Кабеткi - тыя, дзьве бляндынкi, нiзкага росту, кабеткi местачковага тыпу неўзаметку паставiлi на стол пляшку самагонкi i паклалi на талерку нейкую закусь. Пачалi частаваць мяне - пiць са мною, громка дзынкаючы сваiмi шклянкамi аб маю i высока iх узьнiмаючы. Яны яшчэ больш ап'янелi, у тым лiку Манька. Ад Манькi яны дазналiся, хто я - бляндынкам Манька сказала, што я таварыш ейнага брата Вусьцiна, што яна вельмi добра помнiць мяне. Не засталося таямнiцай i тое, што я толькi што прыйшоў... "Адкуль - з палону?" пасьпяшалася запытацца адна з бляндынак. Манька ня ведала, як адказаць i чамусьцi, сьмяючыся, ляпнула: "З катаргi". "З катаргi? Ах, якi-ж ты бедненькi, наш катаржнiчак! - мала не сьпяваючы, залямантавала адна з бляндынак. - Я цябе адхукаю пад пярынаю, калi ты ляжаш са мною, Арынаю. Дам табе... што хочаш. Забудзеш i на сваю катаргу. Праўда, са мной будзе табе яшчэ большая катарга". "Ня дурыся, Арына. Ты ўжо застарая. Мы пакладзем яго сёньня з Манькай". Гэта сказала братава Манькi, ейнага старэйшага брата жонка, што прыехала цяпер з Касьцюковiчаў. Ейны муж - бронь i недзе ладзiць партызанку. Iншая-ж бляндынка, Арына, - гэта ейная сяброўка i я яшчэ ня ведаю, хто яна.

Але я ня хочу й ведаць. Мне час iсьцi. Мне час пакiнуць iх. Ды ў мяне няма на гэта дастатковай рашучасьцi: падумаюць - спужаўся. I я ня йду. Братавая Манькi, прыкмецiўшы маю нерашучасьць, зьвяртаецца да Арыны:

- Бачыш, ён ня ведае, да каго з нас прыстаць. Аддамо яго Маньцы. Мы з табой - бабы, а яна дзеўка, ёй трэба замуж. Манька! Iдзi ў сваю клець. Душы падушкi. А "катаржнiка" мы табе прывядзём.

I на маё зьдзiўленьне Манька пайшла ў "сваю клець". Ну й добра - я пайду да Манькi. Братава бярэ лiхтарык i вядзе мяне праз сенцы ў клець. Арына, ап'янелая, крычыць мне ўсьлед:

- Як у цябе там ня ўдасца, прыходзь да мяне. У мяне ўдасца.

Мы ўвайшлi ў клець. Манька ўжо ляжала ў пасьцелi. Братавая, сказаўшы "Добрай ночы", пакiнула нас. Я ня ведаю, як падыйсьцi да Манькi, як распачаць з ёю гаворку. Стаю. У цямноце ня бачу яе.

- Дык раскажы, Манька, як ты жывеш, - распачаў я гаворку. - Што новага ў цябе? Цi ёсьць што ад Вусьцiна? Што чуваць наогул? Я-ж нiчога ня ведаю. Раскажы пра ўсё.

I прысеў на ейны ложак.

- Я ведаю, што цябе цiкавiць, - азвалася Манька. - Дуся цябе цiкавiць, вот што. Яна чакае, чакае цябе, калi ты прыйдзеш да яе ў клець, дармо, што да яе ходзяць iншыя.

- А вось я не да Дусi, а да цябе прыйшоў.

Намацаў яе руку, трымаю.

- Дуся мяне ня цiкавiць.

- Ня веру. У цябе з ёй старая любоў.

- Прайшла, Манька, тая любоў.

Нахiляюся над ёй. Тулюся да яе шчакой. Прыпадаю да яе грудзей. Змыкаюцца вусны. Адкiдаю коўдру - Манька не працiвiцца...

Я доўга ня быўшы, пайшоў ад Манькi з страхам, што зачапiў яе. Сьпяшаюся дахаты, а ў сэрцы балючая стрэмка: "Хто-ж ходзiць да Дусi?"

Нядзеля. Нейкае вялiкае сьвята, здаецца - Духаў Дзень, i я мог-бы паспаць даўжэй. На працу-ж ня йсьцi. Але я не магу болей спаць - лезе ў сэрца Манька, трывожыць маё сумленьне. Вырасла на руках мацi, бяз бацькi. Рана пайшла з хаты на свой хлеб. Людзi выкарысталi ейную маладосьць i недасьведчанасьць. Тое зрабiў i я? Хацела яна мяне дзеля свае жарсьцi, цi тут быў разьлiк - знайсьцi сабе жанiха? Але якi з мяне жанiх? А потым Манькiны словы: "Дуся цябе чакае, дармо, што да яе ходзяць iншыя". Цi гэта Манька сказала знарок, каб я зрокся Дусi i заставаўся з ёю, Манькай? Цi гэта на самай справе Дуся такая? Мне надта не залежыць на Дусi, але тое, што сказала пра яе Манька, глыбока кранула мяне. Мне сорамна цяпер за сваю колiшнюю рамантычную, пасутнасьцi мною выдуманую закаханасьць у Дусю. Я знаходзiў у ёй тое, што хацеў знайсьцi. Яна адпавядала маiм пошукам прыгожага, але цi была яна сама ўвасабленьнем гэтага прыгожага, я тады ня думаў. Я забаўляўся ёю, па незямному прыгожай, па нябеснаму чыстай i някранутай. З гэтым вобразам я пайшоў насустрач майму лёсу. Апынуўшыся ўжо на сваёй, наканаванай мне дарозе, я надта й ня думаў пра яе, ейны вобраз як-бы адыйшоў ад мяне, быў заслонены маiм пакутлiвым iснаваньнем. Гэты вобраз для мяне набыў iншае, абстрагаванае значэньне. Каб магчы пераадольваць пакуты, наўсуперак iм, як выратаваньне, паўставаў ужо вобраз зборны, абстрактны, не абавязкава канкрэтны вобраз Дусi:

Як думка аб табе мая мiльгне,

а думаю я пра цябе штодзень,

ў тваiм пакоi на сьцяне

становiцца мой чорны цень.

I нярухомы ў постацi сваёй,

нябачанай табой нiдзе,

над сумнаю тваёю галавой

ён гутарку з табой вядзе:

- Я не загiну ў нябыцьцi,

мой сьлед ня змыць дажджам.

Я за табой прайду ў жыцьцi,

спакою я табе ня дам.

- Мы - кветкi ў полi па вясьне

жыцьця на вогненным лагу.

Ты жыць ня можаш без мяне,

як без цябе я не магу.

Бо ты - багiня на зямлi

i хараство, а iм,

як у палон мяне ўзялi,

павiнен я жыцьцём сваiм.

Малiцца хараству - закон,

закон адзiны мой.

Жыцьцё маё пастаўлена на кон

i целам i душой я твой.

I думка да цябе мая iмкне,

i як адыйдзе ў вечнасьць сьветлы дзень,

становiцца ў пакоi на сьцяне,

цябе вiтаючы, мой сумны цень.

Створаны мной iдэальны вобраз я надзяляў пакутлiвымi рысамi. Вобраз жыў маiмi пакутамi. Мне патрэбна была ягоная татальная адданасьць, гатовасьць iсьцi за мною, калi трэба - i на сьмерць. I вось цяпер адданасьць майго iдэальнага вобразу стаўляецца пад пытаньне: "да яе ходзяць i iншыя". Ува мне ўзьнялася цэлая вiхура ня гэтулькi рэўнасьцi, колькi шкадаваньне сваёй адданасьцi гэтаму вобразу, што вёў мяне праз усе гады маiх пакутаў.

Вулiца наша ўся ў маладых, уткнутых у зямлю ля кожнай хаты, бярозках сапраўднае сьвята. Ранiца сонечная. Неба глыбокае. Паветра звонка-празрыстае. Жанчыны, без сваiх мужыкоў, насеклi сабе бярозак. А можа ня так для сябе, колькi для тых, каго няма. Бярозкi - гэта як-бы жывая сувязь з тымi, што ня дома. Бярозкi - iхны цiхi шэпат - гэта пасланьне iм, размаўленьне з iмi. У нядзелю людзi чысьцейшыя. Лепш убраныя. Больш лагодныя. Сонца ўжо высока, у самым зэнiце. Дзень грае сваё, адвечнае. Яму здаецца няма нiякай справы да людзей - сьвецiць, блiскотнае i ўсё.

Гляджу ў вакно i перада мною, як на далонi - праз рэчку - Пiлiпава хата. Нехта выходзiць з яе, нясе вялiзны - укоптар - кошык. Стаўляе яго на зямлю, пад нацягнутай мiж двума слупкамi вяроўкай. Нагiнаючыся, бярэ з кошыку паасобныя рэчы i вешае - бялiзна. Хто гэта? Ня Хiма-ж. Дуся? Такая вялiкая? Не пазнаю. А мо гэта Эма? Не, гэта ня Эма. Гэта ўсё-ткi Дуся. Нагiнаецца i вешае. Нагiнаецца i вешае. У прамежку спыняецца i пазiрае на нашу хату. Я хаваюся за прыталкай. I зноў гляджу. Яна разьвесiла бялiзну i з парожнiм кошыкам iдзе назад у хату - я гляжу ёй усьлед, яна iдзе, не азiраючыся i мне здаецца, што сваёю сьпiною яна адчувае мой зiрк i нi разу не аглянулася толькi таму, каб заiнтрыгаваць мяне. Але адумаўшыся, я палiчыў такую сваю здагадку наiўнай, тым ня менш у ейнай пастацi, у тым як яна iшла - быццам выстаўляла сябе на паказ, стройную, танклявую, з прыгожым рухам у талii - я ня мог не заўважыць ейнага намеру зьвярнуць на сябе ўвагу. Бо-ж ня дапушчаў, не - я быў упэўнены, што яна бачыла мяне ў вакне i ўсёй сваёй iстотай - можа падсьведама - выказвала сваю неабыякавасьць да мяне. I я ўжо ўяўляю, як дачакаўшыся вечару, я пайду да яе ў клець. Манька-ж гаварыла, што Дуся сьпiць у клецi. Пайсьцi да iх цяпер, удзень, не адважваюся, баюся паказацца ў iх там, на вулiцы, тым больш не гатовы пайсьцi да iх у хату, як гэта, можа, трэба было-б. Бацькi-ж яе, канешне, ведаюць, што я прыйшоў i можа чакаюць, калi я зайду да iх. Напэўна, пакрыўджаныя, што ня йду.

Мае бацькi, бязумоўна, чулi, што ўчора я прыйшоў дахаты позна i глядзяць сёньня на мяне якiмiсь iншымi вачыма. Бачу ў iх першую за гэты час стрыманасьць да мяне.

На вулiцы поўна народу - жанчын, дзяцей, сярод iх - трох мужчын гутараць, размахваюць рукамi, нешта даводзяць адзiн адному. Ня йдуць слухаць Вусатага Якава - што ён там вярзець? Мо прадказвае ўжо канец сьвету? Гэта бабскае дзела - яны вераць усяму. Ну й разьзяўляюць раты. (Вусаты Якаў, паставiўшы на сярэдзiне вулiцы свой маленькi столiк, чытае бабам Бiблiю i iх ўсё болей i болей падыходзiць да яго.) I калi паглядзець збоку - няма й гора: прыбраныя, заслоненыя бярозкамi хаткi, падмеценая вулiца, жоўты на ёй, пасыпаны на сьвята, пясочак, гульнi маленькiх дзетак, пакора i сьцiшанасьць. Але за ўсiм гэтым - затоеная трывога, яна чытаецца ў вачох, страх перад невядомым, боязь, што вось у гэту цi ў наступную часiну нешта станецца. Зблiзку, з лесу, даходзяць да слыху стрэлы i глухiя выбухi - што-б гэта мела азначаць?