Изменить стиль страницы

— Прыбліжаны Пятра? — змрочна гукнуў Радзівіл. — Прынца, закаханага ў Фрыдрыха, якому расейцы нядаўна пяты падсмажылі? Вось вам яшчэ адзін прэтэндэнт на рэліквію, панове — Пётр Федаравіч. Не ведаю, для сябе альбо для прускага сябра стараецца.

— Гэта зусім кепска… — прамармытаў Багінскі, да якога нібыта толькі цяпер дайшла сур’ёзнасць сітуацыі. — Калі Пётр перахапіў цыдулку да Кацярыны… Яе дакладна сашлюць!

— Пра сябе думай! — злосна прашыпела княгіня Алена. — Табе, вашамосць, нешта тлумачыць — што зорак да неба дабаўляць.

— Значыць, так… — вялікі гетман узважваў у руцэ булаву. — Дзеўку з куфэркам — у той пакой… І бараніць, як уласнае сэрца! Пораху запас сюды, пісталетаў… Ну што, пане-браце, не першы раз на полі бойкі!

Ватман лена ўстаў, распрастаў плечы і падыйшоў да гаспадара:

— Што загадае ваша мосць?

Багінскі толькі роспачна адмахнуўся:

— Што цяпер загадаеш? Біцца будзем! Вылез жа ты не ў час… І гэтых выпусціў. Паланэя чакала, каб цябе папярэдзіць, а тут яны… Эх… Я так і думаў, што дрэнна скончыцца.

Лёднік паспеў моцна пацалаваць жонку і выйшаў, пахінаючыся на хворы бок. А Паланея наблізілася да Вырвіча, які пачціва схіліўся перад магнаткай.

— Пан Вырвіч… Гэта вам.

Пранціш падняў вочы: Паланэя працягвала яму прыгожы кінжал, такога ён у руках ніколі не трымаў — персіянскай работы, з тонкай чаканкай на пазалочаных похвах, упрыгожаных смарагдамі. А на дзяржальне — вялікі дыямент. Пранціш выцягнуў з похваў лязо: яно ззяла, як люстэрка.

— Гэта каб пан Вырвіч і надалей мог сябе абараніць найлепшым чынам! — з лёгкай, не крыўднай, насмешкай прамовіла Паланэйка і хуценька збегла, не чакаючы галантнай падзякі. Пранціш здагадаўся, што гэта было такое выбачэнне за здраду Багінскіх. Ватман, які назіраў гэтую сцэну, выразна хмыкнуў, але Вырвіч не звярнуў увагі на ацалелага найміта. У душы шкаляра граў цэлы аркестр, як у Слуцкім тэатры. Харобры пан Вырвіч пабываў у сэрцы Полацка, ён прайшоў, як Тэзей, жахлівы лабірынт, яго дачакалася Чароўная Дама… А цяпер засталося здабыць славу на полі бойкі!

Нехта з янычараў Радзівіла заспяваў старажытную рыцарскую малітву святому Юр’ю, якую звычайна спявалі перад бітвай:

— Зброя вапалчаецца, мечэве абнажаюцца,
агонь прэціць, кола дз ярзаець.
Скары агнём ізвараемы суць,
усё воінства ўва подзвігу ёсць…

І бойка пачалася.

Атрад расейцаў не чакаў супраціву. Як даносілі Мельгунову шпегі, здабываць рэліквію будуць усяго некалькі чалавек, таемна, не прыцягваючы ўвагі. Задача была — не даць нікому надоўга затрымаць яе ў руках, а то ўладальнік яшчэ набудзе нечуваную моц і нябёснае спрыянне. Таму пасланцы Пятра і спяшаліся, не вычэквалі. А што ля ўваходу ў сутарэнне будзе не толькі Багінскі, але нават вялікі гетман, ніхто, нават сам Багінскі, не прадбачыў.

Брукаванка Полацку не першы раз была залітая крывёй — нібыта смерць спадзявалася, што, паліваючы камяні, яна вырасціць сабе адданае войска. Але нашто ёй войска? Людзі і так служаць смерці, зацята адбіраючы жыцці адно ў аднаго. Метал стукаў аб метал, нібы выбіваўся жудасны рытм смяротных скокаў. Асабліва страшна атрымлівалася, што брукаванку засцілала тонкае покрыва снегу, і кроў проста крычала на белым тле.

У бітве не было магната і шарачка — былі воі. Пранціш бачыў, як звычайна мройны, млявы князь Міхал Багінскі сячэцца з двума прыхаднямі, і ягоны твар такі ж засяроджаны і жорсткі, як і ў іх. Як стары гетман валіць ворагаў палашом — спакойна, акуратна, быццам гаспадар выконвае звыклую сваю працу. А жвавы Сапега ўмудраецца махаць шабляй і адстрэльвацца з пісталету адначасова. Там, дзе праходзіўся Ватман, утваралася дарога. А за Лёднікам, які яшчэ нядаўна ледзь мог стаяць, Пранціш проста не паспяваў сачыць — ведаў толькі, што ў хвілю смяротнай небяспекі той, хутчэй за ўсё, апынецца побач. Так і сталася — Лёднік вырастаў за спінай Пранціша, і побач валіўся чужы жаўнер, і доктар паспяваў яшчэ выкрыкнуць нейкае важнае павучэнне…

Расейцы таксама не былі баязліўцамі. Смерць усё пашырала свой карагод, хаця за што тут біліся і паміралі, ведала толькі некалькі чалавек. А месцічы проста зачыняліся ў дамах і маліліся Госпаду… Ім не прывыкаць: што ні соймік, пабоішча. Што ні суд, крывавая звада.

Праз нейкі час Вырвіч больш не адчуваў сябе на свяце. Па-праўдзе, ён толькі цяпер зразумеў, што вайна — гэта сапраўды проста цяжкая праца, якую трэба выконваць вельмі старанна і цярпліва. Мірачыся з тым, што не кожны твой геройскі ўчынак будзе заўважаны і ацэнены — не тэатр, панове. Але, здаецца, пакуль не схібіў… Жывы. Толькі русявы чуб зрэзаны чужой шабляй. Ды ніяк не пазбавіцца ад таго гідкага адчування, якое перажыў, калі загнаў падораны Паланэяй кінжал у бок вусатаму казаку, што і зрэзаў Пранцішаў чуб. Біццё чужой крыві перадавалася праз лязо, нібыта на нейкае імгненне Вырвіч і забіты ім чалавек сталі адной істотай… А потым вочы казака згаслі, з іх знікла душа. Страшна бачыць гэтак блізка, вочы ў вочы, як пакідае цела душа.

Вырвіч апусціў Гіпацэнтаўр, які раптам зрабіўся неверагодна цяжкім, выцер шапкай спацелы твар і паспрабаваў аддыхацца. Як там вучыў Лёднік… Кантроль… А дзе, дарэчы, Лёднік?

— Гетман у небяспецы! — закрычалі побач. Пранціш агледзеўся: на тым баку пляца ўтварылася нейкая куча… Туды ўжо нехта бег, прыпусціў і Пранціш з Гіпацэнтаўрам… Але пакуль наблізіўся, куча распалася. Казімір Радзівіл спрабаваў узняцца з брукаванкі, снег вакол яго быў увесь чырвоны. Вялікага гетмана захінаў сабой сын полацкага гарбара і двойчы доктар, ледзь утрымліваючы абедзьвума рукамі шаблю. А вакол ляжалі прыхадні. Большай часткай мёртвыя. І шмат, дзесяткі са тры. Ляжала і некалькі радзівілаўскіх янычараў, іх белыя суконныя жупаны шчодра афарбаваліся чырванню.

— Ваша мосць, куды вас паранілі?

Да Радзівіла беглі, падымалі, ратавалі… Пранціш падхапіў Лёдніка, які ўжо валіўся з ног, дапамог апусціцца на брукаванку. Доктар, і без таго не смуглявы, зараз быў белы, як новая папера, і ўвесь у крыві. «Нічога, ён жывучы…» — круцілася ў галаве Пранціша.

— Ды адкасніцеся, я нармальна… Вунь таму дзецюку памажыце, — гэта раўнуў гетман, і да Лёдніка адразу павярнуліся, падбеглі, пачалі перавязваць раны.

Раптам пачуўся страшны свіст і конскі тупат. Вершнікі з крыламі за спінай, у якіх з жудкім выццём біўся вецер, у апераных шлемах пранесліся па брукаванцы, як прывіды.

— Ваша мосць, гусары з’явіліся! — узрадвана крыкнуў нехта. — Маскоўцы бягуць!

Цяпер кроў на снезе здавалася чорнай. Дый стапталі збольшага той снег, агаліўшы брукаванку, а з камянёў — што ўзяць? Колькі па іх прайшло ўжо мінакоў, праехала калёс, колькі на іх памерла народу, не пакінуўшы следу. І наступныя пакаленні будуць хадзіць па гэтай брукаванцы, не падазраючы, што праходзяць па месцу чыёйсці смерці.

Казімір Радзівіл Рыбанька падыйшоў да Лёдніка, той з дапамогай Пранціша так-сяк узняўся.

— Назавіся, хто такі, — уладна загадаў гетман.

— Баўтрамей Лёднік, доктар, сын полацкага мяшчука Гаўрылы Лёдніка, — прахрыпеў той.

— Значыць, не шляхціц… — задумліва прамовіў гетман.

— Ваша мосць, яму далі патэнт на шляхецтва! Яго мосць князь Багінскі…— улез Пранціш. Гетман перавёў на шкаляра цяжкі позірк.

— Патэнты гэтыя — цьху, ганьба! Нічога яны не значаць. Я б такіх новых шляхціцаў у балаган адпраўляў, замест медзвядзёў. А ты хто ёсць?

— Пранціш Вырвіч з Падняводдзя, герба Гіпацэнтаўр! — Пранціш падпёр плячом Лёдніка, які так і мерыўся зваліцца, а зараз гэта было недарэчы.

— Чарнакніжнікі абодва? — са змрочнай насмешкай папытаўся Радзівіл.

— Гэта паклёп, ваша мосць! — горача запэўніў Пранціш. — Мы абодва добрыя хрысціяне, доктар нават адмовіўся гараскопы складаць, каб гаданнем не грашыць! Ну скажы, што так, Бутрым!

Вакол пачалі збірацца ацалелыя людзі, нехта крычаў «Віват!», «Перамога!».

Гетман дастаў з похваў свой палаш і звярнуўся да доктара: