Изменить стиль страницы

Пранцішавы мроі перабіў стук у дзверы — зайшоў слуга, каб правесці на вячэру. Маску зноў давялося надзяваць, хаця ў палацы зрабілася ціха, і за вокнамі больш не чулася грукату капытоў і колаў: госці раз’ехаліся гэтак жа таемна, як з’явіліся. Во цяпер павет будзе гудзець ад пагалосак… Такога напрыдумляюць урэшце, не адрозніш, што насамрэч на сеансе магіі было.

Праз нейкі час Вырвіч апынуўся ў маленькім пакоі з зачыненымі аканіцамі, дзе быў накрыты стол на шэсць персон. Пакой асвятляўся свечкамі ў бронзавых падсвечніках у выглядзе райскіх дрэваў, якія стаялі на стале, таму здавалася, што вакол сціскаецца кола няўтульнай цемры. Памяшканне, цалкам прыдатнае да таемных перамоў. Але саксонскі парцалянавы посуд пабліскваў вясёлкавай глазурай, цытрыны і апельсіны ў вазах свяціліся, як маленькія сонцы… Графін з віном, чырвоным, як пакаранне егіпецкае, таксама надаваў утульнасці. Лёднік і абодва езуіты, таксама ў масках, былі ў наяўнасці. Драгун усеўся каля былога слугі і пачаў гадаць, хто ж яшчэ сядзе з імі. Няўжо гаспадары маёнтка?

І ледзь не самлеў, калі насупраць на крэсла з высокай спінкай з абрысамі гатычнага сабору апусцілася пані Серафіна Батыста. Цяпер яна была апранутая па палацавай модзе, глыбокі выраз гарсету прыкрывала бялюткая, як студзеньская шэрань, карункавая венецыянская хустачка, на шыі і ў вушках ззялі дыяменты, а вось у напудраным парыку, нагадваючы пра незвычайнае паходжанне дамы, замест штучных птушак ці кветак віліся зялёныя бліскучыя змейкі, на шчасце, таксама штучныя. Насупраць Лёдніка аказаўся пан Батыста, а Грос і Шрэдэр азіралі бяседу з тарцоў стала, як спрактыкаваныя шпегі. Шрэдэр, хаця й моцна саслаб пасля падарожжа ў сутарэнні, сачыў за ўсім даволі пільна.

Калі лёкаі, разліўшы напоі па келіхах, выйшлі з пакою, пан Грос асабіста праверыў, ці не падслухоўвае хто пад дзвярыма, зачыніў іх на ключ і толькі тады зняў маску. Адкрылі абліччы і астатнія. Пан Грос прадставіў Батыстам Вырвіча і Лёдніка, прачытаў кароткую малітву, і крышталёвыя кубкі пачалі пусцець, застукалі відэльцы аб парцаляну…

А Пранціш лупіў вочы на суседку і ўсё не мог да канца паверыць, што перад ім прыгонная актрыса, якую ў ягонай прысутнасці білі кіем. А раптам… ну можа ж такое быць — у Міхалішыўны ёсць двайнік, можа, егіпецкая прынцэса з невымаўляльным імем выбрала сабе аблічча звычайнай зямной дзяўчыны, каб вярнуцца з небыцця? Ды якія толькі дурныя фантазіі не лезлі ў галаву драгуна, таму што пані Серафіна пазірала на яго так загадкава, столькі абяцання было ў яе светла-зялёных вачах… Быццам камень, як ён там называўся, хрызапраз, ці што? Лёднік паказваў —празрыста-зялёны, пералівісты, унутры светлая рысачка мігціць… Алхімік тлумачыў — людзі верылі, што камень гэты адганяе злых духаў, адводзіць сурокі і не падпускае да ўладальніка нядобразычліўцаў.

Хто б ні была кабета насупраць — драгун, ды яшчэ асушыўшы пару келіхаў сапраўднага венгерскага віна, быў гатовы рушыць за ёю хоць на край зямлі… Бо менавіта яму пані зараз усміхнулася пульхнымі вуснамі. І чаму там, у зале, падалося, што ў яе вачах туга і безнадзейнасць? Пранцысь нават прапусціў частку застольнай размовы… А яна, ціхая, адрывістая, вялася. Драгун, адарваўшыся ад куртуазных марэнняў, са здзіўленнем зразумеў, што абмяркоўваюцца дэталі далейшага сумеснага падарожжа. Усе паедуць у карэце графа Батысты. Экіпаж вялікі, адно дадатковае сядзенне раскладаецца, можна скарыстаць для хворага.

Ясна, хочуць магчымых пераследнікаў збіць з тропу. На заставах пыталіся ўжо пра іхнюю карэту. Напэўна, золата перагрузяць у экіпаж мага. Ён жа чаго толькі, пэўна, з сабой не возіць, каб паказваць свае цуды… Адно люстра ды скрыня для вуголляў цэлы воз зоймуць.

Пра фокусы зараз жа гаворка і зайшла. Што егіпецкі жрэц і полацкі алхімік, знаўцы навук таемных, счэпяцца, як два пеўні на адным двары, можна было прадказаць адразу. Напачатку абодва знарочыста адзін аднаго не заўважалі. Потым пайграліся ў «глядзелкі» — пасля таго, як граф Батыста наплёў нешта пра ахвярапрынашэнні Тот-Амону, у якіх яму даводзілася ўдзельнічаць туманістую прорву вякоў таму, і Лёднік выдаў рэпліку, што Тот-Амон, паводле расшыфраваных гліняных таблічак, ніякі не бог, а жрэц, і чалавечых ахвяраў не патрабаваў, і граф, пэўна, праз столькі гадоў штось падзабыўся, тым болей і іерогліфы на ягоным халаце вышытыя дагары нагамі.

І панеслася… Абодва магі, раскаяны і нераскаяны, пазіралі з мілымі ўсмешкамі адзін аднаму ў вочы хвілінаў дзесяць, так што здавалася, пастаў паміж іхнімі позіркамі жалезны шчыт — праб’юць наскрозь, як дзідамі. А гэты Батыста, хоць і шалбер, не слабы, таксама таемнымі ўменнямі валодае… Пранціш ведаў, што такое вытрываць позірк раззлаванага Лёдніка — калі той захоча, з месца не скранешся. Праўда, Батыста вочы ўрэшце адвёў — прыкінуўшыся, што яго ўвагу адцягнула пытанне пана Гроса. Потым, адказваючы на тое пытанне, як бы між іншым пакруціў у руцэ лыжку, і яна ў ягоных пальцах сама па сабе сагнулася, нібы з воску зробленая. Батыста, не перастаючы гаварыць, паклаў яе на стол, бліжэй да віленскага прафесара… Той, як бы таксама між іншым, сагнутую цудадзейным чынам лыжку ўзяў, падняў вертыкальна, трымаючы за кончык, і яна сама па сабе выпрасталася, прымусіўшы Батысту скрыгатнуць зубамі.

Вырвічу ажно смешна зрабілася. Прафесар да фокусаў апусціўся! Далібог, як шкаляры. Хоць бы не пабіліся… Езуіты, занятыя абмеркаваннем палітычных падзеяў у Еўропе — а менавіта лёсам сына памерлага Аўгуста Саса, пазбаўленага надзеі на трон хлопчыка, які зараз жыве ў радавым замку ледзь не на становішчы вязня, таксама назіралі за прыхаваным паядынкам, што адбываўся за сталом, з паблажлівай іроніяй. Вось толькі егіпецкая прынцэса чамусьці выглядала ўсё больш устрывожанай… Нават пераляканай.

— Раіў бы пану наступным разам лепш паправіць люстэрка ў праектары, які знаходзіцца пад магічным шарам, — ветліва — атрутна прамовіў да італьянца Лёднік. — Малюнак трохі скоса адлюстроўваецца, гледачы могуць штось западозрыць.

Батыста расцягнуў вусны ва ўсмешцы, ягоныя шэрыя вочы былі халодныя, як ледзяшы.

— Бачу, што пан прафесар не верыць ні ў магнетызм, ні ў магчымасць выхаду ў сусветны эфір. Хоча ўсё вытлумачыць навукова. Але — вось агонь, адна са стыхій… З добра вядомымі і вывучанымі ўласцівасцямі… Але наўрад пан можа навукова растлумачыць, чаму гэты агонь часам не апякае пяшчотную жаночую скуру?

Батыста падняў даланю, скіраваўшы на падсвечнік, зрабіў ледзь заўважны імклівы рух наперад — і дзве скрайнія свечкі згаслі, мутныя кроплі воску пацяглі па бронзавым ствале падсвечніка, быццам перадсмяротныя слёзы па цёмным твары старога фараона. Лёднік спахмурнеў — бо сам жа так і не засвоіў загашванне агню на адлегласці. Так што пахваліцца ў адказ не было чым. Таму зноў пачаў біцца на словах.

— Скокі на гарачых вуголлях — з’ява даволі распаўсюджаная ў свеце, — голас прафесара гучаў, як на лекцыі. — Сам я не бачыў, але чуў ад аднакурсніка-балгарына, што такія скокі ёсць у яго краіне — там гэта практыкуюць у кожнай вёсцы. Уменне перадаецца ў сям’і з пакалення ў пакаленне. Называецца такі звычай несцерыянства, лічыцца хрысціянскім подзьвігам, таньчаць часам з абразамі ў руках. Дзяўчыны нярэдка гэтым займаюцца. Думаю, увесь сакрэт у рухах — калі пераступаць нагамі хутка, трымаючы падэшву паралельна гарачай паверхні, як бы слізгаць, скура не паспявае награвацца і не ўтвараецца апёкаў.

— Значыць, і вы, прафесар, маглі б самі гэтак прайсціся па агні? — мякка спытаўся сіньёр Батыста. — Ведаеце, нам увесь час даводзіцца сутыкацца з энтузіястамі, гатовымі давесці сваю мужнасць і спрыт, якія запэўніваюць, што разгадалі сакрэт фокуса. Калі ж, нягледзячы на папярэджванні, яны кідаліся на вуглі, заўсёды заканчвалася апёкамі. Дык як, прафесар, рызыкнецё?

Езуіты з цікавасцю ўтаропіліся на Лёдніка. Наўрад яны будуць яго стрымліваць — а чаму б не пацешыцца забаўным відовішчам, як упарты дурань шукае гузака? Лёднік трохі пачырванеў. Вырвіч разумеў, што яго настаўніка ажно распірае ад жадання прыняць выклік, але ж розуму да канца не адняло ад азарту спрэчкі. Павінен жа палачанін разумець, што палезе зараз на гарачае вуголле — хутчэй за ўсё зганьбіцца, ды яшчэ і скалечыцца. Пранціш нават стукнуў з усяе моцы ботам па назе доктара, так што той ледзь не засычэў ад болю, але стрымаўся і, апусціўшы вочы, прагаварыў: