— Хутчэй! — і пабег да дзвярэй. Прыслухаўся. Доўгі званок. Але, Іра. Злуецца. Ён адчыніў. Сястра ляпнула яго па твары рукавіцай, з якой пасыпаўся пясок.
— Соня! Не дазваніцца!
У яго рыбацкай куртцы, у штанах, у акулярах яна падобна была на геолага. Кінула шапку ў калідоры на столік і, нібы ўчуўшы нюхам прысутнасць старонняга, заглянула ў кабінет. Славік убачыў, як Ніна, недарэчна (о, як недарэчна!) абшмаргнуўшы плацце, прывіталася, сарамліва і лісліва. Іра не адказала. Яна глядзела на незнаёмку амаль з жудасцю. Здавалася, не толькі вочы, але і акуляры яе расшырыліся. Потым кінула позірк на брата, позірк бязлітасны, знішчальна-грэблівы, крута павярнулася і пабегла ў свой пакой. Хаця б слова сказала.
«Кобра!» — хацелася крыкнуць Славіку. Аднойчы, калі яны сварыліся, ён ляпнуў гэтую абразлівую мянушку. Рэакцыя была нечаканая: на яго страшэнна ўзлавалася маці, ніколі ён не бачыў маці такой расхваляванай і злоснай. Таму ён баяўся гэтага слова. Не крыкнуў ён нічога ўздагон сястры яшчэ і таму, што злосць на яе тут жа перайшла на Нінку. Але, ва ўсім вінавата гэтая «дзятліха». Не знайшла другога жэста, як абшмаргнуць плацце. Варона.
Разгубленая, пакрыўджаная дзяўчына страціла сваю ўпэўненасць і ад гэтага сцялася, змізарнела. Апранала паліто і палахліва азіралася. Але гэта яшчэ больш раздражняла Славіка. Фу, якая недарэка! Дзе былі яго вочы? Як ён мог звязацца з такой?
Але за дзвярамі кватэры, на лесвіцы, Нінка, як бы страсянуўшыся, як тая птушка, уміг набыла ранейшую ўпэўненасць.
— Пыхлівая якая сястра твая! Падумаеш, пані!
— А што яна, цалавацца з табой павінна была? — груба адказаў Славік.
— А чым я горшая за яе?
У Славіка хапіла тактоўнасці змаўчаць. Калі вёў Нінку ў дом, тады ён не баяўся, што ўбачыць нехта з суседзяў. А цяпер баяўся. Узрадаваўся, што на лесвіцы нікога не сустрэлі. Але на вуліцы было многа народу, і яму пачало здавацца, што многія, асабліва жанчыны, глядзяць на іх з разуменнем і насмешкай. Дагэтуль ён дэманстратыўна знаёміў сваіх стыляжных сяброў з рабочай дзяўчынай і пляваў на іх кпіны. Цяпер жа халадзеў ад думкі, што можа сустрэць каго-небудзь з гэтых сяброў. Вынаходлівы і не дужа далікатны, ён не мог прыдумаць, як пазбавіцца ад яе, застацца аднаму. А яна, як ніколі, стала гаманкая. Расказвае пра сваіх дзяўчат, што Верка збіраецца замуж. Яго спалохала гэтае слова — «замуж». Дайшлі да Палаца спорту, і ён узрадаваўся нечаканай думцы:
— Я ў басейн. На трэніроўку.
…Безумоўна, паводзіў ён сябе пасля як апошні дурань. Не здолеўшы перамагчы сваю антыпатыю, не пайшоў больш у інтэрнат, не запрасіў Нінку ні разу ў кіно, пазбягаў сустрэчы адзін на адзін у цэху. Яна, аднак, праз колькі дзён падпільнавала яго, заплакала:
— Я табе аддала ўсё. А ты… Зняславіў, насмяяўся… З дзіцем хочаш пакінуць?
«З дзіцем», — во адкуль гэты страх.
«Няўжо яна можа зацяжараць?!» — ні на хвіліну не пакідала яго думка з таго дня. Ён купіў тоўстую кнігу «Акушэрства», прачытаў у пустым асеннім парку ўсё пра цяжарнасць і закінуў кнігу ў кусты. Не, нічога яшчэ яна не ведае. Але зацяжараць можа, калі не ад яго, то ад каго другога, ахвотнікі знойдуцца. А зваліць на яго. Чым больш ён думаў пра гэта, тым больш пераконваў сябе, што Ніна абавязкова гэтак зробіць, і ўсё больш пачынаў ненавідзець дзяўчыну за гэтую яе ўяўную каварнасць. Яе пагроза прыдушыць яго станінай спалохала Славіка значна менш. Але ўстрывожыла Генрыхава пытанне. Што, калі яна расказала сяброўкам, а яны Косцю, які жыве ў інтэрнаце побач і часты госць у дзяўчат? Тады, напэўна, ужо ведае ўся брыгада. Даведаецца ўвесь цэх, завод. Чаго добрага, пачнуць разбіраць на сходзе.
Не, няма чалавеку волі на зямлі. Тысячу ўмоўнасцей звязваюць рукі і ногі, тысячу страхаў падпільноўваюць на кожным кроку. Ён, Славік, доўгі час лічыў, што пазбавіўся ад такіх «перажыткаў і забабонаў», як сумленне, сорам, каханне, пакланенне аўтарытэтам і г.д. Ні д'ябла не атрымалася. Ён не толькі такі, як усе, ён горшы — сентыментальны слюнцяй. А вінаваты бацькі, гэта яны так выхавалі. І ў такім абкружэнні перарабіцца, выходзіць, проста-такі немагчыма. На турыстаў крыкнуў — у каталажку, вузкія штаны надзеў — у сатырыкон, дзяўчыну пацалаваў — прымусяць жаніцца. Жах!
Дзень той, аднак, скончыўся спакойна: станіна яго не прыдушыла, у камітэт камсамола не выклікалі.
Але Славік не ўзрадаваўся гудку. Ён паабяцаў Нінцы сустрэцца ўвечары. А страчацца зусім не хацелася. І не страчацца боязна.
З цэха і заводскіх варот яны выйшлі разам з Тарасам. Брыгадзір часта затрымліваўся, часам і зусім заставаўся начаваць у інтэрнаце. А тут раптам спяшаўся дадому, да Ярашаў. Хоць як сказаць — спяшаўся, калі прапанаваў пайсці пехатой? Тым больш не спяшаўся Славік. Дома ў яго былі складаныя адносіны з Ірай. Яны, на здзіўленне маці, зусім перасталі сварыцца паміж сабой. Сястра глядзела на яго з грэблівай пагардай. А ён баяўся адказаць нават злосным позіркам. Ён проста пазбягаў яе. Не чапаў. Абы ціха было.
Тарас доўга ішоў моўчкі. У яго быў свой клопат: адносіны ў сям'і Ярашаў — у яго сям'і. З малых год ён ведаў рэўнасць Галіны Адамаўны і цяпер, калі ўсё разумеў, шкадаваў бацьку. Першая паведаміла яму Наташа, што маці зноў да кагосьці прыраўнавала. Дзяўчынка была ў роспачы: маці ўпершыню груба абразіла яе. Пасля іх нечаканай сустрэчы на кватэры ў Зосі Антон Кузьміч упершыню расказаў сыну пра свае адносіны з жонкай, расказаў усю праўду… Тарасу зрабілася балюча: як можна ўскладніць простыя і ясныя рэчы, забрудзіць чысцейшыя чалавечыя адносіны! Хочучы шчыра дапамагчы ім, ён паспрабаваў пагутарыць з Галінай Адамаўнай. Але тая груба перапыніла яго: «Я цябе прашу не ўмешвацца ў нашы справы». Ён, Тарас, не прыхільнік таго, каб лезці ў чужую душу. Але ж нельга і абыякавым заставацца, калі двое добрых і блізкіх людзей, пражыўшы разам многа год, раптам не разумеюць адно аднаго. Як многа яшчэ гэтага неразумення!
— Катка сёлета, відаць, не дачакаешся. Бр-р, — скурчыўся Славік і наставіў каўнер свайго лёгкага кароткага паліто.
Снег, што выпаў тыдзень назад, раставаў. Было сыра, слізка і холадна. Тарас у скураной куртцы на футры, у галёшах крочыў размашыста, упэўнена. Славік з галёшаў смяяўся — старамодна! — і ў даўганосых чаравіках коўзаў па талым снезе, пераскакваў лужыны, лаяў недарэчную зіму. Гаварыў ён прыкладна гэтак жа, як ішоў: скакаў з прадмета на прадмет, з пагоды на кінаафішу, адтуль на валёнкі і бахілы сустрэчнага селяніна… У сувязі з чым усплыла раптам гэтая думка, ён і сам не здолеў бы растлумачыць. Ляпнуў нечакана не толькі для Тараса, а вельмі можа быць, што і для самога сябе:
— У цябе моцна ўтрэскалася адна дурніца.
Баючыся злоснага жарту, Тарас змаўчаў, толькі глянуў на Славіка як бы з недаверам.
— Не верыш? Не цікавішся хто? Мая сястра. Іра.
— Яна ўпаўнаважыла цябе сказаць пра гэта?
— Ну што ты! — засмяяўся Славік. — Яна авечка. Я прачытаў у яе дзённіку.
— Прыгожа, няма чаго сказаць!
— А ты не прачытаў бы дзённіка сястры, каб ён трапіў табе на вочы? Не люблю прытвораў! А я чытаў з цікавасцю. Як яна цябе там узносіць! Культ Ганчарова.
Тарас паверыў, што на гэты раз Славік кажа праўду. Ён сам неаднойчы прыкмячаў, як Іра глядзіць на яго, як стараецца застацца разам. І, можа, каб не з'явілася Маша, нейкія пачуцці варухнуліся б і ў яго душы. Але з якой мэтай Славік сказаў яму пра каханне сястры цяпер? Ён успомніў: Маша гаварыла яму, што Славік званіў ёй двойчы ці тройчы, зноў дамагаўся спаткання. Яна не пайшла, безумоўна. А ці праўда, што не хадзіла? А можа, зноў пачала гарэзлівую гульню? Не, не. Не хацелася думаць пра Машу дрэнна.
Не адказваючы па сутнасці, Тарас спытаў:
— Ты скажы мне, што ў цябе з Нінкай?
Славік паслізнуўся, вылаяў гарадскія ўлады і дворнікаў, што не чысцяць тратуараў. Гэта памагло яму схаваць сваю збянтэжанасць.
— Што ў цябе з Машай, то ў мяне з ёй. Ходзім у кіно. Сёння пойдзем. Чаму гэта цябе зацікавіла?
— Хлопцы не вераць, што ў цябе гэта сур'ёзна. Глядзі. Пакрыўдзіш дзяўчыну…