Жальба, скарга Вяркеева падкупiла Лявонавiча, ён стаў болей верыць у тое, што яму гаварыў паважаны iм настаўнiк.

- Думаеце, Сямёнавiч, Сталiн пабярэць i тых, што ў турме сядзяць? Возьмiць ён iх ў армiю?

- Усе яму спатрэбяцца... А як-жа? Але, Лявонавiч, я-ж ня Бог, усяго ведаць не магу. Можа яно ўсё пойдзе падругому.

- Я, Сямёнавiч, баюся, што як пачнецца вайна, зьняволеным будзе горш. Iх можа Сталiн i пастраляць.

- Нашто яму iх страляць? Вайна пастраляе, як яна пачнецца. А я ўпэўнены ў тым. Але-ж пайду ўжо - глядзiце, ужо вiднеецца.

Лявонавiч зiрнуў у вакно - супакоеная за ноч дарога ўжо шарэла, плот насупраць выступаў з iмглы сваiмi абрысамi.

- Дык, Лявонавiч, iду. Хай наша гутарка застанецца памiж намi. Можа я вам i зашмат нагаварыў... Ад Мiколы-ж нiчога ня чуваць, а?

- Я-ж бы не таiўся ад вас.

Вяркееў пайшоў, пакiнуўшы ў душы Лявонавiча надзею, спадзяваньне, сумляваньне, трывогу.

На прызьбе дзеда Мельнiка сядзяць дзяўчаты - вечар ядраны, халаднаваты, i яны туляцца адна да аднэй. Хлопцы ўклiньваюцца памiж iмi, садзяцца на каленi, залазяць запазуху, просяць пагрэць там свае рукi. Дзяўчаты брыкаюцца, адпiхваюцца, верашчаць. Але хлопцы, асаблiва найбольш нахабныя, лезуць зноў, дамагаюцца свайго. Але лезуць не да ўсiх. Ёсьць дзяўчаты, якiх яны баяцца: тыя добра даюць iм кулакамi пад рэбры.

- Няхай сядзяць, недатрогi. Каму яны патрэбныя? У нас ёсць вон маладзейшыя.

I чапляюцца да тых "маладзейшых" - новай зьмены, якой папоўнiлася дзявочая грамада пад хатаю дзеда Мельнiка. Сярод гэтай новай зьмены i - Дуся. Яна прыходзiць сюды сьпяваць. Мацi просiць яе не пазьнiцца, прыходзiць дахаты, калi яны яшчэ не лажацца. I калi Дусi доўга няма, па яе прыходзiць мацi. Забiрае яе, i яны разам iдуць дахаты. Хлопцы суправаджаюць iх жартамi, сьмехам i скаромнымi словамi:

- Усё роўна не ўцалее.

Сёньня вечар звонкi, i дзяўчатам трэба ўсё-ткi засьпяваць. Сьцiхаюць i хлопцы. Часамi i яны слухаюць, хоць i нядоўга. Дзяўчаты радзяцца, з якой песьнi пачаць. Пагаджаюцца на той, якая будзе далей чуваць. Спрабуюць свае галасы. Нейкая з iх - вядучая - бярэ ноту - завысока, кажуць. Просяць - нiжэй. I вось, ужо зладжаныя, натхнёныя, яны аддаюцца песьнi, аддаюцца ўсёю душою, высьпеўваюць усё тое ў ёй, што насьпела i просiцца на волю. Песьня ўзьнялася высока, паплыла, пакацiлася, яна то замiрае, то зноў узносiцца, бясконцая, запаўняе прастору, i ў ёй, у гэтай прасторы, здаецца, ужо нiчога няма, апрача самой песьнi. Дуся мае надзвычайны слых i голас. Ейны голас пазнаюць нават на адлегласьцi, у блiжнiх вёсках, дзе таксама зьбiраюцца па вечарох хлопцы i дзяўчаты. Адклiкаюцца сваiмi песьнямi, або прыслухоўваюцца, як сьпяваюць iхныя суседзi.

- Чуеце? Гэта-ж Хiмiна Дуся гэтак бярэ.

Калi Дуся ня прыходзiць на сьпеўку, яе выклiкаюць ейныя сяброўкi. Сярод дзяўчат на прызьбе дзеда Мельнiка ёсць выдатныя сьпявачкi, "харысткi", як iх называюць хлопцы. Да "харыстак" належыць i Дуся. Зрэшты, яе надта i ня трэба ўпрашваць - сама рвецца на пагулянкi. Ейная мацi добра ведае, што дачку цiкавяць ня толькi песьнi. Дзеўка яна ўжо "бальшая", i Хiма неспакойная за яе. Выгадавала. Выпеставала. Дзеўка завiдная. Не налюбавацца. I ростам выйшла, i стройнасьцяй, i з твару нiхто не зраўняецца - шляхетныя рысы, бровы ўзьнятыя, вочы - iскрыстыя, зiрнець - не ў аднаго сэрца ёкне. А было-ж - iх за людзей ня лiчылi: бедныя, хата голая, нi кала, нi двара. Толькi нядаўна Пiлiп прыбудаваў сенцы. Гультаяваты, басьнi толькi расказвае. Пачоту ў людзей ня мае - дзiвак нейкi. А во глядзi - якую дзеўку праiзвёў! Сын - як сын. А гэта ўзяла ўсiм. Пiлiп нават аўтарытэт набыў: такую дачку мае.

Пацiшэла на прызьбе ў дзеда Мельнiка - дзяўчаты пачалi разыходзiцца. Позна ўжо. Заўтра трэба рана ўставаць на працу.

З рэчкi на вулiцу папоўз туман, нiчога нявiдно - схавалiся хаты. Дуся йдзе дамоў. Яе нiхто не праваджае. Хлопцы пагналiся за iншымi. Яна нi з кiм не захацела iсьцi разам. Аж нехта ззаду цапнуў яе за плячо.

- Дуся, гэта я! Мiкола.

Дуся пазнала Мiколу Бугрова. Ён ня прыходзiць на прызбу да дзеда Мельнiка, адасабляецца - камсамольскае званьне не дазваляе яму змешвацца з гуртам. Але за Дусяй ён страляе. Даганяў яе па дарозе дахаты ўжо ня раз. Угаварваў, каб яна з хаты перабралася спаць у клець. Дуся баiцца яго. Дый мацi, яна ведала, ня пусьцiць яе ў клець - будуць прыходзiць хлопцы. I Дуся ня выходзiла, як нi схiляў яе да гэтага Мiкола Бугроў. Не сказаць, каб яна ня цiкавiлася iм хлопец ён ладны, хоць i вялiкi хвалько. Яго так i празвалi дзеўкi - Хвалько. I Дуся, уласна, была цяпер ня супраць, перад тым як пайсьцi ў хату, пастаяць з iм якую часiнку. Спынiлiся. Мiкола адразу паказаў свой хлапцоўскi спрыт: пацягнуў Дусю далей ад хаты, у закутак на двары. У няспыннай жарсьцi цалаваў яе, абнiмаў. Калацiўся ўвесь, як у лiхаманцы. Дуся ўпiралася, ня йшла ад хаты. Мiкола пачаў тады прыпiраць яе да сьцяны, i, прыпёршы, шчыльна прыпаў да яе, цалуючы i хапаючыся аднэй рукой за ейную сукенку зьнiзу. Дуся ня ўпусьцiла яго i ён, зьвяўшы, у зьнямозе, абвiс у яе на грудзёх. З агiдай Дуся адштурхнула яго i ўцякла ў сенцы. Хiма, вiдавочна, пачуўшы як яны валтузiлiся, пачала гукаць у вакно:

- Дуся! Зараз-жа ў хату!

Ужо ў хаце мацi запыталася ў дачкi:

- Хто гэта быў?

Дуся ёй нiчога не адказала i моўчкi лягла спаць. Заўтра-ж ейны дзень: будзе выпуск. Атрымае пасьведчаньне аб заканчэньнi сямiгадовай школы. "Але я не пайду. Я завялiкая для сямiгодкi - дылда".

Але на выпускны вечар Дуся ўсё-ткi пайшла. Мацi адзела яе як найпрыгажэй. I сапраўды, Дуся выглядала хутчэй як нявеста, а не як вучанiца. Ды сорам у яе мiнуў, яна загарэлася ахвотай пайсьцi на вечар. Там будуць ейныя настаўнiкi, сяброўкi, бацькi, хлопцы, усе, хто захоча прыйсьцi. Будуць танцы. Гэта ейны дзень! Перад адыходам, паглядзелася ў люстэрка: у вачох - таемнасьць, глыбiня, задуменнасьць, бровы - узьнятыя, мiрглiва-насьцярожаныя, твар радасна-ўсьмешлiвы, белы каўнерык блюзкi зграбна абняў шыю, чорныя, з праборам на галаве, воласы спадаюць за сьпiной дзьвюмя туга сплеценымi косамi. Агледзеўшы сябе, засталася задаволенай. Пакiнула хату.

Пасьведчаньнi аб заканчэньнi Макранскай сямiгадовай школы былi раздадзеныя выпускнiкам удзень. Цяпер-жа, увечары - заканчэньне з танцамi. Дуся ўвайшла ў самае большае iхнае класнае памешканьне, добра асьветленае, ператворанае ў салю. Сталы, расстаўленыя ў выглядзе лiтары "П", былi ўжо занятыя. На самым ганаровым месцы сядзелi ў поўным складзе настаўнiкi, у тым лiку сам дырэктар школы. Дуся невядома чаму зьбянтэжылася, угледзеўшы iх. Саромiлася. Ёй здавалася, што толькi на яе i глядзяць яны. На яе, такую ўбраную i можа не адпаведна дадзеным абставiнам. Яна ўлавiла погляд Вяркеева i ў iм - здавалася ёй - асуджэньне яе. У разгубленасьцi яна ня ведала, куды ён прыстаць. Усхваляваная, яна ня прыкмячала сваiх сябровак. Села - невядома ёй самой, чаму - якраз на вiдавоку ў настаўнiкаў, на месцы, што заставалася не занятым нiхто хiба не хацеў сядзець гэтак блiзка каля настаўнiкаў. Вучнi-выпускнiкi i таксама з нiжэйшых, шостых i пятых класаў, стаялi цiха на ўзбоччы ў чаканьнi распарадку. За сталамi-ж сядзелi пераважна бацькi i iншыя госьцi. Пазванiў дырэктар. Пачаў гаварыць. Ягоная прамова была ськiраваная болей да бацькоў, чымся да вучняў-выпускнiкоў. Ён як-бы даваў справаздачу перад бацькамi, як-бы апраўдваўся перад iмi за тыя недахопы ў школе, якiя ў ёй мелi месца. I напачатку здавалася дзiўным, што ён гаворыць пра гэта. Але ў другой палавiне сваёй прамовы ён выпуклiў настолькi дасягненьнi свае школы, што недахопы перасталi быць недахопамi, зьявiлiся як-бы тымi стымуламi, якiя й прывялi школу да ейных сёньняшнiх, цалкам дадатнiх вынiкаў. Прамаўлялi i настаўнiкi, але, як выглядала, толькi таму, што трэба было. Больш красамоўным аказаўся Вяркееў. Ён, можна сказаць, апраўдаў сябе ў вачох бацькоў, якiя крыва глядзелi на яго, як выхаваўцу, у сувязi з яго недастойнымi настаўнiка паводзiнамi. Мелася на ўвазе Акулiна. Канешне, ён плацiў Акулiне алiмэнты, i тая ня мела да яго больш нiякiх прэтэнсiяў. Усё было як-бы ў парадку, але паступак Вяркеева ня ўсiмi лiчыўся маральным. Бальшыня была на баку Акулiны, простай, але сумленнай дзеўкi. "Чаго лез, калi не падабалася". Шкадавалi ейнага хлопчыка, "чыстага Вяркеева".