"Саюзная Вялiкая Германiя" абрынулася ў чырвеньскi дзень на "iмпэрыю зла", якая пахiснулася, трэснула, распадалася, ня гледзячы на палымяныя заклiкi "бацькi ўсiх народаў", каб змабiлiзаваць на яе абарону ўсякую "ваенi рабсiлу". Неўзабаве цэлую Беларусь праглынуў Гiтлераў "гэрэнфольк". I паверыце? Перад беларускай моладзьдзю адкрылiся дагэтуль няведамыя гарызонты. Алеся клiкала беларуская школа, вялiкае нацыянальнае адраджэньне, а пасля - Саюз Беларускае Моладзi. Вiрус патрыятызму прыжыўся на папялiшчах дагэтуль зьненавiджанага i адыйшоўшага ў нябыт маскоўскага прыгону. Бацькаўшчына клiкала далучацца да шэрагаў моладзi. Акупант не заахвочваў, але й не перашкаджаў беларускiм дзеткам вучыцца ў роднай мове. Як прыгадваў пасьля Алесь, клiкаў-заахвочваў юнакоў i юначак змагацца за сваё i магутны голас генiяльнага паэта:

Рушымся, брацьця, хутчэй

У бой з жыцьцём, пакiдаючы жах,

Крыкi пужлiвых людзей

Ня стрымаюць хай бiтвы размах!

Процi цячэньня вады

Зможа толькi жывое паплыць.

Хвалi-ж ракi заўсягды

Цягнуць тое, што скончыла жыць.

"Дранг нах остэн" зьмёў на сваiм шляху "жыда-бальшавiзм" i голасна аб'явiў, што ён "назад ня вернецца"! Спачатку на занятых Немцамi абшарах Беларусi адчынiлiся адно пачатковыя школы. У праграме адукацыi зьявiлiся, як здавалася дзеткам старэйшых клясаў, два загадкавыя словы: гiсторыя Беларусi.

- Беларусi гiсторыя? - пыталiся яны. - Цi ёсьць такая гiсторыя? Адкуль яна пачынаецца? Цi гэта запраўды магчыма, што Беларусь мае нейкую гiсторыю? Тое, што яны "тутэйшыя", бальшыня дзетак ведала. Некаторыя выняткова ведалi нават, што яны - Беларусы. Але што Беларусь мае сваю гiсторыю? Зьбянтэжанасьць. Трэба было заглянуць у глыбокую мiнуўшчыну. Пачалi ад далёкага Полацкага Княства... На сыстэматычны разгляд i праверку кажнай бачыны гiсторыi дарагога народу ня было часу. Пераскаквалi, часта праз некаторыя гiстарычныя раўнiны i ўхабы шыбавалi нацянькi. А тут ужо, дзе блiжэй, i галасы выдатных сыноў i дачок былi куды больш зразумелыя. Гэтак зусiм, здаецца, яшчэ нядаўна, Янка Купала сказаў, што

...чалавек я, хоць мужык!

На помач яму - Якуб Колас:

...папы й ксяндзы дубiнай

заганялi нас у рай!

Во як! Дубiнай заганялi! Што гэта за рай такi, у каторы "дубiнай" трэ было заганянь? I гэтта на помач словы яшчэ аднаго гаротнiка-паэта:

А даўней Беларус, непадданы,

Гаспадарыў, быў сам над сабою

I далёка у сьвеце быў знаны

За Лiтоўскай i Ляскай зямлёю.

Па зярнятку, па макулiнцы прагна i скваплiва зьбiралiся веды. Раптоўна, быццам падштурхоўванае ваенным агнём, прыходзiла хрысьцiянскае i нацыянальнае ўсьведамленьне. Школа, узяўшы за руку, вяла на дарогi адкрыцьця, шляхi радасных i бясцэнных знаходак. Ад свае гразкое вулiцы - на бальшак, а там i на вялiкiя дарогi. Насамперш прышчэплiвалася любоў да пакрыўджанага шматпакутнага калiшняга гаспадара роднай зямлi, створанай iм культуры, да Бога, зруйнаваных нацыянальных i рэлiгiйных сьвятыняў, роднае мовы, народных традыцыяў, песьняў, мастацтва. А побач тая-ж дагэтуль няведамая гiсторыя Беларусi раскрывала i выстаўляла бясспрэчнымi фактычнымi доказамi жахлiвае махлярства, суцэльную хлусьню i варварства суседзяў, што заўсёды пад лёзунгамi хрысьцiянства й панславiзму, падпёртага калiшнiм мiсiянiзмам, пасьля камунiзмам i цi мала яшчэ якiмi крывадушнымi iзмамi крывавiлi, выбiвалi, стагодзьдзямi паланiлi некалi вялiкi й мiралюбны народ, падсякалi ягонае жывое карэньне. Моладзь прагна спажывала духовы корм, станавiлася на поўны рост, напаўняла родныя прасторы патрыятычнымi песьнямi, рухалася ад асноўнага вывучэньня ўсяго свайго роднага й дарагога да элемэнтарнага тварэньня гiсторыi.

А навокал, вунь на iхных вачох, вялiкая гiсторыя рабiлася ненасытнымi-прагавiтымi хiжакамi-чужынцамi. Часу было ў вабрэз. Гэтта-ж, як на даланi, вiдаць было, як казаў генiяльны паэт, што

Чужак-дзiкун, крывёю ўпiўшысь сьвежай,

Запрог цябе ў няволю, ў батракi

I тваю мацi-бацькаўшчыну рэжа,

Жывую рве на часьцi, на кускi.

Дый не адзiн "чужак-дзiкун", а найменш два... I яны - Масква й Бэрлiн для народу беларускага былi абое рабое! Гэтта-ж ля iх, тытанаў, каб уварваць i сабе кавалачак, завiхалiся памочнiкi з таго найразумнейшага на сьвеце народу. I яны на верных сыноў i дачок зямлi беларускай, зьняможаных у змаганьнi, быццам ненажэрныя шакалы i груганьнё нападалi. У агнi й крывi, у пекле расьлi юныя патрыёты, беларускае нацыянальнае ўскалосьсе. Цi хопiць часу, каб каласом узбуйнець i плён даць?

Два тытаны мардавалi, палiлi, нiшчылi. Цi ёсьць словы й гукi якiмi льга перадаць тое, што адбывалася тады ў той гэене на гаротнай зямлi? Ужо пасьля вайны рабаўласьнiкi непакорнай краiны быццам падлiчылi й сказалi: так, загiнуў кажны чацьверты. Так? А цi ўзялi ў лiк тыя мiльёны, каторых у "мiрны час вялiкага сацыялiстычнага будаўнiцтва" ў канцлягерах сьмерцi, у шматлiкiх i тады яшчэ неадкрытых Курапатах вымардавалi?

Алесь належаў да Саюзу Беларускае Моладзi, скончыў курсы кiраўнiкоў яе ў Альбэртыне. Ганарыўся гэтым. Затое яго пасьля маскоўскiя падхалiмы фашыстам i калябарантам назвалi. Саюз Беларускай Моладзi быў нянькай i апякуном маладой Беларусi, якой выпала менш трох гадоў, каб стануць на ногi й падрасьцi. Яна ўлiвала ў сэрцы юнакоў i юначак патрыятызм, вучыла iх сумленнасьцi, веры ў Бога, працавiтасьцi, пашаны гiсторыi й народных традыцыяў. Здабывалiся асноўныя цноты чалавека. Найважнейшае, каб на моцы ўсяго, яму некалi адабранага, а цяпер дадзенага, здабыў самае дарагое i неабходнае - беларускую годнасьць. Бо замала было асягнуць тое дэклярацыйнае - людзьмi звацца! Цяпер трэба было ня толькi людзьмi быць, але змагацца на жыцьцё й сьмерць за тое, каб выжыць. Каб нiхто й нiколi ўжо не паставiў цябе на каленi, рабсiлай не зрабiў!

I для людзей, якiм перарэзалi, здаецца, усе шляхi, адабралi права якога-небудзь выбару, у сорак чацьвертым вясной прыйшоў час выбару. Няпраўда, выбарам гэтага нельга назваць: або ўцякай, разам зь Немцамi, або сустракай маскалёў. Абое рабое, - найнавейшая Сцыла й Харыбда! Што-ж будзе, калi трапiш у пашчу ненасытнага "вялiкага й мудрага бацькi народаў"? Цябе чакае або сьмерцяносны Гулаг або "даёш Бярлiн". Ненавучанага ваеншчыны пагоняць на перадавыя, дзе крыкам "ура" нiкога не спалохаеш. А Гулаг чакаў новае рабсiлы. Ну а што станецца, калi зь Немцамi пойдзеш? Недзе да станка на фабрыцы прывяжуць, або ў якога баўэра ад сонца да сонца, - дух зь цябе вон! - будзеш iшачыць. Гiтлер мiльёны сваёй машынай вымардаваў, дык значыцца i тут рабсiла... Ох, як патрэбная! Выбiрай.