Изменить стиль страницы

Праз некалькі хвілін гаспадар Гулівера стаяў перад каралевай.

— Я бяру сабе гэтага чалавечка, — сказала каралева. — Колькі ты хочаш атрымаць за яго?

Гаспадар задумаўся. Паказваць Гулівера было вельмі выгадна. Але ці доўга яшчэ можна будзе паказваць яго? З кожным днём ён усё больш худнее, растае, як ільдзінка на сонцы, і, здаецца, скора яго зусім не стане.

— Тысячу залатых! — сказаў ён.

Каралева загадала даць яму тысячу залатых, а потым зноў павярнулася да Гулівера.

— Ну вось, — сказала яна, — цяпер ты наш, Грыльдрыг.

Гулівер прыціснуў рукі да сэрца.

— Нізкі паклон вам, ваша вялікасць, — сказаў ён, — але, калі міласць ваша роўная вашай прыгажосці, я асмелюся прасіць маю ўладарку не разлучаць мяне з маёй дарагой Глюмдалькліч, маёй нянечкай і настаўніцай.

— Вельмі добра, — сказала каралева. — Яна застанецца пры двары. Тут яе будуць вучыць і добра даглядаць, а яна будзе вучыць і даглядаць цябе.

Глюмдалькліч як не падскочыла ад радасці. Гаспадар таксама быў вельмі задаволены. Ён ніколі і не марыў уладкаваць дачку пры каралеўскім двары.

Схаваўшы грошы ў дарожны мяшок, ён нізка пакланіўся каралеве, а Гуліверу пажадаў удачы на новай службе.

Гулівер нічога не адказаў яму, толькі злёгку кіўнуў галавой.

— Ты, здаецца, злуешся на свайго былога гаспадара, Грыльдрыг? — спытала каралева.

— О не, — адказаў Гулівер. — Але я лічу, што мне няма пра што гаварыць з ім. Да гэтага часу ён сам ніколі не размаўляў са мной і ніколі не пытаўся ў мяне, ці магу я выступаць перад публікай па дзесяць разоў на дзень. Я абавязаны яму толькі тым, што мяне не раздушылі і не растапталі, калі выпадкова знайшлі ў яго на полі. За гэта я з ліхвой разлічыўся з ім тымі грашыма, якія ён нажыў, паказваючы мяне па ўсіх гарадах і вёсках краіны. Я ўжо не кажу пра тую тысячу залатых, якую ён атрымаў за маю нікчэмную асобу ад вашай вялікасці. Гэты прагны чалавек ледзь не замучыў мяне да смерці і нізавошта не аддаў бы нават за такую цану, калі б не лічыў, што я ўжо не варты і граша. Але я ўпэўнены, што на гэты раз ён памыліўся. Я адчуваю прыліў новай сілы і гатоў старанна служыць маёй цудоўнай каралеве і ўладарцы.

Каралева вельмі здзівілася.

— Я ніколі не бачыла і не чула нічога падобнага! — усклікнула яна. — Гэта самае разважлівае і красамоўнае насякомае з усіх насякомых на свеце!

І, узяўшы Гулівера двума пальцамі, яна панесла паказаць яго каралю.

7

Кароль сядзеў у сваім кабінеце і быў заняты нейкімі важнымі дзяржаўнымі справамі.

Калі каралева падышла да яго стала, ён мяльком зірнуў на Гулівера і цераз плячо спытаў, ці даўно гэта каралева захапілася дрэсіраванымі мышамі.

Каралева моўчкі ўсміхнулася ў адказ і паставіла Гулівера на стол. Гулівер нізка і пачціва пакланіўся каралю.

— Хто зрабіў нам такую пацешную завадную цацку? — спытаў кароль.

Тут каралева зрабіла знак Гуліверу, і ён сказаў самае доўгае і прыгожае прывітанне, якое толькі мог прыдумаць.

Гэта здзівіла караля. Ён адкінуўся на спінку крэсла і пачаў задаваць дзівоснаму чалавечку пытанне за пытаннем.

Гулівер адказваў каралю падрабязна і дакладна. Гаварыў ён чыстую праўду, але кароль глядзеў на яго, прыжмурыўшы вочы, і недаверліва круціў галавой.

Ён загадаў паклікаць трох самых славутых вучоных краіны і прапанаваў ім добра агледзець гэта маленькае дзіўнае двухногае і вызначыць, да якога разраду яно належыць.

Вучоныя доўга разглядалі Гулівера ў павелічальнае шкло і нарэшце вырашылі, што ён не звер, бо ходзіць на дзвюх нагах і валодае членараздзельнай мовай. Ён і не птушка, бо ў яго няма крылаў і, відаць, ён не ўмее лётаць. Ён і не рыба, бо ў яго няма ні хваста, ні плаўнікоў. Напэўна, ён і не насякомае, бо ні ў адной вучонай кнізе няма нават упамінання аб насякомых, якія б былі так падобны на чалавека. Аднак ён і не чалавек — калі меркаваць па яго малюсенькім росце і ледзь чутным голасе. Хутчэй за ўсё гэта жарт маці-прыроды — «рэльплюм сколькатс» па-брабдынгнежску.

Пачуўшы гэта, Гулівер вельмі пакрыўдзіўся.

— Думайце, што хочаце, — сказаў ён, — але я зусім ніякі не жарт маці-прыроды, а самы сапраўдны чалавек.

І, папрасіўшы ў караля дазволу, ён падрабязна расказаў пра тое, хто ён такі, адкуль прыехаў, дзе і як жыў да гэтага часу.

— У нашых краях жывуць мільёны мужчын і жанчын такога ж росту, як я, — даказваў ён каралю і вучоным. — Нашы горы, рэкі і дрэвы, нашы дамы і вежы, коні, на якіх мы ездзім, звяры, на якіх мы палюем, — словам, усё, што нас акружае, у столькі ж разоў меншыя за вашы горы, рэкі, дрэвы і жывёлу, наколькі я меншы за вас.

Вучоныя засмяяліся і сказалі, што яны для таго так доўга і вучыліся, каб не верыць бязглуздым выдумкам, але кароль зразумеў, што Гулівер гаворыць праўду.

Ён адпусціў вучоных, паклікаў да сябе ў кабінет Глюмдалькліч і загадаў, каб яна знайшла бацьку, які, на шчасце, яшчэ не паспеў выехаць з горада.

Ён доўга распытваў іх абаіх, як і дзе быў знойдзены Гулівер, і адказы іх цалкам пераканалі яго ў тым, што Гулівер гаворыць праўду.

— Калі гэта і не чалавек, — сказаў кароль, — то, безумоўна, чалавечак.

І ён папрасіў каралеву, каб яна берагла Гулівера і клапацілася аб ім як найлепш. Каралева з ахвотай узяла Гулівера пад сваю апеку. Разумны і ветлівы Грыльдрыг спадабаўся ёй куды больш, чым яе ранейшы любімец — карлік. Гэты карлік дасюль лічыўся самым маленькім чалавекам у краіне. Ростам ён быў усяго чатыры сажні, па плячо дзевяцігадовай Глюмдалькліч. Але хіба можна было яго параўнаць з Грыльдрыгам, які змяшчаўся ў каралевы на далоні!

Каралева адвяла Гуліверу пакоі побач са сваімі ўласнымі пакоямі. У гэтых пакоях пасялілася Глюмдалькліч з настаўніцай і служанкамі, а сам Гулівер уладкаваўся на маленькім століку пад акенцам, у прыгожай арэхавай скрынцы, якая была яму спальняй.

Гэту скрынку па спецыяльным заказе каралевы зрабіў прыдворны сталяр. Даўжынёй яна была шаснаццаць крокаў, шырынёй — дванаццаць. Знешне яна нагадвала невялічкі домік — светлыя акенцы з аканіцамі, прыгожыя дзверы з вісячым замком, — толькі дах у доміка быў плоскі. Дах падымаўся і апускаўся на завесах. Кожную раніцу Глюмдалькліч падымала яго і прыбірала спальню Гулівера.

У спальні стаялі дзве шафы для адзення, шырокі ложак, камода для бялізны, два сталы і два крэслы з падлакотнікамі. Усё гэта зрабіў для Гулівера цацачны майстар, праслаўлены ўмелец выразаць з косці і дрэва розныя цацкі.

Крэслы, камода і столікі былі зроблены з нейкага матэрыялу, падобнага да слановай касці, а ложак і шафы, як і ўвесь домік, — з арэхавага дрэва.

А каб Гулівер незнарок не выцяўся, калі яго домік будуць пераносіць з месца на месца, сцены, столь і падлогу спальні абабілі мяккім і тоўстым лямцам.

Замок на дзверы быў зроблены па настойлівай просьбе Гулівера: ён вельмі баяўся, каб да яго ў дом не залезла якая-небудзь цікаўная мыш ці прагны пацук.

Пасля некалькіх няўдач слесар нарэшце змайстраваў самы малюсенькі замочак з усіх, якія яму калі-небудзь даводзілася рабіць.

А між тым у сябе на радзіме Гулівер толькі адзін раз у жыцці бачыў замок такіх памераў. Ён вісеў на варотах адной панскай сядзібы, гаспадар якой славіўся выключнай скупасцю.

Ключ ад замка Гулівер насіў у кішэні, таму што Глюмдалькліч баялася згубіць такую малюсенькую рэч. Ды і навошта ёй патрэбен быў гэты ключ? Праз дзверы яна ўсё роўна прайсці не магла, а каб паглядзець, што робіцца ў доміку, ці дастаць адтуль Гулівера, даволі было прыўзняць дах.

Каралева паклапацілася не толькі аб жыллі свайго Грыльдрыга, але і аб новым адзенні для яго.

Строй яму пашылі з самай тонкай шаўковай тканіны, якая толькі знайшлася ў дзяржаве. І ўсё-такі гэтая тканіна была таўсцейшая за самыя тоўстыя ангельскія коўдры, і ў ёй было вельмі нязручна, пакуль Гулівер не прывык да яе. Пашыты быў строй па мясцовай модзе: шаравары накшталт персідскіх, а кафтан накшталт кітайскага. Гуліверу вельмі спадабаўся гэты крой. На яго думку, ён быў вельмі зручны і прыстойны.