- Я тут, - от няхай Бог будзе мне сьветкай, - ня кiруюся адно сваiм эго. Я ёсьць малазначнай iстотай, што некалi будзе зьмеценая з твару зямлi й нiхто ня будзе трывожыцца цi я яшчэ жыву цi ўжо адыйшоў. Гэтта йдзе пра большае: нiхто не памагае нашаму паняволенаму народу. Гэтыя людзi, каторыя тутака турбуюцца, што абжыраюцца ды маюць замнога ў трыбухах, занадта растаўсьцелi, а зь iншага боку - нiяк ня могуць зьлiквiдаваць беспрацоўя ды памагчы зьбяднелым i пакрыўджаным, - гэтыя людзi нiяк ня могуць падняцца вышэй узроўню сваiх правiнцыяльных i парафiяльных iнтарэсаў. Як-жа яны могуць запабегчы катастрофе, якая - цяпер ужо ясна, як Божы дзень вiдаць, прыблiжаецца?

- Мяркую, што вы, спадар Шпак, памыляецеся, - сказаў Алесь. - Пэўне-ж, у гэтых людзей ёсьць недахопы. У каго iх няма! Каб разбудзiць i мабiлiзаваць на помач некаму iгнарамусаў, патрэбны час. Я шчыра веру, што працэс гэты ўжо пачаўся. Вось тут на днях, у мiнулы тыдзень, у сваёй прамове да этнiчнага прэсавага клюбу, лiдар лiбэральнае партыi падкрэсьлiў важнасьць таго, каб Канадыйцы ведалi пра камунiстычную пагрозу, ды сьцьвердзiў...

- Сьцьвердзiў?! - злосна сыкнуў Шпак. - Гэта-ж паслухай: падкрэсьлiў i сьцьвердзiў! Дык яны адно толькi й робяць, што падкрэсьлiваюць i сьцьвярджаюць!

У тым голасе зьняможанага Шпака было столькi запалу й чыстай, непрыхаванай злосьцi, што ажно Алесь зьдзiвiўся.

- Але што з гэтага? - прадаўжаў пiсьменьнiк. - Цi яны хаця маюць элемэнтарнае ўяўленьне пра род вайны, якая цяпер iдзе? Фу! Яны мяркуюць, што нiякай фактычна цяпер вайны няма. Бальшыня зь iх заблудзiлася ў меркаваньнях, што будучая вайна выбухне ракетамi i атамнымi бомбамi. Мы ведаем лепш, але хто нас хоча слухаць? Меркаваньнi, адкрэсьлiваньнi, сьвярджэньнi... Так... Чаму-ж iм не прыхадзiць на нашыя зборы ды сьцьвярджаць цi падкрэсьлiваць на наш лад, каб нам спадабацца ды нашыя галасы ў падтрымку пры выбарах падпрэгчы? Але-ж мы бачым i iхны iншы бок. Каб пшанiцу сваю прадаць дык яны гатовыя маскоўскiя азадкi лiзаць. Цi-ж мы ня бачым, як iхныя палiтыкi бягуць, вочы на лоб, каб пацiснуць тыранам руку?! Так, так, брат... А там iдзе мiрнае суiснаваньне, палепшаньне зносiнаў, меншае напружаньне i iншыя абстрактныя трасцы. А маскалi ўсё новыя народы ў свае петлi ловяць. Во табе, на! I цi-ж ты думаеш, што бальшавiцкая хэўра i гэтых нашых палiтыкаў па галоўцы пагладзiць? Навошта? Сам галоўны архiтэкт гэтага найбольшага ў гiсторыi чалавецтва крымiналу, некалi сказаў: яны прададуць нам вяроўкi, на каторых мы iх павесiм. Цьфу!

Шпак зноў закурыў. Хваляваньне выяўлялася ў ягоных нэрвовых рухах, колкiх вачох. Тое, што казаў, вылiвалася згадамi набалелага сэрца.

- Калi вы мне прабачыце, - гаварыў Алесь, - дык скажу, што мне здаецца вы крыху перасольваеце, цi, як у нас казалi, дугу ў iншы бок перагiнаеце. Замнога хвалюецеся...

- Хвалююся? Дугу перагiнаю? Што ты вярзеш! Усхваляваны я ёсьць i не бяз прычыны. Але дугi я не перагiнаю.

- Усё-ж я ня бачу прычыны для трывогi, - спакойна заключыў Якiмовiч.

- Слухай, Алесь. - Шпак, падыйшоўшы блiзка, глядзеў яму ўважна ў вочы, - праблема ў цябе тая, што ты даўно ўжо далучыўся да пагонi за далярамi, цi, як тут кажуць, у пацуковы гонкi ўключыўся. Гэта, вядома, ня надта шкоднае, калi яно не замiнае многаму iншаму, важнейшаму ў жыцьцi.

- Што-ж вы параiлi-бы мне рабiць?

- Гэтае тваё пытаньне вельмi актуальнае. Усё-ж я не хацеў-бы на гэтую тэму зусiм шчыра выказвацца бяручы на ўвагу ўсё тое добрае, што ты для мяне зрабiў.

- Гаварыце, калi ласка. Я вас з прыемнасьцю выслухаю i, спадзяюся, з вашых заўваг скарыстаю.

- Тое, што можаш пачуць, магчыма, ня будзе для цябе прыемным.

- Нiчога. Гаварыце, я вытрымаю.

Дзесьцi блiзка выла пажарная сiрэна. Шпак спынiўся, глядзеў у вакно празь якое вiдаць была вялiкая рухавая нэонная рэкляма Кока-Кола дый маса меншых рэклямных i яркiх гарадзкiх вулiчных сьвётлаў. Пару хвiлiнаў Шпак маўчаў. Алесь падазраваў, што пiсьменьнiк мяркуе цi варта з глыбiнi выцягваць нешта ня зусiм прыемнае. Ды пiсьменьнiк нешта вырашыў. Паважным позiркам, адвярнуўшыся ад вакна, глядзеў на Алеся. I ў гэным позiрку заўважыў Алесь знаёмую яму iскру. Так, гэта такая самая аўтарытэтная iскра, якую даводзiлася Алесю назiраць у вачох адказных i ўпэўненых людзей тады, калi яны выказвалi нейкiя дыдактычныя мудрасьцi. Гэта - чырвонае сьвятло. Яму нельга пярэчыць. Iдзi на яго, рызыкуй на сваю шкоду.

- Клопат i слабасьць твая, Алесь, у тым, што як i многiя iншыя, ты ўжо зьмякчэў у вялiкiх матар'яльных выгадах. Гэткiя матар'яльныя выгады, як усiм ведама, часта прадукуюць палiтычных i iдэйных iнвалiдаў. Магчыма ты сам не спасьцярог як ты зьмянiўся, што цябе ўжо цяжка пазнаць. Гэта ўжо не ранейшы Алесь Якiмовiч... Не. Я не гавару пра тваё сэрца i пра твае погляды. Iдзе тут пра хвальшывыя адносiны, якiя часамi цяжка зразумець... Выглядае, быццам твае мазгi абрасьлi жырам, што ты наўмысна ў жыцьцi адкiдаеш усё больш важнае адно таму, каб не адстаць ад iншых у тэй гонцы за далярамi, у гэнай пацуковай гонцы, як тут кажуць...

- Я гэтага не заслужыў! Быццам я не памагаў! - ускочыў Алесь з дакорам у голасе. Пiсьменьнiк запраўды яго ўкалоў.

- Ты памагаў, ты зрабiў больш для нашай справы чымся многiя iншыя, разам узятыя, - усё такiм-жа ўпэўненым дыдактычным голасам прадаўжаў Шпак. Але чаму цябе зь iмi раўняць? Табе больш дадзена i ад цябе больш патрабуецца.

Што Алесь мог на гэта адказаць? Ведаў, што пiсьменьнiка трэба выслухаць. Ён жыў у сваiм, аднаму яму даступным ды надзвычайна цiкавым i пакутлiвым сьвеце i вось цяпер прыйшла пара, нядрэнная нагода, каб перад гэтым "капiталiстам" разладаваць сваю душу. I бяда таму, хто мог стацца аб'ектам ягонага дакору цi ганьбаваньня.

- Я казаў раней, што твой уклад у нашую справу й грамаду больш чым выдатны. Ды гэтага мала. Тваiх грошай замала, Алесь мой дарагi. Ты мусiш самога сябе пасьвяцiць i ахвяраваць справе нашага вызвольнага змаганьня. Асаблiва-ж апошнiмi часамi ты неяк бокам, бокам... Сьвет, у якiм цяпер жывеш, пэўна, цiкавы, бурлiвы цi iмклiвы, перапоўнены крыкамi захапленьня рознага маштабу гэданiстаў... Ты адаптаваўся, прытарнаваўся да гэтага новага асяродзьдзя, што, здаецца, ануляваў сябе, ранейшага, зрабiўся быццам тараканом у саладусе.

- Выглядае, што ты разважаеш iз сваiм духовым эго i напэўна сьпяшыш запэўнiць гэну iстоту, што ўсё ў парадку, што ты - свайго роду цаца й што ад цябе нiхто й нiчога не павiнен патрабаваць. Ты напэўна ўжо пераканаў сябе, што выбраў адзiна правiльны шлях i здабыў нутраны мiр. Чаму-ж-бы не? Сацыяльны клiмат надзiва спрыяльны, а ты-ж ёсьць адным з грамады, што намагаецца задаволiць розны матар'яльны голад, цi, накш кажучы, прагавiтасьць. Адным словам, ты адзiн з тых, што валочацца ўтоптанай сьцежкай, зырка назiраючы, каб падхапiць цi прыстасавацца да новых кiрункаў, тутака модна ведамых social trends. Ведаеш пра што гавару...