Зоська(павёўшы мутнымі вачыма). Што? Куды?
Марыля. Надзень, Зоська, гэтыя торбачкі! Надзень, дачушка мая. (Хоча сілай надзець.)
Данілка. Не спрачайся, Зоська, ды пойдзем! Я табе зайграю панічову музыку.
Зоська(усхапіўшыся з зямлі і баронячыся). Што? на мяне торбы хочаце надзяваць! Га! А вы ведаеце, хто я такая? Ведаеце? Я каралеўна! Я — усеўладная пані гэтае зямлі ўсёй чыста! — гэтых загонаў, гэтых лугоў, гэтага лесу! Ха-ха-ха! А яны мяне у торбы, як жабрачку, хочуць прыбраць! Я ў кароне, бачыце, хаджу. Сярпы мае сталёвыя дабро цэламу свету жнуць, а палотны мае шаўковыя цэлы свет адзяваюць, а яны ў торбы мяне хочуць прыбраць! Проч, бясстыднікі! (Зрывае торбы і кідае на вогнішча; сама апускаецца каля дзерава.)
Марыля(адкінуўшы торбу ў старану з агню). Не хочаш, і не трэба! Не ў маёй ужо моцы з вамі вайну вясці. А торбачка гэта хай астанецца тут: можа, Сымону прыдасца.
Старац. Што ж, пані гаспадыня,— гатовы ўжо ўсе!
Марыля. Ужо, дзедка! Можам ісці.
Данілка. Уцякайма, дзедка, бо і я ўжо гатоў. А Зоська дагоніць нас: не чапайце толькі яе. Цяпер жа, можа, запяём усе разам на адходнае.
Старац. Святую песню хоць калі не грэх запець.
Марыля(да Зоські). Зоська, як апомнішся, прыходзь з Сымонам да нас!
Старац ідзе наперад, за ім Марыля з дзяцьмі па баках, а за Марыляй — Данілка. Усе пяюць «Лазара»,— Данілка іграе; нейкую мінуту іх песня чуваць за сцэнай, пасля паволі замірае.
З'ява IV
Зоська адна.
Зоська(як бы прасвятлеўшы, паказваючы рукамi). Ха-ха-ха! Там пажар, гэтыя, як пагарэльцы, з торбам! пайшлі.
З'ява V
Зоська і Сымон.
Сымон(шыбка ўваходзщь са стараны пажару, трымаючы ў руцэ запаленую галавешку. Разглядаючыся). Пайшлі!.. Не пачакалі мяне яшчэ хоць трохі. А так ужо ўсё наладзіў. (Уеледзеўшы Зоську.) Адна Зоська асталася! (Да яе.) Што ж ты робіш тут адна? Пойдзем са мной?
Зоська. (прыглядаючыся). Гэта ты, Сымон?
Сымон. Я, Зоська! Уставай хутчэй, сястрыца, ды пойдзем, бо кожная мінута цяпер дорага!
Зоська. Куды пойдзем? Па што?
Сымон(паказваючы галавешкай у праціўную старану ад пажару). На вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!!!
Зоська(падымаючыся з зямлі). А-а!..
Сымон бярэ яе за руку, і абое нікнуць у цемнаце.
Заслона