- Замежны кансультант, прафесар i шпiён! - сказаў Iван i азiрнуўся.

- А як яго прозвiшча? - цiха спыталiся на вуха.

- Во, прозвiшча! - сумна крыкнуў Iван, - Каб я ведаў прозвiшча! Не запомнiў я прозвiшча на вiзiтнай картцы... Памятаю толькi першую лiтару "Вэ", на "Вэ" прозвiшча! Якое ж прозвiшча на "Вэ"? - схапiўшыся за лоб, сам у сябе спытаўся Iван i раптам замармытаў: - Вэ... Вэ... Вэ! Ва... Вашнер? Вагнер? Вайнер? Вегнер? Вiнтэр? - валасы на галаве ў Iвана ад напругi пачалi варушыцца.

- Вульф? - жаласлiва выкрыкнула нейкая жанчына. Iван раззлаваўся.

- Дура! - крыкнуў ён i пачаў шукаць яе позiркам. - Пры чым тут Вульф? Вульф нi ў чым не вiнаваты! Во, во... Не, нiяк не ўспомню! Ну, дык вось, грамадзяне: зараз жа тэлефануйце ў мiлiцыю, каб выслалi пяць матацыклаў з кулямётамi прафесара лавiць. Ды не забудзьце сказаць, што з iм яшчэ двое: адзiн высозны, клятчасты... пенснэ пабiтае i кот чорны, тлусты. А я пакуль што абшукаю Грыбаедава, я адчуваю, што ён тут!

Iван захваляваўся, расштурхаў акружэнне, пачаў размахваць свечкаю, аблiваў сябе воскам, зазiраў пад сталы. Тут пачулася слова: "Доктара!" - i нечы твар, ласкавы i мясiсты, выгалены i дагледжаны, у рагавых акулярах, з'явiўся перад Iванам.

- Таварыш Бяздомны, - загаварыў гэты твар юбiлейным голасам, супакойцеся! Вас уразiла смерць усiмi намi любiмага Мiхаiла Аляксандравiча... не, проста Мiшы Берлiёза. Мы гэта добра разумеем усе. Вам трэба адпачыць. Зараз таварышы правядуць нас у пакой, i вы адпачняце...

- Ты, - выскалiўся Iван, - цi разумееш ты, што трэба злавiць прафесара? А ты лезеш да мяне з розным глупствам! Крэтын!

- Таварыш Бяздомны, злiтуйцеся, - адказаў твар, пачырванеў, пачаў адступаць i ўжо раскайваўся, што ўвязаўся ў гэтую гiсторыю.

- Не, з каго-каго, а з цябе я не злiтуюся, - з цiхай нянавiсцю сказаў Iван Мiкалаевiч.

Твар яго сутаргава скрывiўся, ён хуценька перахапiў свечку з правае рукi ў левую, шырока размахнуўся i ўрэзаў спагадлiваму твару ў вуха.

Тут здагадалiся кiнуцца на Iвана - i кiнулiся. Свечка патухла, акуляры, якiя ўпалi з твару, былi iмгненна растаптаны. Iван выгукнуў страшны баявы клiч, якi пачулi з задавальненнем нават на бульвары, i пачаў абараняцца. Зазвiнеў са сталоў посуд, закрычалi жанчыны.

Пакуль афiцыянты звязвалi паэта ручнiкамi, у раздзявалцы iшла гаворка памiж камандзiрам брыга i швейцарам.

- Ты бачыў, што ён у споднiм? - холадна пытаўся пiрат.

- Ды, Арчыбальд Арчыбальдавiч, - спалохана апраўдваўся швейцар, - як я магу iх не пусцiць, калi ён сябра МАССАЛIТа?

- Ты бачыў, што ён у споднiм? - паўтарыў пiрат.

- Злiтуйцеся, Арчыбальд Арчыбальдавiч, - чырванеў швейцар, - што ж я магу зрабiць? Я сам разумею, што на верандзе панi сядзяць...

- Панi тут нi пры чым, iм гэта ўсё роўна, - адказваў пiрат i папялiў швейцара позiркам, - а гэта мiлiцыi не ўсё роўна! Чалавек у бялiзне можа iсцi па вулiцах у Маскве толькi тады, калi яго суправаджае мiлiцыя, i толькi ў адно месца - у аддзел мiлiцыi! А ты, калi швейцар, павiнен ведаць, што як толькi ўбачыў такога чалавека, ты павiнен не трацiць i секунды, пачынаць свiстаць. Ты чуеш?

Ашалелы швейцар пачуў з веранды вухканне, звон пасуды i жаночыя крыкi.

- Ну што з табой зрабiць за гэта? - спытаўся флiбусцьер.

Скура на твары ў швейцара зрабiлася тыфознага колеру, а вочы змярцвелi. Яму здалося, што чорныя валасы, цяпер расчэсаныя на прабор, пакрылiся вогненным шоўкам.I знiклi пластрон i сурдут, а за скураной папругай паказалася ручка пiсталета. Швейцар уявiў сябе павешаным на фор-марсарэi. Сваiмi вачыма ён убачыў свой высалаплены язык i мёртвую галаву, якая звiсла на плячо, i нават пачуў, як усхлiпнула за бортам хваля. Каленi швейцара падагнулiся. Але тут флiбусцьер злiтаваўся з яго i патушыў свой востры позiрк.

- Глядзi, Мiкалай! Гэта апошнi раз. Нам такiх швейцараў у рэстарацыi i дарэмна не трэба. Ты ў царкву вартаўнiком паступай. - Пасля гэтага камандзiр скамандаваў коратка, ясна, хутка: - Панцялея з буфетнай. Мiлiцыянера. Пратакол. Машыну. У псiхiятрычную, - i дадаў: - Свiшчы!

Праз чвэртку гадзiны ўражаная публiка не толькi ў рэстарацыi, але i на самiм бульвары i ў вокнах дамоў, якiя выходзiлi на рэстарацыю, бачыла, як з варот Грыбаедава Панцялей, швейцар, мiлiцыннер i паэт Рохiн выносiлi спелянатага, як ляльку, маладога чалавека, якi залiваўся слязьмi, пляваўся i цаляў менавiта ў Рохiна, захлiпаўся ад слёз i крычаў:

- Сволач!

Шафёр грузавое машыны са злосным тварам заводзiў матор. Побач лiхач гарачыў каня, бiў яго па крупе сiнiмi лейцамi, крычаў:

- А вось на бегунках! Я вазiў у псiхiятрычную!

Вакол гудзеў натоўп, абмяркоўваў нечуванае здарэнне; адным словам, адбыўся брыдкi, нясмачны, спакуслiвы свiнскi скандал, якi скончыўся толькi тады, калi грузавiк паiмчаў на сабе ад варот Грыбаедава няшчаснага Iвана Мiкалаевiча, мiлiцыянера, Панцялея i Рохiна.

Раздзел 6

ШЫЗАФРЭНIЯ, ЯК I БЫЛО СКАЗАНА

Калi ў прыёмную славутай псiхiятрычнай клiнiкi, якую нядаўна пабудавалi пад Масквой на беразе рэчкi, зайшоў чалавек з востраю бародкаю, апрануты ў белы халат, была палова другой ночы. Трое санiтараў не спускалi вачэй з Iвана Мiкалаевiча, якi сядзеў на канапе. Тут быў i зусiм расхваляваны паэт Рохiн. Ручнiкi, якiмi звязвалi Iвана Мiкалаевiча, ляжалi кучаю на той жа канапе. Рукi i ногi ў Iвана Мiкалаевiча былi развязаны.

Угледзеўшы чалавека, Рохiн пабялеў, кашлянуў i баязлiва сказаў:

- Добры дзень, доктар!

Доктар пакланiўся Рохiну, але ў гэты час глядзеў не на яго, а на Iвана Мiкалаевiча.

Той сядзеў зусiм нерухома, злосны з твару, насупiўшы бровы, i нават не варухнуўся, калi зайшоў доктар.

- Вось, доктар, - чамусьцi таямнiчым шэптам загаварыў Рохiн i баязлiва азiрнуўся на Iвана Мiкалаевiча, - вядомы паэт Iван Бяздомны... вось, бачыце, мы баiмося, што белая гарачка...

- Моцна пiў? - скрозь зубы спытаўся доктар.

- Не, выпiваў, але не так каб ужо...

- Тараканаў, пацукоў, чорцiкаў альбо сабак не лавiў?

- Не, - скалануўся Рохiн, - яго я ўчора i сёння ранiцай бачыў. Зусiм здаровы быў...

- А чаму ў споднiм? З ложка ўзялi?

- Ён, доктар, у рэстарацыю у гэтакiм выглядзе прыйшоў...

- Ага, ага, - вельмi задаволена сказаў доктар, - а чаму абадраны? Бiўся з кiм-небудзь?

- Ён з плота ўпаў, а потым у рэстарацыi ўдарыў аднаго, а потым другога...

- Так, так, так, - сказаў доктар, завярнуўся да Iвана i дадаў: - Добры дзень!

- Добры дзень, шкоднiк! - злосна i гучна адказаў Iван.

Рохiн збянтэжыўся гэтак, што не адважваўся вочы падняць на ветлiвага доктара. Але той зусiм не пакрыўдзiўся, а звычна зняў акуляры, прыпадняў крысо халата, спрытным рухам схаваў iх у заднюю кiшэню штаноў, а потым спытаўся ў Iвана:

- Колькi вам гадоў?

- Пайшлi вы ўсе к чорту, дальбог! - груба крыкнуў Iван i адвярнуўся.

- Чаго вы злуяцеся? Хiба я сказаў вам хоць што-небудзь непрыемнае?

- Мне дваццаць тры гады, - узбуджана загаварыў Iван, - i я падам скаргу на вас усiх. А на цябе асаблiва, гнiда, - выдзелiў ён асобна Рохiна.

- I чаму вы будзеце скардзiцца?

- Таму, што мяне, здаровага чалавека, схапiлi i сiлком прывалаклi ў дурдом! - абурана адказаў Iван.

Тут Рохiн прыгледзеўся да Iвана i пахаладзеў: нiчога вар'яцкага не было ў Iванавых вачах. З каламутных, якiя былi ў Грыбаедаве, яны ператварылiся ў ясныя, ранейшыя.

"Браточкi, - спалохана падумаў Рохiн, - ды ён i сапраўды нармальны! Вось дурнота якая! Навошта ж мы тады, сапраўды, прывалаклi яго сюды? Нармальны, нармальны, толькi морда аблупленая..."

- Вы знаходзiцеся, - спакойна загаварыў доктар i сеў на белую табурэтку на блiскучай назе, - не ў вар'яцкiм доме, а ў клiнiцы, дзе вас нiхто не будзе затрымлiваць, калi няма патрэбы.

Iван Мiкалаевiч зiрнуў скоса i недаверлiва, але ўсё ж прабурчаў:

- Слава богу! Знайшоўся хоць адзiн нармальны сярод iдыётаў, найпершы з якiх - балбес i бездар Сашка!

- Хто гэта Сашка-бездар? - пацiкавiўся доктар.

- А вось ён, Рохiн! - адказаў Iван i тыцнуў брудным пальцам у Рохiна.

Той успыхнуў ад абурэння.

"Гэта ён мне заместа дзякуй, - горка падумаў ён, - за тое, што я рашыў дапамагчы яму! На самай справе брыдота!"

- Тыповы кулачок па сваёй псiхалогii, - загаварыў Iван Мiкалаевiч, якому прыспiчыла выкрыць Рохiна, - i прытым кулачок, якi старанна маскiруецца пад пралетарыя. Паглядзiце на яго посную фiзiяномiю i параўнайце з тымi крыклiвымi вершамi, якiя ён выдумляе да святаў! Хэ-хэ-хэ... "Узвейцеся!" ды "развейцеся!,"... а вы ў нутро яму зiрнiце - што ён там думае... вы ахнеце! i Iван Мiкалаевiч злавесна засмяяўся.

Рохiн цяжка соп, быў чырвоны i думаў толькi пра тое, што ён прыгрэў у сябе на грудзях змяю, што ён рашыў дапамагчы таму, хто напавер аказаўся лютым ворагам. I галоўнае, што нiчога не зробiш: не будзеш жа сварыцца з вар'ятам?!

- А чаму вас, скажыце, прывезлi да нас? - спытаўся доктар пасля таго, як уважлiва выслухаў выкрыццё.

- Ды чорт iх ведае, дурняў! Схапiлi, звязалi нейкiмi анучамi i павалаклi на грузавiку!

- Дазвольце спытацца, а чаму вы ў рэстарацыю прыйшлi ў адной бялiзне?

- А што тут такога, - адказаў Iван, - пайшоў я купацца на Маскву-раку, ну i свiснулi маё адзенне, а гэтыя рызманы пакiнулi! Не голым жа мне па Маскве iсцi? Надзеў, што было, таму што спяшаўся ў рэстарацыю да Грыбаедава.

Доктар запытальна паглядзеў на Рохiна, i той пахмура прамармытаў:

- Рэстарацыя гэтак называецца.

- Ага, - сказаў доктар, - а чаму вы спяшалiся? Спатканне якое?

- Кансультанта я лаўлю, - адказаў Iван Мiкалаевiч i трывожна азiрнуўся.

- Якога кансультанта?

- Вы Берлiёза ведаеце? - спытаўся Iван шматзначна.

- Гэта... кампазiтар? Iван засмуцiўся.

- Якi кампазiтар? А, ды не! Кампазiтар - гэта супадзенне з прозвiшчам Мiшы Берлiёза!

Рохiну не хацелася нiчога гаварыць, але даводзiлася тлумачыць.

- Сакратара МАССАЛIТа Берлiёза сёння вечарам зарэзала трамваем на Патрыярхавых.