Я працую ў сястры да цямна. Вячэраю i йду, мiнаючы сваю хату, да Дусi. Цiхенька стукаю ў дзьверы - Дусi штосьцi ня чуваць. Не падыходзiць да дзьвярэй. У клецi яе няма. Яна ў хаце? А мо што здарылася? Стаю, ня ведаючы што рабiць. Зайсьцi ў хату? Раздумваю. Зайду. Толькi наважыўся, а Дуся - з сянец. Яна выглядала мяне ў вакно i, заўважыўшы, выбегла насустрач.
- Юзiк, мiленькi. Я рада, што прыйшоў.
Цягне мяне далей ад хаты:
- Тут небясьпечна. Пойдзем далей. На рэчку. Там нас нiхто ня ўбачыць.
Я ў недаўменьнi. Ужо калi мы апынулiся ў алешнiку, пытаюся:
- Гавары, што з табой, Дуся?
- Каб ты ведаў, Юзiк, якога страху я набралася. - Заплакала. - Я хацела табе не гаварыць. Не хацела цябе пужаць. Баялася, што ты тады пойдзеш ад мяне. Але мой тата i мама прасiлi мяне сказаць табе. Сказаць, што ў нас былi ноччу партызаны. Ды ета ня ўсё. Яны лезьлi да мяне ў клець. Я-ж ведала, што ня прыйдзеш i запёрла дзьверы на засоў. Дык яны пачалi дзьверы ламаць. Крычаць "Адчынi. Ты нам ня трэба. Нам трэба той, хто ў цябе". Я маўчу. Стаiлася. Нiчога не гавару. А яны бiць у дзьверы мацней. Потым сьцiхлi. I адзiн голас пытаецца - я пазнала яго, гэта Мiкола Бугроў: "Адчынi. Табе нiчога ня будзе. Мы знаем, хто ў цябе". Я асьмелiлася й гавару: "У мяне нiкога няма". "Брэшаш, сука." Наляглi i вывалiлi дьзверы. Я як няпрытомная ўскочыла з ложку. Закрычала благiм матам. Баялася, што яны забяруць мяне з сабой. Запалiўся лiхтарык. Водзяць па куткох сьвятлом. Няма. Я была рванулася з клецi, ды тут-жа мяне схапiлi дужыя рукi i на ложак. Я - кусацца. Нагамi - бiцца. I як ратунак - голас на двары: "Хто тут?" Рукi адпусьцiлi мяне. Я выбягаю на двор бацька. У руках у яго сякера. Я ўчапiлася за бацьку. Выходзяць i тыя. Бацька пазнаў iх абодвух. I Бугрова, i таго, што жыў у нас. Замахнуўшыся сякерай, бацька крычыць: "Вон з майго двара! - засяку!" I яны пайшлi. Не зачапiлi бацькi. У клець я ўжо не вярнулася. Забрала пасьцель i - ў хату. Мы ўжо ня будзем з табою, Юзiк, спаць у клецi. Яны хочуць цябе злавiць... Куды мы цяпер пойдзем? Яны будуць сьцярэч нашу хату. I тваю.
На рэчцы ўзьняўся туман. Зябка. Дуся калоцiцца - i ад холаду i ад узрушанасьцi. Каб не стаяць на месцы, iдзём, абы йсьцi. Узыходзiм на мост. Паднiмаемся на другi, вышэйшы бераг. Кiруемся на школу. Школа з узгорку глядзiць на нас сваiмi пустымi бяз шкла вокнамi злавесна i папераджальна. Але мы йдзём. Быццам хочам знайсьцi ў ёй прытулак. Абыходзiм школу кругом. Усюды дзьверы ў ёй адчыненыя. Заходзiць баiмося. Дуся тлумачыць мне, дзе i ў якiх класах яна сядзела. Ля якога вакна. Цяпер разьбiтага. Паказвае мне настаўнiцкую, кватэру-пакой, дзе жыў Вяркееў. Дуся забылася, што я-ж усё гэта ведаю. "А тут вось я сядзела, калi была ў шостым класе. Глядзела ў вакно на рэчку, на мост. Бачыла сваю хату". "Ах, шкада, - гавару ёй, - што я не сядзеў тады разам з табою". "Праўда, ты шкадуеш? - пытаецца. - Я шкадую таксама, што цябе ня было тады са мною. Я хацела, каб ты быў тады са мною. Але цябе ня было. Шкада."
Дуся гаворыць усё гэта i цалуе мяне i мне прыемная ейная пяшчота, як нейкi гаючы i патрэбны мне лек. Чую краем свае душы, што яна хоча мне сказаць яшчэ нешта, больш важнае за тое, пра што яна гаварыла дасюль.
Мы йдзём назад. На мост. Ноч лагодай абыймае нас i, аддаючыся ёй, мы як-бы ажываем, зблiжаемся, i без таго блiзкiя. Нiкога нiдзе няма. Толькi мы адны. Але мы нiдзе ня можам прыпынiцца. Наблiжаемся да Цэнтру, направа ад нас - пуня i ў ёй напоўадчыненыя вароты. Мы заглядаем у сярэдзiну. Паабапал - направа i налева - складзенае сена. Пад самы вiльчык. Сваёю духмянасьцяй яно запрашае нас. I мы лезем наверх. Робiм сабе бярлогу. Улазiм у яе. Хаценьне зраджаецца iмгненна i мы аддаёмся яму. Дуся гаворыць: "Ты сапраўдны Юзiк. Я чую цябе ўсяго. Ты ў мяне наскрозь". Ляжыць, узапрэлая. Просiць, каб я сказаў, што мне добра з ёй. I я гавару ёй, што ў мяне слоў не хапае, каб сказаць, як мне добра з ёй, як яна мяне захапляе сваёю пяшчотай, сваёю ўтульнасьцяй, усёй сваёю iстотай. "Я рада, Юзiк. Ляжы. Чуй мяне. Я табе буду шаптаць нешта на вуха. Юзiк, я даўно табе гэта хацела сказаць. Ды саромiлася. Ды баялася - як ты гэта прымеш. Думала - як скажу, пойдзеш ад мяне. Скажы, Юзiк, ня кiнеш мяне, як скажу? Будзеш так любiць, як во цяпер, у гэтую часiнку? Калi ты ўвесь мой i я да астатку твая. Даеш слова мне, што не разьлюбiш, як скажу? Даеш? Ну, добра. Веру, Юзiк, табе. Ды як мне пачаць? Ты-ж здагадаўся, Юзiк, што я ня цэлая была? Здагадаўся? Цi можа не? Здагадаўся? I ты прабачаеш мне? Ты доўга спакушаў мяне, Юзiк. Тады яшчэ, калi стаяў на мосьце. Калi ляжаў у траве. Калi я падглядала цябе. Я ўжо любiла цябе тады. Я гэта ведаю толькi цяпер. А тады я ня ведала. Ды ты мяне не чапаў. Хацеў мяне, ды не чапаў. Шкадаваў мяне? Баяўся? Баяўся, што я - дзiця яшчэ? А я хацела, каб ты зачапiў мяне. Мне было прыемна, калi ты блiзка сядзеў каля мяне ў нас за сталом. Калi, схiлiўшыся над кнiжкай, мы чыталi яе i я дакраналася тваёй шчакi сваiм лёканам. Калi ты браў мяне на рукi, каб я не баялася грому. Я ня так баялася грому, а каб ты ўзяў мяне i ўтулiў. Я была зайздросная, што ты танцаваў у нас на вясельлi з iншай жанчынай, а не са мной. Я падгледзела, куды ты пайшоў з ёю i што рабiў з ёю. Я хацела быць на мейсцы той жанчыны. Але ты тады, Юзiк, не чапаў мяне. Толькi спакушаў, але не спакусiў. I мяне, Юзiк... спакусiў нехта iншы. Даруй, Юзiк. Ты ня гневаешся? Не? Праўда? Ты мяне слухаеш? Ты не раўнуеш? Не? Ну й добра. Я сама ня ведаю, як гэта сталася. Я адставала па арiхмецiцы. I настаўнiк хацеў мяне падцягнуць. Займаўся са мною асобна пасьля заняткаў. Адну гадзiну. У класе. Тлумачыў. Пасьля тлумачэньня даваў мне некалькi прыкладаў, каб я iх разьвязала сама. Прасiў, як спраўлюся, заходзiць да яго ў пакой для праверкi. Садзiў мяне на нiзкi тапчан i сам садзiўся побач мяне. Я разгортвала свой сшытак. Паказвала яму свае прыклады. Ён глядзеў у сшытак, нахiляючыся да мяне. I мне было прыемна, што ён так нахiляўся, хоць я й баялася яго, як свайго настаўнiка. Ад яго йшоў нейкi прывабны пах папiросаў, якiя ён курыў. Ён паглядаў на гадзiньнiк i казаў, што ўжо мне пара iсьцi дахаты. I я йшла дахаты. Тры разы на тыдзень я мусiла прыходзiць да яго. Ён хвалiў мяне i казаў, што я хутка даганю сваiх аднакласьнiкаў. Я радвалася. Хадзiла да яго на дадатковую гадзiну. Ён усё так-жа, як i кожны раз, садзiўся на тапчан сам i мяне запрашаў. Глядзеў у мой сшытак, цi правiльна я зрабiла заданьне, якое ён мне даваў. I правяраючы, нахiляўся да мяне гэтак блiзка, што ў мяне кружылася галава i я ня ведала дзе я i што са мною. Аднойчы, седзячы шчыльна каля мяне, ён абняў мяне i перакулiў на тапчан. Палез з рукою пад маю сукенку. Даткнуўся i я самлела ў нейкай жарсьцi. Крыкнула. Мне было больна. Ён адпусьцiў мяне. Я паднялася i ўбачыла на маiм споднiм кроў. Спужалася. Пабегла дахаты i ў сьлязах сказала мацi, што са мною сталася. Усё чыста сказала. Толькi не сказала хто. Я баялася свайго настаўнiка. Як не дапытвалася мацi - хто, я не сказала. Мацi мне строга наказала, каб я болей не заставалася ў школе пасьля заняткаў. Мацi ўсё дазнавалася тайком, хто - i думаю, дазналася. Але не хацела мяне пазорыць. Маўчала. Не вынасiла гэтага дзела на людзi. Я-ж пасьля гэтага старалася не пападаць свайму настаўнiку на вочы. У класе на яго не глядзела, калi ён прыходзiў да нас на свой урок. Мучылася. Ня гневайся на мяне, мой даражэнькi, мiленькi Юзiк. Ня крыўдуй на мяне. Ад таго ўсяго й знаку няма. Усё прайшло. Я твая. Юзiкава. Ты не разьлюбiў мяне, Юзiк? Юзiк мне даруе, як я Юзiку. Чую - ты ўсё такi-ж. Замёр? Мо ня слухаў мяне, што я табе гаварыла? Ну й добра. Ня трэба. Ты ня чуў i я табе нiчога не гаварыла".
Дуся заснула ў маiх руках. Ды раптам страпянулася:
- Юзiк, дзе гэта мы цяпер? У сене? О, як добра ў сене!
Я не магу ня думаць пра Дусiну споведзь. Хачу яе забыць i не магу. Дуся нiчога ня страцiла ў маiх вачох. Наадварот, я ацанiў яе яшчэ вышэй. Ейны вобраз застаецца ў мяне такiм-жа сьветлым i незаплямленым, якiм ён быў для мяне заўсёды. Але тым ня менш, ня думаць пра Дусiну споведзь я не магу. Што я паранены зьмяiным джалам рэўнасьцi? Не. Любоў да Дусi была-б тады азмрочанай i я ня змог-бы тады яе кахаць. Што-ж тады? Думаю - зайздрасьць. Зайздрасьць да яе, што сваiм чарам яна магла зачараваць i некага iншага, ня толькi мяне. Гэтая зайздрасьць не адштурхнула, а яшчэ больш кiнула мяне да яе. Калi яна спавядалася ў пунi, утулены, я слухаў яе, як праз сон, мне было прыемна чуць ейны шэпат, цiхi i ласкавы, здавалася, нiбы яна гаворыць мне нейкую казку. Ейная споведзь узвышала яе, ейны грэх акупаўся ў мяне чысьцiнёю ейнага сэрца. Лежачы з ёй я ня думаў над ейнай споведзяй. А выйшаў з пунi, разьвiтаўся пачаў думаць. Думку гэтую ганю, заглушаю, а яна ўсё абуджаецца. Нават калi я з Дусяй, у хвiлiну, калi мы аддаемся, у часе найбольшай жарсьцi i забыцьця, думка гэта можа ашаламiць мяне.