У 1530 г. вялiкi князь лiтоўскi Жыгiмонт Стары ў Вiльнi абвесьцiў першы дэкрэт супраць "лютаранаў i анабаптыстаў", у якiм забараняў пропаведзь антыкаталiцкiх поглядаў ня толькi публiчна, але i ў прыватных размовах, а таксама распаўсюджваньне кнiгаў падобнага зьместу. Гэты дакумант не называе нiякiх прозьвiшчаў, але пасьля абвяшчэньня дэкрэту Франьцiшак Скарына выехаў зь Вiльнi ў Каралявец да Альбрэхта Гогенцольлерна, якi ўжо аб'явiў лютаранства веравызнаньнем сваёй дзяржавы. Празь некалькi месяцаў мы зноў бачым Скарыну ў Вiльнi, але зь лiстамi ад прускага герцага да вiленскага ваяводы i вiленскага магiстрату, у якiх герцаг Альбрэхт просiць не чынiць крыўды доктару Франьцiшку з Полацку. Усе гэтыя факты яскрава паказваюць, што адным з тых "лютаранаў i анабаптыстаў", супраць якiх быў скiраваны вялiкакняскi дэкрэт, быў i беларускi першадрукар Франьцiшак Скарына.

Уся дзейнасьць Скарыны - гэта перш за ўсё рэфарматарская дзейнасьць, накiраваная на аднаўленьне асабiстых адносiнаў чалавека з Богам. Усе прадмовы першадрукара прасякнуты iдэямi Рэфармацыi, прагненьнем вярнуць хрысьцiянаў да першакрынiцы - Бiблii. I таму абсалютна справядлiва мы можам назваць Франьцiшка Скарыну адным зь першых дзеячоў Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, распачынальнiкам беларускай Рэфармацыi.

У сваiм жаданьнi вярнуць хрысьцiянству эвангельскае аблiчча, Скарына ня быў самотны. Ужо ў 1525 г. манах франьцiшканiн Станiслаў Рапегелан у Вiльнi прапаведваў вучэньне Марцiна Лютара. У хуткiм часе ён выехаў у Вiтэнбэрг, доўгi час быў вучнем самога Лютара i атрымаў ад яго ступень доктара тэалёгii, а пасьля вярнуўся ў Беларусь далей прапаведваць iдэi рэформы.

Рэфармацыя пачала жыва цiкавiць месьцiчаў i шляхту, многiя зь якiх пазнаёмiлiся зь ёю пад час паездак за мяжу. Гэтаму ня змог зашкодзiць нi ўжо ўзгаданы вялiкакняскi дэкрэт у 1530 г., нi наступны падобны дакумант у 1538 г. У 1539 г. пры падтрымцы троцкага ваяводы Гаштоўта магiстар вызваленых навук Юры з Эйшышак спрабаваў заснаваць у Вiльнi лютаранскую школу, але гэта яму забаранiла капiтула (рада каталiцкiх сьвятароў). Але ў тым жа 1539 г. iншы выпускнiк Вiтэнбэрскага ўнiвэрсытэту, Абрагам Кульва, адкрыў школу, у якой вучылiся больш за 60 вучняў, перад усiм дзецi магнатаў i шляхты. Апрача таго, ён прапаведваў iдэi Лютара ў вiленскiм касьцёле сьвятой Ганны. Дзейнасьць Кульвы настолькi пашырыла эвангельскае вучэньне сярод жыхароў Вiльнi, што вiленскi бiскуп Павал Гальшанскi быў вымушаны зьвярнуцца да Жыгiмонта Старога з просьбай пра дапомогу ў спыненьнi распаўсюджваньня "сэктанцтва". У 1542 г. у новым дэкрэце кароль i вялiкi князь загадаў Кульве вырачыся сваiх поглядаў, а таксама пагражаў кожнаму шляхцiчу пазбаўленьнем шляхецкай годнасьцi i канфiскацыяй маёмасьцi ў выпадку, калi той будзе вызнаваць вучэньне Лютара, забараняў скiроўваць моладзь на вучобу ў Нямеччыну i запрашаць немцаў у якасьцi выхавацеляў i настаўнiкаў. Аднак нiякiя дэкрэты i рэпрэсii не маглi спынiць духоўнае аднаўленьне, i ўжо ў наступным годзе быў адменены закон, забараняўшы вучобу ў нямецкiх унiвэрсытэтах.

Зорны час Мiкалая Радзiвiла

Вясна 1554 году была нялёгкай для луцкага бiскупа Валерыяна Пратасевiча. У Берасьцi Лiтоўскiм, важным горадзе луцкага бiскупства, ўжо больш за год нейкi Сымон Зак, выхаванец Кракаўскага ўнiвэрсытэту, прапаведуе навуку швайцарскага герэтыка Жана Кальвiна. I мала таго, што прапаведуе. Найгоршае, што яго слухаюць. Ня толькi берасьцейцы, але нават шляхта з ваколiцаў кожную нядзелю зьбiраюцца на замку, дзе спынiўся гэты вераадступнiк, каб паслухаць, як яны кажуць, Слова Божае. Усё шукаюць нечага новага, не падабаецца iм вера продкаў. Трэба тэрмiнова прымаць меры, а то гэтая зараза распаўзецца па ўсёй Лiтве, як лютарава герэзiя апанавала Нямеччыну.

Бiскуп паклiкаў пiсара i загадаў пiсаць позву на бiскупскi суд у Янаў Палескi для герэтыкоў, якiя перакручваюць праўдзiвую навуку хрысьцiянскую: Сымона Зака, Геранiма Пякарскага i Альбiнуса, у вялiкай хрысьцiянскай мiласэрнасьцi даючы iм шанец вырачыся сваiх памылак i вярнуцца ва ўлоньне каталiцкае царквы. У позве загадаў таксама адзначыць, што падсудныя могуць прыехаць на паседжаньне суду толькi ў таварыстве чатырох асобаў, сяброў цi сваякоў. 22 красавiка бiскуп Пратасевiч сеў у сваю карэту i паехаў у Янаў. Ужо пад'яжджаючы да мястэчка, заўважыў ён на гасьцiнцы вялiкi конны аддзел. Гэта Зак i Пякарскi ехалi на бiскупскi суд. Праўда, зь iмi было не чацьвёра, але трыста чалавек берасьцейскай шляхты, усе на конях, у панцырах, зь дзiдамi i шаблямi. Толькi гэтыя вершнiкi адрозьнiвалiся ад тых шляхецкiх загонаў, якiя не аднойчы сустракаў луцкi бiскуп у сваiм жыцьцi. Не было чуваць п'яных крыкаў, лаянкi, нiхто ня бiў сябе ў грудзi, нешта даводзячы iншым. Конi iшлi нясьпешна, а кожны вершнiк трымаў у руцэ разгорнутую Бiблiю, i ў рытм конскай хады ў неба ўзносiлiся словы псальмаў, чытаных гэтым незвычайным войскам.

Што мусiў рабiць у такой сытуацыi кiраўнiк луцкага бiскупства? Стаць тварам у твар з трыма сотнямi ўзброенных, дасьведчаных у бiтвах ваяроў? Што ён iм скажа? Бiскуп Пратасевiч вырашыў не рызыкаваць, загадаў павярнуць карэту i завочна прысудзiў Зака i яго таварышаў на выгнаньне i канфiскацыю маёмасьцi.

Чаму бiскуп, голас якога яшчэ нядаўна шмат значыў для шляхты, якi меў шматлiкiя каралеўскiя прывiлеi, нiчога ня мог зрабiць зь нейкiм прапаведнiкам? Што адбылося ў Вялiкiм Княстве, што iдэi Рэфармацыi здабылi так шмат прыхiльнiкаў? Адказ на гэтае пытаньне зьвязаны зь дзейнасьцю адной з найвыбiтнейшых постацяў беларускай Рэфармацыi - князя Мiкалая Радзiвiла Чорнага, чалавека, якi шырока адчынiў дзьверы абнаўленьню хрысьцiянства ў Беларусi, на працягу некалькiх гадоў зрабiўшы Вялiкае Княства краiнай Рэфармацыi.

Мiкалай Радзiвiл Чорны нарадзiўся ў Нясьвiжы 4 студзеня 1515 году. Рана застаўшыся бяз бацькi, ён разам з малодшым братам Янам i сястрой Ганнай быў узяты на выхаваньне на каралеўскi двор у Кракаў. У Кракаве малады магнат вучыўся ва ўнiвэрсытэце, а таксама набываў веды, неабходныя для дзяржаўнага дзеяча, назiраючы палiтычнае жыцьцё польскай сталiцы. Мянушку "Чорны" Мiкалай атрымаў крыху пазьней з-за колеру сваёй барады, чым адрозьнiваўся ад свайго стрыечнага брата, вялiкага гетмана лiтоўскага Мiкалая Радзiвiла Рудога.