Цi не ў чацьверты раз пацiснуўшы гаспадарову руку, госьць урэшце пераступiў парог, i Скварыш зь вялiкай палёгкай зачынiў за iм дзьверы. У душы прафэсара была мешанiна пачуцьцяў - прыкрасьць ад гэтага запозьненага вiзыту блыталася з удзячнасьцю за словы, здаецца, поўныя шчырага спачуваньня. Усё ж падобна было, што Красьнянскi гаварыў шчыра, сапраўды хацеў суцешыць яго i абураўся на несправядлiвасьць улады. Але вось поўнай задаволенасьцi ад таго не было, штось перашкаджала, муляла, утварала нутраны дыскамфорт ад усёй гэтай сустрэчы.

Застаўшыся адзiн, Скварыш выключыў верхнi сьвяцiльнiк у вiтальнi, вярнуўся ў кабiнэт, дзе на нiзенькiм столiку пры канапе стаялi два кубкi зь недапiтай кавай, паўбутэлькi "Белага аiста". Скварыш усё перажываў сустрэчу. Красьнянскi ня быў ягоным любiмым асьпiрантам, не вылучаўся нi асаблiвымi здольнасьцямi, нi бiяграфiяй. Наогул, пра яго Скварыш ведаў няшмат - ну, нарадзiўся недзе на Палесьсi, цi не на Тураўшчыне, служыў у войску, працаваў на мэталаапрацоўчым заводзе, скончыў вечаровую школу. У асьпiрантуру прыйшоў не з камсамолу i, здаецца, без валасатай рукi. Жонку ягоную ён бачыў аднойчы, як у выхадны спаткаў на праспэкце ўсю iх сямейку з дачушкай, - так, нiшто сабе, хоць i не прыгажуня, але даволi мiлавiдная маладая асоба. Iшлi, елi марожанае, жонка ветлiва, нават трохi лiсьлiва павiталася, мабыць, Красьнянскi пасьпеў ёй шапнуць, што гэты цельпукаваты таўстун з партфэлем i ёсьць ягоны навуковы кiраўнiк дысэртацыi. За апошнiя гады праз Скварышавы рукi прайшло iх нямала, будучых кандыдатаў навук; былi здольныя, былi так сабе, траплялiся й ня надта. Адносiны зь iмi Скварыш стараўся захоўваць з усiмi роўныя - i са здольнымi, i з тымi, што ня надта, нiкога асаблiва не вылучаючы нi ў якiм сэнсе. Тыя, што абаранiлiся, "аступенiлiся", неяк паволi аддзялялiся, iшлi ў сваё жыцьцё. Iншыя ад'яжджалi ў блiзкiя цi далёкiя гарады, дзе знаходзiлi працу, сьпярша пiсалi, часам тэлефанавалi, прысылалi паштоўкi зь вiншаваньнямi пад рэвалюцыйныя сьвяты. Але з часам тыя сувязi глухлi, засыхалi, патрэба ў зносiнах меншала, пакуль не зьнiкала зусiм. Мусiць, так было б i з Красьнянскiм, калi б з навуковым кiраўнiком яго ня здарылася няшчасьце. Самае страшнае няшчасьце, горш за якое можа быць толькi калецтва цi сьмерць. Ды тое й была сьмерць - хiба не фiзычная - грамадзянская. Але ад яе нядоўга дайсьцi i да фiзычнай, Скварыш адчуваў гэта пэўна.

Верхняе сьвятло з кабiнэта праз расчыненыя дзьверы падала ў вiтальню i часткай у большую залю, дзе касой плямай ляжала на стракатым дыване, мякка ступаючы па якiм, Скварыш прайшоў да цёмнага вакна, паўзiраўся праз шыбiны на падворак. Унiзе пад цёмнымi кронамi таполяў слаба адсьвечваў асфальт падворка ад адзiнае лямпы лiхтара, бялелi вярхi некалькiх аўтамабiляў, прыткнутых нанач адзiн за адным да бардзюра. Ён ведаў гэтыя аўтамабiлi - два белыя "Жыгулi", жоўты, зачуханы "Запарожац" i новая "Волга", што належала нядаўняму адстаўнiку палкоўнiку. Часам там паяўлялiся i незнаёмыя машыны - стаялi нейкi час i зьнiкалi, калi-нiкалi заставалiся на ноч, калi хто прыяжджаў на госьцi да сваякоў у гэтым вялiкiм доме. Цяпер чужых аўтамабiляў, здаецца, не было вiдаць, не было i "Волгi" - мабыць, палкоўнiк начуе на дачы. Скварышава жонка з унукамi таксама ўчора зьехала на дачу, а ён застаўся на гарадзкой кватэры, сказаў, ёсьць справа. Хоць справы ў яго не было нiякай, проста хацелася пабыць аднаму, на адзiноце са сваёй бядой. Ды во гэты вiзыт, якi заняў увесь вечар i дашчэнту разбурыў ягонае адчуваньне адзiноты. Зрэшты, можа, i добра, што разбурыў, бо адзiнота зь нейкай пары таксама ня стала паратункам, як не было iм i шматлюдзьдзе. Для прафэсара наставала пара, калi людзей ля яго ўсё меншала, а часам тыя i зусiм зьнiкалi, асаблiва зь лiку сяброў, калегаў; адзiнота вакол яго ўпарта шырылася, абкладвала яго тоўстым глухiм пухiром. Тое было нязвыкла, нават палохала, i ён ня ведаў, як лепш - дома безь людзей цi дзе на людзях ня дома.

Тое, што не было чужых аўтамабiляў унiзе, трохi яго супакоiла, хоць, падумаў ён, машына магла ўжо i ад'ехаць, пакуль ён разьвiтваўся з Красьнянскiм. Але калi той не патэлефанаваў папярэдне, яны маглi i зяўнуць. А можа, яны ўладкавалiся дзе ў iншым месцы, далей на падворку, дзе цень ад таполяў быў гусьцейшы, а сьвятло лiхтара не дасягала далёка. Неяк вясной Скварыш выйшаў з кватэры прайсьцiся перад сном, вечар быў слаўны, ён далекавата зайшоў у задуме - аж за будоўлю на суседняй вулiцы, i вяртаўся наўпрасткi, задворкамi. I ў канцы падворка натрапiў на незнаёмую машыну, звычайныя шэрага колеру "Жыгулi", i, мабыць, прамiнуў бы яе ў прыцемку, калi б адтуль не пачуўся цiхi прыглушаны голас: "Аб'ект удалiўся на той бок, спыняю назiраньне". Скварыш пахаладнеў, зразумеўшы ўсё, i хуценька пайшоў прэч, уцягнуўшы галаву ў плечы. Збоку, блiзка за газонамi сьвяцiлiся дзясяткi вокнаў зь фiранкамi, безь фiранак, i нават адчыненых у гэты пагодны вечар, нехта там, мабыць, i не здагадваўся, што яго падслухоўваюць. Ды й як здагадаесься?

Скварыш ня стаў тузаць штору, занавешваць вакно, так было зручней - яго тут, у змроку, не маглi бачыць знадворку, ён жа што-колечы бачыў. У расплывiстай пляме сьвятла пад лiхтаром нячутна сьлiзганула жаночая постаць з сумкай, павярнула ў крайнi пад'езд; зь сярэдняга пад'езда выбег мужчына з сабачкам - абое зьнiклi насупраць пад таполямi на газоне. Адтуль жа, з-пад таполяў, чуўся малады прыглушаны голас i сьмех. Скварыш ня бачыў адсюль, але ведаў: там, у альтанцы, ля дзiцячай пясочнiцы зьбiралiся нанач дзецюкi, часам зь дзеўкамi - па-маладому забаўлялiся далёка за поўнач. Але, мусiць, ня толькi забаўлялiся. Аднойчы адзiн зь iх, мабыць, добра паддаўшы, прайшоў каля шэрагу сонных аўтамабiляў, пакiдаючы на кожным адмецiну - арматурнай жалязякай. Так, без усялякай мэты, дзеля свавольства. А можа, ад клясавай нянавiсьцi да iхных уласьнiкаў. Скварыш яшчэ пастаяў ля вакна, паўзiраўся з восьмага паверху ўнiз, пасьля - у зьвечарэлае неба, дзе над плоскiмi дахамi блiзкiх дамоў засьвяцiлася i журботна вiсела адзiнокая зорка. Мiжволi ён iмкнуўся адсюль, з уласнай кватэры, кудысьцi туды, на волю, бо тут ён бяз рэшты страцiў спакой, душэўны камфорт, а гэты вiзыт Красьнянскага разварушыў яго, зьбiў з тропу, i як ён нi супакойваў сябе, супакоiць ня мог. Чаго прыяжджаў асьпiрант, што меў на мэце? Цi сапраўды, каб паспачуваць, сагрэць чалавечай цеплынёй у трудны твой час? Цi...

Менавiта гэтае "цi" балючаю стрэмкаю засела ў Скварышавай душы, не даючы як-небудзь супакоiцца перад ноччу.

Ён яшчэ не адышоўся ад вакна, як у вiтальнi затрашчаў тэлефон, i Скварыш аж здрыгануўся. Пасьля напяўся, зьнерухомеў - не, трубку ён, вядома, ня зьнiме. Цяпер ён баяўся тэлефона, ужо другi месяц не размаляў па iм - з таго часу, як яго паклiкалi на бюро райкаму. Памятнае праклятае бюро, яно падкасiла жыцьцё, увесь лёс павярнула ў невядомы страхотны бок, разам з партыйным бiлетам адабрала, здаецца, волю да жыцьця, пакiнуўшы толькi вось гэта - тайныя страхi, чаканьне невядомага, мабыць, яшчэ горшага. Пэўна ж, горшага. Бо на выключэньнi яны ня спыняцца; даўно вядома, што яны дзейнiчаюць па законах зграi: калi хтось закульгаў i ня можа гарцаваць нароўнi з усiмi, дык яго трэба расшкуматаць i зжэрцi - выбракаваць, каб не псаваў усёй зграi. Законы зграi, мабыць, адныя й тыя ж, што ў зьвяроў, што ў людзей. Тысячагадовая эвалюцыя вiду тут мала што значыла i ў тых, i ў гэтых.

Але ж гэты Красьнянскi... Ну чым ён, Скварыш, мог выклiкаць у яго такое спачуваньне, прымусiць да рызыкi - гэтага вечаровага наведваньня i гутаркi на мяжы рызыкi. Канечне, Скварыш ужо быў вучаны й ня надта раскрываўся ў адказ на ўвогуле разумныя, але й небясьпечныя пасажы асьпiранта. Асаблiва наконт Афгану. Але i зусiм адмаўчацца было неяк, ён мусiў то кiўнуць галавой, то пагадзiцца дзе адным словам, дзе толькi намёкам на згоду. I толькi калi асьпiрант загаварыў пра колiшнюю лекцыю Скварыша, дзе ён выказаў некаторае сумненьне наконт палiтыкi калектывiзацыi, прафэсар заўважыў, што ён зусiм ня ў сэнсе адмаўленьня, а хутчэй канструктыўнага асэнсаваньня - вядома ж, у рамках палiтыкi партыi, хiба з трохi iнакшым аспэктам. Красьнянскi ж быццам не пачуў таго i горача даводзiў пра шматмiльённыя закупы збожжа за рубяжом як наступства тае калектывiзацыi. Вядома ж так, думаў Скварыш, каму тое не вядома, але навошта пра гэта гаварыць? Хiба ён не разумее, гэты гаварлiвы асьпiрант, што прафэсар ня можа яму адказаць у той самай меры адкрытасьцi, мусiць адмоўчвацца? А калi разумее, дык што гэта? Вельмi ўжо падобна на правакацыю, небясьпечную, нават страшную для чалавека, выключанага з КПСС.