Заўвага: ня кожны вучань здагадваецца пра свае магчымасьці, памятай пра гэта, таварыш!

Разьдзел 3.

НА ЗАЦЕМКУ РАБОЧАМУ:

ЯК ЗРАБІЦЬ ДАМАШНЮЮ БОМБУ, НЕ ПРЫЦЯГВАЮЧЫ ДА СЯБЕ ЎВАГІ АНТЫНАРОДНАГА РЭЖЫМУ.

Таварыш!

Для вырабу бомбы назапась складнікаў. Складнікі, неабходныя для вырабу бомбы, можна і неабходна купіць на гандлёвых прадпрыемствах народнагаспадарчага профілю ці адбіць у антынароднага рэжыму, не прыцягваючы да сябе ўвагі зь яго боку. Табе спатрэбіцца:

Папера (можна дастаць у пунктах прыёму макулатуры, на дрэваапрацоўчых камбінатах ці вырабіць самастойна (гл. наступную брашуру сэрыі «Бібліятэка рабочага»)

Цьвікі (доўгія такія, мэталічныя штукі)

Тоўстая драціна (тоўстая, таварышу!)

Клей (Таварыш! Выкарыстай свой клей з карысьцю!)

Моцныя ніткі (!)

Сэлітра (вытворчасьць, гандлёвыя ўстановы народнагаспадарчага профілю, антынародны рэжым)

Стапін (???)

Магній (антынародны рэжым, толькі антынародны рэжым!)

Гільза 12 калібру (ну, гэта ў цябе, спадзяемся, ёсьць)

Гумка (проста гумка).

Парады па прыгатаваньні:

Дружа! Вазьмі 10 аркушаў паперы (фармат А4) і разрэж кожны зь іх па даўжыні, падзяліўшы на дзьве паловы. Пакладзі адну палоску на гладкую, роўную і надзейную паверхню (стол, крэсла, падлога). Нанясі слой клею («крухмальны» або «сыліконавы») на ўсю паверхню палоскі. Пакладзі зьверху іншую і правядзі прасам (не гарачым!) так, каб не засталося паветраных прамежкаў, і каб выціснуць лішні клей. Паўтарай апэрацыю, пакуль ня скончацца палоскі. Апошнюю палоску змаж клеем зьверху асабліва шчыльна. Адрэж ад гільзы лязом папяровую частку. Прыстасуй адрэзаную частку на пачатку зьлепленых палосак (бакі, што выступаюць, павінны быць аднолькавымі) і накруці іх на яе. Адступі ад канца на 0.5 – 1 см і перацягні тоўстай драцінай (закруці канцы драціны і зацягні кусачкамі намёртва) у чатырох месцах з розных бакоў. Паверх драціны наматай 10-15 маткоў моцнай вяроўкі.

Забі 7-8 невялікіх цьвікоў (сачы за тым, каб падчас забіваньня не парвалася вяроўка). Зьмяшай 5 ваг. ч. магніевага парашку з 6 ваг. ч. каліевай сэлітры і акуратна перамяшай да аднароднай кансыстэнцыі. Засып гэтай сумесьсю ўсю адрэзаную частку гільзы, пастаянна ўтрамбоўваючы яе. Зноў адступі ад канца на 0,5-1 см і перацягні тоўстай драцінай, папярэдне ўставіўшы туды цьвік галоўкай угору. Яшчэ раз наматай 10-15 маткоў моцнай вяроўкі і забі 10 цьвікоў. Праз нейкі час (1-2 сутак) акуратна наматай расьцягнутую гумавую нітку па баках бомбы. Праз пару дзён здымі гумку і выцягні цьвік. На месца цьвіка ўстаў бікфордаў шнур. Устаў яго як мага глыбей, устаў яго! І пакінь прыстасаваньне ў такім стане сохнуць каля тыдня на батарэі цэнтральнага ацяпленьня ці на два тыдні пры пакаёвай тэмпэратуры. Пасьля гэтага прыстасаваньне гатовае да ўжываньня.

Заўвага: Выкарыстай яго, любы дружа, па прызначэньні, хулі там!

Яшчэ, дружа, настойліва рэкамэндуем табе нітрагліцэрын. Калі ты сапраўды зможаш яго прыгатаваць, значыць мы стараліся не дарма.

Такім чынам – перад тым, як апісаць гэтую цудоўную тэхналёгію, хочам папярэдзіць цябе пра неабходныя меры бясьпекі, хоць і разумеем, што табе яно ўсё адно. Усё ж рэкамэндуем не цурацца ну, хоць мінімальных мераў бясьпекі. Паколькі нітрагліцэрын, таварыш, гэта вельмі датклівае рэчыва, ты сабе нават не ўяўляеш – наколькі яно датклівае. Мы, шчыра кажучы, таксама. Раім табе працаваць з тымі колькаснымі паказьнікамі, якія прыводзяцца тут, прынамсі калі цябе і разарве, то хоць можна будзе сабраць твае пралетарскія шматкі ў кучу. Таму – да справы, таварыш:

Налі ў 75-мл мянзурку 13 мл азотнай кіслаты, якая дыміць (98%).

Пастаў мянзурку ў вядро зь лёдам і дай ёй ахладзіцца да тэмпэратуры, ніжэйшай за пакаёвую.

Калі азотная кіслата астыне, дадай трайны аб’ём сернай кіслаты (99%) – 39 мл. Кіслоты зьмешвай вельмі асьцярожна, не дапускай іхняга разьліваньня.

Пасьля гэтага трэба зьнізіць тэмпэратуру раствора да 10-15 градусаў Цэльсія, дадаючы лёд.

Дадай гліцэрын. Рабіць гэта трэба вельмі асьцярожна пры дапамозе піпеткі, пакуль уся паверхня вадкасьці не пакрыецца слоем гліцэрыну.

Нітраваньне – вельмі небясьпечная стадыя. Падчас рэакцыі выдзяляецца цяпло, таму вытрымлівай тэмпэратуру на ўзроўні 30 градусаў Цэльсія. Калі яна пачне падымацца – адразу ж ахалоджвай сумесь!

Першыя 10 хвілін нітраваньня сумесь неабходна асьцярожна памешваць, намагаючыся не кранаць сьценак. Пры нармальнай рэакцыі нітрагліцэрын утварае слой на паверхні.

Пасьля ўдалага нітраваньня вадкасьць зь мянзуркі неабходна вельмі асьцярожна пераліць у іншую ёмкасьць з вадой. Нітрагліцэрын павінен асесьці на дно.

Зьлі, колькі зможаш, кіслату, ня зьмешваючы яе зь нітрагліцэрынам, і пры дапамозе піпеткі перанясі яго ў раствор бікарбанату натрыя (пітной соды). Рэшткі кіслаты будуць нітралізаваныя.

Пры дапамозе піпеткі аддзялі нітрагліцэрын. Для таго, каб праверыць прыгатаваны прадукт, нанясі маленькую кропельку яго на мэталічную плястыну і падпалі. Калі выжывеш, то ўбачыш, што нітрагліцэрын успыхвае чыстым блакітным полымем.

Атрыманую порцыю рэкамэндуем перарабіць у дынаміт, паколькі нітрагліцэрын, падла, мае дрэнную здольнасьць выбухаць без ніякай на тое прычыны.

І памятай – яны б вельмі хацелі, каб ты ўсяго гэтага не рабіў! Магчыма, сам ты гэтага таксама ня хочаш. Але ведай, што насамрэч усе бомбы падзяляюцца на дзьве катэгорыі – тыя, якія кідаеш ты, і тыя, якія кідаюць у цябе. Так што займі зручную для сябе пазыцыю на вырашальнай стадыі барацьбы пралетарыяту за ўласнае, блядзь, вызваленьне!

9.00

Да, думаю я, ну і кніга. Я адкладаю брашуру ў бок, бяру іншую і адразу нарываюся на фразу «Слова Ісусу Хрысту», о, думаю, гэта што – якая-небудзь стэнаграма, потым прыглядаюся – насамрэч напісана «Слава Ісусу Хрысту», і гэтак цікава, думаю, хоць было б цікавей, калі б яно напраўду выявілася стэнаграмай, уяўляеце, нейкія суполкі на якім-небудзь заводзе, і раптам вядучы абвяшчае – а цяпер слова мае таварыш Ісус Хрыстос. Рэглямэнт – дзесяць хвілін. Думаю, гэтага было б цалкам дастаткова.

– Адкуль у цябе такія кнігі?

– Гэтую, што пра бомбы, я ў Чапая ўзяў. У яго іх там цэлы стос быў. А пра Ісуса Какава даў.

– А ў Какавы адкуль такія кнігі? – пытаюся.

– А ён, – адказвае Вася, – з мармонамі тусуе. Хаця не, не з мармонамі, з гэтымі, як іх – з баптыстамі.

– А якая розьніца?

– Мармоны могуць мець па некалькі жонак.

– Какаву гэта ня сьвеціць, – кажу. – Ён поўны мудак.

– Так, – згаджаецца Вася, – ён – поўны.

– Ведаеш, – кажа ён мне, памаўчаўшы, – я тут чытаў кнігі багасловаў розных, таксама Какава прыносіў. Прыкольныя, у прынцыпе, багасловы. Толькі мяне нэрвуе, што там пастаянна, калі яны цытуюць біблію, пішацца на кожнай старонцы «Ад Лукі», «Ад Яна», «Ад Мацея», разумееш? Так, ведаеш, нібыта ў электрычцы хтось ідзе, прадае атруту і крычыць – ад прусакоў! ад шчуроў! ад макрыцаў якіх-небудзь! Разумееш?

Я прыгаломшана гляджу на Васю. «Ад прусакоў»... Што ў чалавека ў галаве?

9.30

Дождж было відаць, яшчэ толькі ён зьявіўся там – уверсе, ужо тады было зразумела, што ўсё зараз апынецца тут, сярод нас, заставалася толькі чакаць, і вось, сапраўды – пачынаецца дождж, мы выбягаем на плятформу і бяжым у напрамку вакзалу, каля дзьвярэй, пад навесам, стаіць натоўп звар’яцелых ранішніх пасажыраў, якія спрабуюць выехаць куды-небудзь са сваёй Вузлавой, дождж падае ўсё шчыльней і шчыльней, падае на нас, падае на вакзал, на электрычку, на якой мы прыехалі, на некалькіх мужыкоў у аранжавых камізэльках, якія ідуць па плятформе і нібыта не заўважаюць увесь гэты дождж, увесь гэты натоўп, я раптам думаю, што на самой справе дождж не такі ўжо і халодны, нармальны дождж, нармальны летні дождж, падае сабе, куды мае падаць, чаго тут дужа замарочвацца, і я іду пад бліжэйшыя дрэвы, якія растуць побач з будынкам вакзалу, Вася і Сабака плятуцца за мной, мы спыняемся пад нечым хвойным і глядзім з-пад іголак на хмары, што разгортваюцца і разгортваюцца над бясконцымі рэйкамі, прапаўзаюць з поўначы на поўдзень, з усходу на захад, пакідаючы па сабе мокрыя цыстэрны і халодныя плыні ў сьцёкавых трубах, і калі гэта ўсё сканчаецца, недзе праз паўгадзіны,