Изменить стиль страницы

Ён скінуў у калідоры кароткую футравую куртку і з шалікам на шыі і ў кашлатай андатравай шапцы ўвайшоў у надзвычай утульны пакойчык, у якім усё было прыбрана руплівымі рукамі і ўсё ззяла ад снежнага святла, што лілося праз шырокае акно. Таполі ў квецені інею глядзелі ў гэтае акно. А за таполямі віднелася заснежаная рака з чорнымі кропкамі — «падлёднікамі», што выседжвалі над палонкамі гадзінамі.

Падаў лёгкі-лёгкі сняжок.

Апанаваны віхурнымі думкамі, Кірыла, калі ішоў сюды, не бачыў хараства зімовага дня. А тут, у гэтым дзявочым пакоі, раптам убачыў. І спыніўся, сціх каля дзвярай, узіраючыся ў акно. На нейкі міг, на адну хвіліначку, настала тая расслабленасць, тая лірычная дабрата, калі раптам хочацца забыцца на ўсе справы, зліцца з прыродай, акунуцца ў яе. Але не такая ў яго справа, каб можна было забыць на яе!

Не сядаючы, ён развязаў шнуркі папкі, у якую Чарнавус палажыў дзесяткі два фатаграфій розных гадоў.

— Зося Сцяпанаўна, я хачу паказаць вам некалькі фатаграфій. Можа, вы пазнаеце каго-небудзь. Гэта мае значэнне для маёй работы.

Ён дастаў самы ранні здымак, сорак шостага года, калектыўны — мітынг у дзень пахавання партызан і падпольшчыкаў у адной брацкай магіле ў гарадскім скверы. Гукан выступае з невысокай трыбуны. Ці то здымак выцвіў ад часу, ці ў той дзень не хапала святла, але быў ён цьмяны, невыразны, твары другіх людзей расплыліся. Але прамоўца выйшаў лепш за ўсіх.

Зося ўзяла здымак, паднесла блізка да вачэй, хоць блізарукасці ў яе Кірыла раней не прыкмячаў. Яна таксама стаяла каля канапы, бліжэй да акна, уся асветленая ззяннем снегу.

І Шыковіч убачыў, як раптам змяніўся яе твар: у адзін міг нейкія рыскі, зморшчынкі быццам памяняліся месцамі ці быццам ценявы зайчык праскочыў па твары знізу ўгору. Шчака яе, што была павернута да яго, відавочна пабялела. Безумоўна, яна пазнала.

Шыковіч чакаў.

Зося доўга разглядала здымак, але на твары яе больш нічога не адбівалася. Нарэшце яна адарвалася ад здымка, перавяла позірк на Шыковіча і паківала галавой: не, нікога я тут не пазнаю.

Кірыла ледзь не закрычаў ад расчаравання. Выхапіў другі здымак.

— А тут?

Яна зірнула, не ўзяўшы здымка ў рукі, і зноў адмоўна пакачала галавой.

— Ты не пазнаеш гэтага чалавека? — забыўшыся, на «ты» крыкнуў Шыковіч, працягваючы трэці здымак — вялікі фотапартрэт Гукана.

Зося ўся сцялася і спалохана адступіла ад яго.

— А калі я памылюся? — ціха-ціха спытала яна. — Прайшло столькі год!

— Гэта — Сажань? — перайшоў Шыковіч да імклівага наступу.

Не адказваючы проста, яна спытала:

— Хто ён, гэты чалавек?

— Старшыня гарсавета Гукан.

Дзіўная ўсмешка скрывіла яе твар: яна чула гэтае прозвішча сотні разоў, і тады, калі працавала ў атэлье, і ў бальніцы, і яшчэ часцей цяпер ад іх — Кірылы Васільевіча і Антона Кузьміча, калі яны часам заходзілі да яе і вялі размову пра Шыковічаву работу, мінулую і цяперашнюю. Дык вунь каго яны з бацькам ратавалі! Не, ніякіх асаблівых пачуццяў у яе не ўзнікла, акрамя аднаго: раптам захацелася ніколі-ніколі не чуць, не ўспамінаць гэтых імён — Сажань-Гукан. Забыць іх у адзін міг і назаўсёды.

Нясмела, няўпэўнена, як малая, яна спытала:

— А можа, не трэба, Кірыла Васільевіч?

— Што не трэба? Чаго вы баіцеся? Яго?

— Я не за сябе. За вас.

— За мяне? Го-о! — ён галёкнуў. — Не той час, Соф'я Сцяпанаўна, каб баяцца! Ён сам увесь час дрыжаў. І цяпер дрыжыць… А мы станем гнілымі лібераламі, пляснівымі гуманістамі, калі не будзем выводзіць такіх на чыстую ваду… Калі ты выдаеш сябе за героя, то будзь ва ўсім героем. А ён баяўся за сваю кар'еру!.. За яе затаптаў у гразь…

Зося пакутліва зморшчылася, як ад болю.

— Ну добра, добра. Не думайце і не хвалюйцеся. Нічога асаблівага не здарыцца. Мы надзіва добрыя. Самае большае — яго пашлюць на пенсію.

«Куды цябе пашлюць, гэта я не ведаю. Але пагаварыць з табой я пагавару. Зараз жа. Пагавару так, як з табой не гаварыў яшчэ, бадай, ніхто!» — не думаў, а гнеўна шаптаў Шыковіч, на хаду апранаючы сваю куртку і збягаючы з другога паверха.

Ён зноў запаліўся і прагнуў дзейнасці. Ішоў, думаў, як уварвецца ў кабінет Гукана і якія словы скажа. А калі там наведвальнікі? Скажа і пры іх! Няхай ведаюць. Скандал? Няхай выкліча міліцыю і выведуць яго.

Але, нягледзячы на такое гарэнне і завіруху ў думках, пасля таго як убачыў таполі і раку, да яго вярнулася звычайная аптымістычная здольнасць любавацца навакольным: зімой, дрэвамі, жанчынамі, дзецьмі.

Падаюць сняжынкі, сухія і… цёплыя. З крутога адхону з'язджаюць у роў на лыжах хлапчукі. Кідаюцца, чарцяняты, як у бездань. Шыковіча на міг аж страх апанаваў. Але тут жа стала радасна ад іх смеласці. Як хораша было б, каб вырасла пакаленне людзей, якое нічога не баялася б! Але ўспомніў сына. Славік бадай нічога не баіцца, аднак гэта не зрабіла яго лепшым.

Наадварот. Ёсць іншыя нормы, якіх чалавек павінен прытрымлівацца, каб стаць чалавекам. Усё знаходзіцца ва ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці.

Шыковічу не хацелася паглыбляцца ў філасофскія разважанні, і ён пачаў узірацца ў твары людзей, ён здаўна любіў гэтую гульню: адгадваць прафесію чалавека і чым ён заклапочаны ў той момант. Некалі ён пажартаваў, што нідзе няма столькі прыгожых жанчын, як у іх горадзе. Яраш і Валя смяяліся, а Галіна Адамаўна згадзілася. Можа, таму, што сама прыгожая, ці, можа, каб яшчэ раз нагадаць мужу, як многа спакусы на яго шляху, а таму няхай асцерагаецца.

Цяпер, узіраючыся ў твары жанчын, Кірыла Васільевіч пераконваўся, што яго жарт адпавядае сапраўднасці. Кажуць, жанчыны — што кветкі, расцвітаюць вясной. Не, яны цвілі і ў снежні, на парозе Новага года. Расчырванелыя, рухавыя, хораша заклапочаныя, яны, здавалася, запаланілі ўвесь горад. На цэнтральнай вуліцы, каля ГУМа, не прабіцца.

«У гэтым горадзе змяшалася кроў нацый, якія маюць найлепшых красунь, — беларускай, расейскай, украінскай, польскай». — Шыковіч амаль узрадаваўся нечакана ўзнікшаму тлумачэнню. Жарт ператварыўся ў выснову.

Хутка ён злавіў сябе на тым, што перастаў думаць пра Гукана. Утаймавалася абурэнне. Аслабла жаданне ўварвацца ў яго кабінет і кінуць яму ў твар словы-каменні. Навошта? Ці не можа гэта даць Гукану лішнія козыры?.. Людзі накінуцца на сенсацыйную дробязь і застануцца безуважлівымі да галоўнага. Не, справу трэба даводзіць да канца з ранейшым спакоем і разважлівасцю. Яшчэ праз хвіліну Кірыла адчуў, што, акрамя ўсяго таго, што падказвае розум, яму проста не хочацца сустракацца з гэтым чалавекам, бачыць яго. Брыдка. А тым больш што ён, Шыковіч, не зларадны, не «крыважэрны». Яму нават усё адно, што будзе з Гуканам як работнікам: дадуць яму вымову, выганяць, пашлюць на пенсію. Галоўнае, што маральна ён прыкончаны, выкрыты. Цяпер ужо нішто — ні хітрыкі, ні заслугі, ваенныя і мірныя, — не паможа яму выкруціцца, захаваць позу героя. Праўда, як бы глыбока яе ні закопвалі, у якія б віры ні тапілі, у якіх бы архівах ні хавалі, яна ўсё адно ўсплыве, вырвецца на волю і з'явіцца людзям у сваім першародным харастве.

«Вось так, Сямён Гукан!»

Не дайшоўшы квартала да гарвыканкома, Шыковіч хвіліну пастаяў на рагу вуліц, паназіраў за людзьмі і рушыў у другі бок — да гаркома партыі.

33

Галіна Адамаўна адразу ж здагадалася, што муж парушыў клятву, якую даў ёй, што ён зноў наведваўся да той. І зноў стаіў, зноў не прызнаўся. Чаму?

Парушэнне клятвы яшчэ больш абурыла і абразіла яе. Але яна змаўчала, хоць усё кіпела і гарэла ў ёй. Яна баялася сваркі, разрыву і прымусіла сябе маўчаць. Дзеля дзяцей. Выкрык Наташы, варожасць дачкі спалохалі яе. Яшчэ больш усхвалявала замкнутасць і адчужанасць Віці, яе любімца. Дзеля спакою дзяцей і спакою яго, Антона, яна гатова на любыя пакуты, душэўныя і нават фізічныя.

Знешне ў доме ўсё нібыта было добра.

Разам снедалі, разам спяшаліся на работу. Абедалі не заўсёды разам — Антон часам затрымліваўся ў клініцы, на кансультацыях. Але кожны раз, больш акуратна, чым раней, званіў і паведамляў, дзе ён. Разам вячэралі, усёй сям'ёй глядзелі тэлевізар ці, пакінуўшы дзяцей дома, хадзілі ў кіно, у госці. Але Галіне Адамаўне здавалася, што муж зусім не той, што раней, — не такі ласкавы. Ад гэтага яна пакутавала яшчэ больш, рэўнасць душыла яе, як хвароба. Але яна трывала і ў душы нават пачала ганарыцца сваім падзвіжніцкім цярпеннем. Паступова ўваходзіла ў ролю пакутніцы — дзікую, пачварную ролю, якая калечыць душу. Я пакутую ў імя Бога, у імя ідэі, у імя блізкага свайго… і пачынаецца чортведама што, чалавек ператвараецца ў фанатыка і перастае разумець самыя простыя, надзіва лагічныя і звычайныя рэчы. Галіна Адамаўна трохі не дайшла да гэтага… Выбух адбыўся нечакана.