- Ты чуеш, пракуратар? - цiха паўтарыў першасвятар. - Няўжо ты скажаш мне, што ўсё гэта, - тут першасвятар падняў абедзве рукi, i цёмны башлык упаў з галавы Каiфы, - зрабiў няшчасны разбойнiк Вар-раван?

Пракуратар тыльным бокам рукi выцер мокры, халодны лоб, паглядзеў на зямлю, потым прыплюшчана ў неба, убачыў, што распалены шар вiсiць над самай галавой, а цень Каiфы сцялася ля львiнага хваста, i сказаў цiха i раўнадушна:

- Ужо поўдзень. Мы загаварылiся, а трэба працягваць.

Ён далiкатна папрасiў прабачэння ў першасвятара, запрасiў яго прысесцi на лаўку ў цянi ад магнолii, пачакаць, пакуль ён выклiча астатнiх, хто патрэбны на кароткай нарадзе, i аддасць яшчэ адзiн загад, звязаны з пакараннем.

Каiфа ветлiва пакланiўся, прытулiў руку да сэрца i застаўся ў садзе, а Пiлат вярнуўся на балкон. Там ён загадаў сакратару запрасiць у сад легата легiёна, трыбуна кагорты, а таксама двух сябраў Сiнедрыёна i начальнiка храмавай варты, якiя чакалi выклiку на наступнай, нiжэйшай тэрасе ў садзе ў круглай альтанцы з фантанам. Пiлат дадаў, што зараз вернецца, i пайшоў у глыб палаца.

Пакуль сакратар збiраў нараду, пракуратар у зацененым ад сонца глухiмi занавескамi пакоi меў спатканне з нейкiм чалавекам, твар якога быў напалову захiнуты башлыком, хаця ў пакоi не было сонечных промняў. Спатканне было надзвычай кароткае. Пракуратар цiха сказаў чалавеку некалькi слоў, i той адразу ж пайшоў, а Пiлат праз каланаду выйшаў у сад.

Там, у прысутнасцi ўсiх, каго ён хацеў бачыць, пракуратар урачыста i суха паведамiў, што ён зацвярджае смяротны прысуд Iешуа Га-Ноцры, i афiцыйна пацiкавiўся ў сябраў Сiнедрыёна пра тое, каго са злачынцаў варта пакiнуць жывым. I калi пачуў, што гэта Вар-раван, сказаў цiха:

- Вельмi добра, - i загадаў сакратару адразу ж запiсаць гэта ў пратакол, сцiснуў у руцэ паднятую сакратаром спражку i ўрачыста прамовiў: - Пара!

I адразу ж усе рушылi ўнiз па шырокай мармуровай лесвiцы паўз сцены з руж, ад водару якiх кружылася галава, сыходзiлi ўсё нiжэй i нiжэй да варот з палаца, якiя выходзiлi на вялiкую, гладка брукаваную плошчу, у канцы якой вiдаць былi калоны i статуi ершалаiмскага рысталiшча.

Як толькi група выйшла з саду на плошчу, паднялася на прасторны мураваны памост, якi высiўся над плошчай, Пiлат агледзеўся прыплюшчанымi вачыма i разабраўся ў сiтуацыi. Тая прастора, якую ён толькi што прайшоў, гэта значыць ад дварцовай сцяны да памоста, была пустая, але затое ўперадзе Пiлат плошчы ўжо не бачыў - яе з'еў натоўп. Ён запоўнiў бы i памост, i ачышчанае месца, калi б трайны рад себасцiйскiх салдат злева ад Пiлата i салдат iтурэйскай дадатковай кагорты справа не стрымлiвалi яго.

Урэшце Пiлат узышоў на памост. Ён мiжволi сцiскаў у руцэ спражку i глядзеў прыплюшчана. Прыплюшчваўся Пiлат не толькi таму, што сонца сляпiла вочы, не! Ён не хацеў чамусьцi бачыць асуджаных, якiх, а ён гэта добра ведаў, зараз следам за iм узводзяць на памост.

Ледзь толькi белы плашч з барвовым падбоем узнiк увышынi на каменным уцёсе над краем людскога мора, Пiлату ўдарыла ў вушы хваля: "Га-а-а..." Яна пачалася цiха, нарадзiлася недзе ўдалечынi, ля гiпадрома, потым стала грамавой, пратрымалася некалькi секунд i пачала ападаць. "Убачылi мяне", - падумаў пракуратар. Хваля не зацiхла зусiм, а нечакана пачала зноў уздымацца i, разгойдваючыся, паднялася вышэй, чым першая, i на другой хвалi, як на марской закiпае пена, ускiпеў свiст i асобныя, праз гром адметныя жаночыя стогны. "Гэта iх вывелi на памост... - падумаў Пiлат, - а стогны таму, што задушылi некалькi жанчын, калi натоўп падаўся наперад".

Ён счакаў крыху, бо ведаў, што нiякая сiла не можа прымусiць замоўкнуць натоўп, пакуль ён сам не сцiхне, не выдыхне ўсё, што сабралася ў iм.

I калi гэтае iмгненне настала, пракуратар выкiнуў уперад правую руку, i апошнi шум быццам садзьмула з натоўпу.

Тады Пiлат удыхнуў як мага гарачага паветра ў грудзi i закрычаў, i ахрыплы яго голас панесла над тысячамi галоў:

- Iмем кесара iмператара!

Тут яму па вушах ударыў некалькi разоў металiчны крык - у кагортах, выкiнуўшы ўгору пiкi i значкi, страшна закрычалi салдаты:

- Няхай жыве кесар!

Пiлат падняў голаў i ўткнуў яе проста ў сонца. Пад павекамi ў яго ўспыхнуў зялёны агонь, ад яго загарэлiся мазгi, i над натоўпам паляцелi хрыплыя арамейскiя словы:

- Чацвёра злачынцаў, арыштаваных у Ершалаiме за забойства, падбухторванне да паўстання i зневажанне закону i веры, асуджаны на ганебнае пакаранне павешанне на слупах! I гэтае пакаранне зараз адбудзецца на Лысай Гары! Iмёны злачынцаў - Дзiсмас, Гестас, Вар-раван i Га-Ноцры. Вось яны перад вамi!

Пiлат паказаў рукой управа, хоць i не бачыў нiякiх злачынцаў, але ведаў, што яны тут, што яны на тым месцы, дзе iм i належыць быць.

Натоўп адказаў доўгiм гулам не то здзiўлення, не то палёгкi. Калi ён патух, Пiлат працягваў:

- Але пакараны будуць толькi трое, бо ў адпаведнасцi з законам i звычаем, у гонар свята Пасхi аднаму з асуджаных, па выбару Малога Сiнедрыёна i са згоды рымскае ўлады, велiкадушны кесар iмператар вяртае яго нiкчэмнае жыццё!

Пiлат выкрыкваў словы i адначасова чуў, як на змену вялiкаму гулу iдзе вялiкая цiшыня. Цяпер нi ўздыху, нi шолаху не далятала да яго вушэй, i нават наступiла iмгненне, калi Пiлату здалося, што ўсё навокал наогул знiкла. Ненавiсны яму горад вымер, i толькi ён адзiн стаiць, гарыць ад промняў, упёршыся лбом у неба. Пiлат яшчэ прытрымаў цiшыню, а потым пачаў выкрыкваць:

- Iмя таго, каго зараз пры вас адпусцяць на волю...

Ён яшчэ раз замоўк, правяраў, цi ўсё сказаў, таму што ведаў, што мёртвы горад уваскрэсне пасля вымаўленага прозвiшча шчаслiўчыка i нiякiх больш слоў нельга будзе пачуць.

"Усё? - шапнуў сам сабе Пiлат. - Усё. Iмя!"

I ён крыкам пракацiў лiтару "р" над замоўклым горадам.

- Вар-раван!

Тут яму здалося, што сонца са звонам лопнула над iм i залiло яму вушы агнём. У гэтым агнi бушавалi крык, вiск, стогны, смех i свiст.

Пiлат завярнуўся i пайшоў назад па памосце да прыступак, не гледзячы нi на што, акрамя рознакаляровых шашак мазаiкi пад нагамi, каб не спатыкнуцца. Ён ведаў, што цяпер у яго за плячыма градам ляцяць на памост бронзавыя манеты, фiнiкi, што ў азвярэлым натоўпе людзi душаць адзiн аднаго, лезуць на плечы, каб сваiмi вачыма ўбачыць дзiва - як чалавек, якi ўжо быў у руках у смерцi, вырваўся з гэтых рук! Як легiянеры здымаюць з яго вяроўкi, мiжволi прычыняюць яму пякучы боль у выкручаных на допытах руках, як ён моршчыцца i вохкае, усмiхаецца дурною ўсмешкаю.

Ён ведаў, што ў гэты ж самы час канвой вядзе да бакавых прыступак траiх са звязанымi рукамi, каб выводзiць iх на дарогу, якая iдзе на захад, за горад, да Лысае Гары. I толь-кi тады, калi зайшоў за памост, Пiлат расплюшчыў вочы, ведаючы, што цяпер ён у бяспечным месцы - адсюль нельга ўбачыць асуджаных.

Да стогну пачаўшага зацiхаць натоўпу прымешвалiся i былi чуваць цяпер ужо i крыкi глашатаяў, якiя паўтаралi на арамейскай, на грэцкай мовах тое, што пракрычаў з памоста пракуратар. Акрамя ўсяго гэтага,да яго слыху даляцеў дробны роўны строкат капытоў i гук трубы, якая пратрубiла нешта коратка i весела. На гэтыя гукi адказаў хлапчукоўскi свiст з дахаў дамоў на вулiцы, што вяла з базару на гiпадромную плошчу i крыкi "сцеражыся!".

Салдат, якi адзiнока стаяў на вызваленай ад людзей плошчы са значком у руцэ, трывожна ўзмахнуў iм, i тады пракуратар, легат легiёна, сакратар i канвой спынiлiся.

Конная ала, забiраючы ўсё шырэй, вылецела на плошчу, каб перасекчы яе збоч, абмiнуўшы збоiшча людзей, i за-вулкам пад каменнаю сцяною, па якой слаўся вiнаград, карацейшай дарогаю праiмчаць да Лысае Гары.

Пралятаючы рыссю, маленькi, як хлопчык, цёмны, як мулат, камандзiр алы сiрыец, - калi параўняўся з Пiлатам, нешта тонка крыкнуў i выхапiў з похваў меч. Злосны мокры вараны конь шарахнуўся, устаў на дыбы. Камандзiр укiнуў меч у ножны, ударыў нагайкаю каня па шыi, выраўняў яго i паiмчаў у завулак, пераходзячы ў галоп. За iм па тры ў рад паляцелi коннiкi ў хмарах пылу, падскоквалi кончыкi тонкiх бамбукавых пiк. Паўз пракуратара паiмчалiся, здавалася, надзiва смуглыя пад белымi цюрбанамi твары з весела аскаленымi белымi зубамi.

Ала ўварвалася ў завулак, падняла да неба пыл, i паўз Пiлата апошнiм пранёсся салдат з блiскучай на сонцы трубою за плячыма.

Пiлат рушыў далей. Ён закрываў ад пылу твар рукою i незадаволена моршчыўся. За iм да варотаў у сад пры палацы рушылi легат, сакратар i канвой.

Было каля дзесяцi гадзiн ранiцы.

Раздзел 3

СЁМЫ ДОКАЗ

- Ага, было каля дзесяцi гадзiн ранiцы, глыбокапаважаны Iван Мiкалаевiч, сказаў прафесар.

Паэт правёў рукою па твары, як чалавек, якi толькi што прачнуўся i ўбачыў, што на Патрыярхавых сажалках вечар.

Вада ў сажалцы пачарнела, i лёгкая лодачка плыла ўжо па ёй, i чуўся плёскат вясла i смяшок нейкае гараджаначкi ў лодачцы. На алеях на лавачках з'явiлася публiка, але на ўсiх трох баках квадрата, акрамя таго боку, дзе былi нашы субяседнiкi.

Неба над Масквою быццам вылiняла, i зусiм выразна была вiдаць увышынi поўня, яшчэ не залатая, а толькi белая. Дыхаць стала намнога лягчэй, i галасы пад лiпамi цяпер гучалi мякчэй, па-вечароваму.

"Як жа гэта я не заўважыў, калi ён паспеў сплесцi цэлы расказ? - падумаў Бяздомны здзiўлена, - вось ужо i вечар! А можа, гэта i не ён мне расказваў, а я заснуў i ўсё мне саснiлася?"

Але трэба думаць, што ўсё ж расказваў прафесар, бо тое ж самае саснiлася i Берлiёзу, i той сказаў, уважлiва ўглядаючыся ў твар незнаёмца.

- Расказанае вамi надзвычай цiкава, прафесар, хаця гэта зусiм не супадае з евангельскiмi апавяданнямi.

- Злiтуйцеся, - паблажлiва адазваўся з усмешкаю прафесар, - каму-каму, а вам трэба ведаць, што нiчога з таго, што напiсана ў Евангеллi, не было на самай справе нiколi, i калi мы пачнём спасылацца на Евангелле як на гiстарычную крынiцу... - ён яшчэ раз усмiхнуўся, i Берлiёз асекся, таму што лiтаральна тое ж самае ён гаварыў Бяздомнаму, калi iшоў з iм па Броннай да Патрыярхавых сажалак.