- Так. Так. Гаворыш праўду - ня пiсаў усяго пра сябе. Ды мы чулi, што за кожным ягоным словам стаiць. От бяда!
Лявонавiч змахнуў з вачэй сьлязу:
- Расказвайце. Расказвайце ўсё чысьценька, што ведаеце.
"Ня ўсё я ведаю, нажаль. Ну, дык вось наступiў той дзень, якога ён чакаў, якога ён баяўся, але да якога няўхiльна iшоў. Гэты дзень яму быў наканаваны. Ён дакладна ведаў, калi той дзень настане. Да сябе ён пайшоў увечары ад мяне, сказаўшы, што ён ужо болей са мной не пабачыцца. I так сталася. Тае начы яго арыштавалi. Не аднаго яго. Я ўжо вам пра гэта пiсала. Арыштавалi iх адразу, дванаццаць чалавек. I некалькi прафэсараў. У вадну ноч. Мы, студэнты пэдтэхнiкуму, дачулiся пра гэтыя арышты ранiцою. У той-жа дзень, увечары, я пайшла ў iнтэрнат, дзе жыў Мiкола, але нiхто нiчога мне не сказаў. Баялiся гаварыць. Толькi тэхнiчка, жанчына, што ў iх прыбiрала, шапнула мне: "Мiленькая, i яшчэ будуць браць. На гэтым не канец". I бралi. У нашым тэхнiкуме ўзялi. Нам незразумела было - за што? Потым я ўжо даведалася прыватна i з газэт - што чысьцяць "буржуазных нацыяналiстаў". Што гэта такое, мне было няўцям, аж пакуль на палiтзанятках нам не растлумачылi, што гэта людзi, якiя хочуць адзьдзяленьня Беларусi, каб яна была асобнай дзяржавай. Лявонавiч, ну мяркуйце, цi мог Мiкола нат падумаць пра гэта? А "нацыяналiстамi" iх называлi таму, што яны як быццам на першае месца стаўлялi сваю нацыю, свой народ. Ну дык Мiкола, выходзiць, таксама нацыяналiст - ён любiць свой народ.
Забыла я сказаць вам яшчэ адно. Гэта можа й вырашыла канчальна лёс Мiколы. Хадзiла памiж Мiколавых аднакурсьнiкаў байка, а можа гэта было й праўда Мiкола мог выпалiць такое - быццам, iшоўшы ў iнстытуце па карыдоры, ён заўважыў на дошцы абвестак вялiкага памеру, надта размаляванае апавешчаньне. У iм паведамлялася, што на палiтзанятках чацьвертага (ягонага) курсу будзе даклад пра сталiнскую канстытуцыю. Прачытаўшы гэта (каля дошкi стаялi i iншыя студэнты), Мiкола ня то што сказаў, а выкрыкнуў:
"Канстытуцыю далi,
адчынiлi дзверы.
У вастрог нас павялi
i таўкуць бязь меры".
Напужаныя гэтым выкрыкам, студэнты палiчылi патрэбным, як найхутчэй змыцца. Мiкола стаяў у разгубленасьцi, не разумеючы, што здарылася. Мiколу й прышылi, што ён, Мiкола, гэтак во адгукнуўся пра Сталiнскую канстытуцыю. На самай-жа справе Мiкола сказаў гэта ненарокам, ня думаючы, мэханiчна. Атрымалася яно вось як: Мiкола мусiў выступiць з сваiм рэфэратам на сэмiнары па Коласу. Седзячы ў бiблiятэцы, Мiкола й пiсаў свой рэфэрат, падмацоўваючы свае выказваньнi цытатамi з Коласа. Падаў i гэту, ходкую ўва ўсiх крытыкаў цытату з Коласаўскага вершу пра царскую канстытуцыю. Па сканчэньнi работы над рэфэратам, Мiкола быў нагэтулькi стомлены i заклумлены, што, выйшаўшы з бiблiятэкi i прачытаўшы на дошцы абвестку пра канстытуцыю, у яго мiжвольна, па асацыяцыi ўспыхнулi Коласаўскiя радкi. Гэта была мэханiчная, ненаўмысная аддача стомленага мозгу. Але Мiколу прыпiсалi ў НКВД, што ён сказаў гэта наўмысна, што гэта злосная кантррэвалюцыйная выхадка.
- Неасьцярожны быў. Не бярогся. Такi ён у нас, неразумны, - падагульнiў Лявонавiч.
"Так, праўда - неразумны. Але ў яго быў свой розум. На ўсё. Iнакш у яго не магло быць. I гэтак Мiкола зьнiк. Прайшлi годы i я, паглынутая сваiм, ня то што забыла Мiколу, а проста ня чула пра яго. Я-ж з таго часу ў Мокрым ня была i ня ведала, што вы мелi ад Мiколы пiсьмы. Але пра самае важнае я вам яшчэ й не сказала. Проста неверагодныя рэчы. I я думаю, што Мiкола на самай справе дзе-небудзь у дарозе дахаты. (Маланьня ўсхвалявана заварушылася.)
На настаўнiцкай канфэрэнцыi ў Менску я пазнаёмiлася з аднэй настаўнiцай з Сьмiлавiчаў. Ейнае прозьвiшча - Валя Камоцкая. Яна вучылася разам з Мiколам на лiтаратурным адзьдзяленьнi. Будучы студэнткай, была ўжо замужам за студэнтам з свайго-ж курсу. Ведала добра Мiколу, паколькi ейны муж-студэнт таксама нешта пiсаў i, бывала, запрашаў да сябе Мiколу паслухаць напiсанае. I вось, арыштавалi - я думаю, тады-ж, як i Мiколу - i ейнага мужа-студэнта, разам з цэлаю групай студэнтаў. I ўсiх iх асудзiлi. Яны прайшлi па аднаму супольнаму дзелу. Усiм iм далi па дзесяць год. Але слухайце, што далей. Валя Камоцкая пачала хадайнiчаць за свайго мужа i дамаглася ў Маскве адмены прысуду Вярхоўнага суду БССР. Ну й прывезьлi ўсю групу назад у Менск на новае сьледства. Камоцкая перадавала свайму мужу й перадачу. Значыць, мае даражэнькiя, Мiкола быў у Менску. Гэта абсалютна верагодна. А пачалася вайна, дык iх-жа некуды вывелi з турмы. I напэўна. Я сама бачыла, як уцякала з Менску i йшла вобак шашы Менск-Чэрвень вялiчэзную калону зьняволеных пад канвоем. Я бачыла гэтую калону, калi яна ўжо ўваходзiла ў самы Чэрвень. На ўскраiне гораду я спынiлася каля студнi напiцца вады - такая сьпякота тады была - i назiрала за гэтай калонай. Мне падумалася, што сярод зьняволеных можа быць i Мiкола i я магу яго ўгледзiць. I мне сапраўды ў нейкiм моманце здалося, што я пабачыла Мiколу, але калону гналi хутка i твар Мiколы - можа гэта быў i ня ён - прамiльгнуў, зьнiк. Вот якая, даражэнькiя, гiсторыя. Я пра гэта хацела расказаць вам, як толькi прыйшла, але за мяне ўзялiся нашыя, хочуць, каб я засталася ў тылу ў немцаў, калi яны прыйдуць сюды i вяла работу. Пра ета я яшчэ падумаю. Але што Мiкола можа прыйсьцi, кажу, - на гэта ёсьць надзея. I вы, Лявонавiч, i вы, цётка Меланьня, усьцешыцеся, пабачыўшы на сваiм парозе Мiколу".
У Мокрым ня вiдно ўжо старшынi сельсавету. Не пахаджае з вiнтоўкай за плячыма. Некуды зьнiк. Зьнiкла i ўся бронь. Няма ўлады. Сельсавет i школа адзiныя ў Мокрым савецкiя ўстановы - глядзяць разьбiтымi вокнамi, папераджальна i трывожна. Калгасы засталiся без старшыняў, iхнымi гаспадарамi сталi самi людзi: забiраюць сабе з фэрмаў кароў, сьвiньней, авечак. Цягнуць, што пападзецца - плугi, хамуты, калёсы. Можа ўсё гэта спатрэбiцца даходзяць-жа чуткi, што немцы калгасы распускаюць, зямлю аддаюць сялянам. Дык чым яе будзем абрабляць? Вось толькi бяда - засталося мала коняй. Як iх падзелiш? Страху ўжо няма, што вернецца ўласьць. Немцы бяруць за горадам горад. Мiльёны нашых салдатаў ужо ў руках немцаў - здалiся. Iх, кажуць, адпускаюць дахаты, дык мо й сапраўды пачнуць варочацца да сваiх сем'яў. Даў-бы Бог. Гавораць, вайна абмiнула нашы балоты, пайшла бокам наперад, i мы ўжо ў тыле, пад немцам. Невядома яшчэ, што робiцца ў Касьцюковiчах, але пагаворваюць, што там ужо ўласьць нямецкая. Бургомiстр будзе нейкi ўпраўляць. Сельсаветаў ня будзе. Будуць воласьцi. Як раней. У валасьцях таксама будуць бургомiстры. Прышлюць i нам якога-небудзь. Толькi калi яны да нас дабяруцца сюды? Трэба-ж, каб быў нейкi парадак. З уласьцю жыць нялёгка, але кепска i без яе. Хто дужэйшы i сьмялейшы, той i бярэ. А слабому? Слабому трэба зашчыта.
- Дык што - немец цябе зашчыцiць? Ты ўжо чакаеш яго? Пабойся, Хадоска! Мужа адправiла на вайну, а сама немца чакаеш? Ён табе дасьць такую зашчыту...
- Але чаго ты ўз'елася? Я не баюся цябе - чакаю. А ты што - чакаеш, калi твой з кустоў прыйдзе? Не, трасца! Досыць вам панаваць! Я адправiла свайго на вайну, а ты куды адправiла? У лес? Твой бронь, а мой аблонь. Мой i нашы ўсе кроў пралiваюць. Можа ўжо каго няма й у жывых, а твой нябось цэленькi. Яшчэ па начах табе й пад спаднiцу залазiць. Не, я хачу, каб i мой прыйшоў да мяне, вярнуўся з фронту жывым. За якога лысага чорта ён будзе ваяваць? За цябе? У мяне вунь куча дзяцей засталася. Iм патрэбны бацька! А ты мяне немцам упiкаеш. Вот i хачу немца! Няхай ён навядзець парадак.
- Чаго ета вы раскудахталiся, мае даражэнькiя? Цi не падзялiлi чаго? Сьцiшцеся! Прасiце Бога, каб памiлаваў нас. Прасiце помачы ў Яго. Нiадкуль яе не чакайце, - Хiма хоча злагодзiць спрэчку памiж жанчынамi, але гэта ёй не ўдаецца. Хадоска гэтак расьпякла сакратарову, што тая пачала лезьцi да яе з кулакамi.
- Ну цi гэта вы пашалелi - адна на адну наступаць? Мужчыны б'юцца, а тут, глядзi, бабы пачынаюць. Хадоска! I ты, сакратарова, разыйдзецеся, кажу! Людзi засьмяюць! - Хiма стала памiж iмi, распасьцёршы рукi.