"Пусьцiцца поўным образам"... "Пра што гэты чалавек гаварыў? Пусьцiцца?" Увесь гэты, падсунуты ёй так умела нейкiмi там вышэйшымi апэратыўнымi спэцамi абавязак, паказаўся ў Верыным уяўленьнi зусiм iншым тварам. Пратэставала пачуцьцё, спрачалася яно з розумам, з развагай, недзе вагалася перад няведамым. Хто такi гэты вось чалавек з галавой-кукiшам, каторы нагаварыў ёй такiх бязглузьдзiцаў пра Алеся, да якога толькi вось кагадзе ў сэрцы зарадзiлася нейкая iскра, што разгаралася, пагражаючы вялiкiм полымем? Той Алесь, якога пазнала з працы i сустрэчаў, гэты прыгожы i дынамiчны дзяцюк зусiм не адпавядаў постацi нейкага там фашыстоўскага ката, што нявiнных людзей мог забiваць... Ёсьць недзе разгадка. Што-ж, тымчасам перад табой Гордыеў вузел...

- Я-ж сказаў, - пацьвердзiў ранейшае Капшун, - сьпяшыцца надта ня трэба. Але i не зявай! Падлабунься да Якiмовiча, а ўжо чэраз яго далезеш туды, дзе ты нам нужна.

Неўзабаве Капшун пайшоў. У тую ноч Вера доўга марылася бяссоньнiцай.

14

Калi Алесь жартаваў з Канадыйцамi пра сваё паходжаньне, дык перш за ўсё казаў, што завiтаў у гэты мурзаты й зваяваны сьвет тады, калi зямля ягонага бацькi галечай шчэрыла свае зубы пад акупацыяй наймудрэйшага ў цэлым сьвеце народу. Народ той у часе Алесевага нараджэньня на ўсю моц свайго ахрыплага патрыятызмам голасу энтузiястычна праслаўляў маршалкоўскую булаву вусатага маршалка, якi гэным часам клапацiўся пра "моцарствовую айчызну" ў варшаўскiм палацы Бэльвэдэры й забаўляўся сваiмi пасiвелымi вусамi ў Лазенцы.

На парозе Другое сусьветнае вайны "брацкую руку помачы" паняволеным Беларусам, што гаравалi дагэтуль пад уладай таго наймудрэйшага ў цэлым сьвеце народу, выцягнуў найбольш праслаўлены ў сваёй iмпэрыi панегiрыстамi й падхалiмамi "айцец усiх народаў i карыфей усiх навукаў". Ён, гэны наймудрэйшы з мудрых, кагадзе разбудаваў i ўзбуйнiў Гулаг, у якiм вымардавалi дзясяткi мiльёнаў нявiнных людзей. Неўзабаве той "бацька", пры помачы "раскаваных рабоў" прадаўжаў папаўняць рабсiлы Гулагу з той "здравствующей освобожденной Западной Белоруссии". Валаклiся па бездарожжах праклятага Сiбiру калёны сьмерцi iз словамi на парэпаных вуснах:

I заўтра зноў узыйдзе сонца,

I будуць людзi есьцi й пiць...

I нiхто iзь iх ня ўспомнiць,

Як мы хацелi жыць!

У чырвенi сорак першага на "айца ўсiх народаў" напаў ягоны "саюзьнiк Вялiкая Германiя". Амбiтны бэрлiнскi капрал новую ваенную трасцу згарусьцiў: перабудаваць сiламi "гэрэнфольку" сьпярша ўсю Эўропу, а пасьля й цалюсенькi сьвет. Пры тым капралавым "дранг нах остэн" здарыўся магутны ўсплёск, i калi ўжо "бацька ўсiх народаў" пхаў яго назад з клiчам "даёш Бярлiн!" дык нашага юнака Алеся тая хваля аж на Апэнiнскi паўвостраў выплюнула.

У Iталii Якiмовiчу давялося, - i дзякаваў ён Богу за тое, - надзець на сваю чубатую галаву талерку-шлём ды апрануць "батлдрэс" 8-е армii Джорджа Шостага, з Ласкi Божае Караля Брытанскага Камэнвэлту i Iндыi Iмпэратара. Гэткiм чынам юнак Алесь, што тут-жа перад вайною, у зрэбных штанох, кужэльнай саматканай кашулёнцы ды босы, джгаў як мага праз поле, - вочы на лоб! - да бальшака, каб пабачыць як пан Слатвiнскi на сваiм аўтамабiлi-дрыньдзе ехаў (гэта-ж табе ня хаханькi, такая тэхнiка!), пад канец вайны памагаў Джорджу Шостаму, - з ласкi Божае каралю iмпэратару й гэтак далей, - вытурваць нямчуру й чорнакашульнiкаў мясцовага "дучэ" са сьветлае краiны Дантэ, Вэрды й "сьвятых айцоў"... Цi гэта калi яно такое беларускаму пастуху й селянiну Алесю магло раней прысьнiцца?

Адгэтуль простая выснова: вайна тая магутнай катапультай выкiнула нашага юнака "ў людзi", а пасьля ён ужо найбольш сваiмi намаганьнямнi, пры мiнiмальнай помачы Джорджа Шостага, перабраўся за акiян. У пасьляваенны час нялёгка за акiян трапiць было, але-ж хаўрусьнiкаў, за iхныя ваенныя заслугi, узнагародзiлi. Алесь Якiмовiч падпiсаў з канадыйскiм урадам кантракт, што за мiзэрную заплату, - сорак пяць даляраў у месяц, харчы й кватэру, - будзе працаваць парабком у нейкага канадыйскага фармара, даiць кароў i гной кiдаць. Ужо куды пазьней давялося Алесю рагатаць, калi пачуў на мэлёдыю канадыйскага дзяржаўнага гiмну змайстраваную адным беларускiм жартаўнiком пародыю:

Ох, Канада! Як я цябе пазнаў,

Дык кiдаў гной i рана уставаў.

А назаўтра зноў я даiў кароў

I ў полi жыта жаў...

Ох, Канада, як я цябе праклiнаў!

I казаў пра гэтую вялiзную заморскую краiну некалi генiяльны Вальтэр, што яна - некалькi акраў сьнегу. А канадыйскi Армянiн ахарактарызаваў яе ўжо зусiм памадэрнаму: "Канада - балшой чохнiка, а култура нiкакой".

Мiнулае не адыйшло ў нябыт. Тваё карэньне... Там асталася й мацi. Дзе яна, жыве яшчэ цi ўжо адыйшла ў лепшы сьвет? Мiнулае - гэта ты. Дарма iлюзiямi жыць. I бiзнэсавы гармiдар, i матар'яльныя прыбыткi, i пашана за твае гандлёвыя посьпехi - усё гэта нажытае, прылепленае да цябе быццам звонку. Яно не з тае глыбiнi, не ад дарагiх родных гоняў i лясоў, не ад бусла, зязюлькi й салавейкi, не ад песьняў працавiтых жнеек i вясковых пастушкоў, не ад той вялiкай i гаротнай зямлi, што дала табе жыцьцё... I ў гомане гандлю, i ў шуме траскатнi гораду-гiганта, што магутнее й расьце, не пакiнеш ззаду мiнулае, бо яно - ты...

Пасьля таго, як "бацька народаў" падаў сваю закрываўленую руку "прыгнечаным" Заходняе Беларусi, нарадзiлася ў людзей спадзяваньне на лепшую будучыню. Новыя гаспадары раздавалi сялянам зямлю польскiх памешчыкаў i асаднiкаў. Малазямельны Алесеў бацька таксама трымаў вока на сьцiплы надзел, не падазраючы, як i бальшыня руплiвых сялянаў, што зямля тая станецца пасткай на дарозе ў калгасны прыгон, у якi неўзабаве пачалi заганяць новыя валадары пры помачы мясцовых гультаёў i абiбокаў. Бальшавiцкi "новы лад" душыў непасiльнымi падаткамi, груганьнём розных палiтрукоў на бесканечных "мiтынгах", выгнаньнем людзей у канцлягеры. Алесеў бацька, замарыўшы каня вывазамi кубамэтраў каменьня й лесу, схудзеў, ледзь валок ногi, праклiнаў новы лад i мясцовых ды чужых паразiтаў, плакаў, гаротнiк, ад тых "дабротаў новага ладу". Забралi яго цёмнай ноччу. Прапаў. Колькi мацi ня бегала да рознага начальства, нiчога канкрэтнага не даведалася нi пра ягоную нейкую быццам крамолу, нi пра тое, дзе ён падзеўся. I ў мацi не высыхалi цяпер сьлёзы. Як i раней, лiпела пры сваёй швейнай машыне, каб хоць неяк пражыць, спадзяючыся, што сын падрасьце ды на добрыя ногi стане.