Изменить стиль страницы

Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна. Яшчэ, здаецца, учора была гарэза, падлетак, а вось ужо, глядзіце — у самай добрай пары дзяўчына, у самай красе сваёй! Калі толькі вырасла!

Глядзелі на Ганну, разважалі і — за малым выключэннем прыдзір з жанок — згаджаліся: выспела, нявеста, нічога не скажаш! Часам пры гэтых гаворках — асабліва жанкі — успаміналі Ганніну маці-нябожчыцу, казалі, што дачка ва ўсім выйшла ў матку. З аблічча — дык як вылітая: і невялікая ростам, і не гладкая — худая, можна сказаць, і плечы, як у маткі, вузкія, і рукі тонкія. І косы чорныя, густыя, аж блішчаць, бы намочаныя, і смуглявасць на твары такая ж, і шчочкі таксама ж выпінаюцца.

Іншы раз языкі жанок — прыдзір ці зайздросніц — меркавалі, што грудзі ў Ганны малаватыя, як кулачкі: чым толькі дзіця карміць будзе, калі давядзецца? Але пры ўсім тым — нават прыдзіры і зайздросніцы не пярэчылі — Ганну ніяк нельга было палічыць за кволую: збоку, з аднаго позірку відаць было — крамяная ў Цімоха дзяўчына, дужая, сілаю ўся налілася! Вунь якая пругкая ў хадзе, спрытная якая ў рухах, так і відаць — маладосць, сіла ў кожнай жылачцы!

Той, каму быў час і ахвота прыглядацца, хто лепш бачыў Ганну, заўважаў, што перамянілася яна не толькі з аблічча. Багата што інакшае было і ў тым, як яна хадзіла між людзей, — стрымана і паважней, як трымалася з хлопцамі, — стражэй і з нейкай кплівасцю. Нават смяялася цяпер яна інакш, як дасюль, — смех быў ужо не бесклапотны, не пусты па-дзіцячы, у ім таксама звычайна чулася кплівасць; і штосьці як бы таілася ў гэтым смеху. І глядзела яна інакш, — нядаўна адно дзікавата-цікаўнымі вачыма. Як і раней, не было, здавалася, такой хвіліны, каб вочы яе, вільготна-цёмныя, падобныя на спелыя вішні, былі абыякавыя, нудлівыя, увесь час блішчэла, ззяла ў іх няўціхнае хваляванне. Але сачылі яны з-пад шаўкавіста-чорных смелых броваў цяпер з падсцярожлівай, пільнай уважнасцю і, здавалася, толькі і чакалі выпадку кпліва падсмяяцца. Іншы раз маглі яны, як і раней, бліснуць весялосцю, але часта, вельмі часта гарэлі ў іх недавер'е і насмешка. У іх таксама ж нешта таілася, у цудоўных вішнёва-чорных вачах.

Амаль усе куранёўскія цёткі і дзядзькі згодна лічылі, што, набыўшы паважнасці, Ганна разам з тым стала і больш неспакойнай і — аж залішне задзірыстай. Не аднаму ў Куранях не даспадобы была і яе ганарыстая ўпэўненасць: ледзь не кожным учынкам Ганна, здавалася, паказвала, што ў яе на ўсё свае сталыя меркаванні, свой цвёрды погляд…

Хлопцы і гарнуліся да яе і нібы пабойваліся. Акрамя таго, што стрымлівалі Ганніна задзірыстасць і ганарлівасць, ім помнілася, што не лішне асцерагацца і яе язычка. Ведалі яны і тое, што Ганну не дай Бог увесці ў гнеў: тады яна ўмомант страціць роўнасць сваю, забудзецца на ўсё, загарыцца адным. Гарачая, нястрымная, небяспечная яна, ганарліўка Ганна!..

Васіль не прыглядаўся асабліва, не перабіраў, не вымяркоўваў. Ён быў для гэтага вельмі ж здзіўлены, зачараваны. Жылі побач, бегалі з другімі на выган, пасвілі жывёлу, колькі гадоў бачыў між іншых і не ведаў, не здагадваўся, хто такая Ганна. І нечакана пасля вечара на лузе адкрылася ўсё, і, убачыўшы, адчуўшы такое, збянтэжаны, уражаны, стаў як сам не свой. Свет як бы перайначыўся адразу.

Ён быў цяпер поўны цудаў і радасці, незвычайны свет, — і ўсе цуды і радасць у ім тварыла Ганна. Адны яе рукі, пераплёўшыся пальцамі з Васілёвымі, маглі рабіць яго многія ночы шчаслівым. Калі яна паслухмяна тулілася, яго поўніла дзіўнае, незразумелае і невыказна харошае тамленне ў грудзях. Туман таямнічы над балотам, ціхі шэпт груш — нават яны змяніліся, сталі інакшыя, дзівосныя дзякуючы ёй. Калі яна была побач, радасць, шырокая, бязмежная, жыла ў ім, ва ўсім, што акружала іх. У гэтай радасці ночы не плылі, а ляцелі, і світальныя зоры прыходзілі заўсёды вельмі рана. Цэлымі днямі, што б ні рабіў, Васіль зачаравана ўспамінаў Ганну, думаў пра Ганну, шукаў вачыма Ганну, чакаў ночы спаткання з Ганнай.

Час быў не для кахання — гарачы жнівеньскі час. Людзі ўставалі раней за сонца, вярталіся ў сяло ўпоцемку. Павячэраўшы, куранёўцы адразу валіліся спаць. Кароткія яшчэ ў жніўні ночы, вечар ледзь не сустракаецца са світаннем, а трэба даць уціхнуць зморы ў руках, у нагах, учыгунелай спіне, адпачыць целу ад едкага поту. Васіль жа, ледзь толькі пачне гусцець поцемак, бачыў адно жардзяны плот каля Чарнушкавага агарода, дзе стаялі першы раз, калі яшчэ не асмельваўся ўзяць Ганну за стан, і дзе з таго вечара стаялі ўсе ночы.

Як заўсёды, спяшаўся і ў гэты вечар. Сербануў некалькі лыжак гурочнага расолу, схапіў гурок, каб даесці ў дарозе, ускочыў з-за стала. Маці, амаль нявідная ў душным хатнім змроку, з другога боку стала параіла:

— Вазьмі шчэ. Ці от рэдзькі ўкусі…

— Наеўся ўжэ…

Васіль варухнуўся, нібы адганяючы стому, пачуў, як ные натруджаная за дзень спіна, млосна падгінаюцца ногі.

— Не баўся вельмі… — не ўтрывала, папрасіла ўслед маці.

Зачыняючы дзверы, чуў, як уздыхнула. Спачатку, калі ўсё толькі пачалося і не ведала яшчэ, што з сынам, пыталася, куды ідзе, раіла лепш дома астацца, адпачыць, потым па шчаслівым Васілёвым твары, па гаворках жанчын зразумела ўсё, адно ўздыхала ўслед…

Васіль саскочыў з ганка і на момант стаў, думаючы, дзе ісці, вуліцай ці гумнамі. У іншыя дні хадзіў паўз гумны, каб не сустракаць нікога, не бавіцца марна, сёння прыпазніўся, пакуль завёў каня на ўзболатак, — можна ісці і вуліцаю. І на вуліцы цяпер нікога.

Усё ж падаўся на прыгуменне, звыклаю сцежкай. Мінуўшы чорнае гуменца, што пахла старою гніллю і сухім, свежым жытам, па загуменнай дарозе ўжо не ішоў, а бег, вясёлы і нецярплівы, да знаёмых, цяпер такіх мілых груш ускрай сяла.

Яшчэ зводдалек заўважыў, што Ганна ўжо чакае. Прытулілася да кала, ціха стаіць каля плота. У цемры постаць яе ледзь значыцца, а твару і зусім не відаць, але Васіль ведае: гэта яна. Хто ж яшчэ можа быць тут, на іх запаветным месцы?

Яна адхінулася ад плота, прамовіла:

— Вельмі ж ты хапаўся!

— Вельмі, — не адразу зразумеў ён.

— Яно і відно: пеўні скора заспяваюць!

— Гуза на ўзболатак вадзіў…

Васіль разумее, што апраўданне гэтае ніяк не апраўдвае яго, бачыць, што вінаваты.

— Другі раз няхай Прося гарбатая цябе столькі чакае. А я не буду…

Васіль і не апраўдваецца, і не просіць, каб не злавала. Ён не ўмее прасіць. Так яны і стаяць спачатку, блізкія і далёкія, стаяць і маўчаць, адзін вінаваты, а другая — пакрыўджаная. Васіль няёмка корпае пальцам жэрдку, адкалупвае кару, Ганна хоць бы зварухнулася.

Недзе на другім канцы завялі сумную песню, мусіць, сабралася купка моладзі. Песня хутка сціхла, знянацку віскнула дзяўчына, якую ўшчыкнуў ці паказытаў гарэза хлопец.

— Алена Зайчыкава, мабуць, — першая гоніць цягучую маўклівасць Ганна.

— Мабуць, Алена…

— От, любіць вішчаць… Шлакоткі страх як баіцца!.. — Яна раптам упікае: — А вы ўжэ і рады!

— Я што?.. Трэба яна мне, як леташні снег!..

— Мабуць, трэба.

— Ды я каля яе ніколі і блізко не сядзеў.

— Не брэшаш?

— От шчэ!.. Хрысціцца хіба!..

Васіль адчувае, што Ганна ад гэтых яго слоў мякчэе. Ён, праўда, яшчэ з асцярогай, бярэ ў сваю яе цёплую руку — Ганна не адбірае. І Васілю становіцца радасна, да яго зноў вяртаецца шчасце, вялікае, неабсяжнае, — здаецца, шчасцем гэтым напоўнены не толькі Васілёвы грудзі, а і ўся ноч, уся цёмная, духмяная цішыня, што дрэмле над Куранямі.

Усё здаецца добрым, радасным, — нават старыя, патрэсканыя, дзе-нідзе аблезлыя, без кары жэрдкі, за плотам — гарбузнік, упарты хвост якога ўзлез поблізу на кол. Далей на агародзе — сярод гарбузніку, градак з агурочнікам, пахучым кропам і кіяхамі — няпэўныя ў змроку абрысы груш, як вартавыя ў балахонах. Грушы то маўчаць, то шалясцяць, шэпчуць між сабою, як даверлівыя сяброўкі, шэпчуць, вядома, аб шчасці згоды, аб цеплыні рук дзявочых, аб гарачых юнацкіх поцісках.

— Рукі якія ў цябе… — здзіўляецца Васіль.

— Якія?

— Малыя. А дужыя…

— Шурпатыя, — ціха гаворыць Ганна. — Як граблі…