Изменить стиль страницы

"Сумленне… Сумленне…" — было ў галаве, калі ён, узняўшы вочы, зноў паглядзеў на Сцяпана. Той не зводзіў шчырага, трывожнага позірку; як бы бачыў, што прысуд яму вырашаецца цяпер, у гэты момант. Гэты позірк — трывога i надзея, жывая надзея, жывы лес чакалі ад Апейкі праўды i смеласці. "Чалавек з цябе, канешне, можа выйсці. Непаганы чалавек, карысны…" — падумаў ён, гледзячы ў Сцяпанавы вочы. У думках прайшло раптам яснае, вясёлае: "От яна — новага сіла, ад самога Глушаковага дрэва адрывае галіны. Роднага сына адарвала!" За гэтым зразу ж, вясёлае, дужае, выспела рашэнне: "Што ж, так i быць: бяры ты, плынь, нясі яго з сабою. Мый, чысці для новага, для нашага жыцця!.." Апейка ўстаў з-за стала. Цвёрда паклаў на стол далонь.

— Добра. Пагавару, уладжу ўсё.

— Уладзіце?! — Сцяпан ускочыў. Не верыў яшчэ.

— Толькі — каб не падмануў потым. Каб не прыйшлося чырванець.

Ён як пакляўся:

— Не будзеце!

— Ну, тады — бывай здароў! — Апейка падаў яму руку.

— Бывайце здаровы!

Сцяпан вылецеў з кабінета.

Апейка глядзеў з-за стала: уваходзіў той, з доўгімі жаўтлявымі кудламі. Ціха, акуратна прычыніў дзверы за сабой, зняў зайцовую шапку, няўпэўнена пакланіўся:

— Добры дзень жалаю вам!

Апейка адказаў, не тоячы цікаўнасці. Цяпер ён бачыў, што не памыліўся: поп. А каб не доўпя космы, дык i не думаў бы, спаткаўшы дзе-небудзь: світа рудая! зайцовая шапка, дужыя чырвоныя рукі — селянін, не хто іншы. Рукі каравыя, жылаватыя, відаць, што ў зямлі корпаліся. І пастава важкая, сутулая. Толькі от рукі з зайцовай шапкай на жываце — склаў, як на казанні…

Бачыў, маладыя карыя вочы таксама нізалі, выведвалі яго.

— З чым прыйшлі? — запытаў стрымана, афіцыйна. Не толькі таму, што не любіў гэтых божых служак, a i таму, што хацеў, каб гаворка пайшла зразу ў строгім, афіцыйным кірунку.

— Прыйшоў я з рашэннем вялікім, — пакорліва загаварыў поп. — Вялікім — для мяне, бо яно павінна зразу перамяніць увесь строй майго ранейшага жыцця… — Не зводзячы вачэй з Апейкі, як бы нецярпліва чакаючы прысуду, ён сказаў:—Я рашыў змяніць чорную расу свяшчэнніка на сялянскую світку.

Апейка адказаў з іроніяй:

— Вы ўжо змянілі яе.

— Змяніў,— спакойна згадзіўся ён. — А сэрца яшчэ раней. Ужо даўно пад уплывам савецкай газеты "Правда" i журнала "Бязбожнік" я прыйшоў да вываду, што Бога няма. І што рэлігія, як правільна вучаць бальшавікі, ёсць опіўм народа. І той, хто служыць рэлігіі, ёсць абманшчык, які ідзе супроць народа i савецкай улады… Газета "Правда" i журнал "Бязбожнік", якія я чытаю ўжо другі год, адкрылі мне вочы, i я не хачу болей служыць рэлігіі i абману. Я хачу цяпер служыць савецкай уладзе, штоб выкарчоўваць святы дурман з людскіх галоў. Я прыйшоў да вас з адзінай мэтай, каб атрымаць яснае настаўленне, што мне трэба рабіць для гэтага…

Пільныя карыя вочы ўвесь час не выпускалі Апейку. Апейка глядзеў на здаровы, загарэлы твар, на гладкія чырвоныя шчокі i тоўстыя губы, якія, мабыць, любілі смачненькае, i думаў: "Хітры, разумны. Лic… Пачуў, што паленым пахне… Што — лепш пераадзецца…" Не тоячы, што не вельмі верыць у шчырасць папоўскага ўчынку, сказаў усё ж:

— Гэта — пахвальна, што вы рашылі…— Памаўчаў, проста зірнуў у карыя вочы, чужа, востра: няхай бачыць, што ён, Апейка, разумее ўсё, як яно ёсць. — Значыцца, вы пытаецеся, што рабіць… каб памагчы нам?

— Іменна па гэта я прыйшоў да вас.

— Вельмі добра. Калі так, растлумачу. — У іранічным ладзе Апейкавай гаворкі паявілася дзелавітасць. — Вы — свяшчэннаслужыцель. Служка рэлігіі, якая, як вы сам сказалі, дурманіць людзей. Так, рэлігія — мы не тоім гэтага — адна з самых чорных сіл, якая перашкаджае нам, бальшавікам. Адна з самых чорных i ўчэплівых. Нашы агітатары самі ў рэлігіі — слабаватыя, агітацыю вядуць, не ведаючы добра справы, наогул. Вы ж, мабыць, прадмет гэты ведаеце дасканала?

— Я вучыўся мала.

— Ну, усё-такі больш за нашых. Ведаеце канкрэтна, з фактамі. У вас ёсць веды. — Дужая, з жаўтлявымі пасмамі, галава сціпла кіўнула: веды такія-сякія, канешне, ёсць. Апейка параіў: —От i павярніце веды свае супроць рэлігіі!

— Я паспрабую.

— У вас гэта павінна добра выйсці. У вас не толькі веды, a i — аўтарытэт! Сам слуга божы — супроць! Гэта само па сабе значыць штосьці!..

Поп кіўнуў галавою: кіўнуў важка, як бы паказваючы, што справа гэта ўся няпростая яму. Падзякаваў Апейку за параду, паказаў нават, што збіраецца ісці, схамянуўся, зірнуў заклапочана:

— Даруйце, але цяпер, калі я пераступаю на новую сцежку, на плечы мае кладуцца i зямныя турботы. Мне трэба думаць пра тое, каб зарабіць свой сумленны кавалак хлеба. У сельсавеце ёсць вакансія начальніка попгіы…

У Апейку зноў уліп дапытлівы позірк. Апейка не чакаў гэтага, задумаўся, параіў потым:

— Вакансіі будуць. Папрацуйце, пакажыце сябе. Там — паглядзім.

— Вы не сумнявайцеся ва мне. Я прынёс вам душу, якая прагне ачышчэння…

— Я не сумняваюся. Мы будзем меркаваць пра вас па тым, што i як вы будзеце рабіць…

— Я буду рабіць з чыстай душой. Толькі мне б хацелася, каб вакансія…

— Вакансіі будуць.

Поп зірнуў на Апейку i надзеў зайцовую шайку.

2

За акном ужо вечарэла, i Апейка апрануўся, каб ісці дадому абедаць, калі ў кабінет уварваліся двое: старая i дзяўчына.

— Ой, Божачко ж, Божа! — залямантавала старая, як толькі убачыла яго. Яна была ў адчаі.

— А што, што здарылася? — здзівіўся Апейка.

Старая — дробная, сухенькая — на яго пытанне толькi залямантавала галасней; ён павёў позіркам на дзяўчыну. Дзяўчына, пачырванелая, кусала губы i ледзь стрымлівалася, каб не расплакацца, як маці.

— Мар’я Мацвееўна! — узяў Апейка старую за локаць. — Я плачу не разумею i слёз не люблю! Скажыце мне толкам, чалавечымі словамі!.. — Ён лагодна пасадзіў старую на крэсла, стаў, чакаючы, што яна вытра слёзы, загаворыць; але старая загаласіла яшчэ горш. Апейка перахапіў слёзны позірк дзяўчыны, знарок недавольна, з папрокам паківаў галавою: ай, ай, хіба так можна?!

Дзяўчына хліпнула, няёмка выцерла слёзы, схілілася над маткаю:

— Мамо, мамо… Не трэба… Не трэба, мамо!..

Маці трохі прыціхла, але не пераставала плакаць.

— Божачко ж, Бож-жа… — гаварыла яна праз слёзы, хітаючы горка галавою. — Што ж ето будзе… Божжачко ж, Бож-жа…

Дзяўчына раптам схамянулася, нібы шгосьці згадаўшы, выпрасталася, хутка сунула руку пад картовы каптан. Рашуча выхапіла з-за пазухі нейкую пакамечаную i згорнутую паперу, падала Апейку. У той жа момант выхапіла паперу з Апейкавых рук, разгарнула, пашукала неспакойнымі, нецярплівымі вачыма; падала зноў Паказала, што трэба глядзець. Гэта была газета, мінская газета. Апейку зразу кінулася ў вочы вострае, калючае, чорнае: "Нацдэмаўскі падбрэхіч".

Першыя ж словы захапілі ўвагу так, што на час забыў i пра дзяўчыну, i пра маці, што яшчэ ківалася, горка божкала, страшачыся невядомасці. "У гэты сусветна адказны час… калi класавая барацьба бязмежна абвастраецца… класавы вораг выкарыстоўвае любыя метады, каб расстроіць шчыльныя шэрагі бальшавіцкай моладзі… каб адхіліць ix, a ў канчатковым выніку — адарваць ix ад генеральнай лініі бальшавіцкай партыі… Асаблівую ролю адыгрываюць у гэтым ланцуговыя сабакі, наёмныя служкі сусветнай буржуазіі i сусветнага нацыянал-фашызму, нацдэмакраты розных масцей i гатункаў. Гэтыя вылюдкі, злейшыя ворагі працоўнага чалавецтва, спадзяваліся на нашу палітычную слепату, спадзяваліся, што ім удасца непрыкметна пралезці ў нашы рады, тайна весці сваю брудную работу буржуазных паслугачоў. Але ix разлікі праваліліся: дзякуючы вострай бальшавіцкай пільнасці, вужачыя гнёзды гэтых замежных падкідкаў-нацдэмаў выкрыты, i па ix раз’юшаных руках ударана са ўсёй бальшавіцкай прынцыповасцю i смеласцю. Уся студэнцкая грамадскасць з энтузіязмам ухваліла гэтыя неабходныя меры. Аднак мы не можам закрываць вочы на такія агідныя факты, што сярод некаторай, няхай нязначнай, часткі моладзі ў мінскіх інстытутах знайшліся аслепленыя, страціўшыя класавае чуццё інтэлігенцікі, якія не толькі не далучыліся да суцэльнай масы студэнцтва, а фактычна сталі на бок выкрытых i асуджаных усёй масаю нацдэмаўскіх багоў. Адзін з такіх нацдэмаўскіх падбрэхічаў — так званы "паэт" Алесь Маёвы… — Апейка, хоць ужо здагадваўся, пра каго гаворка, запыніўся: — Алесь Маёвы… так званы "паэт" Алесь Маёвы… у сваім лакейскім асляпленні дакаціўся да таго, што нават выступіў на сходзе літфака… дзе спрабаваў узяць пад абарону… выкрытых багоў з бруднага нацдэмаўскага балота… Вось да чаго можа давесці страта класавага чуцця… i пагарда разбэшчанай "паэтычнай асобы" да імкнення i волі калектыву. Камсамольская ячэйка правільна зрабіла, што прынцыпова разабрала гэтую анархічную вылазку… i ўдарыла па руках наваяўленаму… нацдэмаўскаму падбрэхічу i адвакату… Камсамольская ячэйка універсітэта з уздымам… выключыла… "паэта" Алеся Маёвага… з шэрагаў камсамола… як адшчапенца i — перараджэнца… Камсамольцы універсітэта аднадушна рашылі так-сама хадайнічаць… i аб выключэнні Маёвага з універсітэта… У універсітэце не павінна быць месца… разлажыўшымся нацдэмаўскім падпявалам… i перараджэнцам!.."