Там ён распароў нейкае шво ў пiнжачнай падшэўцы, выцягнуў адтуль некалькi пасведчанняў з пячаткамi i штампамi, выбраў адно i схаваў у кiшэню. А рэшту парваў i загроб пад купiну моху. Неўзабаве ён паказаўся на ўзлессi i, нiчога не баючыся, пайшоў цераз поле сцежкаю да скрыжавання. Мусiць пэўнае мэты ён на гэты час ужо не меў, а цягло яго да шашы, можа дзеля таго, што тут маглi быць хутчэй навiны з захаду. Ён здалёк наглядаў, як тая ўчарашняя дзяўчына вельмi шпарка iшла з сумлiцкай дарогi да шашы. Ён добра бачыў, што яна, як толькi выйшла на шашу, стала тварам на захад i падняла руку. Проста на яе iмчалася некалькi машын, поўных людзьмi. Але ўсе яны прайшлi далей, i яна зноў асталася адна на дарозе. Яшчэ раз угледзеўшыся ўдалячынь i нiчога там не заўважыўшы, яна паглядзела на вялiкае дрэва, шпарка падышла да яго i пачала чытаць паперку на iм. Твар яе змянiўся адразу. Скончыўшы чытаць, яна нейкi час стаяла ў аслупянелай задуме i раптам прытулiлася лбом да дрэва i заплакала. У наступную хвiлiну яна адкiнулася ад дрэва i ўбачыла перад сабою яго, таго самага. Заплаканая, збянтэжаная, яна ўздрыганулася i сказала з балючай прыкрасцю:

- Што, вы прыкуты да гэтага месца?

- Але ж тое самае я магу сказаць i вам. Вы яшчэ ўсё тут?

- Тут. Я нiяк не магу на машыну сесцi, - адсекла яна.

- Ну, i я тое самае. (Ён гаварыў не так, як яна, раздражнёна, а нават з адценнем ветласцi на твары i ў голасе.) Што вы такая змрочная, сама не свая?

Яна, замест адказу, ткнула пальцам у паперу на дрэве.

- Э, нiчога. Трэба трымаць сябе ў руках. Гэта не нам адным, а ўсiм. Будзе тое, што будзе.

- Мала што будзе, што будзе! Гэта кепская ўцеха. Бо ўсё пайшло намарна, што я ўжо зрабiла дзеля мае ж будучынi. У мяне не было бацькi, i раптам я стала мець роднага бацьку. Мы былi выгнаны з роднай хаты, i зноў хата стала нашай. Я дбала аб тым, кiм я жыцьму праз усё сваё жыццё. Гэты год я ўжо вучылася ў Беластоку. I раптам канец маiм студэнцкiм марам аб будучынi.

Усё гэта яна сказала прыгнечаным голасам i глядзела яму ў вочы, а на твары яго напiсалася абыякавасць i паглыбленне ва ўласныя думкi. Як толькi з'явiлася на дарозе машына, дзяўчына падняла руку, машына прайшла далей. Пасля пайшлi машыны адна за другой - з дзецьмi, з жанчынамi. Дзяўчына нават i не спыняла машыны, а на адну з iх узлезла на ходзе. Цэлая калона машын прайшла праз скрыжаванне з захаду на ўсход. I шаша стала пустая. Не было ўжо тут i дзяўчыны. Малады чалавек таксама знiк. Ён зноў рушыў полем у лес. Цяпер ён ужо ўпэўнiўся, што чаканы момант сапраўды настаў. Сонца паднiмалася высока, а ён ужо тут на скрыжаваннi зусiм не з'яўляўся. Было яшчэ не позна, да паўдня яшчэ не дайшло. Машыны па шашы пачалi iсцi ўсё часцей. З вышынi ледзь пачуўся гул самалётаў. Ён iрваўся i тузаўся ў падхмар'i i ўсё знiжаўся. Машыны на шашы спынялi рух i з'язджалi ў бакi, i зноў iрвалiся наперад. Самалёты з'явiлiся над самай шашою. Яны плылi над ёю, нiзка i павольна. Ужо яны праплылi над скрыжаваннем, i неўзабаве з усходняй стараны ад гэтага месца, блiзка, уздрыганулася зямля i паветра некалькi разоў засаб. Над вялiкiм дрэвам узвiўся спуджаны каршачок, над жытам узляцела многа птушак, вецер нацягнуў дыму i пылу, самалёты зрабiлi над шашой круг. На шашы, у розных месцах, спынiлiся ўсе машыны. Дзе льга было, яны з'язджалi на поле. Пакуль самалёты зусiм знiклi, прайшло, можа, з паўгадзiны. Сонца ўзнiмалася ўсё вышэй. Ужо яно моцна пякло. Тым часам над шашою i ў наваколлi зусiм цiха стала. Машына за машынай, i зноў пачынаўся на шашы рух. Але зноў праляцеў самалёт. I гэты над шашою ляцеў нiзка. Так што на яго хвасце вiдна была знiзу чорная свастыка. З шашы ён крута пайшоў на Сумлiчы. I льга было заўважыць, як ён доўга кружыўся над мястэчкам. А пасля i там уздрыганулася паветра i зямля, i над Сумлiчамi падняўся слуп агню i дыму. Тым часам з Сумлiч пачалi iсцi i бегчы людзi. I ў лес iшлi праз жытнi палетак, i ў жыце аставалiся, i назад варочалiся, i паўз шашу iшлi далей на ўсход. З сумлiцкай дарогi на перакрыжаванне ўз'ехала фурманка. Малады канюк бег вельмi шпарка. У драбiнках сядзеў Нявада, i поплеч яго малая дзяўчына гадоў пятнаццацi. Проста шашою Нявада пагнаў каня на ўсход. Ужо скрыжаванне асталося за iмi, i дарога раптам стала перад iмi загароджана. Гэта была страшная барыкада, якую мала калi бачыць свет. Недаломкi грузавых машын ляжалi бясформеннай кучай на ўсю шырыню шашы. Каля гэтага пагнутага i парванага калецтва, i пад iм, ляжалi чалавечыя ногi, рукi, тулавы без рук i галоў, i галовы без тулаваў. Чырвоная ад нявысахлай яшчэ крывi чалавечая постаць захавала ў раскiнутых руках i нагах iмклiвасць бегу. Галава без цела захавала ў адным незаплюшчаным воку цьмяную застыласць пакуты. Стогны i енкi чулiся з-пад гэтага жахлiвага награмаджэння. Нявада крута спынiў каня, саскочыў з воза, i следам за iм саскочыла дзяўчына. Нявада пачаў заварочваць каня назад. Пачуўся енк: - Злiтуйся, завязi да людзей цi куды з дарогi. - Нявада аслупянеў. У наступны момант ён прыгнуўся над жывым яшчэ дзiцем i паклаў яго на воз. Ён стаў шукаць тут жывых дзяцей i забiраць iх.

- Бяжы дадому, - сказаў ён да свае дзяўчыны, - скажы, што тут яшчэ менш спакою, чым каля дому. А я павязу дзяцей. Трымайцеся там разам утраiх. Калi зноў бяда прыйдзе, ратуйцеся, як прыйдзецца. Бяжы, Лiза, бяжы, Лiзаветка!

Лiза подбегам пайшла ў бок Сумлiч, i ён не мог адарваць ад яе свайго позiрку. "Гэта тая, пра якую я думаў, што яна будзе шчаслiвая! Вось i прыйшла ёй будучыня! Божа мой, Божа мой". Здаецца, ён пабраў усiх яшчэ жывых дзяцей. Жанчыны пакiнулi стагнаць i енчыць пад абломкамi, калi ён гаварыў:

- Дзеткi мае, малыя мае, перацярпiце да канца, я павязу вас на ваш ратунак. Цiха, няхай вашы вочы засвецяць скора шчасцем.

Нi адна жанчына больш не застагнала. Жаночае сэрца робiцца вялiкае, як свет, калi яно чуе боль знявечанага дзiцяцi. Нявада ўжо ўзяўся за лейцы, як раптам убачыў перад сабою таго самага маладога чалавека. Ён як з-пад зямлi раптам вырас тут i сказаў да Нявады:

- Немцы ўжо занялi Менск i Бабруйск. Слуцак гарыць, а Баранавiчы i Вiльня ўжо спалены. Чырвоная Армiя ўжо за сенняшнюю ноч разбiта i разбягаецца. Сталiн i Молатаў невядома дзе дзелiся з Масквы.

- Што ты гаворыш, дзе ты чуў! - крыкнуў Нявада, бялеючы як палатно i халадзеючы сэрцам.