Изменить стиль страницы

І тут Пранціш усвядоміў, каго яму нагадвае егіпецкая прыгажуня. Ну так, яна страшэнна падобная да прыгоннай актрысы Міхалішыўны са Слуцкага тэатру, які належаў Гераніму Радзівілу. Толькі ў той валасы былі не чорныя, а светла-русявыя. Пранціш з Лёднікам у палацы выдавалі сябе за немцаў, і Вырвіч гадзінамі сядзеў на рэпетыцыях, заварожаны плаўнымі рухамі Міхалішыўны, і як мог, перамігваўся з ёю… Праўда, калі наглядчык заўважаў, што актрыса скіроўвае ўвагу ў залу, ёй зараз жа даставалася палкай па руках і спіне. Такія ўжо былі парадкі ў палацы Радзівіла Жорсткага… У тэатр забіралі гвалтам дзяцей сялянаў і нават мяшчукоў, і дзеткі тыя ад суровай муштры хварэлі, паміралі… А тыя, што выжывалі, маглі таньчыць так, што знаўцы з Еўропы захапляліся.

Тады Пранціш доўга не мог змірыцца з тым, што прыгонная дзяўчына выглядае так высакародна… Бо яна ж закранула ягонае сэрца, а дама шляхціца павінна быць радавітай!

А цяпер ён не мог даць веры, што графіня Серафіна Батыста — і ёсць тая Міхалішыўна! Але чым больш углядаўся, тым здагадка мацнела.

Між тым пасярод сцэны паставілі стол, накрыты доўгім чорным аксамітным абрусам з вышытымі залатой біццю незразумелымі знакамі. На стале ўмацавалі вялізны крышталёвы шар.

Лёднік выразна хмыкнуў, абазнаны ў падобных штукарствах. Падобным шарам дурыў ангельскага доктара Дзі ягоны слуга, паказваючы духаў, у прыватнасці нейкага Урыеля, так што доктар урэшце страціў аўтарытэт, жонку і грошы. Пранціш гэта таксама выдатна ведаў, бо давялося пабываць у Ангельшчыне і змагацца за спадчыну таямнічага Дзі.

Але калі егіпецкая прынцэса з жывой змяёй на шыі замест маністаў заспявала над шарам высокім чыстым голасам, і пад яе рукамі змесціва сферы пачало ажываць, закружыўся туман, узніклі незразумелыя вобразы, Вырвічу стала весела і страшна, гэтак жа, як і ўсім у зале, і ён пастараўся не зважаць на хмыканні прафесара. А граф Батыста, ці як там яго… Атхе… Андхер…, тут жа тлумачыў, што менавіта сіньёра Серафіна з падказкі сваёй празорцы-змяі бачыць праз эфіры.

А бачыла яна шмат чаго: двор кітайскага імператара, вывяржэнне вулкана на востраве ў Ціхім акіяне, атрыманне адным з прысутных у зале, які загадаў на сваю будучыню, Ордэна Белага арла — пры гэтых словах усе мужчыны нецярпліва заварушыліся, але граф не ўдакладніў наконт асобы шчасліўчыка. А што вы хочаце — гэта ж эфіры, магнетызм, тут зямному воку да драбніцаў не разгледзець. А змеі ўвогуле ва ўзнагародах не разбіраюцца, ім ордэн менш цікавы, чым здохлая мыш.

Потым шар прыбралі, зайграла музыка, сумная, як лёс беднага драгуна, і жонка мага пачала таньчыць… У дасканалых рухах праглядаўся пракаветны Егіпет і царская ўладнасць… А, магчыма, муштра радзівілаўскага тэатру.

Былі і іншыя фокусы. Граф Батыста чытаў фразы на аркушах у запячатаных канвертах, ацаляў ад мігрэні і прастрэлу на адлегласці…

А потым настала самая цікавая частка — прынамсі, пра гэта можна было меркаваць па тым, як усе ўзбудзіліся, зашапталіся — ясна, што чакалі моманту. На сцэне на пакладзеных жалезных палосах усталявалі вялізную неглыбокую бляшаную скрыню — велічынёй з каралеўскі ложак. У яе акуратна засыпалі распаленыя вуголлі, разраўнялі жалезнымі граблямі так, што ўтварыўся кавалачак пекла. Чырвоны простакутнік выпраменьваў жар, як у лазні, некаторыя гледачы нават адсунуліся назад.

Сіньёра Серафіна ўселася на крэсла, хлопчык-мурын з прыслугі зараз жа апусціўся перад ёй на калені і зняў вышытыя перлінамі чаравічкі, абутыя на босую нагу.

— Папрашу ўсіх, хто жадае, упэўніцца, што прынцэса Семпенсентра не мае ніякай абароны ад агню для сваіх чароўных ножак, што яны не намазаныя адмысловай маззю.

Вырвіч пахаладнеў, зразумеўшы, што тут рыхтуецца. Але прынцэса трошкі-трошкі прыўзняла падол сваёй залацістай спадніцы, і ўсё з галавы вылецела. Гледачы ледзь крэслы не папераварочвалі, імкнучыся прысунуцца пабліжэй да спакуснага відовішча. Той-сёй сапраўды папёрся пакратаць прынцэсавы ножкі… Тая сядзела, як бы адбывалася ганебная працэдура не з ёю, светла-зялёныя вочы адсутныя, быццам прыгажуня ўглядалася ў вывяржэнне вулкана на далёкім востраве.

Вырвіча здзівіла, што Батыста дапускае, каб з ягонай жонкай гэтак вольна абыходзіліся, не падобна, каб той гэта прыемна, але мімаволі і драгуна пацягнула неадольная сіла да таненькай постаці ў крэсле… Толькі рука Лёдніка, што тузанула за крысо, вярнула да прытомнасці.

— Сядзі! — голас доктара трымцеў ад пагарды. — Не прыпадабняйся быдлу.

Гэта шляхціцы, якія сабраліся ў зале, для сына полацкага мяшчука — быдла? Але Пранціш не паспеў абурыцца — прынцэса ўзнялася і скінула залацістую спадніцу, застаўшыся ў зялёных шаўковых шальварах, што не даходзілі да шчыкалаці. А потым рашуча падыйшла да скрыні, напоўненай распаленымі вугалямі, і… ступіла на іх. Зала дружна выдыхнула… Пранціш ажно з месца ўскочыў — трэба ратаваць шалёную! Тут табе ніякая магія не дапаможа! А прынцэса затаньчыла. Дробна пераступаючы нагамі, яна нібыта плыла ў коле распаленых вуголляў, падымала рукі, быццам збіралася ўзляцець, выгінала стройны стан, з твару не сыходзіла лёгкая ўсмешка. Нават Лёднік прыўзняўся, каб лепей бачыць… А ўжо асабліва цікаўныя ледзь носам у скрыню не ткнуліся, наколькі дазваляў жар…

…А каралеўна ўсё таньчыць, рукі ўздымае высока…
Тонка звіняць бранзалеты, кружаць яе пакрывалы
З шоўку празрысцей завеі, з вогненным імем Ваала…
Стан выгінаецца гнуткі, твар не ўсміхаецца белы….

Флейта выводзіла сумную трывожную мелодыю, і здавалася, што гэта сапраўды ўладанне феяў.

— Яна ж пакалечыцца! — мармытаў Пранціш, але доктар не падахвоціў нікога ратаваць.

— Супакойся, драгун. Не танцорка тут ахвяра.

Нарэшце сіньёра Серафіна сышла са свойго пякельнага п’едэсталу, абапершыся на руку мужа, які дапамог ёй зноў усесціся ў крэсла і звярнуўся да публікі:

— Можаце ўпэўніцца, што агонь не нанёс прынцэсе ніякай шкоды, і на яе скуры няма і найменшых апёкаў.

Зноў госці павалілі да сцэны, цяпер нават дамы, як за дармовымі марцыпанамі. Не выседзеў і Пранціш, праігнараваўшы сычэнне Лёдніка. Драгун не насмеліўся даткнуцца да белай скуры кабеты, але разгледзеў пільна: сапраўды, сіньёра быццам хадзіла не па распаленых вуголлях, а па пухнатым кіліме. Змог і пабачыць аблічча пані бліжэй. Не класічная, велічная прыгажосць, як у Саламеі Лёднік, рысы няправільныя, але адухоўленыя, тонкія, і цяпер здаецца, нібыта ў іх сапраўды стома тысячагоддзяў, а на дне празрыстых русалчыных вачэй такая туга, якая ўжо даўно перастала асэнсоўвацца нечым залішнім, пакутным — так смала паступова ператвараецца ў бурштын, і, гледзячы на ззяючы каменьчык, немагчыма ўявіць, што ён калісьці быў ліпкай вадкасцю, якой сасна залечвала свае раны.

І ўсё-ткі гэтая прынцэса — Міхалішыўна!

Сеанс егіпецкай магіі закончыўся, і можна было толькі гадаць, колькі адваліў кожны з прысутных за права пасядзець у гэтай зале, зазірнуць у крышталёвы шар, які абяцае камусьці ордэн і паказвае Кітай, а галоўнае — каб паназіраць за танцам на агні вытанчанай прыгажуні і пакратаць яе ножкі…

Пранціш, вядома, здагадваўся, што зараз Лёднік падрабязна яму растлумачыць, як менавіта дурыць голавы даверлівай публіцы шалбер Рудольфіюс Батыста… Але няхай доктар перачакае са сваймі выкрываннямі. Бо сэрцу мілей цуд і казка, нават калі ведаеш іх ілюзорную прыроду. Вырвіч з-за гэтага не падзяліўся сваймі здагадкамі пра асобу скаральніцы агню.

Але Лёднік маўчаў — не сказаў чамусьці ні слова, пакуль іх не рассялілі па пакоях, дзе кожны змог пераапрануцца і вымыцца. Спачывальні Лёдніка і Пранціша аказаліся ў розных канцах калідора. Вырвіч сцягнуў абрыдлую аксамітную маску, што стала аж вільготнай, бухнуўся на ложак, засланы мядзвежай скурай, і, гледзячы ў столь, перакрэсленую чорнымі бэлькамі, яскрава ўявіў, як падхоплівае таненькую залацістую фігурку на рукі і нясе падалей ад згубнага агню, і прынцэса — ну чаму яна не можа сапраўды ёю быць? — пазірае трывожна-ласкава…