тое i таго, што i каго вы ненавiдзiце. Але я скончу есцi i тады пачакаю i раскажу ўсё пра сябе. Бо я так згаладаўся i аслабеў, што ледзьве сядзець магу, нi тое, каб доўга гаварыць.

- Так i кажы, што гаварыць не хочаш!