Галоўнае, я за тое, каб пiсаць пра ўсё, а не пра адно i тое ж. Апошняе шкодна. Ты падумай! Калi пiсаць толькi пра дабро, то для недабра гэта шчасце; калi пiсаць толькi пра шчасце, то людзi перастануць бачыць няшчасных i ў рэшце рэшт не будуць iх заўважаць, але калi пiсаць толькi пра сур'ёзна-прыгожае, то людзi перастануць смяяцца з пачварнага.

Раздзел 10

ЗА ГРОШЫ

Дзякуючы клопату Толiка i Сцяпанаўны, Бiм папраўляўся. А праз тыднi два лапа пачала гаiцца, хоць i засталася кляшнятая, нязграбная супраць астатнiх; Бiм ужо спрабаваў на яе ступаць, але пакуль што яшчэ так, крышку, - толькi спрабаваў. Расчасаная Толiкам шэрсць надавала Бiму зусiм прыстойны выгляд. А вось галава пачала балець не перастаючы: пасля ўдараў Шэрага нешта там змянiлася. Часам галава пачынала кружыцца, тады ён спыняўся i здзiўлена чакаў, што ж з iм будзе далей, але потым, дзякуй богу, усё праходзiла, да наступнага прыступу. Так i ў чалавека, якi панёс траўму цi якога ашаламiлi несправядлiвасцю, нечакана, не адразу, а праз некаторы час раптам зашумiць увушшу, закружыцца галава, упадзе некуды сэрца, i ён, хiстаючыся, спыняецца i чакае, што ж з iм будзе; потым сапраўды праходзiць, а часам нават i не паўтараецца. Усё бывае i ўсё мiнае. Чалавек таксама жывёлiна - толькi больш адчувальная.

Толькi позняю восенню, па ўжо цвёрдаму марозiку, Бiм пайшоў на чатырох лапах, але такi накульгваў - чамусьцi стала карацейшая нага. Так, Бiм застаўся калека, хаця галава быццам i наладзiлася. Сапраўды: усё бывае i ўсё мiнае.

Гэта б яшчэ нiчога, але гаспадара няма i няма. I аркуш лiста нiчым не пахне, а ляжыць у кутку як звычайная паперка, нiкому не патрэбная. Бiм ужо б мог шукаць сябра, але Толiк не пускаў яго з павадка, калi выводзiў гуляць. Толiк усё яшчэ баяўся з-за тае аб'явы ў газеце i Шэрага дзядзьку, ды i прахожыя часам пыталiся: "А гэта цi не той шалёны сабака з чорным вухам?" Толiк нiчога не адказваў i скоранька iшоў, не азiраючыся, прэч. Ён мог бы сказаць: "Не, не той сабака", - i на гэтым канцы ў воду. Але ён не ўмеў хлусiць i таiць свае пачуццi - страх, насцярожанасць, сумненне i ўсё астатняе; нават наадварот: на хлусню ён казаў, што гэта хлусня, на праўду - праўда. I не толькi гэта, у яго пачынала развiвацца адчуванне гумару, як адна з магчымасцей выражаць справядлiвасць, сапраўднага гумару, калi пра смешнае гаворыцца без адзiнае ўсмешкi, хоць чалавеку з гэтым пачуццём, можа, хочацца i плакаць. Першаю праяваю гэтага было тое самае сачыненне, сутнасцi якога ён i сам яшчэ не разумеў як след, а толькi цьмяна пачаў здагадвацца пра тое-сёе.

Такiм чынам, хлопчык у спартыўных асеннiх штонiках i жоўтых чаравiках, у светла карычневым пiнжачку i асенняй з ворсам шапачцы кожны дзень, адвячоркам, iшоў з кульгавым сабакам па аднаму i таму ж маршруту. Ён заўсёды быў такi чысценькi i акуратны, што кожны сустрэчны думаў: "Адразу бачыш - з культурнае сям'i хлопчык". Да Толiка пачалi ўжо прывыкаць блiжэйшыя да яго маршруту жыхары, а некаторыя нават пыталiся адно ў аднаго: "Чый жа гэта такi харошы i спакойны хлопчык?"

З унучкаю Сцяпанаўны, Люсяю, беленькаю равеснiцаю, цiхаю i сцiплаю, Толiк моцна пасябраваў, хоць чамусьцi i саромеўся браць яе на прагулкi. Затое ў кватэры ў Iвана Iванавiча яны, здаралася, забаўлялiся з Бiмам, а той плацiў iм адданаю любоўю i неадступнаю ўвагаю. Сцяпанаўна сядзела тут жа з вязаннем i радавалася дзецям.

Аднойчы яны раўнялi Бiму ачосы на нагах i падвесак на хвасце, i Люся запыталася:

- Твой тата тут, у горадзе?

- Тут. Толькi яго ранiцаю забiраюць, а вечарам прывозяць на машыне, ужо зусiм позна. Стамляецца страшэнна! Гаворыць: "Нервы ўзвiнчаны да адказу".

- А мама?

- Маме заўсёды няма часу. Заўсёды. То прачка прыходзiць, то падлогу нацiраць, то швачка, то тэлефон звонiць бясконца - нiколi няма ёй спакою. Нават на бацькоўскi сход не можа вырвацца.

- Цяжка, - уздыхнуўшы, пацвердзiла Люся ад чыстага сэрца, з сумам у вачах. Яна ж i папыталася ў Толiка толькi таму, што ўвесь час думала пра свайго тату i маму. Таму i сказала: - А мае тата-мама далёка. На самалёце паляцелi. А мы з бабулькаю ўдзвюх... - I зусiм весела дадала: - У нас два рублi на дзень, во колькi!

- Хапае, слава богу, - падтрымала Сцяпанаўна. - Дзесяць булак белага хлеба можна купiць. Куды та-ам! А бывала ж, даўно - успамiнаеш... Чаго та-ам! Аж млосна: боты гаспадаровы, твайго дзядулi, Люся, аддала за булку...

- А калi гэта было? - спытаўся Толiк, здзiўлена ўскiнуўшы бровы.

- У грамадзянскую вайну. Даўно. Вас i на свеце яшчэ не было. Не давядзi госпадзь вам такога.

Толiк са здзiўленнем глядзеў на Сцяпанаўну i на Люсю: яму было зусiм незразумела, як гэта так, каб таты i мамы не жылi з дзецьмi i каб некалi хлеб куплялi за боты.

Сцяпанаўна ўгадала пра яго думкi па позiрку:

- Ды i паехаць жа нам нельга: кватэру трэба пiльнаваць, а то адбяруць... Цяпер вось i гэту таксама трэба пiльнаваць, пакуль прыедзе Iван Iванавiч. А як жа! Само сабою: мы ж суседы з Iванам Iванавiчам.

Бiм прыгледзеўся да Сцяпанаўны i здагадаўся: Iван Iванавiч ёсць! Але дзе ён? Шукаць, трэба шукаць. I ён пачаў прасiцца, каб яго выпусцiлi. Жаданне аказалася нездзяйсняльнае. Ён лёг ля дзвярэй i пачаў чакаць. Здавалася, нiхто з прысутных яму не патрэбен. Чакаць! - вось мэта яго iснавання. Шукаць i чакаць.

Толiк заўважыў, што бабулька Сцяпанаўна сказала няправiльна - "суседы", але зараз, не так, як пры першай сустрэчы, прамаўчаў, таму што паважаў бабульку, хоць i не мог бы сказаць за што, каб у яго пра гэта папыталiся. Так проста - Люсiна добрая бабулька. Вось Бiм, любiць жа ён Сцяпанаўну. Толiк так i запытаўся:

- Бiмка, ты любiш Сцяпанаўну?

Бiмка не толькi ведаў усiх прозвiшчы, не толькi ведаў, што безымяннае няма нi аднае iстоты, нават самага задрыпанага сабакi, але ён абавязкова выконваў, калi дзецi загадвалi, чые трэба прынесцi пантофлi. Ён i зараз, па Толiкавых i Сцяпанаўны позiрках, па тым, як яна ўсмiхалася, зразумеў, пра каго менавiта гавораць, таму падышоў i паклаў ёй галаву на каленi.

Сцяпанаўна раней была абыякавая да сабак (сабака i сабака, што тут!), а Бiм яе прымусiў любiць, прымусiў сваёю дабратою, даверлiвасцю i адданасцю свайму сябру-чалавеку.

Добрыя i мiлыя чатыры гэтыя iстоты ў чужой кватэры - тры чалавекi i адзiн сабака.

У Сцяпанаўны на душы было таксама цёпла i спакойна. Што яшчэ трэба пад старасць!

Потым, пасля, праз многа год, Толiк будзе ўспамiнаць гэты надвячоркавы час са светла-бэзавым акном. Будзе. Вядома, будзе, калi яго сэрца застанецца шчырым да людзей i калi п'яўка недаверу не прыссецца да ягонага сэрца... Але таго разу ён спахапiўся:

- Да дзевяцi мне трэба дадому. У дзевяць - спаць. Заўтра я табе, Люся, прынясу альбом для малявання i чэшскiя каляровыя алоўкi - нi ў адным магазiне такiх не купiш, не бывае нават. Замежныя!

- Праўда? - узрадавалася Люся.

- А ты тату хоць сказаў, куды ходзiш? - запытала Сцяпанаўна.

- Не-е. А што?

- Трэба сказаць. А як жа, Толiк? Абавязкова.

- Ён жа не пытаецца i мама не пытаецца. У дзевяць гадзiн каб дома...

Калi Толiк адыходзiў, Бiм вельмi, вельмi прасiўся, каб выпусцiў, але марная была яго просьба. Яго бераглi i шкадавалi, не зважаючы на тое, што ён мучыўся i сумаваў па сябры, хаця i любiў iх.

На наступны дзень Толiк не прыйшоў. А Люся так чакала яго з альбомам i алоўкамi, такiмi, якiх не бывае ў магазiнах i якiя нельга купiць i за грошы. Так чакала! Яна i Бiму паўтарала некалькi разоў:

- А Толiка няма. Не iдзе Толiк.

Бiм, вядома ж, зразумеў яе неспакой, ды i час, калi павiнен быў прыйсцi Толiк, мiнуў, таму ён разам з Люсяй пазiраў праз акно на вулiцу i нецярплiва чакаў яго. Але Толiк не прыйшоў.

"Сказаў бацьку", - падумала Сцяпанаўна, а ўслых сказала:

- Вось табе i сабака... Дрэнна будзе нам без Толiка. Хто ж будзе вадзiць Бiма?

У Люсi сцялася сэрца ад прадчування чагосьцi нядобрага.

- Дрэнна, - сказала яна дрыготкiм голасам.