Изменить стиль страницы

— Не…

— Недалікатныя…

— Далікатныя, то ж у дзяцей…

— У гарадскіх дзевак, кажуць, мяккія, гладзенькія. Як падушачкі.

— Ведамо, чыстая работа… Не з віламі…

Яны зноў маўчаць, але маўчанне гэтае радаснае, чыстае, ад яго весялосць у грудзях шырыцца. Прыціскаючы да сябе Ганніны рукі, Васіль нарэшце гаворыць:

— Ты, мабуць, б'ешся балюча…

— Баішся? — лагодна смяецца Ганна і дадае: — Я злая, як што не па мне! Хведзька аж дзіво як баіцца!

— А я дак — не баюся…

— Глядзі, які смелы стаў! Герой!

— І цябе, і языка твайго… усё адно…

— Уга, смелы!

Жартам сваім Васіль хавае дзіўнае жаданне, якое даўно не дае спакою: чамусьці вельмі хочацца пацалаваць яе. І, разважыўшы, быццам нічога асаблівага, не вялікі страх, а не можа Васіль асмеліцца. Не было яшчэ ніколі такога, маці і то, як помніць, не цалаваў. Калі толькі падумае, што зараз пацалуе Ганну, ніякавата робіцца, адразу сорамна і трывожна, але неадчэпа-спакуса, ліха на яе, не адыходзіць, нават з часам мацнее. У другіх хлопцаў гэта вельмі проста. Хоня-гарэза — той і на танцах, пры людзях, бывае, пацалуе, і яму хоць бы што!

А Васілю цяжка. У яго ўсё выходзіць няпроста.

— Ой, не цісні так пальцаў! — просіць Ганна.

— Я ж не вельмі…

— Не вельмі! Аж трываць няможна!..

Васіль адпускае яе рукі. Доўга пасля гэтага стаіць ён моўчкі, тоячы ў душы крыўду. Падумаеш, якая далікатная, трошачкі ад душы пальцы паціснуў, а яна ўжо трываць не можа! Не хоча, ну і не трэба! Ён і зусім можа за рукі не браць! І не возьме.

І так не ў меру для сябе пагаварыўшы перад гэтым, адасоблены ў думках, ён маўчыць доўга. Маўчанне, як і раней, яго, аднак, не бянтэжыць, Васіль яго нібы і не заўважае. Ён і то аж дзіва гаваркі з Ганнай зрабіўся, другія, бывае, з яго слова не выцягнуць. Васіль не ахвочы да пустой гаворкі.

Шумяць, шапочуць грушы. Недзе зайшоўся брэхам сабака, яму падсабіў другі. Сабакі хутка ўціхаюць, і ўжо зноў толькі грушы шумяць…

Васіль маўчыць, не зважаючы на тое, што Ганна пачынае неспакойна варушыцца, паглядвае на яго з нецярплівасцю.

— Гляджу я на цябе і думаю… — кажа Ганна і знарок змаўкае.

— Што?

— Кавалер з цябе вясёлы!.. Усё адно як вада ў роце!

Васіль ужо гатоў быў зноў пакрыўдзіцца, але Ганна добра, шчыра просіць:

— Скажы што-небудзь!..

І ў Васіля ад гэтай яе добрай шчырасці гатовая ўзняцца крыўда ўраз ападае. Ён, падвесялелы, думае, шукае, што ёй сказаць.

— У Карча вараны жарабец нагу на цвік насадзіў… Кульгае… Корч ездзіў у мясцечко па дохтара…

— Аге, я яго бачыла. Ён вёз яго ўжэ пад вечар…

— Пад вечар…

— Ну, то бачыла. Стары сам, як грак, сядзеў з пугай… І што — будзе ён бегаць, жарабец той?

— Кажуць, будзе. Але, мабуць, папарваў на сабе валасы стары Корч… пакуль супакоілі, — са злой радасцю дадаў Васіль.

Ганна неспадзеўкі прамовіла:

— Ты бо зайздросціш?

— Я? Не… — асекся Васіль. — Е чаго!

Ён зноў змоўк, і, можа, надоўга б, але раптам успомніў важную навіну, якую пачуў днём на полі.

— Кажуць, землю нанаво перарэзваць будуць!

— Аге ж, і я чула. Жанкі на выгане гаварылі…

— Добра б. А то некаторыя — расселіся, як паны. Усё лепшае пахапалі!..

— Мабуць, праўду кажуць. Парадкі цяпер такія, што могуць перадзяліць па справядлівасці.

— Корч які кавалак адхапіў! Каля цагельні!.. А другім — дак пясок ці балото!

— Зямлі мало, душацца людзі…

Васіль думаў узрушана, недаверліва.

— Не дадуць яны перамераць! Гады такія!..

— Хто?

— Багацеі! — Але не вытрываў, сказаў горача, як мару: — Штоб мне — у тым ражку, што за цагельняй! Я б паказаў!

— Ахвотнікаў багато на тое…

— Аге, ухопіш за імі…

Неспадзеўкі блізка прарэзліва кукарэкае певень, і Ганна азіраецца, заўважае, што неба на ўзболатку ўжо вельмі пасвятлела, нават крыху пачало брацца чырванню. Яна адхіляецца ад Васіля, заклапочана перавязвае хустку.

— Развідняе ўжэ. Ісці трэба…

— Шчэ трохі…

— Не. Мачыха хутко ўстане…

Абдымаючы яе на развітанні, Васіль з рашучасцю, блізкай да адчаю, думае: ці цяпер, ці ніколі! Ён заплюшчвае вочы і прыкладвае губы да Ганнінага твару, пацалунак трапляе ў скронь. Учыніўшы гэта злачынства, ён апускае галаву і чакае прысуду. Ганна таксама стаіць апусціўшы галаву.

— Васіль, — ціха кажа яна, як бы перасільваючы сябе. — Ты мяне любіш?

— А як жа…

— І я…

Яна звешвае галаву яшчэ ніжэй, потым неспадзеўкі ўскідвае яе, і Васіль бачыць, што вочы яе, цёмныя, глыбозныя ў блеклым ранішнім святле, радасна блішчаць. Яна раптам абвіла Васіля моцнымі рукамі, прытулілася ўся і з нейкай урачыстасцю, сур'ёзнасцю, з выразам чалавека, які ведае ўсю глыбіню бездані, у якую кідаецца, прыпала сваімі вуснамі да яго.

2

Нібы праз туман, даходзіла да Васіля, як жылі гэтымі днямі Курані.

Было найбольш звычнае. Як і летась, і пазалетась, і ўсе гады, якія помніліся Васілю, зарастала раскай цёплая, з душным балотным смуродам нерухомая вада ў лужынах, у сажалках, у затоках. Усюды было безліч жаб — калі даводзілася ісці паўз балота ці сажалку, яны разляталіся па мокрай траве, пляскалі ў ваду амаль бесперапынна. Кваканне іх поўніла дзённую млоснасць, вечарам і ўночы дралі яны горла, як асатанелыя, на ўсе лады.

Не было адбою ад камароў. Пад вечар куранёўская вуліца, двары, сады, агароды аж гулі ад камарэчы, якая кіпела хмарамі, бязлітасна кідалася на ўсё жывое. Пасядзець, пагаманіць на вуліцы куранёўцам можна было толькі расклаўшы дымны, з мокрай лазы ці алешніку, агонь. У такі час Курані выглядалі як нейкі дзікі табар, як бы вярталіся на тысячы гадоў назад — там і тут чадзелі агні, і людзі туліліся да іх, кашлялі, варушыліся, адмахваліся — у цьмяным, невясёлым святле яны вельмі нагадвалі дзікуноў.

Агні спакваля тухлі. Намахаўшыся ад назолы-камарэчы, наеўшыся да дурноты дыму, людзі не вытрымлівалі, хаваліся па хатах. Толькі Васіль і Ганна не ўцякалі, туліліся адно да аднаго каля плота, як бы і не заўважалі напасці…

Узболатак і балота — не якія-небудзь далёкія, а зараснікі алешніку і лазы, можа, за сто крокаў ад Ганнінага агарода — кішэлі гадаўём. Малыя, як бы іх цягнуў хто, як на забаву, стараючыся не паказваць адно аднаму, што сэрца трымціць ад страху, лазілі ў зараснікі, цікавалі, як варушацца ў гушчыні кустоў слізкія клубкі. Забавы не часта канчаліся адным цікаваннем: куды больш было радасці, хвалячыся адвагаю, прыціснуць гадзюку дручком, зашчаміць яе, што грозна сычыць, у распірку і вынесці на выган. На выгане агулам учынялі расправу. Тут было завяршэнне відовішча: глядзелі, як доўга круціцца без галавы гадзючы хвост…

Аднойчы маці дачулася, што Валодзька таксама ходзіць у гадзючнік, — увесь вечар жахалася, палохала малога, расказваючы розныя страхі пра гадзюк. Васіль, збіраючыся на спатканне, памог ёй, прыгразіўся — калі смаркач хоць раз сунецца туды яшчэ — пабіць няшчадна!..

Гадзюкі былі не толькі ў зарасніку. Яны запаўзалі на агароды, нярэдка грэліся на выгратай сонцам, перамешанай з цёплым пясочкам кастрыцы прызбаў. Жартаўнік Зайчык казаў, што скора не будзе як сесці на прызбу ад гэтай поскудзі…

Вужы жылі ледзь не на кожным селішчы пад падлогамі, у хлявах, у прыгрэбніках. Ляснік Міця, гультай і свавольнік, якому з выгоды лезла ў галаву розная дурнота, дык нават выносіў вужоў на вуліцу пазабаўляцца. Забаўкай было і хлопцам узяць вужа на вячэрнія пасядзелкі, падпусціць у дзявочы гурток, што адразу ўсчынаў віск, лямант. Віску было на ўсё сяло, але больш з ахвоты, абы пакрычаць, — вужоў у Куранях не баяліся.

Матка казала Васілю, што ў суседа Дамеціка вуж, які ўжыўся ў хляве, ссе карову, але Дамецікавы не гналі яго. Васіль не здзіўляўся гэтаму: як і ўсе ў Куранях, лічыў ён вужа добрай істотай, крыўдзіць якую — грэх…

У гэтым годзе багата бяды было ад ваўкоў. Летняй парой асцярожныя, можна сказаць, памяркоўныя ў іншыя гады, клыкастыя драпежнікі ў гэтае лета, здавалася, вачэй не зводзілі з сяла, з выганаў, не толькі ўночы, але і сярод дня выляталі з зараснікаў. Асабліва моцна воўчае племя церабіла авечыя чароды: у Куранях, можа, не было такога двара, дзе б не клялі драпежнікаў. Пастухі статак у лес не ганялі, рэдка пасвілі і каля лесу, найбольш трымаліся выгану, бліжэй да хат, да людзей. Некалькі дзён Курані хваляваліся, пераказваючы адзін аднаму на розныя лады, як нахаба воўк напаў на Пракопавага каня. Меркавалі, абураліся, спачувалі: спутанаму каню давялося папаржаць, папакруціцца, адбіваючыся ад звера. Не раз каціўся воўк ад конскіх капытоў, але ўсё ж вырваў кавалак мяса са сцягна, і невядома, чым кончылася б, каб не падбеглі людзі…