- Ага.
- А вось, напрыклад, кентурыён Марк, яго мянушка Крысабой, ён - добры?
- Добры, - адказаў арыштант, - ён, праўда, няшчасны чалавек. З тае пары, як добрыя людзi скалечылi яго, ён зрабiўся жорсткi i чэрствы. Цiкава было б ведаць, хто яго гэтак скалечыў?
- Ахвотна магу сказаць, - адазваўся Пiлат, - бо быў сведка ўсяму. Добрыя людзi кiдалiся на яго, як сабакi на мядзведзя. Германцы ўпiлiся яму ў шыю, у рукi, у ногi. Пяхотны манiпул трапiў у мяшок, i калi б не ўрэзалася з фланга кавалерыйская турма, а камандаваў ёю я, - табе, фiлосаф, не давялося б размаўляць з Крысабоем. Гэта здарылася ў баi пад Iдзiставiза, у Далiне Дзеў.
- Калi б з iм пагаварыць, то я ўпэўнены, што ён моцна змянiўся б, я ўпэўнены, - раптам летуценна сказаў арыштант.
- Я думаю, - адказаў Пiлат, - што мала радасцi было б ад цябе легату легiёна, калi б ты ўздумаў гаварыць з кiм-небудзь з яго афiцэраў альбо салдат. Дарэчы, гэта i не здарыцца, на шчасце ўсiх, i першы, хто пра гэта паклапоцiцца, буду я.
У гэты час у каланаду iмклiва заляцела ластаўка, зрабiла пад залатой столлю круг, знiзiлася, ледзь не зачапiла вострым крылом за твар меднае статуi ў нiшы, i знiкла за капiтэллю калоны. Магчыма, ёй задумалася звiць там гняздо.
Пакуль яна ляцела, у светлай i лёгкай галаве пракуратара склалася формула. Яна была такая: iгемон разгледзеў справу валацужнага фiлосафа Iешуа па прозвiшчы Га-Ноцры, i злачынства ў яго дзеяннях не знайшоў. У прыватнасцi, няма нiякай сувязi мiж тым, што рабiў Iешуа i хваляваннямi, якiя адбылiся ў Ершалаiме нядаўна. Валацужны фiлосаф аказаўся псiхiчна хворым. У вынiку чаго смяротны прысуд, вынесены Га-Ноцры Малым Сiнедрыёнам, пракуратар не зацвярджае. Але, маючы на ўвазе тое, што ненармальныя, утапiчныя прамовы Га-Ноцры могуць стаць прычынаю хвалявання ў Ершалаiме, пракуратар забiрае Iешуа з Ершалаiма i арыштоўвае яго ў Кесарыi Стратонавай на Мiжземным моры, якраз там, дзе рэзiдэнцыя пракуратара.
Заставалася толькi прадыктаваць гэта сакратару. Ластаўчыныя крылы фыркнулi над самай галавой iгемона, птушка кiнулася да фантана i вылецела на волю. Пракуратар падняў вочы на арыштанта i ўбачыў, што побач з iм слупам загарэўся пыл.
- Усё пра яго? - спытаўся Пiлат у сакратара.
- На жаль, не, - нечакана адказаў сакратар i падаў Пiлату другi кавалак пергаменту.
- Што яшчэ там? - спытаўся Пiлат i спахмурнеў.
Пасля таго як прачытаў напiсанае, ён яшчэ болей змянiўся з твару. Цi то цёмная кроў прылiла да шыi i да твару, цi здарылася нешта iншае, але скура яго страцiла жаўтлявае адценне, пацямнела, i вочы быццам правалiлiся.
Зноў, мабыць, была вiнавата кроў, якая прылiла да скроняў i застукала ў iх, але ў пракуратара нешта здарылася з вачыма. Яму прымроiлася, што арыштантава галава паплыла некуды, а на яе месцы з'явiлася другая. На гэтай лысай галаве сядзеў рэдказубы залаты вянок; на лбе была круглая язва, якая раз'ядала скуру, памазаная маззю; запалы бяззубы рот з адвiслаю капрызнаю нiжняю губою. Пiлату здалося, што знiклi ружовыя калоны балкона, дахi Ершалаiма ўдалечынi, унiзе за садам, i ўсё танула вакол у густой зелянiне капрэйскiх садоў. I са слыхам здарылася нешта дзiўнае - нiбы ўдалечынi цiха i грозна пратрубiлi трубы i вельмi выразна пачуўся гугнявы голас, якi пагардлiва расцягваў словы: "Закон аб знявазе яго вялiкасцi..."
Думкi прамiльгнулi кароткiя, абрывiстыя i незвычайныя: "Загiнуў!", потым: "Загiнулi!.." I адна зусiм недарэчная сярод iх пра нейкую абавязковую - у сувязi з кiм? - несмяротнасць, i гэтая несмяротнасць выклiкала страшэнны сум.
Пiлат наструнiўся, прагнаў мроi, вярнуўся позiркам на балкон, i зноў перад iм апынулiся арыштантавы вочы.
- Слухай, Га-Ноцры, - загаварыў пракуратар i глядзеў на Iешуа неяк дзiўна: твар у пракуратара быў грозны, але позiрк трывожны, - ты хоць калi-небудзь гаварыў з кiм-небудзь пра вялiкага кесара? Адказвай! Гаварыў?.. Цi... не гаварыў? - Пiлат расцягнуў слова "не" крыху болей, чым належала ў судзе, i паслаў Iешуа нейкую думку, быццам у нечым хацеў пераканаць арыштанта.
- Праўду гаварыць лёгка i прыемна, - заўважыў арыштант.
- Мне не трэба ведаць, - глухiм, злосным голасам адазваўся Пiлат, прыемна цi непрыемна табе гаварыць, гавары праўду. Табе давядзецца яе гаварыць. Але калi будзеш гаварыць, думай, што гаворыш, калi не хочаш не толькi непазбежнай, але i пакутлiвай смерцi.
Нiхто не ведаў, што здарылася з пракуратарам Юдэi, але ён дазволiў сабе падняць руку, быццам засланяўся ад сонечнага промня, i з-за гэтай рукi, як з-за шчыта, паслаў арыштанту нейкi позiрк з намёкам.
- Дык вось, - гаварыў ён, - адказвай, цi ведаеш ты нейкага Юду з Карыяфа i што менавiта ты сказаў яму, калi гаварыў пра кесара?
- Усё было такiм чынам, - ахвотна пачаў расказваць арыштант, - пазаўчора вечарам я пазнаёмiўся ля храма з адным маладым чалавекам, якi назваўся Юдам з горада Карыяфа. Ён запрасiў мяне да сябе дадому ў Нiжнi Горад i пачаставаў...
- Добры чалавек? - спытаўся Пiлат, i д'ябальскi агонь блiснуў у яго ў вачах.
- Вельмi добры i цiкаўны чалавек, - пацвердзiў арыштант, - ён вельмi зацiкавiўся маiмi думкамi, шчыра сустрэў мяне...
- Свяцiльнiкi запалiў... - скрозь зубы ў лад арыштанту прамовiў Пiлат, i яго вочы ў гэты час свяцiлiся.
- Ага, - крыху здзiвiўшыся дасведчанасцi пракуратара, працягваў Iешуа, папрасiў мяне паразважаць пра дзяржаўную ўладу. Гэтае пытанне яго вельмi цiкавiла.
- I што ж ты сказаў? - спытаўся Пiлат. - Цi будзеш гаварыць, што забыўся? - але ў пракуратарскiм голасе ўжо была безнадзейнасць.
- Акрамя ўсяго iншага, я казаў, - расказваў арыштант, - што ўсякая ўлада з'яўляецца гвалтам над чалавекам i што прыйдзе час, калi не будзе нi кесарскай, нiякай улады. Будзе чалавеку царства праўды i справядлiвасцi, дзе наогул не патрэбна будзе нiякая ўлада.
- Далей!
- Болей нiчога не было, - сказаў арыштант, - тут убеглi людзi, звязалi мяне i прывялi ў турму.
Сакратар стараўся не прапусцiць нiводнага слова i старанна крэмзаў па пергаменце.
- На свеце не было i не будзе нiколi большай i цудоўнейшай улады для людзей, чым улада iмператара Цiверыя! - ахрыплы i хворы Пiлатаў голас мацнеў.
Пракуратар чамусьцi з нянавiсцю глядзеў на сакратара i на канвой.
- I не трэба, шалёны злачынец, разважаць пра яе! - тут Пiлат закрычаў: Вывесцi канвой з балкона! - завярнуўся да стала i дадаў: - Пакiньце мяне са злачынцам сам-насам, тут дзяржаўная справа.
Канвой падняў коп'i i, роўна стукаючы калiгамi, выйшаў з балкона ў сад, а следам выйшаў i сакратар.
Маўчанне на балконе некаторы час парушала толькi песня вады ў фантане. Пiлат бачыў, як уставала над трубачкамi вадзяная талерка, як адломлiвалiся яе краi i сцякалi струменьчыкамi.
Першы загаварыў арыштант:
- Я бачу, што здарылася нейкая бяда з-за таго, што я гаварыў з гэтым юнаком з Карыяфа. У мяне ёсць прадчуванне, што з iм здарыцца няшчасце, i мне вельмi шкада яго.
- Я думаю, - з дзiўнаю ўсмешкай адказаў пракуратар, - што ёсць сёй-той на свеце, каго табе трэба пашкадаваць больш, чым Юду з Карыяфа, i каму будзе намнога горш, чым Юду! Такiм чынам, Марк Крысабой, халодны i закончаны кат, людзi, якiя, як я бачу, -пракуратар паказаў на скалечаны твар Iешуа, - цябе бiлi за твае пропаведзi, бандыты Дзiсмас i Гестас, якiя са сваiмi памагатымi забiлi чатырох салдат, i, нарэшце, брудны здраднiк Юда - усе яны добрыя людзi?
- Ага, - адказаў арыштант.
- I настане царства iсцiны?
- Настане, iгемон, - пераканаўча адказаў Iешуа.
- Яно нiколi не настане! - раптам закрычаў Пiлат такiм страшным голасам, што Iешуа адхiснуўся. Гэтак многа гадоў назад у Далiне Дзеў крычаў Пiлат сваiм коннiкам словы: "Сячы iх! Сячы iх! Велiкан Крысабой папаўся!" Ён яшчэ мацней крыкнуў сарваным на камандах голасам, вымаўляў словы так, каб iх чулi ў садзе: - Злачынец! Злачынец! Злачынец!
А потым прыцiшыў голас i спытаўся:
- Iешуа Га-Ноцры, цi верыш ты ў якiх-небудзь багоў?
- Бог адзiн, - адказаў Iешуа, - я ў яго веру.
- Тады памалiся! Добра малiся! Хаця, - тут голас Пiлата апаў, - гэта не дапаможа. Не жанаты? - чамусьцi з сумам спытаўся Пiлат, не разумеючы, што з iм адбываецца.
- Не, я адзiн.
- Ненавiсны горад, - чамусьцi раптам прамармытаў пракуратар i перасмыкнуў плячыма, нiбы змёрз, пацёр рукi, як абмыў iх, - калi б цябе зарэзалi перад тваiм спатканнем з Юдам з Карыяфа, гэта было б лепш.
- А ты б адпусцiў мяне, iгемон, - нечакана папрасiў арыштант, i голас у яго зрабiўся трывожным, - я бачу, што мяне хочуць забiць!
Твар Пiлата сутаргава скрывiўся, ён паглядзеў на Iешуа чырвонымi гарачымi вачыма i сказаў:
- Ты думаеш, няшчасны, што рымскi пракуратар адпусцiць чалавека, якi гаварыў тое, што гаварыў ты? О багi, багi! Ты думаеш, што я гатовы заняць тваё месца? Я не твой аднадумец! I слухай мяне: калi з гэтае хвiлiны ты прамовiш хаця б адно слова, загаворыш з кiм-небудзь, - сцеражыся! Паўтараю табе: сцеражыся!
- Iгемон...
- Маўчаць! - закрычаў Пiлат i шалёнымi вачыма правёў ластаўку, якая заляцела на балкон. - Сюды! - крыкнуў Пiлат.
I калi сакратар i канвой вярнулiся на свае месцы, Пiлат аб'явiў, што зацвярджае смяротны прысуд, якi вынесены на сходзе Малога Сiнедрыёна злачынцу Iешуа Га-Ноцры, i сакратар запiсаў сказанае Пiлатам.
Праз хвiлiну перад пракуратарам стаяў Марк Крысабой. Яму пракуратар загадаў здаць злачынца начальнiку сакрэтнае службы i перадаць яму загад пракуратара, каб Iешуа Га-Ноцры трымалi асобна, а таксама пра тое, што камандзе сакрэтнае службы пад страхам цяжкае кары было забаронена размаўляць з Iешуа i адказваць на любыя яго пытаннi.
Па знаку Марка вакол Iешуа замкнуўся канвой i вывеў яго з балкона.
Затым перад пракуратарам з'явiўся стройны, светлабароды прыгажун з iльвiнымi мордамi на грудзях, з арлiным пер'ем на грэбенi шлема, з залатымi бляшкамi на партупеi мяча, у зашнураваным да каленяў абутку на трайной падэшве, у накiнутым на левае плячо барвовым плашчы. Гэта быў камандуючы легiёнам легат. У яго пракуратар спытаўся, дзе зараз знаходзiцца себасцiйская кагорта. Легат паведамiў, што себасцiйцы трымаюць ачапленне на плошчы перад гiпадромам, дзе будзе аб'яўлены народу прысуд злачынцам.