- Але я нiчым не магу дапамагчы вам, - нарэшце, гаворыць ён. - Я сам сяджу тут нi пры чым. У мяне нiчога няма. Нiякiх школаў. У самiх Касьцюковiчах няма. Адкрылi былi дзьве пачатковых - развалiлiся. А ў вёсках? Вы-ж самi, гавораце, спрабавалi адкрыць школу ў сваёй вёсцы i што палучылася? Гэтак i ўсюды ў нас. Якiя вам тут цяпер школы? Не да школаў. Ня бачыце вы цi што?
Памаўчаўшы трохi, загаварыў зноў:
- Калi хочаце, я пазнаёмлю вас з нашым бургомiстрам. Чалавек ён свой. Можа ён вам чым дапаможа. Але яго цяпер няма. Будзе толькi на наступным тыднi... калi будзе. У групе бургамайстраў ён падарожнiчаў па Нямеччыне, быў прыняты высокiм нямецкiм начальствам. Хвалiцца гэтым. Шукае чалавека, якi-б яму апрацаваў для газэты тое, што ён напiсаў аб сваiм падарожжы. Пiсака з яго нiякi. Паколькi вы, кажаце, пiшаце, дык мо ён ўзяў-бы вас. А пасьля можа што i iншае. Але гэта я гавару вам так сабе. Бургомiстр той ужо не начуе ў сябе ў хаце - у палявой нямецкай камэндатуры хаваецца. Баiцца - выкрадуць. Дабiраюцца i сюды, у нашае тут логава. У вашым Мокрым, бачу, зацiшней, чымся ў нас тут. Вялiкае начальства пацiхеньку змываецца адсюль, а вы прыехалi сюды працы сабе шукаць. Не загневайцеся, як добраму чалавеку, раджу вам - павяртайце аглоблi. Будзьце трохi разумнейшымi.
Падкуплены дабрынёю загадчыка "Отделом образования", сяжду ў нерашучасьцi, ня ведаю, што сказаць яму, а ён:
- Так. Так, браток. Павяртайце аглоблi, гавару вам. Калi вас там, у вашым Мокрым камарыкi ня кусаюць. Кусаюць? Ну тады горай. Тады, як хочаце. Вам я нiчым не магу дапамагчы.
Даў мне на разьвiтаньне скрутак газэт. I я выйшаў з гарадской Управы, засмучаны i ўстрывожаны. Палiцэйскiя, якiя былi абшукалi мяне пры ўваходзе, сустрэлi мяне цяпер недаверлiвым паглядам, загадаўшы мне паказаць, што я выношу.
Пераходжу адну, другую вулiцу - усюды дарожныя знакi панямецку i парасейску. Нiякай Беларусi тут няма.
Дуся шкадавала, што не пайшла са мною разам - доўга чакала мяне, непакоiлася, што мяне, бяспашпартнага, яшчэ могуць затрымаць дзе.
Дусiна цётка згатавала для нас, дарагiх гасьцей, смачны абед. Пачаставала гарэлкай уласнага вырабу. У яе гэтае пiтво ня выводзiцца. Дусi яна прызналася, што да яе ўначы заходзяць. Частуюцца i бяруць з сабою пагрэцца ў лесе i што, калi-б мы захацелi застацца ў яе нанач, нiчога нам не пагражала-б. А палiцыi яна не баiцца. Яна ўмее ладзiць i з тымi, i з тымi.
Раскручваю скрутак газэт - нiводнай беларускай, толькi - "Новый путь". Чытаю загалоўкi: "Москва дрожит под градом бомб", "Нам нужен Сталiнград и мы возьмем его", "РОА в действии", "Самопомощь в Минске" i г.д. Гляджу - усё застарэлыя нумары. Сьвежай зводкi з фронту няма. Але з матэрыялаў, якiя праглядваю, здагадваюся, што немцам туга, яны вядуць напружаныя, цяжкiя для iх баi i наперад ня йдуць.
Я ў нейкай разгубленасьцi. Не разумею, адкуль яна, мной апаноўвае, трывожыць адчуваньне незваротнасьцi, няпэўнасьцi i страчанасьцi. Дусi гавару паедзем дамоў. Не хачу тут заставацца. I Дуся ўскаквае:
- Паедзем, Юзiк.
- Трымаць ня буду, - гаворыць цётка. Дае Дусi нейкiя падарункi. Просiць узяць i "хунцiк солi". Паўтарае ўжо сказанае: калi-б мы захацелi, яна нас звязала-б з... i мы маглi-б жыць спакойна. Благаслаўляе нас. На разьвiтаньне гаворыць:
- Беражэцеся.
Гарбунёк, застаяўшыся на марозе i пасiвеўшы, ахвотна нясе нас назад у Мокрае.
Я ўпяршыню застаюся начаваць у Пiлiпавай хаце. Хiма частуе нас настоеным на зёлках гарачым чаем. Сьцелiць нам пасьцель. Пiлiп моўчкi лезе спаць на печ. Хiма прыладзiлася на прыпеку, недалёка ад нас - мы маглi-б даставаць яе нагамi. Наша паездка ў Касьцюковiчы не засталася таямнiцай для сяльчанаў. Бляндынка пусьцiла па вёсцы чутку, што я езьдзiў да немцаў наймацца. Зьбiраюся пераяжджаць у раён i забiраю з сабою Дусю. Але няхай ня думае, што выедзе адсюль чыстым.
Памёр мой дзядзька. Ён доўга хварэў, пакутваў i хацеў хутчэй памерцi. Гэта быў ужо не чалавек, а цень ад яго. Схуднеў. Аслаб. Ня мог хадзiць. Яго ўжо як ня было. Ён адыходзiў, i ў хаце чакалi толькi, калi ён адыйдзе. Ягонае месца гаспадара даўно ўжо заступiла цётка. Ува мне дзядзька знайшоў уважлiвага слухача i любiў гутарыць са мною. Падчас гутаркi ён часта правальваўся ў сон цi забыцьцё, i мая гутарка з iм перарывалася. Адплюшчыўшы вочы, глядзеў, цi я яшчэ з iм. У часе асаблiвай зьнямогi прасiў мяне пахаваць яго, уласнаручна выкапаць для яго магiлку, дагледзець яго.
I вось я дзяўбу на нашым могiльнiку магiлку для дзядзькi. Апрача рыдлёўкi, нiякага iншага струманту ў мяне няма, i пакуль я зьняў верхнi мёрзлы пласт, нямала намучыўся. Далей пайшло ўжо лягчэй. Я ўжо па пояс у зямлi. Накiдаў наверх паабапал сябе жаўцяку столькi, што ўжо ня вiдаць мяне. Але трэба яшчэ капаць, дзядзька прасiў выкапаць магiлку глыбокую, каб яму цёпла было, каб узiмку мярзлота не даставала яго i каб ён у магiльнай цiшынi ня чуў людзкой скаргi. Я ўжо ўвесь схаваўся ў магiлцы. Нада мной уверсе жаўцее цэлая гара пяску, гатовая, здаецца, абсунуцца i засыпаць тут мяне самога. Зьверху цярусяцца спакойныя сьняжынкi, кладуцца мне на шапку, плечы, рукавы. Я, услухоўваючыся ў iхны нейкi шапатлiвы дотык, мiжволi спыняю працу, аддаюся нейкай бяздумнасьцi. Мне ўтульна ў гэтай дзядзькавай магiлцы, быццам я ў самай цёплай i зацiшнай хаце. Нiчога ня чую, апрача шапатлiвага руху сьняжынак, нiчога ня бачу, апрача неба i гонкай нада мною сасны, што, як i я, узiраецца ў неба. Стаю з рыдлёўкай у руках i адчуваньне такое, быццам я атрос з сябе ўвесь цяжар сьвету i, вызвалены, стаю заспакоены, з палёгкай на душы. Стаю, быццам сузiраю нешта, а што - добра не ўцямлю, тое "нешта" бясконца снуецца ў мяне ў душы, праходзiць праз мяне ўсяго, тчэцца нейкай сьветлай уявай, не перарываецца. Я ня чую сябе, што я ёсьць. Усё йдзець без мяне i я ў тым, што йдзець, плыву разам з iм i няма той плынi канца. Мяне няма i нiкога няма. Ёсьць толькi бясконцая плынь, iснаваньне плынi, а не маё iснаваньне. I толькi, калi я адчуў у руках рыдлёўку, я ўявiў, што я - гэта на самай справе я, а нiхто iншы i што мне трэба канчаць дзядзькiну магiлку i вылазiць з яе. Я-ж яе капаю не для сябе, а для дзядзькi.
Прывезьлi дзядзьку ў труне на санёх. Труну зьнялi з саняў i ўзялi сабе на плечы два досыць моцныя мужчыны, дзядзькiны нейкiя далёкiя родзiчы, якiх я нiколi ня бачыў. Цётка запрасiла iх дапамагчы ў пахаваньнi. Яны апусьцiлi на вяроўках дзядзькiну труну ў магiлку. Усе, што прыйшлi хаваць, сыпнулi па жменi жвiру на труну i рыдлёўкi пачалi пасьпешна засыпаць дзядьзку зямлёй, што я накапаў.
Прайшло сорак цi колькi дзён ад часу пахаваньня, i цётка зладзiла памiнкi па дзядзьку. Нагнала гарэлкi. Нарабiла каўбас. Запрасiла гасьцей, у тым лiку, канешне, i мяне. На памiнкi прыехалi i тыя два родзiчы, што бралi ўдзел у пахаваньнi. Цётка запрасiла на памiнкi i жанчын, што плакалi, калi дзядзька ляжаў на покуце прад абразамi i калi яго апушчалi ў магiлку. Сядзiмо такiм парадкам за сталом. П'ём. Закусваем. Успамiнаем нябожчыка. Цётка паставiла на часах сваю старэйшую дачку, маю пасёстру, каб яна наглядала за вулiцай i калi, крый Божа, нарвуцца партызаны, мiгам папярэдзiць нас. Седзячы за сталом, я даведаўся, што дзядзькiны родзiчы, тыя двое, што апушчалi дзядзьку ў магiлку палiцэйскiя. Яны былi толькi запiсаўшыся ў палiцэйскiя, але службы не нясьлi воласьць, пры якой яны мусiлi служыць, лiквiдавалi партызаны ў першым-жа тыднi яе iснаваньня, але за iмi ўсё роўна замацавалася званьне палiцэйскiх. На самым пачатку вайны яны папалi ў палон, але ўцяклi з палону, у партызаны не пайшлi палезьлi ў палiцыю.
Пасылаючы дачку на вулiцу сьцерагчы нас, я думаў, што цётка выставiла варту дзеля мяне i быў надта праняты ейнай услужлiвасьцяй.
Добра захмялеўшы, загаманiлi на ўсю хату. Пра дзядзьку ўжо й ня згадваем, гаворым хто пра што i ўсё болей уцягваемся ў гарэлку. Закусваем смажанiнай i кiслай капустай з агуркамi. Жанчыны зацягнулi ўжо й песьню, аж тут апромецьцю бяжыць у хату наша стража з страшным: "Партызаны!" Мае палiцэйскiя выскачылi на панадворак, а я чамусьцi - на вулiцу. Зiрнуў направа - даўгая прамая вулiца хiснулася сваiм канцом у маiм п'яным мозгу. Зiрнуў налева - на мяне бяжыць з аўтаматам партызан. Я назад на двор. З двара - у поле, у белае чыстае поле. Партызан - за мною. Крычыць "Стой!" Я бягу. Колькi моцы стае - бягу. Уцякаю. Ён - страляць. А я ўсё - бегчы. Спатыкнуся - ён перастае. Узьнiмуся - страляе. Ды я бягу. А ён палiць па мне. Я чую, як паўзбоч мяне цiўкаюць кулi i, падаючы ў сьнег, шыпяць. Прабiлi расхлiстаную палу ў маiм палушубку, бясьсiльна ўдарыла адна ў гумовы запятак калошы на маiм валенку. Ды я бягу. Уцякаю ад сьмерцi. Упаду. Зiрну на яго - ён перастае. Думае - ня ўстану. А ўстану - ён iзноў. Калi бягу, баюся - патрапiць у сьпiну. Падаю. Бягу. А ён усё гонiцца за мной i страляе. На чыстым, засьнежаным полi толькi я i ён.