- Я буду думаць, што рабiць, - нясмелым голасам сказаў Нявада.

- Што ж ты прыдумаеш?! Машына з Лiзаю ўжо за сотнi вёрст.

- Я прыдумаю, - упарта яшчэ сказаў Нявада, адчуваючы сябе, як смертнiк у камеры перад канцом сваiм, i чуючы дрыжанне сэрца i ўзбуджанне ад адной толькi думкi, якая фармавалася ў яго галаве. "Божа, памажы мне, каб усё так i было добра, тады я зберагу яе, малую, дзеля таго, што пасля настане, дзеля таго, што добрае будзе, памажы мне выратаваць яе", - так ныла яго душа, губы ж былi жорстка сцiснутыя, i твар нахмураны. Усю ноч ён не спаў i чуў, як уздыхала Волька. Для яго яна зноў стала малой Волечкай, i зноў вобраз яе злiўся з вобразам Лiзы, якая цяпер - хто ведае, дзе ўжо яна i што ўжо яны зрабiлi з ею? Ён пайшоў шукаць Кастуся i нiдзе яго не знайшоў. Тыя некалькi дзён, што прайшлi пакуль немаведама дзе дзелася Волька, варты былi яму многiх месяцаў. Вочы яго сталi глыбокiмi i цёмнымi, i голас пацiшэў. Дзе дзелася Волька? Людзi, што зноў адзiн за адным варочалiся ў Сумлiчы, расказвалi, што грузавiкi з дзяўчатамi i хлопцамi пайшлi да шашы, проста выехалi на скрыжаванне i адтуль рушылi па дарозе той, што вядзе на Бабруйшчыну i далей. У дарозе яны i знiклi, i як быццам бы назад не варочалiся. Прынамсi, нi ў той дзень, нi назаўтра нiякiх машын праз скрыжаванне не праходзiла. Так казалi ў Сумлiчах. А хто гэта дапiльнаваў аж праз двое сутак, што на скрыжаваннi не было машын, пра гэта нiхто не ведаў. Тым часам уночы многiя заўважылi, што праз Нясвiжскую вулiцу прайшло многа нейкiх людзей i за iмi ехала некалькi фурманак. Цi мела гэта якое дачыненне да таго, што немцы павезлi некуды сумлiцкiх дзяўчат i хлопцаў, не ведалi, але некаторыя яшчэ больш унылi душою, а некаторыя ўзрадавалiся. Прайшло не больш як двое сутак, i Нявада дайшоў выразнасцi: нарэшце-такi! Волька вярнулася! Нявада аж пошапкам гаварыць стаў, так ён чакаў, што скажа Волька. А што яна новае сказала? Ён жа загадзя ўсё гэта ведаў! Ён жа казаў яму: жалезнага звера голым пальцам не задушыш. А трэба перахавацца i перачакаць, пакуль звера даб'юць. На гэта ёсць войска. Армiя ж недзе павiнна даць яму ў косцi. А то дзе гэта хто бачыў! Волька сказала, што Костусь з усiмi, з кiм ён быў разам, выходзiлi на шашу, запынiлi дзве нямецкiя машыны, збiлi з iх немцаў i на гэтых машынах вялiкiм гуртам дагналi тыя чатыры машыны з сумлiцкiмi хлопцамi i дзяўчатамi. Дзве заднiя машыны яны збiлi з дарогi, перабiлi канвойных, i ўсе, хто быў пад канвоем, пайшлi з iмi, пабраўшы зброю ад мёртвых немцаў. Але дзве пярэднiя машыны вырвалiся далей у дарогу i знiклi туды, куды ехалi. "Лiза асталася там, Божа найвышшы!"

- А самога Костуся ты бачыла?

- Я была з iм разам.

- А сам ён прыйдзе дадому?

- Не, я да яго пайду.

- Ну то не чакайце мяне хутка. Я пайду ў дарогу. Можа, гэтая мая дарога будзе не меншая, як тая, што я некалi з нямецкага палону варочаўся, не нагамi я гэтую дарогу мераць буду, а душою. (Вочы яго пачырванелi, i ён дакрануўся да канца носа нацягнутым на кулак рукавом.)

- А куды ж ты гэта пойдзеш?

- Дык чаго ж ты так грозна пытаеш мяне? Ты i сама была малая i звалася Волечка. Я толькi пра цябе такую i думаю. Цi ты верыш, што чалавек не вытрымае, каб вечна быць зверам? Вырвi ты з чалавека сэрца i ўстаў на яго месца звярынае, дык у чалавечых грудзях i звярынае сэрца стане чалавечым.

- Звер лагаднейшы за чалавека, ён, калi не галодны, - тады ён, як дробная птушка. А гэтаму двуногаму чорту вечна ўнiмку няма.

- Каб адно пайшлося добра, я выратую Лiзу i ўхаваю яе да лепшай часiны. Бывай, Волечка.

Твар яго ўздрыгваў. Ён узяў тонкi кiёк i выйшаў з хаты. Волька таксама выйшла з хаты, замкнула дзверы, вальней распусцiла на галаве хустку i праз некалькi хвiлiн iшла ўжо сцежкаю ў полi.

II

Часамi днём позняга лета пачынае хмурнець дзень, i гэта не збiраецца на дождж, а незаўважна падплылi павевы восенi. Лёгкая плынь ветру зноў зацiхне, i дзень зноў зiхацiць сонцам, але ўжо астаецца пячаць летняга адцвiтання. У поўнай сiле сваёй цвiтуць летнiя кветкi, i трава адростае пасля касы, а сэрца чуе, што не так ужо гудзе пчала над жоўтым малачайнiкам, i вада ў рэчцы плыве, здаецца, цiшэй. Яшчэ ў пачатку лiпеня бывае зжаўцее адзiн-адзiнюткi лiсток на бярозе, i так ён сярод пышнай зелянiны трымаецца доўга. А ў гэты дзень ён адарвецца i кружыцца ў паветры, пакуль ляжа ў траву. К вечару пакiдае звiнець неабдымная шырыня летняга дня, i кладзецца цiшыня на зямлю. Жоўты лiсток з бярозы ляжыць у траве i вiдзён здалёку, i без яго, здаецца, не пахнуў бы так чабор, не такi прывабны здаваўся б верас i не было б такога вялiкага шчасця ў душы бачыць траву i дрэвы, сiратлiвы куст шыпшыны i вяршалiну высокай хвоi, на якой цiха ляжыць праменне блiзкага да заходу сонца.

К вечару вецер сцiх. I бязлюдная лясная дарога была зусiм цiхая. У нiзкiх месцах на ёй стаяла вада. Велiчэзная бяроза ўзнiмалася i над дарогай i, здавалася, над усiм лесам. Жоўты лiсток з бярозы заблытаўся ў траве i вiсеў у ёй. Многа было верасу, выносiстыя хвоi iшлi ўгару, сонца ляжала на iх вяршалiнах. Блiзка быў вечар. Пры самай дарозе, у густым зараснiку ядлоўцу i крушыны, на паваленым навальнiцаю i ўжо струхлелым дрэве сядзеў Сымон Ракуцька, еў хлеб i глядзеў на жоўты бярозавы лiсток у траве. Ён быў нейкi нерухомы. Твар задумёны, маўклiвы, жаваў ён павольна, як бы смакуючы або да чаго прыслухоўваючыся. Цi можа жоўты лiст абудзiў у iм журботны сум. Вечарэла. Час ад часу Ракуцька паднiмаўся, вытыкаўся на дарогу, акiдаў яе позiркам у два бакi i зноў адыходзiўся ў гушчар сядзець, жаваць хлеб i глядзець на жоўты лiсток. Калi пачало змяркацца, ён узнепакоiўся: стаў часцей выглядаць на дарогу, схаваў у торбу недаедзены хлеб, скiнуў боты, перакруцiў на нагах анучы i зноў абуўся. Твар яго меў нахiл быць даўгаватым. Тыдняў два няголеная барада ўжо густа адростала. Ужо добра ўмеркла, ужо i лiсток ледзь вiдзён стаў, а чалавек трымаў сябе на гэтым месцы ўсё так жа. Ён быў як прывязан тут. Некалькi разоў засаб ён уздыхнуў. "Божа мой, Божа мой". Здавалася, што яму цяжка тут чакаць таго, чаго ён чакае. Нарэшце, калi ўжо зусiм сцямнела, ён выйшаў на дарогу i стаў у нерухомасцi, прыпершыся плечуком да вялiкай бярозы. Ён не ўглядаўся, а толькi прыслухоўваўся. Над лесам засвяцiлiся зоры, а ён усё стаяў. I так, можа, некалькi гадзiн. Ужо i зоры ночы позняга лета папялець сталi. Ён апошнi раз уздыхнуў, успамянуўшы Бога, знайшоў папацёмку сваё ранейшае месца пры паваленым дрэве, лёг на зямлю галавой на трухлявы ствол i адразу заснуў, як самы стомлены чалавек. Нi разу ён не паварушыўся, аж пакуль высокае сонца новага дня не засвяцiла яму проста ў твар. Тады ён шпарка прахапiўся, затрапятаўся, плюнуў i ўздыхнуў i зноў вызiрнуў на дарогу. Непамыты пасля сну i змяты твар яго быў шэры, i смутак ляжаў на iм. Ён дастаў з торбы абкусаны ўчора хлеб i зноў стаў есцi яго. Цягавiта, як добры гаспадар ходзiць за плугам, ён зноў стаў акiдаць у два бакi вачыма дарогу i зноў час ад часу садзiўся на паваленае дрэва. Прыйшла хвiлiна яму, нарэшце, пачуць штосьцi такое, чаго ён можа так доўга i чакаў тут. Гэта iшоў хтосьцi поблiзу. Тут выразна чулася чалавечая хада: цiхая ў самой сабе i лёгкая, але яна чутна была здалёку, вядома ў лесе, дзе пад нагамi ўсяго многа. Твар у Ракуцькi адразу ажыў, як толькi ён пачуў нечую хаду. Здаецца, рукi яго задрыжэлi. Позiрк пацвярдзеў, i пастава выпрасталася. Ён прылiп да вялiкай бярозы над дарогаю, сярод такiх жа вялiкiх хвояў i пачаў углядацца туды, адкуль чуўся чалавек. Дзень быў ужо ў самай сiле. А ўдзень, калi цiха, у лесе здалёку чуваць. Так што гэтаму чалавеку прыйшлося доўга чакаць, пакуль наблiзiўся той, хто недзе тут iшоў. З-за свайго дрэва Ракуцька ўбачыў незнаёмую яму постаць дзiўнага выгляду. Гэта быў малады чалавек з парыжэлымi ад сонца валасамi на галаве i палупленай ад ветру скурай на твары. Ён быў такi бледны, што яго не брала загара, i такi худы, што адзежына на iм матлялася як на калу. А iшоў ён так павольна i так яго вадзiла ў бакi, што льга было думаць, што ён некалькi тыдняў нiчога ў рот не браў або яго месяц мучылi i спаць не давалi. Ён вяла, як не свае, перастаўляў ногi i прысутульваўся iдучы. На твары яго было напiсана гэтулькi абыякавасцi да ўсяго навакольнага i да ўсiх мэт, калi яны былi ў яго, што было падобна, што ў яго навек патухлi ўсе жаданнi i iмкненнi. Сымон Ракуцька бачыў гэты холад на маладым твары невядомага падарожнага i пачаў трацiць сваю ранейшую ажыўленасць. Ён хутчэй дзiвiўся, чым трывожыўся, або ўзбуджваўся. Ён стаяў i чакаў, пакуль невядомы падыдзе блiзка, каб цiха гаварыць з iм, а не крычаць яму здалёку. А той, пакуль прыклыбаў да вялiкай бярозы, Ракуцька паспеў даесцi хлеб i скруцiць у жмут пустую торбу.