12
Спачатку новая пазыцыя на працы замiнала шматлiкiм плянам прыватнага жыцьця. Трэба было пераарганiзоўваць, перайначваць, перамяшчаць, устанаўляць новае. Доўгiя гадзiны працы. Алесь нават сябе занядбаў. За ўсякую цану новую пазыцыю трэба было замацаваць, наставiць на непахiсную аснову. Не пасьлiзьнiся, бо Зэлман хутка на тваё месца знойдзе iншага. На працягу чатырох тыдняў Алесь апынуўся на добрым шляху. Цяжкая праца прыносiла плёны. Нават ня пытаўшыся ўласьнiка Трыфты Тонi Алесь ведаў, што Зэлман быў зь яго задаволены. Вера выдатна спраўлялася на сваёй дзялянцы.
У адну сонечную, Богам блаславёную, нядзелю Алесь пастанавiў, што трэба, як ён жартаваў, праветрыцца. Запрасiў Веру й тая адразу згадзiлася. Вярнуўшыся з царквы й парафiяльнага збору, каля гадзiны трэцяй пасьля паўдня нацiснуў званок пры дзьвярох памешканьня дзяўчыны. Блюза ў кветкi, спаднiца гармонiкам у складкi, валосы ў пучок, ружовенькi, незапэцканы нiякiмi штучнымi прыкрасамi тварык распрамянiўся на прывiтаньне.
- Куды паедзем? - спыталася.
- Куды хочаш. Кажы, завязу.
- Чакайце, зараз, - усьмiхнулася Вера. - Я-б хацела паехаць туды, дзе многа зеленi й вады, дзе можна пахадзiць i паплаваць, i нiчога не рабiць а толькi з сонейкам гуляць...
- Добра, - згадзiўся Якiмовiч. - Калi йдзе пра тое, каб нiчога не рабiць, дык пабачым на месцы.
Алесь завярнуў свой Олдсмабiл, лёгка ўцiснуўся ў вулiчную хвалю, што плыла ў кiрунку возера, а там шмыгнуў на той вялiкi экспрэсвэй у захаднiм кiрунку. Хвiлiн дваццаць пасьля зьехаў на малую дарогу, якая прывяла да возера. Калi-ж i тая дарога згубiлася недзе ў высокай, дзiкай траве ў старым, што адмiраў, садзе, дзяцюк спынiў аўтамабiль пад старой разложыстай яблыняй. Зьдзiўленая дзяўчына вылезла з аўтамабiля, разглядалася.
- Эй, гэта цудоўна! - усклiкнула яна. - Я спадзявалася, што мы едзем некуды дзе ёсьць цывiлiзацыя.
- Яе, гэтай цывiлiзацыi, поўна й тут, - адказаў Алесь. - Толькi глянь навокал.
Вера заўважыла яшчэ два аўты, што стаялi воддаль. З-над возера далятаў гоман. Алесь узяў ваўнянае пакрывала iз свайго аўта, Вера прыхапiла падарожную торбу. У траве вышэй каленяў ледзь пратаптаная сьцежка абрывам спушчалася да пляжы. Ля вады сядзелi старэйшыя, дзецi гулялi ў пяску й боцькалiся ля берагу ў вадзе. Няшмат людзей, раскошна тут. Лёгкi вецярок з паўдня ледзь варушыў ваду. Возера гэта, якое фактычна ёсьць морам, бо праз раку Сан Лорэнс лучылася з Атлянтычным акiянам, гэтае несалёнае мора сяньня даволi спакойнае. Воддаль на гарызоньце застылi, здавалася, пярынкi ветразяў лодак зь мясцовага яхт-клюбу.
- Як тут цудоўна! - захаплялася Вера. - Поўна месца, адзiн другому на нагу не наступiць.
- Я задаволены, што табе падабаецца. Добрае месца, дый мала хто сюды прыяжджае. Цяпер што будзем рабiць? Хочаш купацца?
- Што за пытаньне! Недзе мой купальнiк тут узяла. А дзе перапрануцца?
- Можаш у аўтамабiлi.
- Окэй, пачакай.
- Я нiкуды не ўцякаю.
Гутарку вялi ў сяброўскiм тоне. Адразу ў iх так пайшло, безь якiх-небудзь намаганьняў. Алесь чакаў няшмат, разаслаў тое пакрывала, ляжаў на жываце, цешыўся сонцам. Калi дзяўчына зьявiлася з саду, дзяцюку карцiла добра сьвiснуць з захапленьня, але стрымаўся.
- Ого! Якая ты прыгожая!
Вера пазiрала на Алеся ўважна, быццам каб упэўнiцца ў ягонай шчырасьцi.
- Цi можаш мне сказаць якiм плянам яны карысталiся, калi цябе праектавалi?
- Захоўваешся так, як быццам нiколi дзяўчыны ў купальнiку ня бачыў! дакарала Вера зь ледзь выразнай усьмешкай, што кружыла навокал выдатна аформленых вуснаў.
- Мне здавалася, што ты не запярэчыш шчыраму захапленьню. Ляля, цаца, спакуса! Ты належыш у казачныя прыгажунi, табе хвалу павiнны сьпяваць розныя гарлапаны-маестры са сцэнаў, а красой тваёй павiнны насалоджвацца мiльёны!
- Гэта хто так сказаў?
- Я кажу! I прысягаю, што зусiм шчыра.
Захоплены Алесь бачыў перад сабою рэдкую красу. Вочы ягоныя, як загiпнатызаваныя, вандравалi ад пальчыкаў на ступнях, па лытках, сьцёгнах, даўжэй затрымалiся на грудзёх. Выдатны экспанат тварэньня генiяльнага майстры дасканаласьцi. У дзяцюковым уяўленьнi, для параўнаньня, мiльгалi мадэлькi, уключна зь мiтычнымi Вэнэрамi ды Афрадытамi. А гэтая вось, што перад iм, - сьцiпласьць у абдымках прыгажосьцi, - павярнулася бокам, правакацыйая iскра ў прамянiстых вачох, усьмiхнулася.
- Ну як, здала я акзамiн?
- Акзамiн? - прысьвiснуў Алесь. - У мяне атрымаеш найвышэйшую ацэнку.
Купальнiк з двух кавалкаў, ружовага колеру плястыковая шапачка на валосах таксама прыйшлiся Алесю да спадобы.
- Калi ласка, прашу, пачакай мяне. Я пайду купальнiк надзену.
Калi вярнуўся, дзяўчыны ня было. Заклапочаны, ён аглядаў пляжу. Нехта, хiхiкаючы, ззаду закрыў яму рукамi вочы.
- Адгадай хто!
Алесь крутануўся, каб яе злавiць, але дзяўчына хутка высьлiзнулася зь ягоных рук, бегла да возера.
- Лавi мяне!
Пакуль Алесь змог нагнаць, яна хутка прабегла плыткую ваду i дала нурца. Алесь даплыў да месца, дзе яна зьнiкла. Вада холадам трымала. Раптам дзяцюка нехта ўшчыкнуў за жывот. Алесь раптоўна нырнуў пад ваду. Яе ня было нiдзе. Калi ён выплыў, разглянуўся, Вера ўжо iшла па пляжу.
- Гэй там, разява! - памахала яму рукой.
Алесь кiнуўся ёй наўздагон. Дзе яна гадавалася? У лесе? Якая хуткасьць, гожасьць цела! Дзяўчына затрымалася i лягла на пакрывала, спакусьлiвай усьмешкай вiтаючы запыханага дзяцюка.
- Ого-го! Ты запраўды, як маланка. Дзе мне з табой справiцца!
- Можа ты ўжо састарэўся? - кпiла Вера.
- Скажы мне, цi ты вырасла ў лесе, цi ў вадзе?
Ён лёг побач яе, падпёрся правай рукой, прыглядаўся ейнаму твару.
- Ведаеш, як тут цудоўна! Я ня люблю вялiкага шумнага гораду. Я вырасла ў абдымках цудоўнае, хоць часам i капрызнае прыроды. Не гавару пра тыя горы скалаў, але-ж там побач была чысьцюсенькая вадзiца вялiкага возера ды багатая флёрай i фаўнай, ледзь не бяскрайная пушча. Ох, як гэна ўсё мне падабалася! А ў адной сям'i жыла я ў глыбокiм лесе, побач цудоўнага возера i рэчкi зараз-жа за хатай. I ракун, i лось, i казулi былi мне сябрамi. Летам зьбiрала грыбы i ягады. Я нядоўга ў гэтым горадзе, што расьце, як звар'яваны, жыву, але мне ўжо тут - адчуваю гэта кажнай клеткай свайго цела, - занадта цесна. Нiколi не замянiла-б таго ды на гэта!