Изменить стиль страницы

Побач прайшла гандлярка рыбай, распаўсюджваючы вакол характэрны пах. Сукенка са шчыльнай тканіны і сцёганая спадніца рабілі постаць бясформнай і як высечанай з каменю, на галаве, паўзверх каптура, кабета несла кошык з таварам, у зубах дымілася кароткая люлька. Падобна, гэтая баба з Білінсгейтскага рынку магла б пабарукацца нават з панам Гервасіем.

Гандлярка ацэньваючым позіркам слізганула па засмучоных панах, нешта праспявала грубым голасам — мяркуючы па тым, як тузануўся Лёднік, дужа непрыстойнае, і пайшла сабе далей, няўмольная і незразумелая, як сам гэты горад.

Такая ў ручку пана цалаваць не стане.

Лёднік уздыхнуў, паглядзеў у шэрае неба, якое пачынала цямнець.

— Заўтра штось прыдумаем. Клічце, пан Вырвіч, рамізніка, паехалі ў гатэль.

А тады пачаўся яшчэ адзін цуд — таму што з надыходам на горад цемры паўсюль, каля кожнага дзясятага дому, пачалі запальваць ліхтары. Цэлая армія ліхтаршчыкаў, у высокіх капелюшах, з доўгімі палкамі на плячы, спрытна сноўгала ад ліхтара да ліхтара… У асветленыя кругі выходзілі жанчыны ў модных капялюшыках, грэючы рукі ў футраных муфтачках, прыхіляліся да ліхтароў у галантных позах, прахаджваліся, вызіраючы кліентаў. А галоўнае — вітрыны! Зашклёныя, вялікія! Усе крамы ззялі, як вокны палацу падчас балю. Светла было, як днём. Вось бы так учыніць у Менску і Вільні!

РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ

ЛОНДАНСКІЯ КРУГІ

Злавіў ліцвін у лесе русалку, якая ўблыталася валасамі ў ягоную барану, дамоў, радасны, прывалок — а красуня гнілой рыбай смярдзіць, у валасах сараканожкі бегаюць, вішчыць, ажно галава баліць, ні да працы, ні да любошчаў… Памучыўся хлапец, памэнчыўся, дый завалок здабычу назад, у лес.

Чым бліжэй была таямніца доктара Дзі, тым трывожней рабілася Пранцішу, і ўсё часцей думалася — якога ражна ім той вогненны меч здаўся? Ці не давядзецца моцна расчаравацца? Нават жалезная чарапаха, узброеная гарматамі, якую калісьці зрабіў знаёмец Лёдніка Якуб Пфальцман для князя Гераніма Радзівіла, толькі случчанаў папалохала ды сцены пашчапала.

Калі яны вярнуліся ў гатэль, доктар, трохі адпачыўшы, узяўся за гімнастычныя практыкаванні, якія быў закінуў на караблі, калі зваліўся з марской хваробай. Потым рассунуў мэблю ў іх пакоі да сценаў, пазычыў у пана Бжастоўскага шаблю і ўчыніў пры святле свечак і каміну такі трэнінг па фехтаванні, што ў Пранціша і пана Агалінскага, якія мусілі ўдвох нападаць на доктара, кашулі сталі хоць выціскай. А Лёднік, арудуючы то адной шабляй, то двума адразу, усё быў сабой незадаволены. Хаця пан Агалінскі, у якога шабля чамусьці ўсё вылятала і вылятала з рукі, быў незадаволены яшчэ больш, калі не сказаць — раз’юшаны, і біўся наўсур’ёз. Потым Пранціш бачыў, як доктар пра нешта шэпчацца з гатэльшчыкам, суе яму грошы і цыдулку, а гатэльшчык з той цыдулкай некуды адсылае юнага служку.

А з кім доктар рыхтуецца схапіцца — так і не патлумачыў.

Нараніцу ўрок паўтарыўся, хоць і карацейшы. Доктар пабурчэў, што старэе, што кісці рук недастаткова гнуткія, і скача ўжо недастаткова хутка — ага, недастаткова, дваіх маладзейшых загнаў, як п’яны драгун коней, — і загадаў збірацца. Прычым склаў у доктарскую скураную валізу, якую тут набыў замест скрадзенай, бутэлечкі з лекамі, тканіну для перавязкі, маток шаўковых нітак з застрашліва вялікай крывой хірургічнай іголкай… Значыць, бойка будзе сур’ёзнай. Нездарма паспрабаваў пакінуць у гатэлі паненку Багінскую. Але Паланэйка на ўгаворы і застрашванні толькі злосна прагаварыла: «Камандваць будзеш дома жонкай, доктар».

Лёднік намёк пра зняволенне Саламеі зразумеў, сціснуў зубы і адвярнуўся.

Пан Гервасій радасна заўважыў, што даўно трэба было здабыць жаданае сумленнай шабляй, а не разводзіць марцыпаны… Але паехалі яны не ў бок абацтва тампліераў, а бліжэй да ракі. Лёднік адпусціў фурмана ў самым падазроным месцы, дзе чарнелі пачварныя збудаванні партавых складоў і швэндалася мноства самага злавеснага люду. Каля вузкага праходу між двума складамі, які пакідаў адчуванне пасткі і дзе знікалі мінакі — і чыста злодзейскага выгляду, і джэнтльмэны з карункавымі манжэтамі, стаяў, прываліўшыся да сцяны, грамідла ў скураной камізэльцы, скрыжаваўшы на грудзях рукі, якімі, напэўна, можна было выціскаць з камянёў ваду. Доктар з грамідлам пашаптаўся, сунуў манету… Той кіўнуў: праходзьце, маўляў.

І яны прайшлі.

Напачатку ўразіў шум. Людзі ў вялікім пустым памяшканні штурхаліся, крычалі… Пры сцяне мелася спецыяльная ложа, як у тэатры, там збіралася радавітая публіка. Прысутнічалі нават дамы ў вялізных капелюшах з упрыгожваннямі ў выглядзе маленькіх караблёў ды птушак, твары некаторых прыкрывалі маскі і вэлюмы. Дамы адчайна махалі веерамі, дэманструючы хваляванне тонкіх сваіх натур. Праз шэрагі вокнаў з запыленымі шыбамі праходзіла дастаткова святла, каб разгледзець да драбніцаў усё, што адбываецца на вольнай пляцоўцы пасярэдзіне залы, вакол якой кругам тоўпіліся гледачы. Зараз на ёй біліся два пеўні.

— Ты куды нас прывёў? — крыкнуў Лёдніку на вуха, перакрываючы тлум, пан Гервасій. — Мы што, на пеўняў зараз будзем ставіць?

— Гэта месца з самымі высокімі стаўкамі ў Лондане, — адказаў доктар. — Цяпер — толькі пачатак. Пасля будзе бойка на кулаках, а на завяршэнне — з халоднай зброяй.

Між тым чорны певень канчаткова задзёўб белага, і людское кола як па камандзе хуценька расступілася ўбакі, вызваляючы шырэйшы пляц. У руках забразгалі манеты, замільгалі папяровыя грошы, і пад ухвальныя выкрыкі на пляцоўку, закрапаную пеўневай крывёю, выйшлі два паўаголеныя байцы з кулакамі, абматанымі рамянямі.

Людзі зараўлі.

— Што яны ўсе выкрыкваюць? — папыталася панна Багінская. — Калі жанчыны біліся ля гатэлю, крычалі тое самае.

— Улюбёная фраза лонданцаў: «У круг!». Гэта значыць, будзе бойка, — спакойна адказаў доктар.

— Бутрым, ты што, збіраешся тут біцца на шаблях? У гэтай разбойніцкай ламарні? — з жахам здагадаўся Пранціш. — Ты ж прафесар! Вучоны!

— Ну вось, калі што, сам сябе і вылечу. Дарэчы, трымай лекі… Маеш шанец на медычную практыку.

Пранціш з самымі кепскімі прадчуваннямі прыняў цяжкую валізку.

Панна Багінская стаяла, грэбліва скрывіўшы тварык, і яе ніяк не цікавіла, якім чынам у сто першы раз зламае рабому боўдзілу нос другі боўдзіла, валасаты, як малпа.

— Вось скажыце, доктар, чаму вы заўсёды выбіраеце самы няўдзячны і стратны для ўласнага здароўя шлях? — з агідай папыталася панна. — Хіба цяжэй было прапанаваць якой герцагіні павялічыць яе дыяменты, вылечыць ад прышчоў альбо скласці парфуму, каб любы мужчына ад паху траціў галаву? Далібог, я б сама за такое не пашкадавала тысячу талераў!

— Заставалася за адзін дзень знайсці даверлівую герцагіню з лабараторыяй, павялічыць дыямент, скласці парфуму, вылечыць прышчы, а напачатку яшчэ ператварыцца ў шалбера, — прабурчэў доктар.

Людзі зараўлі, валасаты бамбіза, які перамог рабога, трос рукой з заціснутым у іх стосам папяровых грошай.

— І колькі ён атрымаў? — пацікавіўся Амерыканец.

— Фунтаў дваццаць, — мяркуючы па выразе твару, і Лёдніку не надта былі цікавыя кулачныя разборкі.

— Да тысячы далёка, — насмешна прамовіў пан Гервасій.

— Плацяць пераможцу кожнай бітвы, таму чым болей выйграеш боек — тым болей атрымаеш. І з кожнай бойкай прыз расце. Апошні з кулачных байцоў, які пераможа ўсіх, атрымае не менш за трыста фунтаў. А самыя вялікія грошы выплочваюцца падчас збройных паядынкаў.

— Але ж няма ніякай пэўнасці, што набярэцца менавіта тысяча! — абурыўся Пранціш.

— Значыць, трэба біцца, пакуль не набярэцца, — скрозь зубы прамовіў Лёднік і ўтаропіўся на пляц.

— У круг! У круг! — загарлалі гледачы. Высокі нязграбны дзядзька з лысым шышкаватым чэрапам стукаў сябе ў грудзі кулаком і нешта выкрыкваў, відаць, не знаходзячы суперніка. Раптам у кола выйшаў малады плячысты джэнтльмэн, які на хаду здымаў дарагі камзол.

— Гэта хто? — уразіўся пан Агалінскі.

— Мяркуючы па выкрыках, лорд Кавендзіш, — здзівіўся і Пранціш. — Няўжо сапраўдны лорд?